Направа залева,
Налева залева,
Матор «Масквіча» ліхаманка заела —
Давай, ну давай, калымага старая!..
Нутро выгарае.
Нутро выгарае...
Патопныя воды
на шкло ветравое;
Дарога назад —
Да шумераў? да Троі?
Дарога наперад —
Да пекла? да раю?
Давай, ну давай, калымага!.. Стараю-
чыся з усіх сіл, перагрэты,
Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планеты,
Спірала дыханне на страшнай спіралі,
Дзве сілы —
Крыж-накрыж — сусвет распіралі:
Круціліся ў бездані левыя колы —
На правых
праколы!
На правых
праколы!
I покуль машыну завальвала ўлева,
Я бачыў, як справа святлела залева,
Хіліліся горы, і слаліся травы
Направа, направа, направа, направа,—
Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах,
Шалее салоўка на шостым каленцы,
Званамі аглухлымі падаюць бэры
На попел цяпельца любові і веры,
Дзе пахне атаваю луг за ракою,
Дзе мама насустрач махае рукою
I з ціхай надзеяй пытае пра справы...
Завальвае ўлева!
Аблокі — направа,
Направа звяры ўсе, і рыбы, і гады,
Мой снежань направа, мае лістапады.
Направа ўзлятаюць —
Ілона і Ева —
Дзве птушкі
з галін радаслоўнага дрэва
Направа — сілкамі пакоры і гневу —
Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева
У зорную прорву,
дзе вечнасць клубіцц
Дзе некалі сон гэты будзе мне сніцца...