Размова з аўтаінспектарам
Трава ў нізінах скошана марозам.
Звініць на ўзлобках Слуцкая шаша.
Кідаў дарэмна ў неба я пагрозы,
Гайдаў зямлю,
З крывёю змешваў слёзы:
I кроў, і слёзы — як вада з каша...
Нічога не спасціг пыхлівы розум,
Апроч таго, што ведала душа,
Што помніла —
I помніць не хацела...
Такой бяды!
Вайну душы і цела
Пачаў не я —
Не я і завяршу...
Я толькі свістам губы прыкушу,
Праскочыўшы пагорак зледзянелы,
Дзе між таполяў, збегшых на шашу,
Хіснецца далеч, бы ў акне прыцэла...
Шуміць шаша!
Шыпяць шыпамі шыны...
Мы ў хуткасць урастаем пакрысе,
Мы гонім па сустрэчнай паласе,
Мы самі — хуткасць,
Самі ўжо — машыны!..
Які пастух жалезны нас пасе?..
Равуць маторы!
Не спыніцца ў гонцы,
Ні зблізку не разгледзець, ні здаля —
Хто спрынтэры і хто тут марафонцы...
Хутчэй, хутчэй! —
хоць паліва на донцы.
Сама пад колы
Коціцца Зямля.
Зямля, зямля,
дзіцячых сноў калыска...
Спакойна сплю начамі ўсё радзей.
Былое — блізка.
Будучае — блізка.
Ярчэй гараць агні ля абеліскаў.
Адна ў людзей надзея:
на людзей.
Выпадак нас цікуе на дарозе.
Націснуць на адлігу маразы,
Неспадзявана здрадзяць тармазы —
I ты
Злачынец...
Ці спачнеш у бозе
На непатрэбнай хуткай дапамозе.
Замглёны шлях злачынцаў і ахвяр...
Выпадак — і аслепне дзесь радар,
I праз выпадак —
атамнае пекла...
Ёсць блакіроўка...
Ёсць аўтаінспектар,
Але і ён выпадку не ўладар.
Вось ён спыняе.
Дастаю правы
I крочу —
хістка, як ступіў на кладку...
Я з ім ніжэй вады цішэй травы,
Плачу рубель даглядчыку парадку,
Ды не ідзе ўсё думка з галавы:
Што даць, чым адкупіцца ад выпадку?
Дзесь карабель... Ля кнопкі трое там...
А раптам звар'яцеюць тыя трое,
Націснуць кнопку...
Не ўявіць такое?..
Слабыя людзі
I сляпая зброя,
Выпадак — і...
— Інспектар, уявіце карабель.
— Што?
— Карабель.
Там каля кнопкі трое...
— Ніхто ў вас не пытаецца пра тое!
Вазьміце лепш квіток на свой рубель —
I раю шкло прачысціць ветравое.
Найпершы знак — перасцярогі знак.
Вы зразумелі?
— Так, інспектар, так.
Аднак былі выпадкі?
— Там былі.
— Інспектар,
Скрозь
выпадак на рабоце:
Матросам ён плыве на караблі,
Пілотам ён ляціць на самалёце.
Яму і назвы ёсць:
«ФАНТОМ».
«МІРАЖ».
Не называлі зброю так спрадвеку...
Інспектар, на планеце зараз аж
Тры тоны смерці...
Тры
На
Чалавека.
У бомбах — гэта сотні Хірасім
I Нагасакі...
Што там Хірасіма! —
Тут лік ідзе
на сотні Еўрасім!
Вы чулі, што Еўропу
Еўрасімай
Назвалі сёння...
— Мог назваць вар'ят.
— Вар'яты разлічылі варыянт
Маленькай бойні... свойскай, ціхай бойні:
500 000 000 чалавечых страт!
— Уся Еўропа...
— I налічаць болей,
Ім не шкада...
Але не ў гэтым страх,
Не ў процьме процьмаў бомбаў вадародных,
А ў тым, што ў спісе страт неверагодных
Мы — толькі лічбы,
Толькі знакі страт,
Што недзе на дысплеях
На касцёр
Не людзі ахвяруюцца — працэнты...
— Хто ж там сядзіць
На вылічальных цэнтрах?
— Не ведаю...
Але былы акцёр
У фільмах жахаў — ролю прэзідэнта
Цяпер іграе... Вызначае шлях,
Якім ісці планеце,
А іначай
Пакажуць нам кіно, чарцям сабачым!..
Ды фільмы жахаў — выдуманы жах.
Сапраўдных Жахаў там ніхто не бачыў.
— Во разышоўся... Слухай, ты не лектар?
— Я ўсіх на свеце лектараў дырэктар.
Інспектар,
жах — Амерыка сама...
Няма ў іх нашай памяці, інспектар.
Усё ў іх ёсць, а памяці няма.
Такой, як памяць-гора, памяць-боль,
Што гоніць нас —
калі касцёр запаляць —
Па крупы, па запалкі і па соль...
Як спадчына, ад продкаў наша памяць
Галечы,
перажытай на вяку,
Ды попелу
жытла і жыта ў полі...
— Па што ж ты ў Слуцк?..
Няма ў сталіцы солі?
— Ды не, інспектар. Проста ў тым баку
Далей цагельні я не быў ніколі.
— Аднак пра соль і крупы ты дарма...
Калі па крамах бегаюць з мяшкамі,
Не памяць гэта — паніка...
Між намі,
I ў нас пакуль
Таго-сяго няма.
I спаганяць за гэта трэба строга.
— За што?
— За ўсё. Пара за ўсё, браток...
Трымай рубель свой — і вярні квіток.
Падкінь да Селішч, тут непадалёк...
— Сядай, інспектар...
Коціцца дарога,
Звініць на ўзлобках здрадлівы лядок.
Чым больш машын —
тым небяспечней траса,
Тым верагоднасць болыная сустрэць
Сярод шафёраў экстра-класа
Аса,
У хованкі з якім гуляе смерць.
Ён так ляціць — ажно шаша дыміцца,
Ды віск адно, ды свіст на віражах...
Хто страх не зведаў — той і не баіцца,
А той, хто зведаў — не забудзе страх.
Спалох за ім,
нібыта воўк палюе,
Грызе яго,
Нібы сабака косць...
— Скажы ты мне, інспектар, ці куплю я
У Селішчах хаціну?
— Хаты ёсць.
I ў нас, і ў Самасеях, і ў Закружжы...
Хапае скрозь пакінутых двароў.
Нашто табе?..
Рашыў займець кароў?
— Разводзіць кветкі... Ёсць такая ружа:
Яна завецца ружаю вятроў.
— Напрамак ветру?
— Так, ягоны вектар.
Не тое, каб закон, а ўсё ж закон.
I шмат залежыць ад таго, інспектар,
Скуль і куды накіраваны ён.
— Залежыць што?
— А тое... Раптам пекла...
— Дык вунь яно
куды твой страх бяжыць!
— Не пра сябе я думаю, інспектар.
Хаця каб дзеці засталіся жыць.
— Пра тое ёсць каму паклапаціцца.
Не, штосьці ты
не даспадобы мне...
— Хто страх не зведаў —
той і не баіцца.
— А дзе яго ты зведаў?
— На вайне.
На царскай — з дзедам,
На Айчыннай — з бацькам.
— Ты байкі бай, ды лапці не пляці.
— Інспектар, я вучуся не баяцца
Звычайна з дзевяці і да пяці.
Ты не хвалюйся, хутка пасмялею,
Табе яшчэ смялець дапамагу...
Ды смерці не баяцца
Я не ўмею,
Не думаць я пра гэта
Не магу,
Дарма, што ашчадзіла нас прырода,
Хоць вечныя мы ўсе, пакуль жывём...
— Пакуль жывём,
Што сеем — тое жнём:
Сабе ўжыўляюць страху электроды
Вар'яты, што размахваюць агнём.
Дык хай яны калоцяцца,
А нас
Не запалохаць — не на тых напалі:
Як нек'алі Еўропу ўратавалі —
Так і Зямлю ўратуем...
— Іншы час,
Не той расклад, інспектар...
Чалавецтва
Сябе
Баіцца — і калі яго
Мы і ўратуем — толькі для калецтва...
— А розум — што? А розум — для чаго?!
— А розум ёсць і ў прайдзісветаў розных:
Найлепшае, што маем на зямлі,
Прыдумана для бойні, для вайны...
Стварыць такое дурні не маглі,
Разумнікі зрабілі ўсё, яны...
Вось і спытайся: для чаго нам розум?..
— Ну, ты мяне не блытай...
Прайдзісвет —
Хто б ён ні быў —
наскрозь не пройдзе свет,
Яму хто-небудзь абламае рогі.
I ўрэшце існуе закон дарогі:
Ці «Жыгулі» ў цябе, ці драндулет —
Хутчэй за хуткасць трасы не паедзеш...
Да нас не звернеш?.. Можа, хату ўгледзіш?
Дапамагу купіць праз сельсавет,
Суседзьмі будзем...
— Мы і так суседзі.
Усе мы, як'ніколі, землякі.
— То ў госці да мяне давай заедзем.
— У госці можна...
Вечныя замкі
На кінутых, спусцелых хатах Селішч...
— Інспектар, як завуць цябе?
— Тарас.
Як водзіцца яно, за стоп мы селі.
— Шкада, што нельга...
— Гэта ў іншы раз.
— Заначаваць не хочаш?
— Неспадручна.
— А я сабе накапаю... Выключна
У гонар госця...
— Будзь, Тарас, здароў.
— ...Халера, пахне ружаю вятроў.
Скажы, а ты ўсур'ёз?..
— Пра што?
— Пра ружу.
— Калі запахла ёю, то ўсур'ёз.
— Павесялеў...
Надвор'е — на мароз:
Глядзі, каб ружа не замерзла, дружа.
— Жарт не без жару...
— Не гараць, дальбожа,
Адны перагарэлыя вуглі.
Вар'яты з прайдзісветамі. Нягожа
Нам іх баяцца. Быць таго не можа,
Каб мы іх, гадаў, Пе перамаглі.
— А як з выпадкам?
— Рызыка, вядома...
Ракетаносцы скрозь...
Ракетадромы...
На сушы зброя...
Зброя пад вадой...
Чорт ведае, што з неба можа ўпасці...
— I што тады ўратуе?
— Толькі шчасце..
Выпадак і ўратуе нас с табой.
— Ты дыялектык, дружа мой Тарасе.
Бывай
Па часе...
Коціцца па трасе
Жалезнаю ракой імклівы век.
Трашчыць лядок. Пазёмка нізам кружыць.
Я еду ў Слуцк. Вязу на свята ружы.
Там нарадзіўся новы чалавек.
Ён сын маіх сяброў.
Ён мой сучаснік:
Адно ў нас неба. I зямля адна,—
Сучаснік мой,
Бо ў часе нас, на шчасце,
Не раздзяліла
Ні адна вайна.
Яе віхуры
нас не раскідалі...
Ён вочы ўзняў на свет у першы раз —
Што ўбачыць ён?..
Што будзе з ім, Тарас?..
Між ім і намі — пакалення далеч.
Яму — пытацца, нам — трымаць адказ.