Генадзь Сагановіч
Айчыну сваю баронячы
Канстанцін Астрожскі
Да чытача
Хто прыгадае, калі на Беларусі адзначалі хоць якую гадавіну бітвы пад Воршай? Эўрапейскія народы шануюць памяць не толькі аб перамогах, але і аб нацыянальных трагедыях. Палякі, прыкладам, памятаюць і Грунвальд, і Легніцу, французы — і Марыньяну, і Павію, шведы — і Нарву, і Палтаву, чэхі — і Віткаву Гару, і Белую… У кожнага ёсць свой гонар і свой боль, свая слава і свая ж няслава. А што мы, беларусы?
Пра дзень 8 верасня 1514 года — дзень абароны суверэнітэту краіны — ведаюць, баюся, адзінкі. І адзначаць яго пачалі, здаецца, толькі ў 1990 годзе дый то вузкім колам, калі менская ды аршанская моладзь паставіла ў дзень слаўнае перамогі вялікі шасціканцовы крыж на месцы пабаявішча. А яшчэ менш вядомы шырокай грамадскасці творца той велікапышнай перамогі — князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.
Гляньма ў энцыклапедыі, падручнікі, папулярныя кніжкі. У БелСЭ сцісла апавядаецца пра род Астрожскіх наагул, і Канстанцін Іванавіч узгадваецца там між іншых{1}. Як «военачальнік», гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, радца Рады Вялікага Княства Літоўскага, які «ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў» і перамог больш як у 60 бітвах… Большага чытач у беларускай гістарычнай літаратуры, бадай, не знойдзе.
Дзіўна, але яшчэ менш напісана пра яго ў сучасных украінскіх энцыклапедыях, прыкладам «Украинской Советской Энциклопедии» ды «Радяньскої енціклопедії історії України». Куды большая ўвага звернута на сына пераможцы Аршанскае бітвы — Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Воляй гісторыі бацьку і сына блыталі здаўна, а пасля і наагул гаварылі амаль выключна пра кіеўскага ваяводу, вядомага культурнага дзеяча Канстанціна Канстанцінавіча. Нават ягоны партрэт нярэдка ўважалі за бацькаў.
Яшчэ ў 1897 годзе ў Смаленску выйшла асобнае даследванне пра гетмана К. Астрожскага. Гісторык А. Ярушэвіч пісаў, што славутага князя несправядліва забываюць, ды, узнаўляючы далёкія падзеі, ці не ўпершыню стварыў вобраз гэтага незвычайнага чалавека{2}. Пазней у Вільні невялікую працу пра К. Астрожскага выдаў польскі даследнік В. Харкевіч{3}. У Кіеве і Петраградзе друкаваліся асобныя выданні пра род князёў Астрожскіх{4}. Толькі ў беларускай літаратуры яшчэ не было нічога, прысвечанага вялікаму абаронцу Айчыны.
Дык, можа, ён чужы Беларусі? Якраз жа не! У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Такія постаці, як Кастусь Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі — нават пасля стагоддзяў забыцця.
Нацыя жыве, пакуль у ейнай свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае.
Нашчадак ваярскага роду
Ад турава-пінскіх князёў. Слаўныя продкі
Паводле старажытных царкоўных кніг Кіева, род Астрожскіх выводзіцца з князёў тураўскіх. Як ведама, турава-пінскія князі пайшлі ад Святаполка Ізяславіча — праўнука Ўладзіміра. Унукам жа Святаполка быў князь Юры Яраславіч, а ўнукам апошняга — пінскі князь Уладзімір, якога і можна лічыць пачынальнікам роду Астрожскіх. Яго сын Юры (Георгі) быў ужо добра вядомы летапісцам. Нездарма гэтак прачула пісалася пра смерць пінскага князя ў Валынскім летапісе: «В лето 6800 (1292) преставися Пинский князь Юрьи, сын Володимиров, кроткий, смиренный, правдивый; и плакася по нем княгиня его, и сынове его, и все люди плакахуся по нем плачем великим».
Унук апошняга пінскага князя — Даніла (ці Юры?) Дзімітравіч{5} з 1386 года ўжо валодаў Астрогам, невялікім валынскім горадам на рацэ Віліі, прытоцы Гарыні (цяпер гэта раённы горад Ровенскай вобласці на Ўкраіне). Славу яму прынесла змаганне супраць польскага караля Казіміра за падпарадкаванне Валыні ды Галіччыны. Разам з пярэмышльскім старастам Дашкам яны ўзнялі паўстанне ў Галіцкай зямлі, выбілі адтуль польскія залогі[1] ды рушылі на Кракаўскую, Сандамірскую і Люблінскую землі.
З чатырох Данілавых сыноў двое загінулі ў 1399 годзе на Ворскле, трэці пайшоў у манахі, а на бацькоўскай зямлі ў Астрозе застаўся толькі чацверты — Хведар. Ягоныя правы на валоданне гэтым горадам і паветам пры ўмове адданае службы каралю былі пацверджаны прывілеем Ягайлы ў 1390 годзе і Ядзвігі ў 1393 годзе. Ваяр па духу, Хведар і выявіў сябе перадусім у справах вайсковых ды палітычных: быў з валынцамі пад Грунвальдам, хадзіў у 1422 годзе з Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу чэхам у іх барацьбе з нямецкім імператарам, затым ізноў памагаў гусітам ды шукаў з чэхамі шчыльных кантактаў. Не баючыся гневу Вітаўта, Хведар Данілавіч уступаўся за князя праваслаўных Свідрыгайлу, які трапіў у няміласць да манарха, а ў 1420 годзе нават вызваліў яго з вязніцы Крамянецкага замка ды запатрабаваў ад Вітаўта даць Свідрыгайлу зямлі. Гэта не сапсавала добрых дачыненняў з вялікім князем. У 1427 годзе Вітаўт таксама даў Хведару Данілавічу прывілей на ранейшыя ўладанні ды асабіста наведаў яго ў Астрозе.
Калі ж вялікі князь Вітаўт памёр і ў дзяржаве дайшло да нутраной вайны, Хведар Астрожскі па-ранейшаму аддана падтрымліваў Свідрыгайлу і ў 1432 годзе на яго даручэнне ачысціў ад палякаў усё Падолле, завалодаў Валынню. Нават кінуты Свідрыгайлам у вязніцу як ненадзейны, Астрожскі ўцёк з няволі і зноў стаў на бок Свідрыгайлы. На схіле веку бунтоўны князь пайшоў у Пячорскі манастыр. Там зацяты змагар супраць польскіх уплываў старанна служыў Богу, пакуль у 1435 годзе не скончыў свае дні. Сыны ягоныя Андрэй і Дашко памерлі зусім маладыя і бяздзетныя. Астрог застаўся трэцяму сыну — Васілю, званаму Прыгожым.
Як і ягоны дзед ды бацька, князь Васіль Хведаравіч браў чынны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы. У сваім часе з'яўляўся намеснікам тураўскім, быў у групоўцы князёў і баяраў, што выступалі за адасабленне Вялікага Княства Літоўскага[2] ад Польшчы, у 1430-х гадах таксама цвёрда стаў на бок Свідрыгайлы, змагаўся супраць Жыгімонта Кейстутавіча, за што трапіў у няволю і адседзеў да самай смерці Жыгімонта. У 1446 годзе ён жа настойваў, каб новы вялікі князь Казімір Ягайлавіч не прымаў польскай кароны, а калі той усё ж стаў і каралём польскім, Астрожскі запатрабаваў аддзяліць ад Польшчы Валынь і Падолле… Па смерці Васіля Хведаравіча засталіся двое сыноў і дзве дачкі, з якіх Астрогам валодаў маладзейшы, Іван.
Князь Іван Астрожскі пераняў ад продкаў іх найлепшыя якасці: быў слаўны ратнымі справамі, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Найбольш вядомай сталася яго перамога над крымскімі татарамі ў 1454 годзе пад Церабоўляй, калі з татарскай няволі было ўратавана 9 тысяч чалавек. Праўдападобна, у гонар тае падзеі жонка Івана Астрожскага княгіня Настася Глінская збудавала манастыр у Калодзежным, але яго неўзабаве спалілі татары.
У стольнай Вільні
Ад Глінскай у князя Івана Астрожскага было пяць дачок і два сыны — Міхаіл і Канстанцін. Пра дзяцінства Кастуся, народжанага ў 1460 годзе, вядома няшмат. У няпоўныя сем гадоў Кастусь страціў бацькоў, і выхаваннем князевіча мусілі займацца баяры ды ягоны старэйшы брат. У 1486 годзе абодва браты трапілі ў Вільню, да двара вялікага князя Казіміра. Канстанцін стаўся бакалаўрам троцкага ваяводы Марціна Гаштаўта — аднаго з найбольш уплывовых людзей дзяржавы. Праз два гады маладыя Астрожскія апынуліся ў сябе ў Астрозе, дзе нейкі час займаліся фінансамі, гаспадаркай, а з 1489 года — ізноў былі ў Вільні, суправаджалі Казіміра Ягайлавіча ў часе пераездаў.