Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Так, – усміхнулася яна.

Ён закінуў руку назад і пагладзіў яе клуб.

– А цяпер усміхайся. Вось скача каплан.

Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.

– Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?

– Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.

– Ваша праўда, – сказаў дамініканец.

У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.

– Слава Ісусу, – раптам вельмі ціха сказаў Лотр.

– Я не разумею вас, – з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.

– Марыце хутчэй скінуць расу?

– І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.

– Вы вучыліся ў Саламанцы? – перайшоў на лаціну кардынал.

– Доктар ганорыс кауза*, – таксама па-лацінску адказаў каплан.

* Ганаровы доктар.

– Прывітанне ад сябра.

– Якога?

– Ігнацыя Лайолы.

– Каго?

– Хопіць, вось знак.

І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.

– Унутры таксама ўсё, што трэба.

– Я не разумею толькі аднаго, – сказаў манах.

– Адкуль я ведаю?

– Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве…

– Калі ідэя гэтая – дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.

– Вы і гэта ведаеце?

– Ведаю.

– Такое нешматлікае кола, – сказаў каплан.

– Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.

– Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў…

– Ён скора зацвердзіць. Мы паклапаціліся аб гэтым. Здаецца, ён схільны…

– Божа, такі нечаканы поспех.

– Чаму нечаканы, – усміхнуўся Лотр. – Чаканы і заслужаны. Трыста год існуюць францысканы-мінарыты. Жабрацтва здабывае ім людскую любоў, жыццё сярод людзей – веданне іх і ўплыў на іх. Але яны адметныя хаця б вопраткай. І трыста год існуе твой, дамініканскі, ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў, вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод усіх, як мінарыты, і ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы гасподні. Не грубай сякерай, вядома, – пакінем яе вашаму… гм… цяперашняму ордэну, – а больш тонкай зброяй. – Пагайдаў медальёнам: – Хаця б вось такой. І гэты ордэн павінен быць нябачным і ўсёпранікальным, як смерць, ведаць усё і ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумаць. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам – магнат і з хлопам – хлоп, з вальнадумцам – вальнадумец, з праваслаўным – праваслаўны, але заўсёды – атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных і выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д'ябал і што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? А грахі нашы – замоляць. Каб вас не было – вас варта было б выдумаць. І шчасце, што вы знайшліся, а Лайола, такі яшчэ малады, зразумеў, што ён патрэбны, і адкрыўся нам.

– Вы льяце бальсан на маю душу, як…

– Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу* доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.

* Тарквемадзе.

– Ён?

– Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў – дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу… А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, – гэта не пра цябе, дзіця, – імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі…

– Што вы кажаце?! – не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.

– …і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і – да пары – ерэтык, і Паўла, і… Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?

– Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі… гм… завостраныя да небяспечнасці.

– А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?

– Паколькі былая «ерась» Хрыста, а цяпер яго «вера» ёсць наша вера – нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары – заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо – заўтра цар.

– Т-так, – усміхнуўся Лотр.

– І таму ваюй за сваё, а асабліва супраць самай страшнай ерасі, чалавечага самамнення і жадання думаць, ваюй супраць самай страшнай ерасі, якую ў Італіі завуць гуманізмам, таму што гэта рошчына вечнага неспакою, таму што гэта адзіная ерась, якая не стане верай і догмай, але калі стане – нам усім, і давеку, прыйдзе канец.

– Ого, – сказаў Лотр.

Ён глядзеў на гэтага сённяшняга дамініканца, а заўтрашняга езуіта з жахам і амаль з захапленнем. І адначасова з болем адчуваў, што сам ён – толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён – твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе.

– І таму, калі мы не хочам памерці – з пляча не сячы. Бо ў гідры адрастаюць галовы. А адсекшы, атруткай прымаж, ваюй брудам за чыстую Божую справу, плёткамі ды агаворамі – за праўду, нашу праўду. А лепей забяры дзяцей, іх прымусь з самага пачатку думаць па-свойму, забі ерась гуманізму яшчэ ў калысцы, няхай сабе і самай вялікай хлуснёй. Тады і мячы не спатрэбяцца. Бо нашто ж сваіх біць? Гэта толькі вар'ят сярод тысяч дурняў рабіць можа.

– Правільна, – уздыхнуў Лотр. – І таму рыхтуйся. Можаш касцёл дамініканаў ужо цяпер у думках зваць езуіцкім, а калегіюм пры ім – езуіцкім калегіюмам. Па часе скінеш гэтую расу, каб не насіць ніякай. Вы будзеце моцныя, мацнейшыя за ўсіх. Магістр ваш будзе не магістр, а «шэры папа», не розумам шэры, а непрыкметнасцю і ўсёпранікальнасцю, таму што шэрае – паўсюль. Рыхтуй дзяцей… Колькі ў цябе зараз тваіх людзей?

– Больш тысячы.

– Будзе дзесяць тысяч. Войска Езуса. Пашырай яго, пашырай уладанні свае на ўсю зямлю, палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. І трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй, бо вось яны выдалі сваю Біблію і цяпер пачнуць чытаць самі; бо вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю, а свет ужо не схаваеш у крыштальную скрыню Казьмы Індыкаплова, і трэба, каб уся зямля, колькі яе ні ёсць, была ў новай, нябачнай скрыні, скрыні нашага духу і нашай веры.

– Зробім.

– Веру. Паўсюль. Вытравіць назаўжды. Каб забылі назаўжды. Каб па ўсёй светавай імперыі забылі, што яны «цары натуры», «мысліцелі», «тыя, што самі думаюць і самі шукаюць», а помнілі і ведалі толькі адно – што яны рабы Бога, адэпты нашага вучэння, што яны не сумняваюцца ні ў чым і думаюць, як усе. І ні на гран больш за нас.

Езуіт схіліў галаву. Задаволеныя адзін адным, яны з палёгкаю ўздыхнулі.

І тут здарылася дзіўнае і небывалае. Хто паверыць – той малайчына, а хто не паверыць – таму няма чаго і чытаць далей, і няхай кіне.

4
{"b":"13178","o":1}