Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Пад восень 1517 года наступальную аперацыю пачаў К. Астрожскі. Ягонае войска (айчыннае рушанне, колькі тысяч нанятых палякаў, чэхаў і мараваў) з Полацка пайшло на Пскоўшчыну, разбіваючы па дарозе маскоўскія залогі. Разам з Канстанцінам Іванавічам былі выпрабаваныя ў бітвах паплечнікі — Ю. Радзівіл і Я. Свярчоўскі. І ўсё ж не абышлося без непаразумення. Калі аблажылі Апочку, Свярчоўскі, не зважаючы на абарончыя магчымасці цвердзі (палякі ўвогуле пагардліва называлі Апочку «свіным хлявом»), дачасна і без згоды Астрожскага кінуў людзей на штурм умацаванняў. Войска панесла значныя і, галоўнае, зусім неапраўданыя страты. Пасля гэтага асобныя аддзелы адлучаліся ад Апочкі і хадзілі далей да Пскова — на Варонач, Красны Гарадок, Велле. Але неўзабаве на дапамогу апоцкаму гарнізону прыйшлі раці І.Ляцкага ды Ф. Абаленскага з Вялікіх Лукаў. А калі да Апочкі сталі рухацца і вялікія сілы маскоўскага войска на чале з А. Растоўскім, князь Астрожскі палічыў за лепшае не рызыкаваць. Зняўшы аблогу, ягоныя войскі накіраваліся да сваіх межаў.

А на лета 1518 года Васіль ІІІ падрыхтаваў удар у адказ. З Вялікіх Лукаў ягоныя ваяводы рушылі на Полацак, з Белай — на Віцебск, а са Смаленска і Старадуба — на Падняпроўе. У маскоўскіх летапісах было запісана, што на гэты раз іх войска дайшло да Слуцка, Менска, Новагародка. Вялікія сілы непрыяцеля скавалі Полацак. Як шчыра адзначыў аўтар пскоўскага летапісу, «і Палачане шмат з нашымі біліся…» Затым прыспела падмога і «пабеглі да Дзвіны Масквічы, і не змаглі яны пераправіцца ўсе, і патапілі іх шмат у Дзвіне, і адышлі ад Полацка, нічога не атрымаўшы».

Астрожскі тым летам абараняў паўднёвыя межы краіны. Разам з А. Дашкевічам ён двойчы разграміў на Валыні крымскіх наезнікаў.

Паступова сапраўды небяспечным зрабіўся ваенны хаўрус Масквы і Караляўца[24], падпісаны яшчэ ў 1517 годзе. Цяпер да яго далучаўся новы альянт. Ужо вясной 1519 года перад Васілём ІІІ стаяў крымскі пасол з ярлыком ад хана. У выпадку адначасовага ўдару ўсіх трох хаўруснікаў для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага маглі настаць надта цяжкія часы. На шчасце, яны дзейнічалі паасобна.

У ліпені на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячная арда. Гетман Канстанцін Астрожскі выступіў супраць татараў з корпусам на 7 тысяч коннікаў, частку якога складалі палякі. Ён пераняў татараў на зваротным шляху, калі тыя ўжо вярталіся са здабычай. 2 жніўня дайшло да бітвы пад Сокалам, у зусім невыгодным для Астрожскага месцы. Усяму нашкодзілі маладыя польскія шляхцічы, якія прагнулі перамогі. Самаўпэўненыя, яны рваліся ў бітву і не хацелі нават змяніць пазіцыю, застаючыся на нізкім беразе Буга. Не паслухаўшыся загадаў К. Астрожскага, малады Ф. Гербурт павёў свае харугвы на татараў, чым змусіў да ўдзелу ў бітве і гетмана найвышэйшага. Усё скончылася поўнай перамогай наезнікаў. Тры князі, шмат ротмістраў і безліч вершнікаў Астрожскага засталіся на месцы сечы, а сам ён ледзь уратаваўся з пашматанымі рэшткамі конніцы. Той, чыё імя наводзіла жах на ардынцаў, цяпер уцякаў ад іх. І браў на сябе, славутага ваяра, усю няславу гэтага разгрому. Вядроша, Апочка, Сокал… Трэцяя параза ў жыцці, і трэці раз — не па ягонай віне…

А праз колькі тыдняў на Беларусь прыйшлі маскоўскія раці. Рухаліся яны зноў трыма групоўкамі — з Вялікіх Лукаў, Смаленска і Старадуба, агулам блізу 40 тысяч. Усе кіраваліся ў бок Менска, каб потым — на Вільню. «И воеводы наши, — адзначалася ў маскоўскім летапісе, — воевали по Вилну, Логоеск, Менеск, Айну, Красное Село, Молодечну, Марково, Лебедево, Крев, Ошмону, Медники, Мяделу, Куренской камень, Березвичи, Жесно, Курец, Волоеск, Радошковичи, Борисово…» Асабліва значныя баі былі пад Крэвам, дзе сабралася войска А. Гаштаўта і М. Радзівіла. Ад Крэва яно адышло за Лоск, а ваяводы Васіля ІІІ пасля гэтага з'явіліся каля Полацка і Віцебска.

Аніякіх гарадоў яны здабыць не змаглі, затое панішчылі воласці, шмат жыхароў пазабівалі ці паланілі і праз месяц вярнуліся ў сваю зямлю. Гарады-цытадэлі самотна стаялі сярод выпаленага, пакрытага попелам краю. А ў лютым 1520 года пад Віцебск і Полацак прыходзіў з войскам ваявода В. Гадуноў — паліў недапаленыя пасады. Праз год з поўдня ўварвалася шматтысячная крымская арда, ад якой найбольш пацярпелі землі паўднёвай Беларусі. Быў абрабаваны і моцна спалены Тураў.

І ўсё ж вайна набліжалася да канца. Тэўтонскі ордэн, на які Васіль ІІІ вельмі спадзяваўся і нават двойчы пасылаў містру Альбрэхту вялізныя сумы грошай на войска, моцна цярпеў ад палякаў. Жыгімонт загнаў тэўтонцаў аж да Караляўца і прымусіў падпісаць у 1521 годзе мірнае пагадненне. Яшчэ ў 1520 годзе такое пагадненне з Жыгімонтам склаў Махмет-Гірэй. Вось тады і Васіль ІІІ стаў хіліцца да прымірэння.

У 1522 годзе віленскае пасольства на чале з полацкім ваяводам Пётрам Кішкам падпісала ў Маскве дамову аб 5-гадовым замірэнні. Смаленск быў пакінуты Маскве, шматлікія палонныя заставаліся ў Вялікім Княстве Літоўскім…

«Жыцця свайго не шкадаваў»

Трывожны мір

Спустошаная дзесяцігадовай вайной краіна паволі ўздымалася з руінаў. Вярталіся да паселішчаў ацалелыя жыхары, аднаўлялі гаспадарку. Адбудоўваліся спаленыя гарады, ажывалі пасады, рынкавыя пляцы.

Дзяржава пакрысе ачуньвала і звыкалася з новай мяжой на ўсходзе. Мінулая вайна была занадта доўгая і цяжкая. Гэтакай Княства яшчэ не перажывала. Як не адчувала яно яшчэ і такой трывогі за свае ўсходнія межы. Адыход Смаленска да Маскоўшчыны выклікаў не толькі горкія шкадаванні, ён сімвалічна азначаў і адыход старых часоў. Па тых падзеях няцяжка было зразумець, што няўмольна змяняліся суадносіны сілаў Масквы і Вільні. Што яны ўжо змяніліся. І нават час раўнавагі, гэтак трагічна засведчаны на Вядрошы, быў страчаны разам са Смаленскам.

Гэта і непакоіла дзяржаўных людзей у Вільні. Пры беднасці земскага скарбу, абмежаванасці выканаўчай улады гаспадара ды свавольствах магнатаў цяжка было добра наладзіць абарону краіны. Сам Жыгімонт скрушна выказваўся: «Звязаныя недарэчнымі законамі, нічога ня можам зрабіць дзеля карысці і годнасці нашага гаспадарства».

Інспірацыі Боны

Паводле задумы каралевы Боны, манархам Вялікага Княства Літоўскага меўся стаць ейны сын Жыгімонт Аўгуст. І ў 1522 годзе вальны сойм у Вільні прызначыў яго намінальным пераемнікам бацькі на пасадзе вялікага князя літоўскага (у 1529 годзе Жыгімонта Аўгуста ўзвядуць на вялікае княжанне «вольным абраннем»). Ужо гэтым замацоўвалася дзяржаўная асобнасць Княства. А праз чатыры гады віленскія паслы, упаўнаважаныя ад паноў-рады, прасілі караля ў Варшаве вывесці Вялікае Княства Літоўскае ў становішча каралеўства! Мажнаўладцы казалі, што, «калі Вялікае Княства будзе мець сваю карону, тады няможна будзе далучыць яго да Кароны Польскай… Тады панам палякам нельга будзе дамагацца, каб гэтую нашу дзяржаву прынізіць і далучыць да іх, але будзе роўнае братэрства і згода заадно супраць кожнага непрыяцеля». Карона, даводзілі яны, аберагала б Княства ад шкоды патаемных маскоўска-рымскіх зносінаў, гарантавала б дзяржаве пэўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, урэшце, умацавала б пазіцыі Ягайлавічаў ды прынесла б шмат іншых перавагаў краіне. Гэтыя захады інспіраваліся таксама Бонаю. Толькі пасіўнасць Жыгімонта Старога звяла іх намарна.

Канстанцін Астрожскі ўваходзіў у кола блізкіх да Боны асобаў. Яшчэ ў 1518 годзе, калі паны-рада накіравалі яго з пасольствам у Карону разбіраць справу Я. Зарэмбы (той абвінаваціў Княства ў сепаратызме, у развале палітычнага і вайсковага хаўрусу з Польшчай), Астрожскі затрымаўся там надаўжэй і вітаў у Маравіцы Бону, якая ехала ў Карону, затым прысутнічаў пры яе ўездзе ў Кракаў, браў удзел у шлюбных ды каранацыйных урачыстасцях.

Сам Жыгімонт настолькі сімпатызаваў гэтаму незвычайнаму чалавеку, што, жадаючы аддзячыць гетману за гераізм і адданасць, быў гатовы пайсці нават на вынятак з правілаў. Яшчэ 25 сакавіка 1522 года ён падпісаў у Горадні на вальным сойме грамату, якою надаваў князю Астрожскаму годнасць троцкага ваяводы. Парушаючы прывілей Ягайлы, насуперак дзевятаму артыкулу акта Гарадзельскай вуніі, які надзяляў правам займаць найвышэйшыя ўрадавыя пасады толькі каталікоў. Кароль і вялікі князь адзначыў, што дагэтуль ваяводства Троцкае ён не мог даць аніводнаму схізматыку (праваслаўнаму), але цяпер саступае яго князю Канстанціну Астрожскаму. На якой падставе? Жыгімонт тлумачыў: за «такія верныя яго заслугі супраць непрыяцеляў нашых, Масквы і татараў», а таксама «па просьбах і довадах паноў-радных». Стаўшы троцкім ваяводам, шасцідзесяцідвухгадовы князь вызваляўся ад пасадаў старасты луцкага і маршалка валынскага, але застаўся старастам брацлаўскім і вінніцкім.

вернуться

24

Каралявец — беларуская форма назову горада Кёнігсберга (польск. Krolewiec), сучаснага Калінінграда.

11
{"b":"205305","o":1}