Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Раскрываючы таямнічасць курганоў

Як ужо гаварылася, Я. Тышкевіч з дваццацігадовага ўзросту апынуўся ў палоне захаплення археалогіяй. Начытаўшыся пра загадкі старажытнага свету, ён вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах помнікаў на нашай зямлі, высветліць, ці ёсць тут якая заканамернасць і сувязь з культурай плямёнаў, што жылі на тэрыторыі Беларусі, і пачаў, як і большасць археолагаў, з даследаванняў курганоў. Я. Тышкевіч вёў іх раскопкі самым прымітыўным спосабам, ён нібы капаў траншэю, а як толькі дасягаў пэўнай глыбіні, асцярожна здымаў слой за слоем, пакуль не выяўляліся астанкі чалавека. Яўстах Тышкевіч хутка пераканаўся ў бесперспектыўнасці свайго метаду і стаў прымяняць новы, а менавіта перакрыжаваны. Не выключана, што такі метад ён мог пераняць у іншых вучоных, а магчыма, гэта было падказана ўласнай практыкай.

Нешта падобнае назіралася і ў публікацыях Я. Тышкевіча. Самыя раннія з іх грашылі прымітыўным апісальніцтвам, былі без высноў, без ацэнак. Аднак з гадамі да вучонага прыходзіў вопыт, разважанні яго сталі глыбейшымі, а самае галоўнае, ён абапіраўся на фактычны матэрыял, стаў больш упэўненым у сваіх заключэннях.

Нагадаем, як у першай публікацыі «Пра магілы ў Менскай губерні і Літве» ён пісаў пра знаходкі ў курганах і будаваў свае высновы на інтуіцыі. Эмоцый у аўтара хапала, а вось лагічнага, адэкватнага выяўленым прадметам заключэння не было.

Раскапаўшы дзесяткі курганоў, углядаючыся ў старажытны абрад пахавання, Я. Тышкевіч шукаў самыя нязначныя адрозненні. І ў сваёй ранняй публікацыі прыйшоў да вываду пра аднатыпнасць пахаванняў і што «магілы (курганы. — Г.К. і А.К.) гэтыя былі насыпаныя тады, калі ўжо спыніўся абрад спальвання целаў, г. зн. у пачатку ўвядзення хрысціянства». Развіваючы гэтую думку, Я. Тышкевіч піша пра характэрныя прыкметы той пары, а менавіта пра тое, што пасудзіна ў якасці «слязніц» ставілася каля галоў нябожчыкаў, а вуголле клалі пад целы памерлых дзеля іх захавання. Так, малады археолаг даследаваў курганы розных часоў, ужыўшы метад тыпалагізацыі.

Найбольш разнастайныя знаходкі былі ў жаночых курганах. Яны таксама служылі арыенцірам для характарыстыкі старажытнай эпохі.

Я. Тышкевіч пастаянна шукаў, вучыўся, сумняваўся, даказваў. Практычна ён перачытаў усю гістарычную літаратуру, якая датычыла гэтага пытання, напрыклад, «Кнігу вялікаму чарцяжу, або старажытную карту Расейскай дзяржавы» (1838) насуперак розным тагачасным аўтарытэтам лічыў павярхоўнай і шмат у чым памылковай, хоць яна была значна лепшая за аналагічныя ранейшыя выданні. На карце старажытнай Беларусі яму прыемна было прачытаць знаёмыя назвы Полацак, Завалочча, Себеж, Невель, Азярышча ў басейне Дзвіны, але быў абураны, чаму няма на ёй Віцебска. Зусім не знайшоў на той карце старадаўніх гарадоў Цэнтральнай Беларусі. І прыйшоў да высновы, што трэба весці даследаванні, даказваць іх гістарычную важнасць і ствараць новыя кнігі і карты.

Раскапаўшы сотні крывіцкіх курганоў і прааналізаваўшы пахавальны інвентар, Я. Тышкевіч першы паказаў на іх асаблівасць — скроневыя кольцы ў жанчын. Спосаб вызначэння тэрыторыі засялення крывіцкіх плямён па форме скроневага кальца быў проста ўнікальным для свайго часу. Гэтае адкрыццё беларускаму вучонаму ўдалося зрабіць якраз дзякуючы прымяненню параўнальна-тыпалагічнага метаду. Такі метад даследавання, хоць і інтуітыўна, быў ім выкарыстаны ўпершыню. Тышкевічаўская гіпотэза ў далейшым распрацоўвалася і ўзбагачалася новымі данымі ў працах А. А. Спіцына, а яшчэ пазней — А. У. Арцыхоўскага, В. П. Левашовай. Паводле таго ж параўнальна-тыпалагічнага метаду вучоны прыйшоў да высновы, што сярод металічных рэчаў часцей сустракаюцца прадметы з жалеза, а сплаў бронзы быў вядомы насельнікам Беларусі значна раней.

Археолаг, безумоўна, адносіўся да сваіх знаходак як да крыніцы, якая станавілася важным аргументам у тлумачэнні некаторых гістарычных з'яў. Так, больш багатыя, чым пад Менскам, знаходкі ў курганах ля Заходняй Дзвіны далі Я. Тышкевічу падставу сцвярджаць, што жыхароў Падзвіння звязваў гандаль з аддаленымі багатымі землямі, дзе рамяство стаяла на больш высокім узроўні{22}. Яшчэ да ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага насельніцтва Беларусі, як падкрэсліваў археолаг, не толькі забяспечвала сябе жалезам сваёй вытворчасці, але і вывозіла яго{23}. У курганах пад Слуцкам ён выявіў жаночыя ўпрыгожанні. На жаль, слаба ім апісаны інвентар трыццаці курганоў на рацэ Гайна. Я. Тышкевіч на матэрыялах сваіх раскопак даказваў, што старажытныя жыхары краю, а таксама Жамойці і Інфлянтаў не адставалі ад іншых плямён у вырабе побытавых прадметаў і прылад працы, а значыць, як сцвярджалі і пазнейшыя даследчыкі, тут не было і варварства. Як доказ ён прыводзіў мноства знаходак з металаў{24}. Гэты тэзіс і на сённяшні дзень да канца не высветлены і ставіцца некаторымі даследчыкамі пад сумненне. А.Р.Мітрафанаў, напрыклад, не лічыць «варварства славян» такім ужо страшным злом у той далёкі час, калі ў славянскім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, панавала ваенная дэмакратыя.

Вельмі важна, што Я. Тышкевіч стаяў ля вытокаў статыстычнага метаду параўнання, які даў яму магчымасць падлічыць багатыя і бедныя курганныя пахаванні. Ён зрабіў вывад аб сацыяльнай няроўнасці ў старажытным грамадстве. Багатыя курганы належалі «знатнаму роду, бо знойдзеныя намі ўпрыгожанні ў старажытныя часы вельмі дорага каштавалі, асабліва пацеркі…» Тады яшчэ Яўстах не мог ведаць, адкуль паходзілі ўсе гэтыя каштоўнасці, асабліва пацеркі. Ды і цяпер на гэта няма яшчэ канчатковага адказу.

Вывучаючы пахавальны і іншыя абрады славян і іх суседзяў — летувісаў, латышоў, Я. Тышкевіч прыйшоў да высновы пра іх блізкасць. Усе яны, напрыклад, пакланяліся вялікім камяням, вужакам, магутным старым дрэвам. У тых і другіх пры пахаванні ставілі нябожчыку посуд і клалі прылады працы. Доўга захоўваўся язычніцкі абрад спальвання. Вучоны лічыў, што па лагойскіх курганах можна прасачыць падабенства славян з балтамі, а паколькі яны тэрытарыяльна знаходзіліся блізка, то мелі несупынныя сувязі, хоць і былі розныя па паходжанні. Гэтая думка Я. Тышкевіча была новай для яго часу. Пазнейшыя археалагічныя раскопкі падмацавалі яе, і сёння яе прытрымліваецца нямала вучоных. Так, А.Р.Мітрафанаў лічыць, што ў сярэдняй Беларусі была распаўсюджана балцкая культура, але яна знаходзілася пад вялікім уплывам славян{25}.

Практыка раскопак курганоў вельмі шмат дала вучонаму для правільных тэарэтычных вывадаў. Назву «гарадзішча» ён лічыў славянскай, бо на Жамойці такіх назваў не сустракаў. Там ёсць другое слова «pilcalnis», якое абазначае «насыпаная гара». Як адзначае даследчык, на тэрыторыі «губерняў Беларусі Менскай, частцы Гарадзенскай, Віленскай іх было мноства… а назвы вёсак і ўрочышчаў пачынаюцца словамі Гарадок, Гарадзішча, Гародна і г.д.»{26} Я. Тышкевіч, як і З. Даленга-Хадакоўскі, лічыў, што гарадзішчы не з'яўляюцца абарончымі ўмацаваннямі, а толькі абрадавымі. Сучасныя археолагі схільныя лічыць іх як, абароннымі (найперш!), так і абрадавымі. Услед за Р. Друцкім-Падбярэскім Я. Тышкевіч тут жа звярнуў увагу на замкі як на ўмацаваныя аб'екты, абведзеныя каналамі і валамі. Такія старажытныя замкі ён упамянуў у Менску, Слуцку, Друцку, Заслаўі, Лагойску і іншых месцах. Коратка расказаў пра кожны з іх. Тлумачыў паходжанне слова «замак» ад «замыкаць». Найбольш познімі, на яго думку, былі замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры, якія па сваёй будове блізкія да замкаў Заходняй Эўропы. Вучоны меркаваў, што іх маглі будаваць рамеснікі з Германіі або суседняй Польшчы, але мясцовыя ўмельцы і самі маглі, валодаючы традыцыйным майстэрствам, пераняць эўрапейскае замкавае дойлідства. Не так проста было даць адказ на такое складанае пытанне ў той час. Сёння, дзякуючы сучасным метадам даследавання, гэтым паспяхова займаецца М. Ткачоў{27}.

8
{"b":"205304","o":1}