Литмир - Электронная Библиотека
* * *
Мне трыццаць. Час настаў такі,
Калі — ні ў вучні, ні ў настаўнікі.
Яшчэ шкалярскі доўг плачу
Купалу,
Танку,
Куляшову,
А ўжо з Глыбоччыны хлапчук
Прысуднага
чакае слова.
Мой родны!.. Бог табе суддзя.
Суды сабе падобных лепяць.
Якая песня ў лебедзя?
Як лебедзь.
Ах, лебедзяў прыгожа б'юць!
Як выжыць — я магу параіць.
А вершы пішуць — як жывуць.
Як дыхаюць. Як паміраюць.
Хлапчук маланкі тушыць вейкамі,
Яму здаецца —
ён паэт! —
Што я хаваю тайну нейкую,
Што ў ёй паэзіі сакрэт!
Наросхрыст ён ідзе па вуліцы,
Ён казку ўспамінае вусцішна:
«Пад дубам куфар ёсць, там вуціца,
Не лебедзь — вуціца, а ў той
Яйко з іголкай залатой...»
Галосіць дуб пустымі дупламі!.
Хлапчук ледзь пераводзіць дух.
«Пра што і як пісаць?» — ён думае.
...Лягчэй, што думаем удвух.
ПАЛЯВАННЕ
Збілі на ўзлёце...
Падала, хісткім крылом
Неба чапляла...
Здабыча ўжо...
Птушка былая..
Па
Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом:
— Міма, бадай, цябе... Міма, халера!..
— Бывае.
— Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?..
Цэзар, апорт!..
А яна яшчэ доўта ляцела,
Покуль ударыла ў цёмны асенні чарот
Водгукам стрэлу...
Дзеля таварыша
злосць можна выдаць за жарт,
Хоць і таварыш былы —
Птушка былая.
— Ды зразумей ты;
Гэта спрадвечны азарт...
Не разумею азарт,
які дабівае!
Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш,
Продкаў злачынствы катуюць
пячорны мой розум...
Што ў ім спрадвечнае?
Што яму дадзена
звыш?..
Рана — пытанні,
адказы знаходзяцца
позна.
Ах, як над возерам
Птушка свабодна пяе!
Песня знямее —
I ўночы разбудзіць, як выбух!
Ісціна —
вечнае.
Звыці —
толькі выбар яе.
Выбраўшы вечнае, ісціну можна не выбраць.
Гэтая птушка... Іншая быць не магла...
Хто растлумачыць мне
сувязь
між ёю і мною?
Толькі пытанні між намі, толькі імгла,
Толькі пячорная памяць крыла за спіною.
...Мы
На зямлі
Месца
Найлепшае
Выбралі.
Шклянкі напоўнілі:
— Ну, будзь здароў...
— Будзь здароў...
I пад нябёсамі,
дзе спадарожнікі зыркалі,
Возера гойдала
Водбліскі нашых кастроў;
СЕМЯ
...I сціраўся лягчэй,
чым сціраецца след ад алоўка,
На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс...
Ён ішоў наўздагад;
да хрыбта прыкарэла ватоўка.
У хусцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс.
Як ад смерці ратуюцца,
ён ад жыцця ратаваўся,
I жыццё абмінала, і смерць не шукала яго.
Тры разы пакідаў,
тры разы да каханай вяртаўся,
На чацвёрты вярнуўся —
ды ўжо не было да каго.
Ён на полі пустым
тры начы прастаяў нерухома,
На чацвёртую ноч
кінуў семя з хусцінкі ў раллю.
I зямля скаланулася,
быццам ад нізкага грому,—
I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю.
У чатыры канцы
ён ляцеў у здабытай прасторы —
I нікога за ім, і нічога прад ім не было.
...На абражаным полі зраселі апалыя зоры,
I паўночнае ззянне
паўліным хвастом расцвіло...
ПАКІНУТЫ ВЕРАГ
Перад зярнятамі, што прападалі,
Схілімся долу.
Не выпадае, не выпадае
Вылічыць долю.
З берага
ветрам пакошаных траў
Цягне да неба.
Толькі ў вышынях, куды прарастаў,
Цёмна і нема.
...Зорка зрываецца, як з далані
Кропля блакітная...
Не падмані, не падмані,
Бераг пакінуты.
ТУРАЎ
Дзе храм калісьці быў — цяпер піўная...
Цыган вясёлы скача і спявае,
Удала ўкраў каня — удала збыў
I грэх запіў!
Тут храм калісьці быў...
Правінцыя!
Люблю твае кантрасты!
Люблю твой люд
скуласты і гарласты,
Прастор, прапахлы небам і зямлёй!..
Але нашто, скажы мне, калі ласка, ты,
Крышыць муры гісторыі сваёй?..
Цыган шалее! Млеюць мужыкі.
Гісторыя мая. Палешукі.
Нальюць па шклянцы — сціснуць кулакі.
Як піларамы, ходзяць жаўлакі.
— Ты, можа, расстараўся б, га, Сымонка?
За першай
і гамонка не гамонка...
Сымон не зломак —
За другой,
За трэцяй
Пайшла размова пра жыццё на свеце.
— А што жыццё?..
Ідзе, якое ёсць.
Мы госці ўсе — і ты таксама госць.
Адзін швейцар вунь, як у горле косць.
Дурны мужык...
Давай,
яму на злосць...
Швейцар цікуе — вокам не міргне,
Ён знае сам, што ісціна ў віне,
Але на службе прэ з яго натура
Барацьбіта за сервіс і культуру.
«Панас! Давай да нас, швейцарскі цар!..»
Усмешкай, як маланкай, блісне твар
З той цемры, дзе схаваны ад людзей
Сузор'і і галактыкі надзей.
Рагоча жартаўнік —аж стогнуць міскі.
Да Гомля — го!..
Яшчэ далей да Мінска...
Цыган
танцор і праўда не благі!
— Чаго сядзіш?!
Устаў не з той нагі?..
Правінцыя!
Пранізлівасць тугі,
Глухія каля Турава снягі,
А некалі... Але было даўно,
Правінцыя! Прагорклае віно,
Правінцыя! Маленства сон чароўны!..
Я толькі тут сабе самому роўны,
Правінцыя! Як быць мне, як мне жыць —
Не выказаць, што на душы ляжыць...
Смяецца дзеўка,
поўная грудзей.
У круг яе!
Да люду!
Да надзей!
І-эх, шкада, што кашы з ёй не зварыш
— Ты што, таварыш?..
— Захмялеў таварыш.
— Ды не чапайце, хай сабе паспіць...
Правінцыя! Як соладка баліць!
Качаю па стале змакрэлы мякіш:
Ёсць, дзякуй богу,
Тураў, Зэльва, Мядзель!..
Цыган крычыць:
— Ты не гароцься, госць!
Не прападзём! Яшчэ, брат, коні ёсць!
28
{"b":"547093","o":1}