Наскрозь 1985 Аднойчы, прачнуўшыся ўночы, Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць, I стане наіўныя вочы Халодная бездань смактаць. I зманлівай згадкай быцця Цябе працягне аж да поту,— I ўласнае станеш дзіця Вучыць не хадзе, а палёту. Біклага, кульба, торба на плячах— Па нашым часе выгляд маскарадны. Нікому і ні ў чым непадуладны Хадок ідзе, таму што выбраў Шлях. З дубровы ў бор, з нізіны на грудок Ідзе хадок,— а бэйбусы, барыгі Крычаць: "Гэй ты! Дзе крыж твой? Дзе вярыгі?" Хадок ідзе. Таму што ён Хадок. Ён выбраў шлях — і ўжо не зверне ўбок Ад ісціны, вядомае спрадвеку: Амаль усё, што трэба чалавеку — Скарынка хлеба ды вады глыток, Амаль усё. Амаль, амаль, амаль... Але не ўсё — калі камяк у горле, Не ўсе, не ўсё — калі душу агорне Па незабыўным непазбыўны жаль. Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім: Па наласах тых, што на ўзмежку поля, Па тым – што праўда, і па тым – што воля, Па самым любым, самым дарагім, Па ўсіх, па ўсім — да слёз, да слёз, да слёз, Па самым крэўным у чужынным свеце, Што княжым ветрам прашуміць у вецці Заслаўскіх сосен, полацкіх бяроз Ці паляўнічым рогам прагудзе Ля Турава — і адгукнецца ў Крэве... Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве, Бясконцы шлях. Але хадок Ідзе. Усё сваё з сабой нясе... Яму Таго даволі — больш, чым неабходна, Каб зратаваць сасмяглых і галодных, Каго? — яму вядома аднаму, Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць, Яму не выйсці з гэтай кругаверці: Ён ведае так мала, каб памерці. І гэтак многа ведае, каб жыць. Аэранаўтыкі законы Найпростыя: бяры і клей... I ўзвіўся над крутым адхонам Размаляваны пад дракона Паветраны Лятучы Змей! Неспадзяваны Шлях крылаты, Зямны непрадказальны шлях: Да вышыні, струной напятай, Уніз па ямах, камянях, Дзядоўніку набіўшы ў пяты... I захаплення крык! I страх! О не ўпадзі, мой лёс, узняты Драконам аб шасці хвастах! У вёскі ўсёй навідавоку Лунае ён, вогненнабокі, Рве суравую нітку з рук. Рубцом смыліць далонь пякуча,— Вышэй, Вышэй, мой змей лятучы, За кругам круг, За кругам круг! ...Супроць нябёс — зямля сырая, І лёс — кругамі праз агонь. Трываю. Вышыню трымаю, Балюча нітка суравая Ўрасла ў далонь. Спытае нехта: як жывеш? I ты ў адказ кіўнеш: нічога. Пасля спытай сябе самога: Як ты жывеш? Ці так жывеш? Прыйдзі да Вечнага агню I моўчкі, стаўшы на калені, Правер агнём сваё сумленне На праўду і на чысціню. Калі ж устанеш прысягнуць Усім, хто не вярнуўся з бою, Ты не шукай іх за спіною — Яны наперадзе ідуць. Далягляд жаўцее пожнямі. Дня сухмень. Павек тамленне. Звыклы шлях... Шафёр апошнія Слухае паведамленні. Што і як на нашым глобусе? Скуль куды ідзе пагроза? Пахне хлебам у аўтобусе М і н с к — Б я р о з а. Той аўтобус ледзьве дыхае, Ледзь адольвае грудкі, Афіцыйны голас дыктара. Тры бабулі. Два дзядкі, Лёс, лічы, амаль адмераны. Што ж ім нечая бяда, Бліжні Ўсход і ўсе Амерыкі!.. — Не скажы... Людзей шкада. I глядзяць вачмі блакітнымі, Як святыя з абразоў, Сто разоў вайною бітыя, Паленыя сто разоў! — Крэўныя мае! За кожнага Сам — на крыж і на касцёр... — Весялей глядзі, заложнікі,— Жартам кідае шафёр. Мы — заложнікі, заложнікі!.. Покуль дзень навек не згас, Мы — за кожнага, за кожнага, Нат за тых, хто супраць нас. Нашы сэрцы не жалезныя — I да страшнага суда Мы ў залежнасці, залежныя Ад усіх, каго шкада. Як бярозы белакорыя, Душы свецяцца ў смузе... Мы з шафёрам "Беламорыну" Моўчкі курым па чарзе. Ён ківае мне на радыё, Уздыхае: — От народ... Дзень які! Жыві і радуйся... Дыктар зноў пра Бліжні Ўсход. Кулі свішчуць. Бомбы вухаюць. Дзень які? I век які? А бабулі памяць слухаюць, Памяць слухаюць дзядкі. Дыктару ў адказ павохаюць I ўпадуць у забыццё, На грудзях абняўшы боханы, Як надзею на жыццё. |