Литмир - Электронная Библиотека

Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Яго, курсанта, назначылі тады начальнікам апераддзела танкавай дывізіі, і яму давялося распрацоўваць аперацыю па фарсіраванню дывізіяй Бярэзіны. Гэта была, як тады здавалася, вельмі сур'ёзная задача. Такое ж хваляванне было многа пазней — пад Шаўляем, у першыя дні вайны... Не, усё тое цяпер уяўлялася проста дробяззю ў параўнанні з тым, што яму цяпер выпала рабіць...

Пад канец другога дня ў становішчы фронта, які наступаў адначасова на некалькіх участках, многае ўжо змянілася.

Вораг адыходзіў пад Віцебскам, дзе войскі фронта ўзаемадзейнічалі з Першым Прыбалтыйскім, адступалі немцы і на Багушэўскім напрамку. На гэтым напрамку наступленне развівалася асабліва ўдала: тут ужо сёння ў прарыў пачалі ўваходзіць танкі Ротмістрава і Абухава, конніца Аслікоўскага. Ім належала рушыць на захад, разрываючы варожы фронт напалам.

Ішлі баі і на Аршанскім кірунку: на Мінскай магістралі, а таксама на Аанаўскіх балотах, дзе наступаў Галіцкі. Гітлераўцы былі перакананы, што нашы часці будуць біць перш за ўсё ў раёне магістралі,— там абапал яе асабліва старанна ўзводзіліся рад за радам умацаванні, яна ўся шчэрылася амбразурамі бетаніраваных дотаў. Балоты немцы менш умацоўвалі: тут рускія не пойдуць.

А іменна ў гэтых балотах і быў нанесены моцны ўдар у кірунку Оршы, і, хоць наступаць было вельмі цяжка, Чарняхоўскі ўсё ўзмацняў націск...

— Генерал-лейтэнанта Галіцкага,— сказаў камандуючы, зняўшы тэлефонную трубку.

Ён папрасіў Галіцкага далажыць, як ідуць справы ў кірунку Арэхі — Выдрыца.

Галіцкі адказаў, што часці, хоць і паволі, па-ранейшаму прабіваюцца наперад: ён назваў пункты, дзе цяпер знаходзяцца яго перадавыя падраздзяленні. Чарняхоўскі, слухаючы яго, нават не зірнуў на карту,— ён добра помніў на ёй кожны ручай і кожны гаёчак.

Галіцкі дадаў, што праціўнік амаль на кожным кроку контратакуе. Асабліва прышлося паваждацца, вызваляючы сяло Востраў-Юр'еў. Да гэтага «вострава», акружанага балотамі, падступіцца было цяжка, яшчэ цяжэй давялося браць яго, а потым гітлераўцы не давалі перадыху, спрабуючы вярнуць сяло. Колькі яны пяхоты паклалі каля гэтага «астраўка», пакуль не адагналі іх далей!..

Чарняхоўскі з удзячнасцю падумаў пра пехацінцаў Галіцкага,— яго ўжо не раз радавала вялікая самаадданасць і настойлівасць пяхоты. Але пра свае думкі аб пяхоце ён камандуючаму арміяй не сказаў нічога: не трэба супакойваць.

Чарняхоўскі загадаў, каб пяхота паскорыла тэмп наступлення...

Скончыўшы гаварыць, Чарняхоўскі загадаў перакінуць да Галіцкага яшчэ некалькі эскадрылляў штурмавікоў...

Неўзабаве з-пад Віцебска пазваніў Люднікаў. Ён далажыў, што левы фланг яго злучэння падышоў да Астраўно. Чарняхоўскага гэта вестка парадавала: гітлераўцам, якія чапляліся за Віцебск, быў закрыт шлях адыходу на паўднёвы захад.

— Выходзьце зараз жа ў раён Гняздзілавіч! — сказаў камандуючы. — Закрывайце ўсе шляхі адыходу ворагу, забіце апошнія шчыліны, праз якія ён можа выслізнуць. Ды забіце мацней, надзейна!

— Зробім, таварыш генерал-палкоўнік, моцна заб'ём.

Другія часці Люднікава, тыя што былі на правым флангу, ужо вялі баі пры ўсходніх ускраінах Віцебска...

Абмеркаваўшы справы з Люднікавым, Чарняхоўскі гукнуў Камарова, але паручэнца блізка не аказалася.

Камароў быў у члена Ваеннага Савета. Генерал Емяльянаў з сярдзітым выразам на гладкім твары запытаўся:

— Алёша, ты ведаеш, што здарылася няшчасце?.. Брат камандуючага Аляксандр загінуў...

— Падпалкоўнік Чарняхоўскі? Калі?

— Толькі што званілі з корпуса... Як ты думаеш,— камандуючы яшчэ не ведае?

— Здаецца, не...

— Не гавары пакуль, Алёша. Я папрасіў корпус, каб адтуль таксама нічога не перадавалі... Трэба пачакаць, Алёша... У яго, у Івана Данілавіча, цяпер, ты ведаеш — столькі работы, так напружаны нервы, што мы павінны паберагчы яго... Разумееш?

— Разумею, таварыш генерал.

Калі Камароў вярнуўся, Чарняхоўскі размаўляў з Баграмянам. Па выразу твару камандуючага паручэнец адзначыў: «Не ведае яшчэ»...

Чарняхоўскі звязаўся з Баграмянам, каб высветліць, як ідзе наступленне пад Віцебскам у часцях Першага Прыбалтыйскага, якія павінны сысціся з левым флангам войск Люднікава каля Гняздзілавіч.

— Рад чуць вас, дарагі генерал, і вельмі цікаўлюся, з якімі вы навінамі да мяне? — весела адгукнуўся Баграмян.

— Я хацеў тое ж даведацца ад вас, таварыш камандуючы, але так і быць — скажу першы... Войскі Трэцяга Беларускага ўжо каля Астраўно. Пад самым Астраўно.

— Гэта добра. Рад за вас, генерал.

— Ад Астраўно да Гняздзілавіч — восем кіламетраў,— напомніў Чарняхоўскі. — Але гэта не самая блізкая адлегласць між войскамі фронта і Гняздзілавічамі, таварыш камандуючы... Не спозніцеся?

— У мяне ёсць весткі, што пяхота Прыбалтыйскага ўжо на самым беразе Дзвіны, за дзве сотні метраў ад Гняздзілавіч...

— За ракой?

— Так, у гэтым месцы — за ракой. Але Дзвіна ўжо фарсіравана, у нас на паўднёвым беразе ёсць рад плацдармаў, на ўсход ад Гняздзілавіч...

— Дзе?

Камандуючы Першага Прыбалтыйскага фронта адказаў.

— Значыцца, я вас так разумею, аперацыя разгортваецца ў вас добра, і вы не спозніцеся?

— Не спознімся.

— Дзякую, таварыш камандуючы, за добрыя весткі.

— Вас таксама, — адказаў Баграмян.

Паклаўшы трубку, Чарняхоўскі зірнуў на ручны гадзіннік.

— Генерал-маёра Івалгіна,— папрасіў ён ад'ютанта. — Скажыце, няхай возьме сутачныя данясенні і зводку...

Генерал-маёр, шчуплы, з акуратна паголенай галавой, з дабрадушнымі ўсмешлівымі вачыма, падаў камандуючаму карычневую каленкоравую папку.

— Усё падрыхтавана?— Чарняхоўскі раскрыў папку, запрасіў: — Сядайце, генерал, сядайце вось тут, поруч — паглядзім, што тут у нас атрымалася.

Ён стаў уважліва чытаць уголас зводку, раз перапытаў генерал-маёра, ці не завышаныя тут весткі, ці правераныя яны, і, толькі пачуўшы адказ, што ўсё гэта праверана, зноў схіліўся над паперай. Паправіў акуратна заточаным алоўкам адну фармуліроўку. Камандуючы любіў дакладнасць ва ўсім і праўдзівасць, тым больш у гэтай зводцы.

Прачытаўшы ўсё, ён паглядзеў у вочы генерал-маёру і неспадзявана сказаў:

— Як вы думаеце, Пётр Іванавіч, усё добра ідзе ў нас?

— Я думаю, нармальна, таварыш генерал... Пачатак, я лічу, удалы...

— Я хацеў бы ведаць вашу думку пра нашы хібы, якія маглі выявіцца цяпер? Ці ўсё добра ў нашых разліках?

— Хібы?..

— Вось-вось, пра хібы падумайце!..

Генерал-маёр нічога больш не сказаў: ён разумеў

клопат камандуючага...

Ужо было апоўначы, калі Чарняхоўскаму паведамілі, што зараз будуць перадаваць загад войскам яго фронта.

У пакойчыку, дзе быў устаноўлен маленькі рэпрадуктар, сабралася некалькі генералаў і афіцэраў. Калі камандуючы ўвайшоў туды, ужо гучалі пазыўныя Масквы, за імі пасля невялічкай паузы пачуўся голас дыктара, які аб'яўляў загад.

Слухаючы, Чарняхоўскі стаяў каля сваіх таварышаў, памаладзелы, поўны радасці за свой фронт, за сваіх камандзіраў.

Ледзь у Маскве адгрымелі залпы і сціх гімн, Чарняхоўскага сталі віншаваць.

— Дзякуй усім,— сказаў ён.

Паціснуўшы рукі афіцэрам і генералам, Чарняхоўскі прыслухаўся — у баку пярэдняга краю гупалі важкія выбухі, і падлога, як і раней, прыкметна ўздрыгвала.

Сочачы за ім, за яго рухамі, усе таксама сталі слухаць.

— Не сціхае!.. — Чарняхоўскі правёў позіркам па тварах падначаленых дзіўным, нібы запытальным позіркам.

Ён намерыўся ўжо ісці, але, як бы ўспомніўшы штосьці важнае, спыніўся.

— Адзін разумны рускі чалавек... — загаварыў ён з інтымнай мяккасцю, — неяк сказаў: усе мы народ, і ўсё тое лепшае, што мы робім, ёсць справа наводная...

Ён рашуча павярнуўся да выхаду: — Прашу ўсіх вярнуцца на месцы.

Крыху пазней Чарняхоўскаму далажылі, што войскі Люднікава і Белабародава сышліся каля Гняздзілавіч і што, такім чынам, віцебская групіроўка ворага поўнасцю акружана. Чарняхоўскі загадаў пачаць зараз жа знішчаць акружаныя часці.

7
{"b":"849555","o":1}