Твае вочы, як вокны бальніцы. Колькі боляў за імі, мой Бог! Нас ад волі ніхто не ўсцярог - I на ростані нашых дарог Б'юць і б'юць след у след бліскавіцы. Ла слядах даганяюць грамы. Невылечны, як глуханямы, Наш сусвет, дзе аслепла надзея. Мы казалі, а чулі не мы. О, кахання астрог!.. Кожны дзень я Вырываўся з цябе, як з турмы. I з астрожным кляймом на ілбе Я шукаў сабе волі ў гульбе, У абдымках спустошанай стомы I чужы, сам сабе не знаёмы, Я штоночы вяртаўся ў цябе, Як вяртаецца магма ў разломы. I застацца не мог... Бачыць Бог, Гэта ўсё, што я здолеў і змог. Як бальніца, глядзіш ты начамі. А на ростані нашых дарог Бліскавіцы малоцяць цапамі Тыя ружы, якія снапамі Да тваіх панакіданы ног. Вiльготныя зрэнкі начы - На сподку пад свечкай парэчкі і слівы. Маглі вы, Сюды ідучы, Прадбачыць, якім будзе ранак? З усіх калыханак Я выбраў такую, што нельга заснуць. Снуюць За вокнамі цені, нібы вартавыя. Мы з вамі - не тыя. Абняўшы калені, Задзьмулі вы свечку, Каб зманныя словы пачуць. Заплакаць мне па той вясне? Як соладка... так горка... Там з ночы ў ноч скакала ў сне Агнём па залатой сасне Чырвоная вавёрка. Адзін адну гукну вясну - Ні голасу... ні рэха... Прачнуся плакаць, зноў засну, I мне вавёрка сніць сасну У залатых арэхах. Бронь Божа мне ўспомніць пра тое, аб чым ты забылася, Што з пылу ляпілася, а паўставала сцяной. Як ты стамілася, любая, як ты стамілася Побач са мной! I тая птушынка, што ў вокны азяблыя білася, Таксама стамілася грэць невідушчае шкло. Колькі было ўсяго, любая!.. Пералюбілася - Як не было. I тая травінка, што ў сне да мяне прытулілася, Таксама травою стамілася быць у траве, Ды ўсё так сплялося, звязалася, перакруцілася - Бог разарве. Сiнечаю свяціла сліва, Гулі між намі скразнякі, I ты глядзела з-пад рукі Няўцямна, мройна, палахліва У далячынь, дзе небасхіл З зямлёй зліваецца шчасліва, Адкуль да нас дабегла сліва Задыхана, з апошніх сіл... - З апошніх сіл цябе кахаю I з ночы ў ноч, і дзень пры дні З апошніх сіл да небакраю Кідаю сінія агні... На тую сліву цемра легла! На камень, у пясок - куды Пападалі яе плады, Пакуль да нас яна дабегла?.. Тая, што днем i уначы Побач за лёкая, Блізкая спіць на плячы - Сніцца далёкая. Соладка сон прытулю, Колькі ў ім горычы, Як яму горача - Каля агню матылю. У нашых снах было каму прысніцца. Перад тваім партрэтам на стале Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы, I кава ў філіжанцы астые. Сто сноў яшчэ да несаснёнай страты, А ўжо ў адхіст, як травы ад касы, Зламаны жэст, якім бакал падняты, I рух, што папраўляе валасы. Нібы па ветры мроіва сняжынак - Усё ў адхіст!.. Нічога не ўтрымаць. Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак. Паліць цыгарку. Каву дапіваць. На сёння завершаны спевы - На вечар. На золак. Даўно Дрымотна ўзіраюцца дрэвы - Сляпыя ў сляпое акно. Глухія ў глухое - у сцены, У краты мы ўперліся, нам Адсніліся ўсе перамены, Як птушкі зімовым лясам. Мы самі сваё прадказалі. Блукалі - кругамі сляды На дэкарацыйным вакзале. Адсюль не ідуць паязды. Сюды не прыходзяць. Валодаць Нямашака чым, акрамя Чужога. Чужое - Валодзя - Гукаецца ў далях імя: "Валодзя ты, Валодзенька, Хадзі ка мне зімой, Кахай, пакуль малодзенька, Харошы, мілы мой". |