Заходзь у мой дом, чалавек! Знаёмы ці проста прахожы. Не бойся мяне патрывожыць, Заходзь у мой дом, чалавек. Нараніцы, днём і ўначы, Заходзь у хвіліну любую; Як ёсць што сказаць — памяркуем, Няма што сказаць — памаўчым. Заходзь, чалавек, да мяне, З бядою заходзь і турботай, I проста, калі захлыне Ў натоўпе людскім адзінота. Заходзь, чалавек, у мой дом! Мы нешта прыдумаем разам, Быць добрымі — н аш абавязак, Заходзь, чалавек, у мой дом. Так в е рш я скляпаў. Неблагі... Не горшы з усіх маіх вершаў. Ды гэта, як кажуць, АКТ ПЕРШЫ. А вось АКТ ДРУГІ. Стук у дзверы. — Хто там? — Незнаёмы. Адчыніце... — Хто вы? — Незнаёмы. — Што вам трэба? — Мне ад вас?.. Нічога. — Ну т а ды ідзіце сабе з богам. — Як жа так... Някляеў вы? — Някляеў. — Ведаеце хто я? — Не ўяўляю. — Я чытач. Я верш у вас знайшоў, Вы там напісалі: Днём і ноччу, Хто захоча і калі захоча, Хай ідзе да вас. Вось я прыйшоў. — Кіньце жарты. Ноч. Не адчыню. — То навошта верш вы напісалі? — Вы вар'ят! — Дык вы пажартаваді? — Слухайце, я зараз пазваню, Каб па вас з міліцыі прыслалі! — Вось як... То бывайце... Я дарма Кожнай кропцы ў вершы вашым верыў... «Што ж рабіць?» Я адчыняю дзверы, Толькі т ам нікога ўжо няма. Мо здалося ўсё мне? Я стаяў, Думаў пра кароткую размову. Нехта ж быў... I нехта майму слову Верыць перастаў. Паэт Сядзеў з а столікам, курыў. Сівыя валасы стаялі стрэшкай. Кагосьці быў ён прывітаў з усмешкай. Сядзеў... Курыў... Вітаў кагосьці... Быў... Плылі, што поўні, Да сталоў талеркі, I цёк, як над вулканам, Душны дым. I людзі адбіваліся ў люстэрках — Адзін... Другі... Адзін перад адным... Паэт сядзеў з а столікам, курыў. Пра нешта гаварыў, да слоў павінны. А ў гэты час блакітныя дэльфіны Плылі ў Басфорскі месячны праліў. З-пад плаўнікоў Да зор ляцелі пырскі, I малаком кіпеў у хвалях след. — Ты размаўляць умееш па-дэльфінску? — Спытаў паэт... Была ўжо ноч. Па сцішанай Маскве Плылі праз дождж дэльфінамі машыны. Паэт хаваў запалку ў рукаве, Шукаў манету і званіў жанчыне. Над тэлефоннай будкай цвіў ліхтар, Узмахваў клён намоклаю чупрынай. А ў гэты час блакітныя дэльфіны Плылі ужо праз сіні Гібралтар. I недзе ля Астанкінскіх ставоў Сярод садоў ужо канала лета... Паэт званіў...— На шэпт дэльфінскіх моў Перакладаў жанчыне гул планеты. Не прыйдуць у начы — і катаваць Не павядуць у змрочны склеп, за краты... Злачынец, спі! Няма каму пытаць: Ты вінаваты ці не вінаваты. Суддзя твой спіць, і спяць вартаўнікі; А ў ката у твайго сягоння свята, Яму й няўцям, што ты жывеш такі, Хай вінаваты, хай не вінаваты. Забойца, спі! У кнігах спіць закон, I пыл палёг на літары закона — Спакойна спі! Твой палахлі вы сон Ніхто не прыйдзе патрывожыць сёння! Дык што ж крычыш! Чаго баішся? Ты!.. Прад кім гатовы пахіліць калені? Перад сумленнем? Прэч яго! Сумленне — Вярыгі рознай дробнай свалаты! А ты!.. I ўсё ж не спіш... Крычыш... Баішся ты... Напярэдадні свята, Напярэдадні свята Урачыстыя твары I чыстыя хаты, I шчаслівыя мары Лунаюць крылата Напярэдадні свята, Напярэдадні свята. Спадзяюся на тое, Што здзейсніцца, будзе Гэта свята ва ўсіх, I засмуцяцца людзі Толькі тым, што мінула яно — I па скверах Вецер гоніць ашмоцце Стракатых паперак... У госці прыходзяць снягі Не шумным застоллем, Зацішшам, Асветленых думак узвышшам На шэрых раўнінах тугі. Снягі —і успаміны: чаму, Пра што сумавалася ўчора, Якое ўяўлялася гора Зацішнаму сэрцу майму? Снягі — над усёй мітуснёй Дасцежных маіх лістападаў, Як вырай высокі над садам, Дзе дрэвы пасаджаны мной. Снягі — каб напоўніцца зноў Душы маёй сумам і смехам, Усім, што было да снягоў I не засталося пад снегам. |