Прайшла віхура. Грому ляскат
Аціх...
I ў хату ад акна
Ружовы шар з блакітным бляскам
Паплыў...
«Яна! Няўжо яна?..»
Нібыта сэрца пульсавала
У тым клубку, у шары тым,
Як быццам болем шар сціскала,
Як быццам радасць распірала...
«Няўжо яна?..»
Ён быў пустым,
Той шар,
Клубок той... Ён свяціўся
Наскрозь — і ўсё-ткі ў глыбіні
Спрадвечны змрок у ім клубіўся...
«Я помню ўсё! На ўсё забыўся —
I памяць спалена ў агні,
Маланка!
Асцярожна, людзі!..»
I явай сон той быў ці не —
Яна ўвайшла ў мяне праз грудзі
I разарвалася ўва мне.
...Быў сон, які Маланкай звалі.
Ці гэта яву звалі так?..
Была яна.
Быў Ай-Кайлак,
Дзе несуцешна білі хвалі
У сцены гулкія пячор...
Мы выбралі адну —
Касцёр
Там распалілі, скарб свой склалі —
I жыць там пачалі...
Мы зналі,
Што гэта ўсё — забава, я?арт,
Гульня свавольная, блазнота,
Што не ўцячы ад адзіноты —
I не знайсці яе...
На жар
Мы клалі мяса, палівалі
Віном...
Там ліўся вадаспад
З пітвом вясёлым,
рос там сад,
Дзе вольныя звяры гулялі,
I птушкі вольныя спявалі,
I віўся дзікі вінаград...
Там шмат гадоў таму назад —
Жыццё назад і смерць назад! —
Адно адное мы кахалі.
Кахалі мы...
О немач слоў!
О гукі гэтыя пустыя!
Каханне, шчасце, страсць, любоў...—
Навала слоў!
І ўсе — не тыя,
Усе — як сатанінскі грыб,
Што мае толькі назву грыба...
Нямыя мы. Нямей ад рыб.
А можа, мы і праўда рыбы,
Якія мацерцы Вадзе
Сэнс вечнасці ахвяравалі...
Маланка берагам ідзе,
Сляды яе
цалуюць хвалі,
З плячэй яе,
з грудзей,
з клубоў
Святло — тугое, залатое —
Сцякае...
Шчасце, страсць, любоў! —
Любое слова тут не тое,
Калі за ёй ляцяць стрыжы,
Плывуць, гукаючы, дэльфіны...
— Гамер! Што бачыш ты, скажы?..
«Па беразе ідзе жанчына».
Паэзія! Твой бог — сляпы!
Сляпыя служкі ўсе! Нямыя!..
Стаяць блакітныя слупы
Там, дзе Маланка косы мые.
Яна пакуль на той мяжы,
Дзе ўжо не суша, шчэ не мора...
— Гамер, што бачыш ты, скажы?
«Мяжу! — гукнулася прастора,—
Мяжу, якой не бачыш ты
Між выдыхам і рэхам слова...»
— Гамер!..
Дэльфіны на хвасты
Усталі ў варце ганаровай
Каля яе...
Нібы ў мальбе,
Прыбой аб скалы б'ецца з гулам...
Што словы тут!.. Яна іх чула!..
«Іх рэха вернецца к табе».
Няхай вяртаецца...
Апроч
Таго, што маю — мець не трэба:
Пячора.
Мора.
Скалы.
Неба.
З Маланкай — дзень,
маланкай — ноч.
...Яна любіла ноч — і ўночы
Любіла плаваць...
З тых часоў
Міраж я бачу:
Цень жаночы
Страсае зоры з валасоў,
I падаюць пад ногі зоры...
А цень — навослеп, па сцяне —
У кропельках абдымкаўмора
Ідзе ў абдымкі да мяне...
0 гэты самы першы дотык!..
Калі не помніш слова «досыць»,
Калі зусім не помніш слоў!..
Маланка! Срэбраная рыба!
Калі любоў — яна любоў!
Пагібель — дык яна пагібель!
...Хто мы такія? Скуль мы?
Дзе
Шукаць разгадку таямніцы?..
Куды нас грозны лёс вядзе?..
Бяжыць Маланка па вадзе —
У нетрах мора
Мрок клубіцца.
Я сплю. Звяры і птушкі спяць.
Дэльфіны спяць...
Без дай прычыны
Бяжыць — праз ноч,
Праз лёс — жанчына,
І зоры з валасоў ляцяць.
— ...Чаму цябе завуць Маланкай?
— Чаму Маланкай?.. Я паганка.
— Паганка.
— Так.
— З якой пары?
— А з той, калі адны звяры
Жылі на свеце...
Я тады была маланкаю сапраўднай,
Дачкою Грому і Вады...
Ты мне не верыш? Гэта праўда.
— Я веру: праўда. Гавары.
— Ты ведаеш паганцаў веру?
— Ну так... Перасяленне душ...
— Не толькі гэта... Я з намерам
Размову пачала... Мой муж,
Ну, будучы...
— Магу азвацца...
— Чакай! Са мной павінен ён
У навальніцу абвянчацца...
— Чаму? Нашто?
— Каб зняць праклён.
— З каго?
— З усіх.
Я варажбітка,
Паганка... Сцежкі нас звялі,
Каб мы ўдваіх праклён знялі
З усіх,
з усіх, хто на зямлі
Жыве і памірае
Брыдка.
— Хто ж іх пракляў?
— Пярун. Мой бацька.
— За што?
— Каб хто з іх ведаць мог!-
— Дык Саваоф, біблейскі бог,
Пракляў таксама...
— Гэта цацкі!
Што Саваоф! Дзядок увішны:
Зрабіў — і ўжо пракляў тады...
А тут:
дзе знакі? дзе сляды?
Няведама адкуль мы выйшлі,
Ідзём няведама куды.
Спакусы грэх — аброк ярэмны.
Не спакушайся да вянца...
А тут: праклятыя — і цемра.
I ні пачатку, ні канца.
Білі хвалі
У Зямлю —
Галгофу ўсіх галгоф...
— Адам і Ева
н е к а х а л і... ,
Таму пракляў іх Саваоф.
Ты разумеені?.. Грэх — прычына...
I зноў мы
ўсюды і нідзе!..
I зноўку срэбная жанчына
Бяжыць па месячнай вадзе.
...— I ўсё ж:
Было спачатку слова,
Пасля:
святло, вада, зямля...
— I сад пасля,
I ў ім змяя,
Прыдумаў нехта адмыслова
Легенду гэту...
Можа, свет
Ствараў паэт?.. Сляпы паэт.
— Чаму сляпы? Чаму, Маланка?..
— Я так, не слухай...
Я паганка,
Дачка Вады і Перуна,
I я не веру ў казку гэту,
Але — ці богам ці паэтам —
Нашто стваралася мана,
Нянавісць,
хіжасць,
зайздрасць,
здрада?..
I што пам байкі з райскім садам,
Калі мы цягнем з веку ў век
Вось гэту нечысць, пошасць свету?..
— Тады спытайся ты ў паэта,
Нашто ствараўся чалавек?
— Я ведаю. Нашто пытацца...
— Скажы.
— Каб нехта мог смяяцца
I плакаць мог,
Каб на ілбе
Ён нёс пазнання геній горды...
Для нас
стварыла нас прырода,
Каб цераз нас
Спазнаць сябе.
— I ўсё ж...
Далоні!
Плечы!
Губы! —
Пасля:
зямля, вада, святло...
— Перш, чым нічога не было,
Што ж называлі словы, любы?..
I што ў іх абалонках ёсць
З таго, што ё сц ь,— скажы на ліха?..
Вось словы:
«СОН».
«Пячора».
«Госць».
А хто ён, госць?..
I нехта ціха
Гукнуўся:
— Я... -
Касцёр патух,
Маланку я ў суцемках страціў.
— Я гаспадар пячоры.
Дух.
Нязваны госць на вашым свяце.
— Ты бачыш нас?!.
— Нашто мне зрок?
Я — дух пячор. Сусветны змрок.
Я цемрадзь — вечнасці статут...
I ўсё ж, як ты святло лучыны,
Святло маланак бачу:
Тут
Маланка ў вобразе жанчыны.
Я дапытаюся ў яе
Пра ўсё, што ты не дапытаўся...
I голас голасу азваўся:
— Чакай! Пакуль што не стае
Адной умовы: ён не кляўся.
Маланкі голас!.. Скуль?..
З нябёс?
З адвечнасці?..
У цемру ўрос
Я слыхам, зрокам і дыханнем:
— Каму я клятву не прынёс?!.
— Таму, што ты завеш каханнем.
— Апамятайся!
Хто ж кідаў
Да ног тваіх за клятвай клятву,
Калі не я?..
— Вось шоўк і дратва
У двух клубках. Іх лёс спрадаў.
Клубок шаўковы быў гарачы,
А драцвяны — што ледзяны.
— Але навошта мне яны?
— Што-небудзь бачыш ты?
— Не бачу.
— Тады адзін з клубкоў — на ўдачу —
Кідай у морак — і клубок,
Калі ўгадаеш, спаліць змрок.
— А не ўгадаю?..
— З цемрай вобдым
Ты ў нрорву паляціш без дна,
Бо клятвы ўсе твае — мана!
I я шпурнуў клубкі абодва!
I засвяцілася яна.
— Маланка!..
— Тайна шаравая...
Праменіцца, усім відна,
А хто яна ці што яна —
Ніхто не ведае, не знае.
Так і каханне... апякае,
Катуе, хмеліць, як віно,
А хто яно ці што яно —
Ніхто не ведае, не знае.
I толькі я — адна на ўсёй,
На ўсёй зямлі,— хай пакарае
Мяне за гэта лёс,—
я знаю:
Яно — маланка шаравая.
Кляніся мне. Кляніся ёй.
— Клянуся!
...I адкрыўся зорны
Сусвет над намі:
вечны змрок
Круціў зярняты зор, бы ў жорнах...
— Чакайце...— дух шапнуў пячорны.—
Тут ёсць яшчэ адзін клубок.
...— Ты спіш?..
Як хораша на ранку!
— Я бачыў страшны сон, Маланка:
Я кінуў разам два клубкі!
— Ой-ёй, жахлівы сон які!
— Не смейся...
Значыць, ты паганка
З душой агню, жывеш вякі,
I ты павінна ў навальніцу
Вянчацца?..
— Так, каб зняць праклён:
Я — варажбітка, чараўніца...
— Які ўсё ж дзіўны быў той сон!..
— I мне быў сон!.. Ды на Купалу,
Не сёння...
Быццам я скакала
Цераз агонь, а той агонь
Нібыта не агонь, а конь —
Падняў мяне, узвіў...
Прапала! —
Паспела я падумаць... Нёс
Мяне той конь сярод нябёс,
Між бліскавіц, грамоў, аблокаў,
Між зорак, сонцаў і планет,
I там, дзе скончыўся сусвет,
Спыніўся на мяжы са змрокам,
Адкуль —
з Нічога, з Небыцця! —
Пачуўся голас, як з-пад века:
— Кім хоча быць маё дзіця —
Маланкаю ці чалавекам?
— Кім быць хачу?.. А хто я ёсць?
Нашто мне —
Роспач,
Радасць,
Злосць?..
Куды і скуль мой шлях?.. Каб ведаць!
— Вось шлях табе,— азваўся змрок.—
Вось след табе. Ідзі па следу,
Не саступай ні кроку ўбок...
I ўпаў
Пад ногі мне
Клубок.
— Клубок?!
— Клубок агню: сціскала
Яго, як болем, пульсавала
У ім жывая кроў жыцця,
I я — на голас Небыцця —
За ім ступіла — і прапала.
— Прапала? Як?..
— А так: не стала
Мяне нідзе.
Ні ў чым.
Ні ў кім.
Я стала небыццём самім,
Але і ў небыцці — і ў ім
Я не была. Не існавала.
— Не разумею.
— Зразумець
Такое нельга.
Гата — смерць.
— Смерць бліскавіцьі?
— Смерць людзей.
— Выходзіць, і душа сканае?..
На што ж надзею мець?
— З надзей
Адна надзея ёсць...
— Якая?
— Любоў, маланка шаравая,
Любоў:
ад нашага ярма —
Ад страху перад апраметнай
Збавенне... Сэнс жыцця і мэта,
I шлях, і след яго... Праз гэта
Яна — маланка;
I сама
Маланкай стала я праз гэта,
Там, за мяжой быцця Сусвету,
Дзе пават небыцця няма.
I нас праз гэта павянчаць
Павінен лёс у навальніцу,
Каб нам прад небам клятву даць:
А паклянёмся мы
кахаць
Так, як кахаюць бліскавіцы!
Кахаць адну і аднаго...
I бацьку мы гукнём майго:
Хай неба
Грозна скаланецца,
I зрушыцца зямля — і з трун
Падыме ўсіх, каго Пярун
Пракляў,
Каму спаліў ён сэрцы
Маланкамі,
а тайну тых
Схаваў у таямніцы смерці,
У спратах, вечных для жывых.
Так! — за мільёнамі мільён —
Устануць дзеці ўсіх плямён,
Усе, хто гэты час здавён
Чакаў, як час выратавання!..
I сцішыць грознае дыханне
Пярун...
Ён здыме свой праклён!
I для людзей адкрые ён
Маланак тайну — дар кахання.
...Ты мне адкрыла гэты дар,
Маланка! —
кара перунова,
Што ў вочы мне глядзіць сурова,
Маўчыць-пытае: ці гатовы?..
Ты мне адкрыла гэты дар —
Святы,
святочны,
каляровы:
Табе я кіну
шар
ружовы —
Мне вернецца
Блакітны шар.
...Прырода — гулыіі бліскавіц.
Прыроду ўмеем — да драбніц —
Мы падрабіць...
З пустой бляшанкі,
Нібы сапраўдны
гром грыміць.
I можна падрабіць маланкі.
Каханне можна падрабіць.
З сапраўдным —
страшна: найчасцей
Сапраўднае
маланкай слепіць!..
Калі насмерць заб'ецца лебедзь,
Яно — сапраўднае — з касцей!..
З крыві!..
З падробным жыць прасцей.
I паміраць куды як лепей.
Ні вір
не ўцягне з ім,
Ні топка...
Не падрабляйцеся!
Таропка,
За ноччу ноч і дзень за днём
Вы падрабляеце падробку,
Падробленую Перуном
I кінутую на Зямлю
У міг праклёну, гневу, кары...
Зноў бліскавіца! З грому! З хмары!
Агнём! Віхураю! Пажарам!..
Яе лаўлю. Яе люблю.
...Як мы кахалі! Гэты дар!
Маланак жар нясцерпны гэты!..
Міналі дні...
Наш каляндар
Танчэў, няўмольна рухаў лета
На схіл, на сход...
Забранзавела,
Звінела скура нашых цел —
I не было спатолі целу...
А непазбежнае ў прыцэл —
Ды не! —
ва ўпор ужо глядзела.
...Яна любіла ноч — і ўночы
Любіла плаваць. З тых часоў
Я прывід бачу:
цень жаночы
Страсае зоры з валасоў,
Вымае з косаў срэбны месяц...
Быў дзень дзевяты.
Жнівень месяц.
У гэты дзень — жыццё назад —
Я нарадзіўся...
З той нагоды
Абкалацілі мы наш сад
I вычарпалі вадаспад,—
Сказаць дакладней:
вінаспад,
Бо ў ім бруіліся не.воды,
А ў свеце лепшае віно!..
Ці зараз там бруіць яно —
Не ведаю.
Не быў даўно.
Мы на вячэру запрасілі
Свабодных птушак, рыб, звяроў,
Усіх, каму было па сіле
З сябрамі выпіць за сяброў...
I выпілі яны,
I дроў
Нам наламалі — будзь здароў!
Мы весяліліся... Ды штосьці
У самых нетрах весялосці —
Віна ў тым не было віны —
Пад ноч зламалася,
I госці —
Такім гасцям няма цаны —
Таропка сталі разбягацца
Ды разлятацца, расплывацца...
I засталіся мы адны.
...У той пячоры на сцяне
Малюнак быў:
Адам і Ева,
Спакусы змей, пазнання дрэва...
— Кахалі ўсё ж яны ці не? —
Не ўведаць нам...
Патоп.
Залева.
Маланка ўстала:
— А яны?
Што ён спазнаў?..
Яна спазнала?..
I раптам яблык — са сцяны! —
Як з яблыні жывой,
сарвала.
I надкусіла. Пырснуў сок.
I змей у змрок слізнуў з малюнка.
— Маланка!
— Што, мой галубок?..
Застаўся ты без падарунка —
Лаві!..
I кінула
Клубок.
Той самы — сніцца ці не сніцца?
Шаўковы! — сон ці ўжо не сон?..
— Мой падарунак —
бліскавіца!
— Чаму ж не свеціцца?
— Свяціцца
Не можа выкляты...
Мільён
Гадоў яшчэ да навальніцы,
Калі Пярун дачцэ скарыцца
I здыме страшны свой праклён.
— Чаму мільён?
— Лавіць не трэба
Мяне на слове...
Хай у час
Калі мы ўстанем перад небам
I неба павянчае нас —
Яна засвеціцца...
— Няўжо ты
У тое верыш сапраўды?!.
— Знайшла я ліст у садзе жоўты,
Апалы першы ліст...
Гады,
Вякі мільгаюць, як імгненні,
А вечнасць — гэты ліст асенні,
Дрыготкі халадок вады,
А вечнасць — гэты ліст апалы...
На ім табе я напісала
Пра нас,
Пра ўсё, што не сказала...
Ды не чытай!
Пасля,
Пасля...
I нам паветра не хапала,
I ў бездань падала зямля.
...О шал кахання, пал крамяны,
О шэпт яго, замураваны
У схоўных словах
ТЫ і Я.
«Абраны мой... Зачараваны...»
«Адзіная...»
«Ты мой, каханы?..»
«Я твой, каханая мая».
«Калі самкнуцца ў круг падману
Твае сябры,
Радня,
Сям'я,—
Каму паверыш, мой кахапы?..»
«Табе, каханая мая».
«Калі ад кулі нечаканай
Хіснешся ты на схіле дня,
Каго ты ўспомніш, мой каханы?..»
«Цябе, каханая мая,
Няхай зямля ў магіле ўлежыць —
З труны,
З магілы ўстану я
На покліч твой...»
«Табе належыць
Жыццё маё. I смерць мая».
— I смерць?
— На слове ловіш зноў...
Ты глянь: пакуты, крыўда, кроў,
I на скрыжалях новай эры
Старая пазалота слоў —
Надзеі, любасці і веры.
I цягне чалавек свой крыж,
I сам на ім раскрыжаваны
Спрадвечным выбарам
Паміж
Маной і праўдай...
— Пакараны?..
— Так, пакараны чалавек.
— У чым усё ж ён вінаваты,
За што пакуты, крыўды, здзек?..
— Пракляты род людскі...
— Пракляты...
Чаму ж тады жыццё зямное
Мне даражэй — з яго маною —
За праўду вечнасці самой?..
— Таму што ты абраны мною.
Адзіны мой. Каханы мой...
I ў сховы таямніц,
у сховы
Зямлі, што свой клубок шаўковы
Спрадае за вітком віток,
Ляцеў я скрозь агонь на змрок,
На цёмныя, гпухія словы:
«Тут ёсць яшчэ адзін клубок».
I госць паганы,
Дух пячорны
Клубок падкінуў з дратвы чорнай:
— Ён з вечнай скручаны віны —
Мой падарунак драцвяны,
Які збярог я вам на свята...
— Пакінь сабе яго!
— Знарок
Табе вяртаю твой клубок
Падману. Ганьбы. Помсты. Здрады.
Прыйшоў ты з цемрай — пойдзеш з ёю.
I ўстаў на хвост
клубок
змяёю!
Ёсць
Танец
Змей...
Пацёк той танец
Між пальцаў левае рукі...
«Ты кінуў разам два клубкі,—
Змяя шаптала...— Ашуканец...
За гэта плацяць галавою.
Ты станеш змрокам.
Змрок — табою.
Забудзь Маланку... Зараз я —
Твая мана —
твая каханка,
Мой пацалунак — іскра,
ранка —
I ўсё...»
Спружыніла змяя —
I ўдарыла ў яе маланка!
I ўпалі вобдым!
I ў клубок
Адзін, счапіўшыся, скруцілі
Жыццё і смерць,
Агонь і змрок,
Скруцілі ўсё — і атруцілі,
Змяшалі з цемрай,
Замуцілі
Дабра выток
I зла выток...
...Я падхапіўся.
Заліло
Святло пустое ўсю пячору,
Біў гром,
На сушы і на моры
Стагнала ўсё, гуло, раўло!..
— Маланка! — крыкнуў я...
Маланкі
Цапамі
білі па таку,—
I раптам торгнула руку,
Агнём скруціла пальцы...
«Ранка!»
Я высмактаў атруту сну,
Акрайкам ночы губы выцер...
«Вярніце мне яе! Вярніце!
Яе адну! Яе адну!»
Я з гэтым крыкам
са скалы
У мора рынуўся...
Валы
За мной сышліся з цёмным гулам,
I голас мой — слабы, малы —
Навек прадонне праглынула.
«Адна яна ў мяне, адна!..»
Ні следу не было, ні знаку!..
Я дакараскаўся да дна,
Да апраметнай Ай-Кайлаку —
I выплыў ледзь...
Ужо не плакаў
I не крычаў...
На злы пясок
Паклаў зубамі, як сабака,
Яе сукенкі паясок.
...Праз дзень пра ліст успомніў.
Не,
Нічога там... Пакуль насіла
Мяне віхура — мора змыла
Ўсё
Да слоў:
«...вялікай сіла —
У самай дробязнай мане.
ГІіхто з нас кары не міне...
Але каб гром у час вянчання
Нас не спаліў —
Будзь роўны мне
Сваім жыццём, сваім каханнем
Будзь роўны мне...»
I абарвала
Яна радок.
I ліст апалы
Сказаў не многа і не мала,
Але нічога, акрамя
Таго, што цалавалі хвалі
Сляды яе...
Пасля забралі...
I ў сховах вечнасці схавалі
Яе паганскае імя.
...Выпадак быў яшчэ, казалі.
Ён і яна
жылі, кахалі,
Кляліся ў вернасці... Калі ж —
Ад клятвы ледзь астылі губы —
З другою ён пайшоў да шлюбу,—
Ударыла
Маланка ў крыж.
А ў небе чыстым хоць бы хмарка...
Мана, дальбог...
На тым спыню
Аповесць, што пісаў маланкай
На скрутках змроку і агню.