Калі ваўкі збіраюцца у зграі I глуха выюць, давяцца тугой, Я вар'яцець паціху пачынаю, Нібыта пазнаю, прыпамінаю У іх выцці знаёмы голас. Мой. Мне жудасна. Я чую, як звярэю. Ратуюся чакаць, калі заднее I знікне гэта ноч у небыццё... I днём не ўспомню нават той падзеі, Хоць шчэ пад языком і халадзее Працяглае звярынае выццё. Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь! Як зацішаны боль яны ў сэрцы маім прарастаюць. «Ой, ляцеў белы гусь...» А куды ён ляцеў, белы гусь, Калі ў небе тваім толькі шэрыя гусі лятаюць? З далячыняў сівых наплывае самотны напеў, Я прадоўжыць яго — нават голас мне дай — не бяруся... Дык суцешыцца б тым, што не толькі хацеў, што паспеў Прамільгнуць над табой, праляцець над табой белым гусем... Звон біўся ў звон. Звон ападаў з нябёс. Раскрыжаванае — Лямантавала неба. Дзіцячы енк, Пах спаленага хлеба Віхор счарнелы да яго узнёс. Яму ў адказ Зямля лямантавала, Той лямант плыў ракой без берагоў! Арэса здань, найстрашнага з багоў, Людской крывёй на зорах праступала. Слава бокам абышла. Па заявах, па даведках. Не шукала — не знайшла, Не хапіла славе сведкаў. I каму сказаць з людзей, Што за справы баявыя Толькі раны балявыя Прыпаяны да грудзей?.. Хтось затвор на вінтоўцы намацаў. А птушкам Збірацца ў дарогу. Птушкі могуць вяртацца. Кулі вяртацца не могуць. I нікуды не дзецца Ад хвіліны, ў якую Ім сустрэцца: Птушцы і кулі. Неба ўскрыкне!.. I на воблака белае-белае Кроў птушыная пырсне Брусніцамі спелымі. Куля болю не знае... Шмат чародаў птушыных Сакавік загайдае На халодных галінах. Ды гарачай рукою Зноў намацае нехта затвор. I няма нам спакою... Бы чакаем мы стрэлу. Ва ўпор. Яму звязалі рукі за спіпой. Надзелі пацеркі. — Ідзі! — I з аўтаматаў Услед яму паласанулі каты, Забаўленыя катаўскай гульбой. — Бягом! — Ён бег. — Хутчэй! — Ён бег хутчэй. Стралялі каты, Каты рагаталі, I справа, Злева снайперы збівалі Шкляныя пацеркі З яго плячэй. Дзінь! — пацерка. Крычалі каты: — Брава! Ад сумнага жыцця, відаць, яны Такую вось вясёлую забаву Прыдумалі ў вясёлы час вайны. Дзінь! — пацерка. Агонь шкляны ўразаўся У твар, У вочы... Потым вокрык: — Стой! О, вывучка рамесная, праслаўся! Ён не загінуў. Ён сляпым застаўся. Бо каты добра зналі рамяство. Ты такую цану хіба ведаеш, свет, Даражэй за цану перамогі? Я гляджу на яго, на жывы манумент. Манумент да сцяны прыпадае I стогне. Кроў — гэта кроў. Інакш пра кроў не скажаш. Не параўнаць яе ні з захадам барвовым Ні з барвай царскай, Ні с пунсовай краскай. Непараўнальную, Жывую кожнай кропляй — Нават з крывёю Кроў не параўнаць. Туліцца бэз да зруба, Росны, світальны. Ты прашапчы мне: «Любы» — На развітанне. Незбудаваны дом наш Поўніцца золкам. Блізка мяне ўспомніш — Буду далёка. Вочы твае, дзе ранне Вечар знясіле, Будуць балець чаканнем На небасхіле... Ну, вось і ноч. I ціха, як ніколі. Ды пошум дня у думках не аціх. Пакутн ы гуд — непадуладны волі, Забыцца на яго — напружвае мой слых Мацней, мацней... Дарма прасіць: «Даволі!» О, галасы людзей, і злых і дарагіх! Наканавана мне бясконца слухаць іх — I не уратаваць сябе ад гэткай долі! ...А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі Угледзецца ў акно — няма маіх турбот. Здзіўлюся толькі, што над хатай невысока Бязгучна праляціць аглухлы самалёт. |