Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Трон белай косці, пакарбаваны золатам, стаяў у другім канцы. Дзве жалезныя жывёлы нібы вартавалі яго з двух бакоў: воўк і арол.

Ля сцен стаялі лавы, укрытыя налаўнікамі з сукна і футраў, і лавы-скрыні са спінкамі. З адной такой лавы служка, адкінуўшы сядзенне, даставаў зараз срэбныя і залатыя кубкі, доўгія сталовыя нажы – у кожным дзюймаў пятнаццаць, – лыжкі і іншае. Клаў іх на рассцелены абрус. Падчас вялікіх прыёмаў да гэтых лаў прыносілі і ставілі літарай «П» сталы.

У цыганаватага, калі ўбачыў такое багацце, аж заблішчэлі вочы. А Багдан і ўвагі не звярнуў. Глядзеў на разьблёныя спінкі лаваў. На іх сядзелі за сталамі людзі ў багатых вопратках, чокаліся вялізнымі кубкамі і куфлямі, угрызаліся ў шынкі і аленевы сёдлы.

– Багата жаруць, – праглынуўшы сліну, шапянуў ён.

– Змоўч! – гыркнуў Пархвер.

Маленькія, страшна маленькія, яны ішлі залай. Скляпенні былі недзе нязмерна высока, куды вышэй нават за недасяжнае дзённае святло з акон. Настолькі вышэй нават за яго, што безнадзейна губляліся ў цемры. Круцілася галава, калі выпадкова глянеш угору.

Цьмяна зіхацеў над тронам срэбны авал з упісаным у яго прамым шасціканечным крыжам – старой, яшчэ да часоў Воўчага Хваста*, эмблемай гэтых земляў. Паганскай яшчэ эмблемай, якую пакінулі за схожасць са знакам Крыжа.

* Воўчы Хвост – ваявода, які прыводзіў да хрысціянства радзімічаў і крывічоў. У пагоні за гэтай добрай мэтай амаль цалкам выразаў Мсціслаў, жыхары якога з таго часу – «недасекі».

– Гэна… зірні, – сказаў Акіла Кіёвы, – гэна… Юры святы.

Яшчэ вышэй за крыж, ужо амаль у поўнай цемры, узносіўся над усім, пагражаў мячом і прымацаванай да страменнай пятлі дзідай жалезны, крыты пацьмянелым срэбрам конны волат, агульны Патрон.

– Н-ну, крумкачова мяса, – сказаў са смехам Пархвер. – Хутчэй, халеры. Вам і Юры не паможа… Магу вось вам пад канец дзіва паказаць. Ану ты, лысы, задніца святога Пятра, ідзі да княжага месца.

Жарнакрут вагаўся.

– Ідзі-ідзі. Забіваць не буду.

Мірон павольна пайшоў. Перад княжым месцам падлога залы трохі, на тры-чатыры вузкія прыступкі, падымалася. Жарнакрут ступіў на першую, другую, трэцюю… І тут здарылася нешта такое, ад чаго можна было пасівець. Гулкі, металічны, страшны па сіле брэх забіўся аб муры, пачаў выбухаць пад скляпеннямі.

Натапырыўшы жалезныя, падобныя на пер'е, пасмы загрыўка, шырока раскрываючы пашчу, бумкаў, брахаў жалезны воўк. Павольна ўздымаліся крылы арла.

Жарнакрут кулём скаціўся ўніз, пабег да астатніх. Брэх змоўк, і ад раптоўнай мёртвай цішыні зазвінела ў вушах.

– І жалеза на вас брэша, – выскаліў зубы Пархвер. – Таму што кожнаму сваё месца. І ніякаму чалавечку без дазволу вышэй першай ступенькі не ісці, і наперад не кідацца, і месца сваё ведаць… Ну, хутчэй, хутчэй.

Моўчкі пацягнуліся яны калідорам першага ўсходняга нефа.

– Што будзе? – вельмі ціха спытаў у Юрася той, каго ён клікаў Іосіяй.

– Баюся – канец, – адказаў Братчык. – Іначай ён бы нам таго патаемнага сродку ад замахаў не паказаў. Ты чуў калісьці аб гэтым?

– Не.

– І я. Усё, значыць, ужо вырашана.

Яны ішлі ў змрочнай цішыні. Трапяталі агні паходняў.

– Рукі звязаны, – сказаў Братчык. – Не думаў я, што такі хуткі будзе канец.

Іосія прамаўчаў.

…Яны ўзняліся па стромых сходах і ўвайшлі ў судную залу.

– Мікіпар, – сказаў Пархвер. – Ідзі зараз да войта, вазьмі ў яго ключы ад катоўні і каменных мяхоў.

– Не трэба, – сказаў раптам мяккі, вельмі багаты інтанацыямі голас з кута. – Адпачні, сын мой Мікіпар. Я схаджу сам. Мне трэба бачыць войта.

Ніхто не заўважыў, што ў цёмным кутку за сталом сядзеў над світкам Фларыян Басяцкі, і таму ўсе здрыгануліся ад нечаканасці.

Патаемны лыцар Езуса накінуў на галаву капюшон і не пайшоў, а паплыў да выхаду.

Праходзячы паўз Юрася, ласкава дакрануўся далонню да ягонай рукі. Знік. Братчыка перасмыкнула. Ён упершыню бачыў тут такіх людзей. Нібы нешта патаемна-нячыстае, халоднае, недаступнае ніякім страсцям, апаганіла руку. Нібы, прачнуўшыся ўначы, з жахам адчуў на ёй слізкі ход змяі.

– Ключ ад катоўні? – непаразумела спытаў Акіла. – Гэна… Яно, сказаць бы, нашто?

Пархвер усміхнуўся:

– А ты што думаў, дубовы ты друк, цябе сюды выпіваць прывялі? Дарэмна нябожчык, іх свяцейства Сікст, стварыў інквізіцыю? Ды ён за гэта ў лоне Аўраамлем.

– У лоне самога сатаны, – грымнуў Багдан. – Не смееце чапаць! Я беларускі шляхціц, а яны – мае сябры.

– Аднаго толькі не разумею, як людзі могуць цярпець такое, – ціха сказаў Іосія. – Ды яшчэ больш за сорак год.

Братчык упершыню за ўвесь час уважліва паглядзеў на хаўрусніка. Але глядзеў на яго і Пархвер. Ацэньваў.

Невялічкага росту, мо яшчэ і таму, што сагнуты, кволы на выгляд, але, відаць, учэпісты і выносны, як жмойскі конік, смешны, нават вельмі смешны. Кісці рук, аплеценыя вяроўкай, вузкія і доўгія. Твар худы і цёмны, валасы чорныя да сіні, нос прамы і нядоўгі, з лёгкай гарбінкай. Рот сціснуў, цёмныя вочы глядзяць дапытліва і змрочна.

– Адкуль у цябе такія думкі, іудзей? – спытаў Пархвер.

– Яны даўно ў мяне, тыя думкі.

– А чаму не носіш валасы, як усе?

– А чаму б мне насіць валасы, як усе, калі я цяпер зусім не як усе?

– Ну, глядзі. Усе вы тут цёмныя, а ты з гэтай прычыны яшчэ цямнейшы. Раз з гэткай шайкай звязаўся.

– Сам ты з хеўрай, – сказаў непапраўны Багдан. – Я дваранін.

– А вось пакаштуеце вы, як пашанцуе, цямніцы…

Шалфейчык раптам залямантаваў яловым голасам:

– Не бойся нічога, што табе патрэбна будзе зазнаць! Вось д'ябал будзе ўвяргаць… вас у цямніцу… і будзеце мець журботу…

– Ціха, – сказаў Юрась. – Не крычы ад жаху, браце.

Войт места Гародні, Цыкмун Жаба, нягледзячы на тое, што з канца сутычкі на Ростані не мінула і дзвюх гадзін, быў п'яны. З самага рання быў нападпітку, а цяпер яшчэ дабавіў раманеі. Тупое ганарлівае аблічча нібы раскісла, вочы глядзелі і не глядзелі, асалавелыя, быццам засцеленыя каламутнай плеўкай. Мясісты рот закасцянеў ад самаўзвышэння (яно заўсёды абвастралася ў п'яную гадзіну). Залатая чуга расхінулася, агаліўшы шырокія атлусцелыя грудзі, густа ўкрытыя воласам. Рукавы былі засуканыя, да локця адкрываючы рукі.

Гэтыя мясістыя рукі займаліся цяпер дзіўнай справай.

Амаль увесь невялічкі задні пакойчык, што межаваў з замкавай спачывальняй войта, займалі глыбокае крэсла і, перад ім, вялізныя начоўкі, сажні ў тры даўжыні, сажні ў паўтара шырынёю. Дно было пафарбавана плямамі ў чорны, зялёны, жоўты колеры. Над начоўкамі цямнеў вялікі круг: дно бочкі, роўна замураванай у сценку.

Рукі магнатавы бралі са скрыні нейкія невялікія прадметы і расстаўлялі на дне начовак.

Вось яны паставілі выразаную з дрэва белую Камянецкую вежу, на «поўнач» ад яе, наводдаль, Каложу, будынак курыі. Узвялі маленькія вежы замка. Потым, бліжэй да правай рукі, узніклі валы і будынкі, у якіх кожны абазнаны чалавек пазнаў бы Менск. Пасля апусціліся на дно начовак вежы Кракава, а яшчэ далей – карункавы Кёльнскі сабор.

Сталі на сваё месца, бліжэй да краю начовак, абацтва ў Кентэрберы і змрочны Дурбан Кастл. Далей, за паласою сіняй фарбы, Жаба паставіў прыступчатую юкатанскую піраміду і нешта накшталт пагады, паколькі на дне начовак там было напісана «Вялікае Чыпанга»*.

* Чыпанга, як называў Марка Пола, – Японія.

Ён не разбіраўся, дзе там што. Проста абазнаныя людзі шмат разоў паказвалі яму, дзе што павінна стаяць, і ён мог рабіць гэта нават п'яны, а значыцца, ва ўсіх гэтых ягоных дзеяннях было не больш ведання краін і цвердзі зямной, чым у пчалы, якая будуе соты, ведання геаметрыі.

Служка ўжо некалькі разоў гукаў яго. Жаба не звяртаў увагі.

– Вашамосць…

Маўчанне. Рукі цяпер ставяць на дно лясы. Шмат лясоў.

– Вашамосць, гэтыя… хадакі са Шчучынскага наваколля просяць падатак збавіць. Сорак два чалавекі па колькасці вёсак. Не ідуць прэч.

– І не думай. «Ідзі з падарункамі – і добра табе будзе», – сказаў Саламон. А я ў калегіюме вучыўся. Я трохі-трохі разумнейшы за Саламона.

17
{"b":"13178","o":1}