Литмир - Электронная Библиотека
A
A

* Культ Маці Божай прывіўся асабліва лёгка, бо яна атаясамлівалася з багіняй плоднасці, «вялікай бабай» Ціоцяй.

І таму, што ўсяму гэтаму заставалася жыць нядоўга, і таму, што вось гэтых ужо заўтра ўзвядуць на вогнішча, каплану стала лягчэй, і ён усміхнуўся яшчэ. На гэты раз іудзею, Роскашу і Юрасю.

– Гэты друг казаў мне, што калі ерэтыкі, накшталт гэтага шкаляра, пусцілі такіх, як ты, сюды – над галовамі прыхадняў віліся совы.

Раввуні таксама разумеў, што заўтрашняга полымя не абмінуць.

– Наўрад ці. Ніхто не разводзіць соваў. Мы – таксама.

– Гэта няпраўда, мніх, – сказаў Братчык. – Я ведаю. Чалавек, які быў пры гэтым, усё запісаў. Я чытаў яго запісы. Гэта праўдзівая кніга. Кніга жыцця. Больш ніхто не запісаў бы так.

Іудзей зноў усміхнуўся белазубаю ўсмешкай. Лыцар Езуса паглядзеў на яго і раптам спытаў:

– Гэта праўда, што вы ўзялі ад старажытных ібераў* агідны і брыдкі Богу звычай паласкаць свае зубы мачою і таму – вось хаця б у цябе – яны такія белыя?

* Іберы – кельтскае племя, што насяляла ў рымскія часы Іспанію.

– У мяне яны таксама белыя, – сказаў Братчык. – І ў многіх тут, хто здаровы.

Але яго ніхто не слухаў.

– Ну? – спытаў дамініканец.

– Адкуль гэта вядома? – спытаў Іосія.

– Катул, хаця быў паганец і кнігі яго паляць, данёс да нас гэтую звестку: «Чым хвалішся, трусінае адроддзе, ты, кельцібер брыдкі, мо выскалам зубоў, што ты мачой мыеш?» І яшчэ: «І хто з тых кельцібераў белазубейшы, той, значыць, і мачу хлябтаў руплівей за ўсіх».

– Гэта брыдка, – раптам сказаў Юстын.

– Вядома, брыдка, – згадзіўся Жаба.

– Гэта абрыдліва, – сказаў Юстын.

– Ну? – спытаў Фларыян.

– Магчыма, – сказаў Раввуні. – Я вось увесь час гляджу на вас. У вас зубы яшчэ бялейшыя за мае… І вы былі ў Іспаніі.

Па зале пракаціўся кароткі рогат. І змоўк. І толькі тут усе заўважылі, што ў мніха сапраўды белыя, але вострыя, як у сабакі, зубы. Ніхто неяк раней не заўважаў, таму што ён вечна ўсміхаўся, але толькі аднымі вуснамі.

– Гэта мярзотна, урэшце, – узвысіў голас Юстын. – Я забараняю гэта. Няхай агонь, абы не пляваць на вогнішча. Звер ірве ворага на кавалкі, але не паплюжыць яго. І чаго варты воін, які займаецца тым, што ганьбуе і бэсціць праціўніка? Што б вы сказалі аб бітве, дзе абодва бакі замест таго, каб біцца, узводзяць паклёпы адзін на другога?

– Вы што? – шчыра здзівіўся мніх.

– Мне абрыдла. Я хрысціянін і, як хрысціянін, дбаю аб веры і таксама не люблю людзей, якія распялі майго Бога. Але тое, што вы кажаце – паклёп. Гэты ваш пісака, па-першае, не бачыў ніводнага іудзея. Ён проста няславіў шчаслівага суперніка ў каханні. Не ведаю, ці хлябталі кельціберы мачу, – хай гэта будзе на ягоным сумленні. Калі гэта не так – ён проста брахун, як усе пісакі. А вы – горшы за яго. Вы – паклёпнік. У той час ва ўсёй Іберыі не было ніводнага іудзея. Ніхто не патрабуе, каб дзве арміі паклёпнічалі адна на адну. Іхняя справа – біцца… Кажы далей, іудзей.

Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі, адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар быў у гэты момант страшны. З-пад падстрыжаных у скобку валасоў вуголлямі гарэлі вочы. І раптам з яго нібы нехта выпусціў паветра. Ён сеў і безнадзейна махнуў рукою:

– А-а, што там. Усё адно.

З гэтай хвіліны бурмістр нібы звяў і да самага канца ўжо не праяўляў ніякай цікавасці да таго, што адбывалася ў зале.

Басяцкі непаразумела зірнуў на Лотра. Той паціснуў плячыма, – нічога, маўляў, глупства, бывае – і пакруціў пальцам ля лба.

– То за што цябе выгналі? – спытаў Лотр.

– Дзіўнае пытанне. За што выганяюць людзей? За тое ж, за што і яго, Братчыка.

– Раскажы падрабязней.

АПАВЯДАННЕ ІОСІІ БЕН РАВВУНІ

– Гм, мая справа пачалася два гады таму, на яўрэйскае свята Рабігул Ахір. Менавіта тады я пачаў хаця трохі разумець усе кнігі. І якраз тады ў абшчыне з'явіўся адкупшчык Шамоэл. Бачылі б вы ягоныя вочы. Гэта быў… Ну… Мне не хапае слоў… Ну, воўк… Ну, Алаферн… Ну, Сенахірым… Ён быў для іудзеяў горшы за ўсіх самых страшных ворагаў. І не было волі Божай, каб ён здох, як… асірыянін… Пачалося пекла… Абшчынны збор вырас так, што нам не было як жыць, і ўвесь ён трапіў у гэтыя рукі… Бачылі б вы гэтыя рукі! Тлустыя, у поўсці, усе ў бранзалетах… І з ім была трэць абшчыны, а астатнія не мелі кавалка салонай рыбы. Ён разарыў і ўсё наваколле, нячысты пёс. Ён і астатнія ягоныя людзі багацелі. І калі раней я думаў, праходзячы паўз могілкі, што тут ляжаць самыя лепшыя гоі, то цяпер я зразумеў, што вораг – ён, бо ён точыць… знутры… Бо ён філісцімлянін… Бо ён вораг іудзею і ўвогуле чалавеку. Як вы. Мне варта было б маўчаць, але дурны Іосія не маўчаў, і вось яго выгналі, і ён быў па-за законам для сваіх і чужым, падазроным для іншых… Мне варта было б маўчаць. Але я ўстаў і стаў крычаць на яго, і бэсціць… і выкрываць яго, як Іерамія… Гора мне! Першы раз я крычаў на яго ў мінулым ліпені, на пост руйнавання храма. Я крычаў, што такіх, як ён, не павінна насіць зямля, што ён – паківанне галавою для іншых. А ён і ягоныя блюдалізы смяяліся. А наш рабін дакараў мяне.

(Ён яшчэ трохі выпрастаўся. І тут усім стала ясна, што ў гэтым кволым целе гарыць магутны дух старажытных прарокаў. Гарыць нават за баязлівасцю. Рукі гэтыя не маглі ўдарыць, але нельга было згасіць гэтае полымя.)

І потым я выкрываў яго на Хамішо. Я пляваў у ягоны бок і казаў, што ён рабуе сваіх. Я пляваў у ягоны бок, а яны ўсе плявалі ў мой бок. І мне б… маўчаць… Але я забыў лёс прарокаў і тое, што іх заўсёды пабівалі каменнямі. І я выкрываў яго на пост Хедалі і крычаў, што Ізраіль стаў раб і зрабіўся здабычаю гэтай чумы і яго, Шамоэла, трэба пабіць каменнямі, бо мужыкі з-за яго наракаюць на нас і край гэты можа зрабіцца для нас краінаю змроку. І рабін наклаў на мяне пакаянне, а тыя бэсцілі мяне, а іншыя наракалі на мяне, хаця не мелі кавалка хлеба… І потым я, думаючы, што абудзіцца сорам у народа майго, выкрываў Шамоэла на першыя дні… кучак. Я казаў, што ў яго лоб блудніцы і ён апаганіў… зямлю і што ён знішчальнік народа… А ён сядзеў і звінеў бранзалетамі на тлустых руках, і на мяне наклалі другое пакаянне, і лаялі мяне, а бедныя ад мяне адступіліся… Паршывыя авечкі! Баязлівыя жывёліны!… А я чытаў кнігі і разумеў, што так не павінна быць, а раз ёсць, то кнігі хлусяць, а раз кнігі хлусяць, то нашто яны? І не можа слова праўды не дайсці, хаця… дагэтуль пасля кожнага такога слова ён з падвойнай прагнасцю жор людзей. І я выкрываў яго на пост Эстэр і на Пурым. І я крычаў, што ўразяць яго леў і барс, а ён сказаў, што яны тут не водзяцца. І я крычаў на яго і ўсіх, хто з ім, што яны, як адгадаваныя коні, гігочуць на жонку другога, і гэта была праўда. І крычаў, што ўсе яны згубіцелі Ізраіля і што з-за іх пакаранне ўпадзе на ўсіх. І крычаў я, што рабін – асёл і птушкалоў нечасцівы і пераступіў усялякую меру ў зле, як усе яны, і што дамы іхнія поўныя падману і таму самі яны тучныя і тлустыя і справядлівай справе жабракоў не даюць суда. І не саромеюцца яны, і не чырванеюць, робячы брыду. І кадзяць Ваалу, які ёсць – грошы… І яны хацелі пабіць мяне каменнямі, а народ разводзіў рукамі і пляваўся. Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам!… Нікому не даваў я ў рост, і мне ніхто не даваў у рост, а ўсе праклінаюць мяне! І перад самым пейсахам яны адлучылі мяне ад абшчыны і выкінулі з кагалу. Але я… не хацеў ісці і казаў, што ісці трэба і м, бо яны ўсе – пастыры, якія губяць авечак сваіх, сасуды непатрэбныя. І тады яны выкінулі мяне, і бедныя не заступіліся за мяне… І цяпер кожны мог забіць мяне і не адказваць.

Раввуні прыкрыў вочы рукою. Стаяў, як жывая статуя адчаю і ярасці. І нават тым, што ніколі і не былі людзьмі, стала непамысна.

– Раскажы падрабязна пра сваё жыццё ад выгнання і да гэтага дня, – сказаў Камар. – Яны правільна зрабілі, што выгналі цябе. Мы б зрабілі тое самае… Раскажы, якімі новымі злачынствамі ты пацвердзіў справядлівасць прысуду.

Але іудзей нічога не сказаў і толькі жаласна аглянуўся. Шалёны парыў прароцтва прайшоў, і ён цяпер не ведаў, што і як яму казаць. Толькі што мова ягоная лілася вадаспадам, толькі часам запінаючыся на асобных словах, як плынь на асобных камнях. А цяпер ён з цяжкасцю шукаў гэтыя словы, размаўляючы больш рукамі, чым вуснамі. Так бывае, калі ў паэта праходзіць натхненне. Толькі што быў тытан, і вось ужо маленькі, бадай што варты жалю чалавечак.

21
{"b":"13178","o":1}