Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Бітва на Альшаніцы — апошняя перамога

Узімку 1526/27 года на Валынь уварвалася вялізная арда крымскіх татараў. Астрожскі надзвычай хутка змабілізаваў войска і паспеў дагнаць іх ужо каля Пінска, дзе і разбіў наезнікаў. Рэшткі татарскіх загонаў пайшлі на поўдзень. А ў студзені 1527 года ён рушыў з конніцай ад Астрога напярэймы ардзе, якая ўжо вярталася з вялікай здабычай. Перуном наляцелі яго харугвы на лагер татараў каля нешырокай Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам. Паспрабаваўшы напачатку адбівацца, наезнікі (а іх на Альшаніцы было за 20 тысяч!) не вытрымалі ціску і пачалі ўцякаць. Мала іх ацалела тады і дайшло да бяспечнага Дзікага поля, бо ўцекачоў даганялі і секлі яшчэ вершнікі князя Ю. Слуцкага ды А. Дашкевіча. А 700 татараў было ўзята ў палон.

Гэта была адна з вялікіх перамог Астрожскага, у якой удалося ідэальна выкарыстаць ягоную ж тактыку. Стары змагар з татарамі і маскоўскім войскам, ён валодаў сапраўдным майстэрствам барацьбы з імі. Што да антытатарскіх акцый, дык Ж. Гэрбэрштайн апавядаў пра іх вось як.

Князь Астрожскі не выступаў насустрач татарскім загонам, калі яны ўрываліся ў краіну. Не, ён пачынаў асочваць ворага, як той, ужо абцяжараны здабычай, вяртаўся назад. Далёка ад'ехаўшы, рабаўнікі ўрэшце знаходзілі сабе бяспечнае месца для адпачынку, спыняліся там нанач і пачыналі рэзаць жывёлу ды баляваць. Астрожскі ж звычайна ведаў гэтае месца праз сваіх выведнікаў. Ён загадваў вершнікам нарыхтаваць харч на наступную ноч (каб больш не раскладваць вогнішчаў) і асцярожна наблізіцца цёмначы да татарскага лагера. А з першым праменнем сонца ягоная конніца віхрам налятала на сонных татараў ды ўчыняла ім поўны разгром{23}.

Так было і пры Альшаніцы, дзе пераможцы вызвалілі з татарскага палону дзесяткі тысяч жыхароў Княства. Пасля гэтага Крым пачаў звяртацца ў Вільню па дапамогу ў міжусобным змаганні, чаго не было з часоў Вітаўта. А Кастусь Астрожскі другі раз, як рымскі консул, трыумфальна ўязджаў у сталіцу, ды цяпер ужо ў Кракаў, дзе яго віталі кароль і каралева.

1526 год быў асаблівы для князя Канстанціна і тым, што жонка Аляксандра нарадзіла яму сына. А вось прыгожая перамога стала апошняй для старога ваяра. З таго часу ён больш не вадзіў у бітвы сваіх харугваў. Затое актыўна дапамагаў багатым досведам. Улетку 1527 года быў у Кракаве на ваеннай нарадзе, дзе абмяркоўвалі праблемы абароны ад татараў і туркаў, налета сустракаўся ў Вільні з паслом Ф. Франгепанам па тых сама пытаннях, а ў 1529 годзе ў ліку камісараў Княства праводзіў перамовы з Польшчай аб вызначэнні дзяржаўнай мяжы.

І так — да астатняга дня свайго…

«Непараўнальны з ніводным»

Памёр князь Астрожскі 8 жніўня 1530 года ў Тураве. Цела славутага абаронцы згодна з яго апошняй воляю пахавалі ў Пячорскай лаўры, пад скляпеннямі Ўспенскага сабора. Там, дзе ўжо амаль стагоддзе ляжаў ягоны прадзед — залічаны да святых Хведар. Каменная шыльда надмагілля, пастаўленага маладзейшым сынам, сведчыла:

«Маскву з татарамі паклаўшы, выпісаў 63 над імі перамогі, дадай афарбаваныя крывёй Рось, Дняпро, Альшаніцу, дадай шмат замкаў, шмат манастыроў, шмат цэркваў, якія вымураваў у княстве Астрожскім ды ў стольным месце Вільня…; для калек ён пакінуў шпіталі, для дзетак — школы, для людзей рыцарскіх — палашы з дзідамі ў Марсавай Акадэміі, і міла напішы: Сцыпіёну Рускаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, Гетману — Вялікае Княства Літоўскае. Гэта ўсё. Надмагілле»[27].

Яшчэ пры жыцці ён меў эўрапейскую славу, рымскі легат у пасланні да папы не забыўся адзначыць, што гетман Жыгімонта — «у бітвах Ромул! На жаль, ён схізматык, аслеплены празмернай адданасцю грэцкай веры, і не хоча ні на кроплю адступаць ад ейных догматаў». Калі б яго ўдалося перацягнуць у каталіцтва, працягваў легат, за ім пайшло б мноства народу, — настолькі вялікі быў ягоны аўтарытэт паміж суайчыннікаў.

«Князем, найбольш вартым светлай памяці», назваў Астрожскага Кромер, «непараўнальным з ніводным сучасным правадыром» — Дэцый, «мужам, поўным ваеннай славы», — Ваповій. Краніст М. Стрыйкоўскі пісаў, што цяжка нават выславіць усю дзейнасць гэтага сціплага з выгляду і невысокага чалавека, ды называў яго «другім Ганібалам».

Ягонае гетманства сталася ўзорам вайсковай чыннасці. У 1531 годзе, аддаючы булаву найвышэйшага гетмана Ю. Радзівілу, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст наказваў, каб той выконваў абавязкі гетмана так, «як справаваў князь Астрожскі».

Ён не меў сабе роўных у змаганні з татарамі і маскоўцамі — галоўнымі ворагамі краіны пры ягоным жыцці. Бадай, не было яшчэ такога князя, які б гэтак нястомна рупіўся пра належную абарону дзяржавы, які б гэтак не шкадаваў сваіх сродкаў на харугвы коннікаў, ставячы іх на ўласны кошт, які б усё жыццё так прыгожа і годна аддаў Айчыне. У імя яе ён сведама пайшоў на парушэнне клятвы, дадзенай пад імем Бога, за што маскоўскія летапісцы празвалі яго «Божим врагом и государевым изменником»…

Сапраўды, аніхто не служыў Вялікаму Княству Літоўскаму адданей за Астрожскага, «брата расейцаў па царкве, але іх страшнага ворага ў полі», — скрушна ўсклікне праз стагоддзі расейскі гісторык М. М. Карамзін. Але аніякай супярэчнасці тут няма. Ён служыў толькі сваёй Радзіме… І больш нікому.

«Быў гетманам найвышэйшым як правадыр узброенных аддзелаў. Пасля смерці зрабіўся гетманам як узор таго, як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам»{24}.

Крыніцы і літаратура

1

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Мн., 1969. Т.1. С.541.

2

Ярушевич А. Ревнитель православия князь К. И. Острожский (1461–1530) и православная Литовская Русь в его время. Смоленск, 1897.

3

Charkiewicz W. Scypion Ruski Konstanty, książe Ostrogski wielki hetman Litewski. Wilno, 1936.

4

Максимович М. Письма о князьях Острожских к графине А. Д. Блудовой. Киев, 1866; Быков Н. П. Князья Острожские и Волынь. Петроград, 1915.

5

Антонович В. Б. Очерк истории Великого Княжества Литовского до половины XV ст. Киев, 1878. С.51.

6

Карамзин Н. М. История государства Российского. М., 1989. Кн.ІІ, т. VІ. С.181.

7

Stryjkowski M. Kronika Polska. Warszawa, 1846.T.2. S.309.

8

Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т.32. С.176.

9

Herbst St. Bitwa nad Wiedrosza 1500 r. // Wieki średnie. Warszawa, 1962. S.280.

10

Герберштейн С. Записки о Московии. Пер. с нем. М., 1988. С.189.

11

Батюшков П. Н. Памятники русской старины в западных губерниях империи. СПб., 1872. Вып.5. С.27.

12

Charkiewicz W. Scypion Ruski… Wilno, 1936. S.20–21.

13

Malinowski M., Przezdziecki A. Źródła do dziejów polskich. Wilno, 1844. T.2. S.424–425.

14

1100 Jahre österreichische und europäische Geschichte in Urkunden des Haus-, Hof- und Staatsarchiv. Wien, 1949. S.53–56.

15

Герберштейн С. Записки о Московии. М., 1988. С.114.

вернуться

27

Пад час страшнага пажару ў 1718 годзе першапачатковая шыльда загінула. Было моцна пашкоджанае і самое надмагілле.

13
{"b":"205305","o":1}