Праворны адразу адправіў палонных у тыл.
4...
Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Уся зямля тут была ўсеяна безліччу варонак. У неглыбокіх, аплеценых лазою траншэях на дне блішчала гразь. У гэтай гразі, у варонках і ў траве каля траншэй валялася многа трупаў, ранцаў з рудой цялячай скуры, газеты, разгорнуты часопіс са здымкамі.
Заняўшы ўвесь лясок, рота вымушана была пры ўзлессі прыпыніцца: байцы хутка акапваліся. Увесь час білі варожыя гарматы, але снарады ірваліся недзе ззаду пазіцый пяхоты. Юрый зняў боты, каб выліць з іх ваду, якая прыкра хлюпала, і выкруціць мокрыя анучы. Ногі пакрыліся быццам рубцамі іржы, а анучы зусім парудзелі.
Юрый толькі ўправіўся пераабуцца, як яго паклікаў да сябе Праворны. Малодшы лейтэнант, як і Юрый, мокры да пояса, з мокрымі рукавамі, з чубком раскіданых і звіслых на лоб глянцавітых каштанавых валасоў, сядзеў каля пасечанага асколкамі камля дрэва, зламанага снарадам. Вяршыня дрэва ляжала тут жа, на траве. Перад Праворным быў малодшы лейтэнант з суседняга ўзвода і тоўсты, пануры ротны старшына. Праворны сядзеў заклапочаны, але з выглядам бадзёрага чалавека: яго карыя вочы, як і раней, здавалася, пасмейваліся. Юрыю было дзіўна бачыць яго такім звычайным. Дзіўна, нібы сорамна за сваю кволасць...
Праворны замяняў цяпер камандзіра роты, якога паўгадзіны назад разарвала міна, што прыляцела з варожага боку.
Адпусціўшы малодшага лейтэнанта, Праворны, не змяняючы выразу заклапочанасці, моршчачы па-юнацку чысты лоб, пачаў распытваць Юрыя пра страты. У аддзяленні не хапала цяпер шасці чалавек: чатыры былі ранены, а два забіты.
— Падшукай, старшына, яму кулямётчыка... Я цябе, Туравец, паклікаў вось для чаго. Хутка атрымаем ва ўзвод папаўненне, табе таксама прышлюць людзей... Сачы за імі, дапамагай, пакуль абвыкнуцца. Многія з іх, напэўна, будуць упершыню ў баі...
— Разумею, таварыш малодшы лейтэнант.
Ён запытаў, колькі аддзяленню Юрыя трэба патронаў і гранат, і загадаў, каб старшына зараз жа ўсё даставіў яму.
— А ты малайчына, Туравец,— як бы выпадкова прамовіў ён напаследак.
Юрый адчуў сябе няёмка. Гэта ён, Юрый, малайчына? Ён, у якога аказалася так мала адвагі.
— Добра трымаешся!.. Адказнасць адчуваеш за справу: за кулямёт лёг. Гэта таксама добра... Прадаўжай так і далей!..
— Ясна,— адказаў Юрый, падбадзёраны добрым словам Праворнага.
У такім настроі сержант вярнуўся ў сваё аддзяленне, праверыў, як яно размясцілася.
Хутка падышло папаўненне. Юрый пазіраў на яго ўжо, як бывалы франтавік, не заўважаючы ў сабе гэтай змены, і «навічкі» адносіліся да яго таксама з давер'ем і павагай. Ён размеркаваў «навічкоў». Аднаму з іх Юрый перадаў кулямёт Рыбалкі.
Крыху ззаду, дзе снарады пакінулі толькі пасечаныя камлі і мешаніну галля, усталёўваліся мінамётчыкі. Яны ўстанаўлівалі важкія зялёныя пліты і трубы, раскладвалі скрынкі з мінамі. Потым падышлі лясной прасекай палкавыя артылерысты, цягнучы гарматы, якія вельмі грузлі. Адзін з артылерыстаў — ефрэйтар — падбег да Юрыя, папрасіў закурыць.
— Запалкі ёсць? — запытаў Юрый, дастаючы з кішэні пачак махоркі. Юрый ніколі раней не курыў, але цяпер чамусьці хацелася курыць.
Закурылі. Ефрэйтар адразу пабег да сваіх гармат, дзе артылерысты пачалі капаць раўкі.
Раптам снарады праціўніка пачалі часта ірвацца каля пехацінцаў. Лясное рэха гукі выбухаў памножвала, паўтараючы, патройваючы на розныя галасы.
Падбег, прыгнуўшы галаву і крутыя плечы, камбат Паўлоўскі і перадаў загад падрыхтавацца адбіваць варожую контратаку. З камбатам было два байцы — ардзінарац і, мусіць, сувязны.
Сапраўды, гітлераўцы, прыкрываючыся агнём гармат, падцягваліся на зыходны рубеж. Яны збіраліся на рубяжы амаль непрыкметна, бо поблізу яго слаўся белы паўзучы дым. Гэта гарэў падпалены снарадамі торф.
Агледзеўшы пазіцыю ўзвода, камбат загадаў перанесці два кулямёты на левы фланг. Юрый, паглядваючы час-ад-часу ў бок гітлераўцаў, пахапліва курыў. Выбухі ўзнікалі ўсё часцей і часцей.
— Не курыў раней?— запытаў раптам камбат, пачуўшы, як Юрый закашляўся.— Не куры... Здароўе папсуеш,— сказаў ён павучальна, як старшы малодшаму.— Ну, камандуй!
Ён паслаў сувязнога з нейкім даручэннем у суседнюю роту, а сам подбегам падаўся да КП. Тут ён звязаўся з камандзірам кулямётчыкаў і загадаў перакінуць чатыры кулямёты да Праворнага.
Капітан-артылерыст з чумацкімі вусамі, стоячы за дрэвам каля КП, назіраў за выбухамі сваіх снарадаў, часам ён падбягаў да тэлефаніста і перадаваў «Амуру» папраўкі.
— Бачыш, капітан, дзе яны збіраюцца? — запытаўся камбат.
— Бачу. Няхай, няхай збіраюцца! Я зараз вермішэль з іх зраблю! — і, перадаўшы прыцэл і вугламер, скамандаваў:— Дывізіёнам восем снарадаў, беглы агонь!
Юрый з мелкага акопчыка бачыў, як варожых пехацінцаў, якія ўзняліся і рушылі сюды, да ляска, раптам ахапілі дым і полымя выбухаў. Білі гарматы прыданага дывізіёна, потым пачалі біць палкавыя батарэі, мінамёты. Некалькі дзесяткаў гітлераўцаў выскачылі з дыму, набліжаючыся да роты Праворнага, але тут запрацавалі нашы кулямёты і лёгкія мінамёты. Гітлераўцы спыніліся, залеглі, а праз некаторы час, кідаючы ўсё — і зброю, і раненых, пачалі хутка адпаўзаць назад.
Тады батальён паспрабаваў прабіцца далей. Але немцы трымаліся па-ранейшаму ўпарта...
Седзячы ў гразкім акопчыку, над якім роем віліся надакучлівыя камары, Юрый бачыў, як цераз які-небудзь кіламетр наперадзе штурмуюць ворага «сілы»...
Прышоў пануры старшына і аб'явіў, што падвезлі тэрмасы з абедам. Юрый загадаў вылучыць двух чалавек атрымаць абед... Ён толькі тут успомніў, што з вечара нічога не еў.
Але есці і не хацелася. Ці да таго яму, калі яго поўняць, гнятуць такія нязвычныя, недаступныя разуменню агромністыя ўражанні.
«Ах, гады, як, праклятыя, чапляюцца...— думаў неспакойна ён.— Няўжо яшчэ доўга прыдзецца гэтак жа выбіваць іх...»
Якраз Праворнага выклікалі да камандзіра батальёна. Калі малодшы лейтэнант падышоў, камбат гаварыў з некім па тэлефоне. Палажыўшы трубку, ён прыслухаўся да блізкага артылерыйскага грукату, які мацнеў.
— Чуеш? Артылерыя пачынае падрыхтоўку... Толькі што вось гаварыў з палкоўнікам — трэба рыхтавацца. Хутка зноў пойдзем, май на ўвазе!..
5...
Калі перадавыя падраздзяленні аддаліліся, генерал-маёр Шчарбацюк загадаў перанесці НП на новае, падрыхтаванае ўжо месца. Ён узяў папку з картай і, спусціўшыся з узгорка, на якім быў ранейшы НП, з групай штабных афіцэраў пайшоў наперад.
Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем, хлюпала вада. Амаль на кожным кроку віднеліся сляды нядаўняй бойкі — варонкі ад снарадаў, ад бомб, ад мін, парваныя дротавыя загарожы, кінутыя нямецкія супрацьгазы, падобныя на тэрмасы. Усюды валяліся варожыя трупы.
Увесь час плылі і плылі самалёты — адны ў бок пярэдняга краю, другія вярталіся назад. Плылі вялізнымі і маленькімі стаямі, высока ў блакітным небе і нізка, над самымі дымамі бітвы. У небе было цёмна ад іх.
Ішлі мінамётчыкі, згінаючыся пад цяжарам пліт, труб і скрынак з мінамі. Напінаючыся з усіх сіл, коні цягнулі цяжкія павозкі...
Генерал, грузны, рыхлаваты, з жыватом, прасачыў, як некалькі артылерыстаў сунулі гармату, якая грузла амаль да восі, сказаў начарту[1] дывізіі.
— Адстае твая тэхніка... Ці ўправішся ты падцягнуць усе ствалы ў час?
Начальнік артылерыі, смуглявы чарнабровы падпалкоўнік, адказаў:
— Усе працітанкавыя і лёгкія паспею.
Пад НП была занята варожая траншэя ў хмызнячку, на ледзь прыкметным пагорку. НП не падабаўся генералу, але знайсці лепшы на гэтым балоце было немагчыма.
— Ну, як сувязь?— запытаўся генерал у сувязіста-лейтэнанта.
— Сувязь устаноўлена, таварыш генерал...
Месца, дзе выбралі НП, было пад шалёным артабстрэлам. У розных баках ад НП ірваліся снарады і міны, раскідваючы балотную гразь. Магчыма, не трэба было займаць НП так блізка ад ворага, але Шчарбацюк улічыў тое, што палкі наступаюць...