Адхiнецца вада ад зямлі - Да агню прыхінецца. Аблачынкаю стане, Растане... Вось - каханне. Гэты шлях мы з табою прайшлі. Вечар у ветраным Віцебску - Ды не падмануць цябе Слёзы, што вецер мне выціснуў У развітальнай журбе. Я з тваіх рук вырываюся, Як крыгалом па Дзвіне! Роспач, якой захлынаюся, Ды не падмане мяне. Хай мы ўдваіх не падманемся Мройным імгненнем адным, Ценем, з якім абдымаемся I застаёмся ў якім. Мы застаёмся ў ім, скрушныя, З тым, што прыснілася нам, З горадам, з храмам парушаным, З небам, што ўпала на храм. Божа! Малюся ды каюся: Перад Тваім алтаром З рук Тваіх я вырываюся, Як па Дзвіне крыгалом! З ёй застаюся, знікаючы Зманлівым ценем начным, Роспачных слёз не хаваючы, Слёз невядома па чым. Басанож прайду па пожні Да мяжы, дзе цёмны стаў... Так настане дзень апошні, Як і кожны наставаў. I ў замежнай той старонцы, Дзе я страчу ўсё і ўсіх, Не заплачу я па жонцы, Па каханках па сваіх. А па кім жа я заплачу На мяжы, дзе цёмны стаў? А па Той, якой не бачыў, Той, што ў свеце не застаў. Па адной нецалаванай, Той, якой не цалаваць, Па адзінай, неспатканай, Той, што Бог не даў спаткаць. У сны ўвайшлi твае сланы. Ступалi за сланамi сны I не належалi мне болей. Іх сніў не ў сутарэннях болю, А ў храме радасці манах. Я з босых ног ягоных прах, Схіліўшыся, сабраў рукамі, I прахам асвянціў чало... I, паўшы ніц, спытаўся: Скажы мне: што са мной было? - У сны твае ўвайшлі сланы, - Сказаў манах. - Але яны Сваім ісці павінны шляхам. Чало, што асвянціў ты прахам, Вадой асвенчана святой. Шлях з веры ў веру - шлях не твой. "Чаму?" - спытаўся я не ўслых. Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых, Чый шлях - зваротны. Да чужых Святых ты рушыў са сваімі". "Святыя могуць быць чужымі?" - Здзівіўся я. Нібыта ў шкло Задымленае, глянуў Свамі, I дым шкляны праплыў між намі, Пусты, як тое, што прайшло. - Устань, - сказаў манах. - Ты ніц Дарэмна падаеш, прыкуты Да саркафагаў і грабніц Англійскіх могілак Калькуты. Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, - Але дарма марнуеш дні, Упёршы вочы ў камяні. Пустыя сны пад камянямі. Усе, хто зараз сніць іх тут, Дарма прайшлі свой шлях пакут, Канаючы ад малярыі. - Не, - я сказаў. - Бо тут Марыя. - Ты знаў яе? - спытаў манах. Гаруда, белы Божы птах Ляцеў - далёка ад Калькуты, I двух аблокаў парашуты Нёс тым, хто страціўся ў гарах. - Марыя, нам уніз пара, - Прасіў я, змучаны гарамі. "Ты знаў яе?" - пытаўся Свамі. Мандара, Божая гара Вяршыняй падпірала неба. "Знямогшы без вады і хлеба, Аслепшы без павадыра, Зблукаўшы шлях - з якой пары я I для чаго я тут, Марыя?" - На тое, каб адолець шлях. "Ты знаў яе!" - сказаў манах, Падаў задымленае шкло, I, як пры сонечным зацьменні, Я ў шкло зірнуў... Мільгалі цені, Глядзеў я, што са мной было. Увесь у жоўта-залатым Стаяў манах на небасхіле, Упэўнены ў спрадвечнай сіле Таго, што свет заве пустым. - Тут выйсце ў неба, - мовіў ён. - Пераступаю я закон, Наблізіўшы да зор жанчыну. Ды шлях адолены. Прычыны Для апраўдання мне стае, Каб паказаць дарогу тую, Дзе Веду зведаеш святую, Марыя! Зоры ўсе - твае... I ён накінуў на яе Апратку жоўта-залатую. - А хто за мной? - Няма каму. - А спадарожнік мой? - Ён следу Твайго не ўбачыць, бо яму Час не настаў спасцігнуць Веду. Ён вернецца. А ты - ідзі. - Ты судзіш, Свамі? Не судзі, Я знаў яе, таго даволі. Глядзі, як шкло іскрыць на сколе, Ды што ў тых іскрах для сляпца? Зваротны шлях - сляпы. Ніколі Яго не пройдзеш да канца. Па ім вяртаешся ні з кім. Плыў над зваротным шляхам дым Ад Індыі да Беларусі... - Я не хачу ісці па ім, А незваротнага - баюся. Шлях там, дзе ўперадзе - сляды. - Той шлях, - сказаў манах, - нікуды, Па тых слядах мільёны люду Сышліся ў гурт, у гарады. У храмы іх, у іх суды Ты б з Індыі вярнуўся, ды Сюды прыходзяць адусюды - Адсюль ісці няма куды. Я ўніз ішоў. Гара з гарою Перагукаліся, сырою Прасцінай поўз па схілах снег... Лавіна! Я дарма пабег Па камянях, па скалах слізкіх... Дні прабягаючы, гады, Не змог я збегчы гэтак нізка, Каб падаць не было куды. Лавіна падала - на схіле Раз'юшана, у самай сіле Дагнала, душна абняла. - Марыя! - крыкнуў я. - Марыя!.. - I ўкрылі крык снягі сырыя. Манах сказаў: "Яна дайшла Дарогай Вед амаль да межаў, З якіх звароту ўжо няма, А ты вярнуў яе. Дарма". Я не вяртаў. Лавінай снежнай Яна вярнулася сама Па камянях, па скалах слізкіх. - Ты дзе была, Марыя? - Блізка. - Чаму на могілках англійскіх На камені тваё імя? - Бо шлях адолела дарма, - Сказаў манах. - Бо не жанчыне Пакінуць свет дарогай Вед, Бо светам стаўся ёй паэт Англійскі ў афіцэрскім чыне. За нораў дзёрзкі і бунтоўны Ён з метраполіі раптоўна Адпраўлены ў Калькуту быў. Тут ён гібеў, страляўся, піў, Блукаў, зваротны шлях згубіў - I ў дом патрапіў малітоўны. Бог ведае, што за хімеры Жылі ў англійскім афіцэры, Ды выдумаў сабе паэт, Што вернецца місіянерам Дамоў, што прагне новай веры Стары ягоны добры свет. Ён кінуў піць. Пісаў увішна Евангелле ад Рамакрышны, Ствараў хімеру: Веру Вер. Як сноб, на англіцкі манер Хрыста аспрэчваў афіцэр. Паслаў ерэтыка Ўсявышні У горы. Перад ім гара Мандара ўстала - брама ў неба. Аслаблы без вады і хлеба, Аслеплы без павадыра, Караскаўся ён за хімерай Дарогаю, якой не верыў, Бо верыць не прыйшла пара. I скінула яго гара Лавінаю... Яго ў снягах Знайшла Марыя ледзь жывога, Адняньчыла, нібы малога, I, не адпрэчыўшы зямнога, Згубіла свой нябесны шлях. - Вам не ўзляцець, - сказаў манах, Пакуль зямля цяжарыць крылы... ...Яна знайшла мяне, накрыла Апраткай жоўта-залатой, Сказала: "За мяжой пустой Сырая снежная магіла - I ў ёй усё, што я любіла". "Шлях з веры ў веру - шлях не той?"- Спытаўся я, і з вуснаў строгіх Пачуў адказ: "Адзін са многіх". - То ў чым віна мая, Марыя, Калі парывы ветравыя Нясуць, нібыта дым шкляны, Душу зблуканымі шляхамі? - Перад усімі, - мовіў Свамі, - Нябесныя шляхі віны. Зямным - зямное. Дзеці самі - З малога цешацца яны. - I шкло іскрылася між намі, Клубіўся ў ветры дым шкляны. - I Веда Вед, I Вера Вер - Хімерныя, калі на згубу, Адняньчаны, ідзе да шлюбу Паэт, англійскі афіцэр. Калі спасцігнуць Веду свету Жанчыну абірае лёс, А тая таямніцу гэту Лавінай кідае з нябёс Пад ногі выхрысту-паэту, То ўсё дарма: і рух, і мэта, Куды б дарога ні вяла… - Марыя, ты ўсё ж там была. Скажы мне, што там? - Дзе? - У Бога. - Нічога там няма. Дарога. Сінеча холаду начнога Над Гімалаямі плыла. Сыходзіліся ў храм начны Індусы - там спявалі хорам, Там пакланяліся яны Таму, пра што і думаць сорам У Англіі... Крывёй жывой Жыццё бруілася, як брага, Густой хісталася травой У хвалях Інда, водах Ганга, Гатовае па волі Брамы Само сабой ахвяраваць, Яно глядзела ў вочы Ямы, Не баючыся паміраць, Спазнаючы сябе, вякамі Зямную трушчыла кару I ўзносілася ўвысь хрыбтамі Высокай Хары і Меру, Каб там, дзе ўжо няма нічога, Дзе абрываецца дарога I зноў вяртае на зямлю, Змяя пацалавала Бога, I Бог пацалаваў змяю. - Злуеш, Марыя? - Не злую. - Адзін адному вы не суддзі, - Сказаў манах. - Яна праз суцці [10] Прайшла, застаўшыся ўдавой. Той афіцэр англійскі, той Паэт, сасланы за разбой, Сектантам стаў, ахвяраваў Марыю, што жыла ў Марыі, Прызначыўшы яе кастру, Як сам сканаў ад малярыі... За ёй падняўшыся ўгару - Адзін спускаўся ўніз з гары я: "Марыя, калі я памру, Дзе мы сустрэнемся, Марыя?" - Тут, дзе маланкі шаравыя Высокай Хары і Меру, У храме, лотасам сагрэтым, Дзе Вішну абвіла змяя; Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым Ёсць Індыя, адна планета, I ўся астатняя зямля. Чакай свой час, сваю пару. - Марыя, калі я памру, Ты скажаш, што там? - Дзе? - У Бога. "Нічога там - адна дарога Ды зор ахвярнае святло..." - А ты 6 хацеў, каб там было Што-небудзь? - запытаўся Свамі. Над намі Нябёс задымленае шкло Мігцела зорамі і снамі. Ступалі след у след яны На свой зваротны шлях. Манах Мне ў прыгаршчы насыпаў прах, Сказаў: "Ідзі, нясі дадому, Развей на родных берагах. Не суддзі мы адзін адному". - Марыя!.. - голас у гарах Прапаў, не чутны мне самому. Гаруда, белы Божы птах, Сарваў з Мандары кветку сому I кінуў на зваротны шлях. вернуться Суцці - абрад спальвання ўдавы ў дзень пахавання мужа. |