Annotation
Адтуль, дзе кіпеў бой, пачалі насіць раненых. Ix было многа. Аднаго раненага танкісты Аляксея затрымалі i акружылі. Шырокая галава яго была перавязана бінтамі, над якімі кустом тырчалі русыя валасы, правы рукаў злінялай гімнасцёркі быў разадраны i падрэзаны, a забінтаваная рука вісела на марлевай касыначцы. На твары цямнелі палосы перамешанага з гразёй поту.
Іван Мележ
КHІГА ДРУГАЯ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел I
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
ЧАСТКА ПЯТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел І
Раздзел IV
Раздзел V
КНІГА ТРЭЦЯЯ
ЧАСТКА ШОСТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
ЧАСТКА СЁМАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел ІХ
Раздзел Х
Раздзел ХІ
notes
1
2
3
4
Іван Мележ
МІНСКІ НАПРАМАК
Раман у двух тамах. Том II
Падрыхтаванае на падставе: Іван Мележ, Мінскі напрамак. Раман у двух тамах. Том другі, — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958.
Copyright © 2014 by Kamunikat.org
КHІГА ДРУГАЯ
Мінск за небакраем
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел I
1...
Зямля Беларусі!
Пявучыя лясы Бабруйшчыны, беластвольныя бярозавыя гаі Гродзеншчыны, сінявата-зялёныя ельнікі на пясчаніках.
Шырокія вятры над палямі, акаймаванымі частымі кучаравымі пералескамі, над жытнімі зрэдку ўзгорчатымі прасцягамі. Таямнічы нясціхны шэпт чаратоў на Пінскіх балотах, сінія, з малых год помныя, любыя сэрцу воды Прыпяці, пенныя хвалі Парачы.
Векавечныя муры Віцебска і Турава, маўклівыя помнікі далёкай мінуўшчыны, заімшэлыя сведкі нашай даўняй славы і варожай ганьбы. Клапатлівы шум новых заводаў Мінска, турбін Асінаўкі, тысяч іншых помнікаў пяцігодак, які сціх, анямеў на тры доўгія пакутныя гады...
Партызанскія кастры, баявыя патаемныя сцежкі.
Родная, любая бясконца беларуская зямля. Колькі разоў твае палі і шляхі тапталі важкія боты захопнікаў. Колькі разоў сыходзіліся над табой злавесныя хмары навалы, скрыжоўваліся, звінелі мячы, грымелі стрэлы і выбухі. Чорны дым засцілаў роднае неба...
Плакалі, стагналі ўчарнелыя ад гора ўдовы... Цягнуліся па пыльных дарогах з торбамі незлічоныя, раздзетыя, змарнелыя, бадзягі-сіроты.
Згнілі даўно ў зямлі косці няпрошаных гасцей.
Кожны раз побач з табой уставалі вялікія твае браты, адзінакроўныя, верныя. І адпаўзалі назад варожыя навалы, і заставаліся толькі гніць чужыя косці.
І вось — чуеш? — зноў грымяць грамы пад Оршай і Віцебскам, пад Жлобінам і над палескімі гушчарамі. Чуеш? Гэта добрыя грамы, грамы, якія вяшчаюць пасля навальніцы ясны дзень. Гэта зноў ідзе на дапамогу к табе вялікая маці твая — Масква, твае дужыя браты з усходу, твае блізкія. Па загаду Радзімы мільёны салдат рушылі ў бой за тваё жыццё, за будучыню тваю.
Чуеш — грымяць грамы пад Оршай? Слухай, глядзі ім насустрач, вітай іх!
2...
Лагчына засталася ззаду. То была «нічыя» зямля. Снарады і бомбы ўсю яе перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды іржавымі выпалінамі. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, — цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Ніякіх знакаў ранейшага жылля...
Перад Юрыем Тураўцом цягнуўся вялізны абшар балота. На ўсёй шырыні балота, колькі можна было бачыць, далёка і блізка — ускідваліся цёмныя стаўбуры выбухаў.
Пехацінцы ішлі, стараючыся не адставаць ад хвалі агню і дыму, што, клубячыся, кіпучы, палячы, рушыла ў варожы бок. Хутка яны ўжо набліжаліся да першых варожых траншэй. Нарыхтаваліся да атакі, але гітлераўцы маўчалі.
Хтосьці кінуў у траншэю гранату.
Калі падбеглі да траншэі, то ўбачылі, што сцены яе, аплеценыя лазовымі дубцамі, паразварочваны снарадамі. На дне яе валяліся некалькі трупаў, амаль засыпаных торфам...
Тут, азірнуўшыся, Юрый заўважыў, што непадалёк наводзяць пераправу танкісты. Танкі часта білі па варожых пазіцыях, упарта пасоўваючыся наперад.
Адразу каля траншэй пачынаўся негусты, вельмі пасечаны алешнік, што рос на куп'істым грунце...
Ледзь толькі пехацінцы мінулі алешнік, як побач, востра скрыгочучы, важка загрукаталі выбухі. Гэта білі нямецкія гарматы.
Той-сёй прыпыніўся. Юрый стаў таксама. Яму раптам нястрымна захацелася кінуцца назад у бяспечнае месца. Яго апанаваў страх.
Юрый азірнуўся на байцоў, потым на шчуплага, парывістага, з дзіўна блішчэўшымі карымі вачыма Праворнага, чакаючы падтрымкі ці парады. Юрый удзельнічаў у баі ўпершыню, — ён толькі пяты дзень быў ва ўзводзе Праворнага...
Малодшы лейтэнант хутка перазарадзіў пісталет, махнуў рукой наперад. Юрый, уцягнуўшы галаву ў плечы, сціснуўшыся, штосьці крыкнуў сваім байцам,— што — ён і сам добра не цяміў, — і кінуўся ў грукат і дым.
Ён здагадкаю адчуў, што жыццё яго цяпер у смяротнай небяспецы. Гэта было незвычайнае, даўкае адчуванне, якое адзначала кожны новы выбух. «Яшчэ адзін... яшчэ, яшчэ». Юрыю хацелася ўпасці. Але ён адольваў гэтае жаданне і наперакор выбухам, наперакор усяму — бег, бег...
Калі выбухі засталіся ззаду, яму не палягчэла. Ён недаверліва прыслухоўваўся, чакаў, што ўсё зноў паўторыцца.
У галаве яго прайшло: «Гэта, відаць, і ёсць тое...» Тое суровае і жорсткае, што называецца «быў у агні». Яму на міг успомніўся Мінск, першая бамбёжка, якая на ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць...
Хоць усё абышлося добра, Юрый быў па-ранейшаму нацяты, гатовы да ўсякай небяспекі, — аднак цяпер яму цяжка было б спыніцца. Быццам нейкая нястрымная хваля штурхала яго, вяла наперад... Як акінуць вокам — справа і злева — рушылі наперад тысячы такіх жа, як ён. Ішлі, стралялі, хутка лажыліся, беглі. Над Юрыем групамі праносіліся імклівыя, як маланкі, штурмавікі, знішчальнікі, плылі бамбардзіроўшчыкі...
Уся гэтая агромністая, магутная, накіраваная ў адзін бок плынь нібы несла і яго.
Юрыя падначальваў, падганяў гэты агульны ўздым, і сержант, трымаючыся на яго хвалях, стараючыся не адставаць ад другіх, ад Праворнага, ішоў і ішоў. Ён цяпер бачыў сябе дзіўна дробненькім, кволым, нейкім незнаёмым. Усё, што адбывалася навокал, было таксама незвычайным, такім незвычайным, вялізным і бязлітасным, што здавалася незразумелым, нават нерэальным. Ён адчуваў сябе так, нібы трапіў у зусім іншы свет. Усе звыклыя ўявы ў гэтым свеце некуды зніклі, замяніліся іншымі, чужымі, незнаёмымі. Ён упершыню спазнаваў гэты дзіўны свет, слухаў, хваравіта востра сачыў, усё міжвольна падсвядома адзначаў, але амаль нічога не думаў, многага не разумеў.
Па меры таго, як батальён паглыбляўся ў размяшчэнне ворага, наступаць станавілася цяжэй. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Калі выбухі аддаляліся, гітлераўцы, якім пад бетоннымі столямі і тоўстымі накатамі пашанцавала выратавацца, выпаўзалі наверх і секлі па нашых байцах з кулямётаў і аўтаматаў...
На адзін такі заслон наскочыў і ўзвод Праворнага. Кулямётная страляніна ўзнікла раптам так блізка, што Юрый не ўправіўся зразумець, што гэта. Але ён адразу кінуўся на зямлю, паспеўшы заўважыць, як непадалёк, недарэчна падагнуўшыся, паваліўся нехта з байцоў.