Як ён, Юрый, хутка вырас. Здаецца, не так даўно гадзінамі біўся над просценькімі арыфметычнымі задачамі, з радасцю сустракаў у піянерлагеры бацькоў, з якімі не бачыўся цэлы тыдзень.
Ці даўно перажываў ён, што не падышоў у школьнай камандзе на варатара. Рост малы! Туравец успомніў, як сын захапляўся ў школе футболам... Юрка тады знайшоў сваё месца ў абароне, ён стаў добрым цэнтрам абароны — хуткі, спрытны, увішны.
Маці яго часта дакарала: дзе абутку набрацца. Ды і бацьку былі клопаты: і раней Юрый быў «сярэднім» вучнем, а цяпер часта стаў прыносіць троечкі...
Успомніліся паездкі на паляванне. Для Юркі гэтыя паездкі — калі бацька браў яго з сабою — былі цэлым святам. Як ён любіў хадзіць са стрэльбай па лесе, упарты, цярплівы, як любіў спаць з паляўнічымі каля агню! Колькі тады трывог было маці: каб не прастудзіўся, каб не параніў сябе...
Ці даўно гэта было? А сёння Юрка ўжо салдат...
Вось яна, настала і твая салдацкая пара. «Будзь жа сапраўдным салдатам, сынок».
«Будзь шчаслівы, Юрка!..»
Туравец падумаў, што і ім неабходна перайсці ў наступленне. «Мы ж таксама стаім на Мінскім напрамку». Трэба пагаварыць з Ермаковым!
Але, калі ён ступіў у зямлянку, то ўбачыў, на стале, за якім схіліўся камбрыг, ляжыць карта і Ермакоў нешта вылічвае запалкаю. На адным канцы карты, каб яна не тапырылася, стаяў карэц, з якога нядаўна пілі гарэлку.
Камандзіры, што былі поруч, перагаварваліся і таксама разглядвалі карту.
— Падарунак хачу зрабіць Чырвонай Арміі. Да сустрэчы... Сядай, камісар, далучайся...
3...
Як гэта сталася, Васіль і сам добра не ведаў. Ён павінен быў ехаць у атрад, каб перадаць весткі з фронта.
Атрымаўшы даручэнне, Вася адразу ўскочыў на каня і паімчаў... Хлопец проста зямлі не чуў пад сабою, разумеючы, якую вестку яму трэба перадаць людзям.
Шчаслівы, забыўшы ад радасці, здаецца, усё, ён, калі ехаў у атрад, неспадзявана для сябе звярнуў на вузкую звілістую сцежку, што вяла ў шпіталь. Хіба мог ён абмінуць Валю? Як жа ён праедзе, не падзеліцца такой радасцю раней за ўсіх з ёй?
Можа, і дзіўна, але ў тыя хвіліны Вася зусім забыўся пра тое, што «з ёю ўсё скончана», як ён думаў амаль увесь гэты месяц. Яна ўяўлялася яму зноў такою, якою ён ведаў раней — блізкаю, любаю — нібы і не было ніякага разладу.
Ён падляцеў да яе зямлянкі і, саскочыўшы з каня, пастукаў пальцамі па невялічкай квадратнай шыбе.
— Валя, Валя,— ён паправіўся: — Залеская!
Вася адступіўся ад акенца і стаў нецярпліва чакаць. «А можа, яе тут няма?» — затрывожыўся раптам хлопец. Сапраўды, чаму ён думае, што яна абавязкова ў зямлянцы, а не на дзяжурстве? Але тут дзверы адчыніліся, і Вася пазнаў: яна! Яе постаць добра акрэслівалася ў блакітным месячным святле.
— Хто тут? Ты?! — голас дзяўчыны задрыжаў, але ў наступную хвіліну ў ім пачуліся ўжо халаднаватыя ноткі: — Што гэта такое раптам прывяло... вас... уночы?..
Вася, узрадаваны, усхваляваны, нават не заўважыў ні гэтага халадку, ні «вас».
— А вось адгадай! Адгадай!
Дзяўчына па голасу адчула, што адбылося нешта незвычайнае, але што іменна, не магла здагадацца.
— Што?.. Скажы што, Вася?!.
— Вялікая навіна! Т-такая навіна!..
Валя схапіла яго за руку, сціснула сваёй тонкай мяккай далонькай.
— Пачалося?!
Яна і прасіла і патрабавала адразу. Хіба мог Васіль прымушаць яе рабіць здагадкі, бачачы нецярплівасць дзяўчыны?
— Ну, праўда! Пачалося наступленне — пад Віцебскам. Прарвалі абарону на фронце працягам трыццаць кіламетраў і прабіліся ад 12 да 15 кіламетраў у глыбіню!
— Адкуль ты гэта ведаеш?
— Па радыё прынялі... — і ён, бязмерна шчаслівы, выпаліў, што. занялі больш за сто населеных пунктаў, горад Шуміліна вызвалілі, перарэзалі дарогі на Полацк і на Віцебск!..
— Ух, як многа! — прамовіла ціха Валя і раптам заплакала. Васю гэта крыху збянтэжыла.
А ўжо нехта другі прыбег са штаба і апавясціў на ўвесь шпіталь: «Пачалося наступленне!» Ціхі лясны пасёлак адразу заварушыўся. Непадалёк сталі збірацца натоўпам людзі: «Дзе... якое наступленне?! Орша?!» — крыкнуў хтосьці, бегучы паўз Валю да шумлівага натоўпу.
Вася адразу апамятаўся,— яго чакаюць у атрадзе. Да таго ж вестку пра наступленне можа прынесці туды таксама хто-небудзь іншы. Як будзе сорамна, калі ён спозніцца!
— Валя, я паеду! Мне трэба ў «Радзіму»...
Вася, не развітваючыся, адразу падаўся адсюль.
Валя здагнала яго, схапіла за руку і, не выпускаючы яе, лёгка і хутка, амаль уподбег, пайшла поруч.
— Будзе мне ад Ермакова! Пападзе на арэхі! — весела гаварыў хлопец.— Не папала за баявыя справы, дык пападзе за гэта.
— Нічога не будзе,— адказала лагодна і ўпэўнена яна. Валя часта гаварыла з ім быццам старэйшая — яна любіла папраўляць яго, пераконваць, запэўняць, як чалавек больш вопытны.
— Які ты слаўны, што зрабіў так!
У гэтыя хвіліны ён быў вельмі шчаслівым чалавекам.
Любоў, якая прынесла яму столькі горкіх дзён, за хвіліну прымусіла яго пра ўсю горыч забыць.
Ён спрытна ўскочыў на каня і, не азіраючыся, паімчаўся да атрада.
Раздзел ІІІ
1...
Чарняхоўскі быў у асаблівым, нібы святочным, настроі, што прыходзіць, калі наступіў час, які даўно чакаеш, калі ведаеш, што гэты час вельмі важны.
Гэты настрой да Чарняхоўскага з'явіўся, калі пачалася артпадрыхтоўка, і ён з іншымі генераламі вышаў з бліндажа наверх. Навокал білі гарматы,— і наперадзе, і з бакоў, і з-за ўзгорка. Ззаду была цяжкая батарэя, і яе снарады праносіліся над КНП, нячутныя ў грукаце, які лютаваў навокал.
Узыходзіла сонца. Яно асвятляла чырвонымі праменнямі грукатлівую, дымную зямлю. Адсюль з вышыні 208,5 далёка, на многія кіламетры, віднеўся прасцяг, на якім яшчэ таіўся вораг.
Учора там была цішыня, маўкліва цягнуліся рады дротавых загарожаў, лініі траншэй, хадоў злучэння.
Цяпер на ўсім гэтым прасторы ўздымаліся, ускідваліся, паўзлі незлічоныя хвалі дыму. Яны зліваліся, гусцелі, а ў сярэдзіне іх увесь час там і тут успыхвалі агні.
На варожыя пазіцыі паплылі эскадрыллямі самалёты, якія хутка пачалі разварочвацца, выстройвацца ў рад, і тады над дымам артылерыйскага валу ўзняліся хмары ад выбухаў бомб... Гэта было выдатнае відовішча. Артылерыя ўсё працавала і працавала, і агні, і дым наперадзе ўсё ўскідваліся і ўскідваліся. Не згасаючы, не слабеючы, кіпела, лютавала агромністая спапяляючая бура агню, зямлі і дыму.
Самалёты ішлі хваля за хваляй: ледзь адна група адбамбіцца, як яе змяняе наступная. Неба, здавалася, варушылася.
Гордасць, вялікую салдацкую гордасць адчуў камандуючы, калі ён убачыў, як узнялася пяхота, узнялася на ўсім неабсяжным абшары. Рушылі, пайшлі таварышы, сябры!
Вярнуўшыся пасля артпадрыхтоўкі ў бліндаж, Чарняхоўскі яшчэ доўга быў напоўнен цудоўным адчуваннем сілы сваёй арміі, роднай краіны, адчуваннем, якое многа разоў узнікала ў яго і раней, але цяпер ажыло з асаблівай сілай.
І як ні дзіўна, разам з гэтым пракраўся неспакой,— камандуючы мімаволі трывожыўся ад ведання, што зараз будзе вырашацца лёс таго, чаму столькі аддадзена сілы, часу, розуму.
Гэта была першая яго аперацыя такога размаху. Чарняхоўскі быў самым маладым з камандуючых франтамі, маладым і па гадах і па вайсковай біяграфіі. Якіх-небудзь два гады назад, у маі сорак другога, ён быў палкоўнікам, камандзірам танкавай дывізіі. Ён яшчэ ніколі не камандаваў фронтам, не даводзілася яму працаваць да гэтага нават у штабе фронта,— у яго зусім не было вопыту работы ў такім вялікім маштабе.
Чарняхоўскі прышоў сюды, маючы практыку ў камандаванні толькі арміяй, і вось тут адразу суджана было яму весці падрыхтоўку да такой вялікай аперацыі, а з учарашняга дня і кіраваць ёю.
Хоць Чарняхоўскі быў ад прыроды моцным і вясёлым чалавекам, і хоць ён і цяпер здзіўляў сваёй жыццярадаснасцю ўсіх, хто яго бачыў у гэты час, ён усё ж хваляваўся, тоячы свой неспакой у сабе.