Литмир - Электронная Библиотека

Раздзел ІІ

1...

Туравец на хвіліну прыпыніўся, выняў з кішэні гадзіннік і чыркнуў запальнічкай. У варухлівым святле акрэсліўся кружок цыферблата.

«Спазніўся!»

Звычайна ў гэты час ён быў каля радыёпрыёмніка, слухаў зводкі Інфармбюро. Сёння ж Туравец затрымаўся — партыйны сход у атрадзе, з якога ён цяпер ішоў, зацягнуўся. «Ну што ж, даведаюся ад Габдуліна»,— падумаў Туравец, дзьмухнуўшы на запальнічку. Ён збавіў крок, пайшоў спакайней.

Сцежкі амаль не было відаць, бо ад дрэваў, якія маўкліва ціснуліся абапал вузкай дарожкі, тут панавала такая цемрадзь, якая можа быць толькі ў лесе і то хіба летнім вечарам. Толькі таму, што Туравец добра ведаў дарогу, ён ішоў не збіваючыся.

Падыходзячы да лагера, ён яшчэ здалёк пачуў там гоман. Хутка выдзеліліся ў шуме асобныя мацнейшыя галасы, але ніводнага слова, як ён ні стараўся ўлавіць, нельга было разабраць. Што гэта значыць? Звычайна ў гэты час у лагеры было ціха. Нешта, відаць, здарылася незвычайнае.

«Няўжо ж пачалося?» — падумаў ён, узрушваючыся ад радаснага прадчування.

Недалёка ад лагера Тураўца спыніў вартавы. Ён аклікнуў камісара з цемры, зусім нявідны між дрэвамі, і толькі, калі Туравец адгукнуўся, падышоў блізка,

— Чаго гэта, браце, у нас расшумеліся там, як на маёўцы?

— Не ведаю, таварыш камісар... Ды там ужо даўно так,— мусіць, з паўгадзіны... Штосьці дзіўнае робіцца. Эх, а ў мяне як на тое — гэта варта!.. Ды каб хоць змену прыслалі, а то яны могуць і забыцца...

Туравец падаўся да лагера.

Каля зямлянак усюды стаялі групкамі людзі, весела перагаварваліся. Наводдаль нехта заводзіў песеньку,— чалавек, відаць, быў падвыпіўшы. Туравец, не распытваючы нікога, накіраваўся проста да штабной зямлянкі, спадзеючыся пра ўсё даведацца ад Ермакова. Па асобных словах, якія ён лавіў на хаду, камісар ужо здагадаўся, што пачалося наступленне. Ад адной групкі данеслася слова «Віцебск», і ён падумаў, што наступленне ідзе пад Віцебскам. Але ці толькі пад Віцебскам? Камісар ужо не ішоў, а бег.

Акрамя камбрыга, у зямлянцы ціснулася яшчэ некалькі чалавек. Як і ва ўсім лагеры, тут было незвычайна ажыўлена і шумна — гаварылі голасна, перабіваючы адзін другога, смяяліся. Калі камісар увайшоў, увесь гэты тлум на хвіліну сціх.

— Эх ты, інфармбюро! — сказаў Ермакоў з урачыстай усмешкай на паўнеючым твары.— Паведамляў, паведамляў, а самае галоўнае прамаргаў!..

— Пачалося, значыцца?!

— А ты яшчэ не ведаеш? — здзівіўся Габдулін, пазіраючы касымі вачыма чамусьці не на камісара, а на таварышаў.

— Так, камісар, наступленне! — прамовіў Ермакоў. Такім узрушаным Туравец бачыў яго ўпершыню.— Вялікае наступленне. Пад Віцебскам! Трэці Беларускі і Першы Прыбалтыйскі бяруць фашыстаў у «клешчы». З паўночна-заходняга кірунку і з поўдня.

Ермакоў па-ваеннаму адрывіста, з амаль дзіцячай радасцю стаў пераказваць змест зводкі. Камбрыг запомніў яе, здаецца, слова ў слова.

— Віцебск не занялі яшчэ?

— Не, пакуль пра гэта не перадавалі. Але зоймуць!

— Не сумняваюся, Дантон любы!.. Слухай, камандзір,— схамянуўся Туравец,— пры такім выпадку трэба было б мітынг. Сабраць людзей.

— Спазніўся,— адказаў замест камбрыга Дрозд, які моўчкі стаяў сярод камандзіраў.— Мы тут ужо зрабілі... Ды і без мітынгу людзі цяпер самі тое... мітынгуюць...

— А ў другія атрады конных паслалі?

— Паслалі... Я, прызнаюся, на радасці, не здагадаўся, дык прыбег Крайко: «Камбрыг, кажа, загадай людзям давезці гэтую вестку ў іншыя атрады».— «Правільна,— кажу.— Ляці ў «Радзіму». Толькі без лішняга шуму там — каб не перапалохаў уночы ўсіх...» Ён ужо даўно там... А ты яго не сустракаў? — запытаўся Ермакоў. — Не бачыў?... Ты па сцежцы ішоў? І ён тут, не інакш,— як жа вы маглі размінуцца?

— Бачыш, камісар, і тут ты спазніўся. Але ў адным ты ўсё ж не спазніўся.— Габдулін хітравата падміргнуў Ермакову і аднекуль з кутка выняў пляшку самагонкі.

2...

Камбрыг раптам схамянуўся,— на твары яго з'явіліся вінаватасць і няёмкасць.

— Табе, Нічыпар Паўлавіч, пашанцавала яшчэ на адзін падарунак... Даруй, што не сказаў адразу. Адгадаеш?

«Які падарунак яшчэ? Можа... пісьмо ад Юрыя, якога ён ужо даўно чакае? Не, напэўна, штосьці іншае»,— падумаў ён, больш за ўсё жадаючы, каб гэта было іменна пісьмо.

— Не, відаць, не адгадаю...

— Ад сына! Вось! — Ермакоў падаў Тураўцу адразу два канверты.— Са штаба злучэння прыслалі...

Камбрыг заўважыў, як здрыганулася працягнутая рука Тураўца. Выраз шчасця, які асвятліў твар камісара ў першы момант, змяніўся непакоем. Туравец, было прыкметна, хваляваўся. І гэта так падзейнічала на ўсіх, што ў зямлянцы адразу стала ціха. Усе сачылі за камісарам. Ён разгарнуў адзін трохкутнік і прагна прабег вачыма некалькі паспешлівых, напісаных зялёным алоўкам радкоў: «Пішу з дарогі... цягнік вязе нас у той бок, дзе ты... хутка, напэўна, і я пачну ваяваць... будзем разам...» Туравец стаў чытаць ліст у другі раз, цяпер павольней, слова ў слова. У скронях горача стукала: «Значыць, і Юрый — на вайне».

Ён думаў пра гэта і з гонарам, што ў яго сын ужо на фронце, і з трывогаю. Любы хлопец, хто лепш за мяне ведае, як табе будзе цяжка! І небяспечна. У такія маладыя гады!..

Ён асцярожна адкрыў другі канверцік — пісьмо было напісана тыдні на два раней за першае. Юрый пісаў пра сваё жыццё ў вучэбным палку.

— Юрый — на фронце...— Туравец сказаў гэта спакойна, але многія адчулі, што ён па-ранейшаму ўзрушаны.

Туравец раптам, нібы адганяючы трывогу, рашуча ўзняўся.

— Трэба зайсці ў друкарню. Як там з газетаю, ці ўправяцца надрукаваць да світання? Раён чакае...

— Усё-ткі адну справу мы, выходзіць, празявалі!..— прызнаўся Ермакоў.

Туравец выгнаў. На адзіноце падумаў: «Юрка, мусіць, таксама наступае там...» У друкарні зводку ўжо кончылі набіраць. Рэдактар газеты нешта пісаў на лістку. Лісток быў увесь перакрэслены.

— 1 Нічога не атрымліваецца,— сказаў у роспачы рэдактар, як толькі ўбачыў камісара.— Не магу! У сэрцы — агонь, а тут пустата! Пратакол! Квас!..

Камісар сеў за столік. Туравец быў добрым прамоўцам, і яго палкія, разумныя выступленні моцна дзейнічалі на людзей. З алоўкам у руцэ ён адчуваў сябе менш упэўнена, — на паперы словы, здавалася, трацілі частку запальнай сілы. Акрамя таго, тут трэба было напісаць коратка, вельмі сцісла, пра галоўнае. Як у маўклівых, скупых словах выказаць тое агромністае, багатае пачуццё, якое ў ім жыве?

Так, газетчык гаворыць праўду — патрэбны нейкія асаблівыя словы... Туравец некалькі разоў пачынаў, але, напісаўшы два — тры радкі, закрэсліваў.

Нарэшце, яму прышло: «Збылося! Гэтага дня мы чакалі тры доўгія гады, чакалі з нязгаснай вераю ў дапамогу Радзімы, роднай арміі...» У яго памяці прайшлі ўрыўкамі гэтыя тры гады — апошнімі ажылі чорныя дні блакады.

Успомнілася Ніна,— дзе яна, што з ёй? Ніна, Ніна!.. Якія пакуты трываеш ты, можа, у гэтую хвіліну? Эх, як не пашанцавала! Так, цяжкія і вялікія былі гэтыя тры гады!

Туравец адчуў, што знайшоў тое самае глыбокае, самае важнае. Пісаць стала лягчэй.

— Бяры,— аддаў ён лісток рэдактару,— і хутчэй, як мага хутчэй друкуй нумар.

Вышаўшы з зямлянкі, камісар спыніўся. Плыла ноч, звычайная, падобная на многія ночы. Недзе ўзышоў месяц, але ў лесе яго яшчэ не было відаць; пра тое, што месяц узышоў, можна было здагадацца па блакітных водсвітах, якія плаўна варушыліся на верхавінні дрэваў, ды па тым, як усё навокал пасвятлела. У прагалінах мігалі няяркія зоры.

Туравец уявіў — недзе пад Віцебскам грымяць гарматы, сціхаюць пажары ў першых вызваленых вёсках, са сховішчаў выходзяць жанчыны і дзеці... Ён амаль убачыў Юрыя: ідзе па вуліцы вёскі, абветраны, стомлены, рашучы... Рука бацькі пяшчотна дакранулася да правай кішэні гімнасцёркі, дзе ляжалі складзеныя абодва канверты. Захацелася зноў узяць лісты і перачытаць іх...

5
{"b":"849555","o":1}