...Як зрэз на дрэве, набрынялы сокам Цяжкім, што кроў... «Мой ясны сокал! Мой высокі сокал!» А галубы ляцелі з рукавоў, I зіхацелі пацалункі ў дзюбах — Пярсцёнкі залатыя вуснаў любых. Накормлены — брывом не зварухнуць! На спіны галубятнікі валіліся... А я не мог бязбоязна дыхнуць Паветрам тым, гпто ля цябе свяцілася. Той дождж, што пырскаў у тваю далонь, Я піў набожна, як ваду святую, I як паганцы верылі ў агонь, Паверыў цёмна ў навальніцу тую, Калі з-за хмар, бы ў меднае вядро, Грамы шпурлялі за ядром ядро, I мы ўдваіх лавілі ўратавана Маланкі асляпляльнае пяро, Бліскучы меч Ізольды і Трыстана! — ...Дык што ж той меч? — Ступеў ва ўжытку хатнім... — А галубы?.. — Жывуць на галубятні. Круты абрыс біблейскіх гор. Зарніц спалохі... Над Арменіяй Сусветнае Знішчэнне Зор... А зор не менее. Закон Ахоўвае матэрыю. А кроў святла на спад лавінаю, Як перарэзалі артэрыі Над Арарацкаю далінаю. У коп'ях неба Iў мячах — Пектаграфічны заніс эпасу. Дух вояў-продкаў не ачах! — Пад пацінаю на шчытах Арэс і Эрас. Зноў небасхіл, як выраб Палеха. I слоў не менее Ад слоў, У горне ночы ў попел спаленых. Як доказ іх магічнай сілы З-за Крабавіднае туманнасці Глядзяць на люлькі і магілы Густыя вочы Туманяна. Сядзеў панура, Згорблена, I раптам — песня горлам. Скакаў табун, таптаў палын, Шакалы вылі следам. Ніхто не ведаў — Што акын. Ды ён і сам не ведаў. Свістала і хрыпела Жалоба і вуда, Як з крана з'іржавелага Гарбатая вада. Нібы замоваю лячыў, Спяваў. Пра ўсё. Нічога. Была За песняй Далячынь. Пустэча. Стэп. Дарога. Турысты пырскалі: — Выццё... — Саліст ансамбля «Пенсія». Адна дамбра. Адно жыццё. I смерць адна. I песня. Колас. Купала... У гуках імён іх люлянку я чую, Якую матуля калісь над калыскай маёю спявала Колас. Купала... Мелодыю мовы славянскай я чую, Той мовы, якую агнямі палілі, Ды з попелу Страцімам-птахам яна паўставала —- Колас. Купала... Я чую ў іх звонкія гуслі I гулкасць Той сілы, Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала Колас! Купала!.. Адвечную песню народа, Што горда Жыла ў ім I кленчыць прад ворагам не дазваляла! — Колас. Купала. Падобны на словы замовы Імёны, Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла — Колас... Купала... I грозна, сурова гучала іх слова, Калі над Айчынай чумы навісала навала Колас! Купала! Яно падымала да зораў і ў нетры зямныя кідала...- На вечныя векі Вятры намялі Курган вашай славы На роднай зямлі — Паэзія... Колас. Купала. Валілася неба на вышчапы гор, Апошнія зоры страсаючы ў зморы. А сонца ўставала, нібыта сабор. Званілі ў саборы. У Чэці ў мячэці маліўся стары... На твары — адчаю кінжальная мета. «Алах! Магамет не прыйшоў да гары - Гара пракляла Магамета. Алах, я сівы ўжо... Я хутка памру. Прашу на мяжы твайго вечнага царства: Алах, пакарай за бунтарства гару! Алах! Магамету даруй за бунтарства...» Ён гэту малітву тварыў да пары, Пакуль не сабраліся хмары над светам... Грамніца слізнула на вышчап гары — Лавіна Раструшчыла Дом Магамета... |