Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Працуючы шмат са сваімі знаходкамі, археолаг упершыню зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы: сякер, молатаў, кліноў, даў іх характарыстыку. У дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змешчаны малюнкі найкаштоўнейшых прадметаў, знойдзеных у асноўным пры раскопках, што стала вельмі важным аргументам у методыцы даследаванняў, якая ў той час толькі зараджалася. Я. Тышкевіч задумаўся і над прызначэннем археалогіі, якая мае справу са старажытнымі рэчамі і «…тлумачыць мінулае па помніках, якія засталіся ад яго… яна паказвае поступ мастацтва розных эпох, здзіўляе цудоўнай архітэктурай, адчыняе таямніцы хатняга жыцця». Археалогію ён падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогію, нумізматыку, гліптыку, палеаграфію. Гэтае чляненне, як прызнаваў сам Я. Тышкевіч, не ім прыдумана, яно ідзе ад агульнаэўрапейскага. Цяжка сёння пагадзіцца з такім падзелам, паколькі ў прадмет археалогіі як навукі ён уключыў, напрыклад, вывучэнне летапісаў. У асноўным жа гэта сфера археаграфіі. Тышкевічава дзяленне археалогіі па такім прынцыпе польскі археолаг А. Абрамовіч лічыць банальным і канвенцыянальным. Аднак Я. Тышкевіч мае рацыю ў тым, канстатуе А. Абрамовіч, што магчымасці археалогіі ў тлумачэнні старажытнай гісторыі вялікія. «…Няма другой навукі, - піша Я. Тышкевіч, — якая была б ёй роўная па шырыні і разнастайнасці. З дапамогай археалогіі, абапіраючыся на довады, у якіх няма сумнення, можна аб'ектыўна пацвердзіць гістарычныя факты». Ён меркаваў, што археалагічныя даследаванні могуць даць адказ на складаныя пытанні пра капішчы, замчышчы, «сыпныя горы», гарадзішчы і г.д. Беларускі вучоны бачыў у пашырэнні археалагічных даследаванняў унікальную перспектыву адкрыццяў, вялікую будучыню навукі, хаця пакуль што яна не мае такой доказнасці, як іншыя дысцыпліны, паколькі многае тут будуецца на здагадках і гіпотэзах. У археалогіі гэта толькі першыя крокі. У «вывучэнні… Русі і Русі Літоўскай», як зазначыў Я. Тышкевіч, яшчэ мала зроблена і мы «павінны самі сабе прабіваць дарогу».

Навуковая дзейнасць патрабавала ад Я. Тышкевіча трымаць у полі зроку даследаванні археолагаў і краязнаўцаў суседніх народаў. Ён адзіны з беларускіх археолагаў першай паловы XIX стагоддзя, хто адправіўся за мяжу да сваіх калег пераймаць вопыт, пабываў у музеях розных краін. Асаблівую цікавасць у яго выклікалі аўтэнтычныя матэрыялы Капенгагенскага музея старажытнасцей, дзе археалагічныя матэрыялы экспанаваліся паводле прызнанай у Эўропе «тэорыі трох эпох» (каменя, бронзы, жалеза). У гэтым была заслуга вядомага дацкага археолага К. Томсена. Гэты арыгінальны метад экспанавання Я. Тышкевіч перанёс і ў свой лагойскі музей, а пазней — у Віленскі музей старажытнасцей{28}.

Вывучаючы скандынаўскую археалогію, Я. Тышкевіч шукаў у ёй падабенства са славянскай. Так, адносна прылад працы ў паўночных плямён ён беспамылкова заўважыў, што спачатку выкарыстоўвалася бронза, а пазней жалеза, так жа сама, як і ў славян. Захапіўшыся аналізам падабенства прадметаў, Я. Тышкевіч вельмі мала сказаў пра іх адрозненні.

На першым этапе знаёмства з новай навукай усіх даследчыкаў захапляе падабенства археалагічных знаходак. Гэтую хваробу «пачаткоўцаў» перажыў і Я. Тышкевіч, і яна трымалася да таго часу, пакуль ён не набыў адпаведны запас ведаў па старажытнасцях не толькі Беларусі, а і ўсёй Эўропы. Нават да сваёй паездкі ў Швецыю беларускі археолаг быў дастаткова падрыхтаваным спецыялістам, а знаёмства з навукай эўрапейскіх калег значна пашырыла яго кругагляд. Можа, гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што Я. Тышкевіч смялей браўся за вывучэнне нумізматыкі, геральдыкі, сфрагістыкі, археаграфіі і нават помнікаў архітэктуры, старадаўніх аўтографаў XVI–XVIII стагоддзяў.

Даследчык беларускай археалогіі стаў ініцыятарам выдання «Гадавіка для польскіх археолагаў, нумізматаў і бібліёграфаў», у якім павінны былі ўдзельнічаць многія спецыялісты. Тут ён змясціў сваю працу «Археалогія ў Літве»{29}, дзе акрэсліў даволі шырокі абсяг помнікаў Беларусі, якія належыць вывучыць не столькі яму, колькі яго спадкаемцам.

«Абавязак улюбёнага ў свой край чалавека»

Уражлівая душа Яўстаха Тышкевіча з самага маленства ўбірала ў сябе ўсё тое, што пакінулі на Лагойшчыне мінулыя часы. Яшчэ на пачатку навуковай дзейнасці асноўнай крыніцай, дзе ён чэрпаў веды пра свой край, а галоўнае, само натхненне, былі не толькі бацькава бібліятэка, але і ўнікальныя помнікі старажытнасці, пра якія ён чуў столькі розных легендаў і паданняў. На Лагойшчыне Я. Тышкевіч рабіў «нарыхтоўкі» для будучай кнігі пра гэтую мясцовасць. Тут ужо ён звяртаўся не толькі да археалагічных матэрыялаў. Аўтар паставіў перад сабой задачу сабраць шырокае кола першакрыніц з галіны гісторыі, геаграфіі, тапанімікі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, археаграфіі, запісваў вусную народную творчасць.

Задуманая праца аказалася такой ёмістай, што прадбачлівы Яўстах, вандруючы па павеце, не толькі збіраў першакрыніцы, а і шукаў аднадумцаў, сааўтараў, тых, хто змог бы дапамагчы яму ў стварэнні задуманай кнігі. І такіх актывістаў-краязнаўцаў адшукалася нямала. Гэта былі людзі розных інтарэсаў і схільнасцей. Я. Тышкевіч даваў заданне сваім памочнікам адшукваць новыя звесткі пра старажытны замак ці даўнейшы абрад, пра гісторыю мястэчка ці мастацкія палотны. Над будучай кнігай працавалі К. Адамовіч, П. Чачот, М. Чарноцкі, Ф. Чаховіч, В. Твардоўскі, Я. Ваньковіч, К. Тышынскі, Ю. Тышкевіч, В. Гарноўскі, а таксама брат Канстанцін Тышкевіч.

Галоўная роля ў падрыхтоўцы кнігі, вядома, адводзілася Яўстаху Тышкевічу, які аб'ядноўваў вопыт і веды сваіх супольнікаў. Ён сабраў увесь чарнавы матэрыял, зрабіў яго сегрэгацыю, апрацаваў, склаў навукова-даведкавы апарат і такім чынам стварыў комплекснае апісанне Барысава і Барысаўскага павета.

Для работы над архіўнымі матэрыяламі Я. Тышкевіч не раз выязджаў у Менск, Вільню, Пецярбург, Маскву. Ён жа думаў і пра тое, да якога выдаўца звярнуцца, каб кніга не проста выйшла ў свет, але і каб яна стала падзеяй у краі. Канстанцін Тышкевіч у пісьме да Плацыда Янкоўскага даволі канкрэтна ўказвае, хто быў асноўным аўтарам «Апісання Барысаўскага павета»: «Брат Яўстах напісаў для статыстычнага камітэта гісторыю горада і цэлага Барысаўскага павета, якая хутка павінна з'явіцца ў друку»{30}.

Прайшло дзесяць гадоў нялёгкай працы. За гэты час некаторыя памочнікі Я. Тышкевіча знялі з сябе ўсялякі клопат, адышлі ўбок. І толькі самыя адданыя засталіся ў аўтарскім актыве. Усё ж трэба сказаць, што найбольш спрыялі выхаду ў свет новай кнігі брат Канстанцін, а таксама бацька і маці. Яўстах Тышкевіч удзячны быў Антону Марціноўскаму (1781–1856), вядомаму ў той час рэдактару і публіцысту, Язэпу Азямблоўскаму (1804–1878), літографу і ілюстратару, Льву Пятроўскаму (1792–1856), грамадскаму дзеячу і археолагу, які склаў статыстычнае апісанне павета, а таксама найбольш актыўным аўтарам Канстанціну Булічу, Язэпу Багдановічу, Язэпу Бяліцкаму.

Манаграфія «Апісанне Барысаўскага павета» па сваёй форме і сутнасці з'яўляецца краязнаўчай. І тут трэба паставіць у заслугу Я. Тышкевічу тое, што ён арыентаваў аўтараў на максімальнае выкарыстанне мясцовых матэрыялаў. Узнікалі цяжкасці. Напрыклад, пры вызначэнні даты першага ўпамінання Барысава, як і належыць сапраўднаму даследчыку, Яўстах прывёў самыя розныя погляды. Выявілася, што іх нямала, і звязаны яны з імёнамі гісторыкаў Т. Нарбута, І.Данілевіча, В. Тацішчава. Якую ж з датаў браць за аснову? Сам Я. Тышкевіч падтрымаў думку Т. Нарбута пра 1199 год, у той жа час не мог пакінуць без увагі і дату 1102 год, а таксама 1127 (1128) год. Паводле звестак Васіля Мікітавіча Тацішчава, Барысаў пабудаваны полацкім князем Барысам Усяславічам пасля паходу на яцвягаў у 1102 годзе. У Лаўрэнцеўскім летапісе гэты населены пункт прыгадваецца пад 1127 годам, а ў Іпацеўскім — пад 1128 як умацаваны горад Полацкага княства, што быў заняты кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам. Сёння гістарычная навука трымаецца трактоўкі В. М. Тацішчава{31}.

9
{"b":"205304","o":1}