Литмир - Электронная Библиотека

Тады Шашура вылез з-пад абломкаў вагона і скочыў у ваду, у чарот. Трэба як мага хутчэй адбегчы ад насыпу... Хлюпаючы ў вадзе, прадзіраючыся праз чарот, ён увесь час чуў ззаду нарастаючы перастук калёс і натужнае пыхканне, было падобна, што гэта сапе нейкі звер. Паравоз, не прыпыняючыся на станцыі, хутка падыходзіў бліжэй...

Шашура азірнуўся: састаў быў мяшаны — тры-чатыры платформы з гарматамі, таварныя вагоны і два пасажырскія, у якіх у вокнах былі вайскоўцы. Паравоз быў так блізка ад таго месца, дзе ляжалі міны, што падрыўнік мімаволі спыніўся, чакаючы напружана, што будзе далей.

Праз які міг ён убачыў, як успыхнула полымя, і тады ж першы таварны вагон палез угару...

Шашура прыгнуўся і колькі сілы пабег да сваіх. Ззаду зусім блізка, не сціхаючы, суха лопаліся, выбухалі снарады. Калі ён ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб'е так!»— мільганула ў галаве. Ён наддаў ходу.

— Ну што, каліна-маліна,— весела гаварыў падрыўнік, калі яны адышлі ад гэтай мясціны,— бачыў хто, каб Шашура калі вяртаўся ні з чым?

4...

Шашура і сёння не мог прайсці міма Паплавоў. Не мог ён упусціць зручнага выпадку завітаць у іх. Нейкая невядомая сіла цягнула падрыўніка зазірнуць на селішча, дзе жыла Аксіння.

Праўда, бачыў ён тое селішча не надта даўно. За апошнія дні Шашура ўжо некалькі разоў, нібы выпадкова, заходзіў туды. Неяк так атрымлівалася, што яго сцежка амаль пасля кожнай аперацыі абавязкова ці з аднаго, ці з другога боку вілася блізка ад Паплавоў...

Шашура з таварышамі нырнуў улева, у чорны зараснік алешын. Неўзабаве яны вышлі на шэры вільготны луг, па якім бегла ледзь прымятая сцежачка. Шашура пачаў размахваць кіёчкам і паціху весела пасвістваць. Хоць далёкая і бяссонная дарога стаміла падрыўніка, яму было цяпер лёгка.

Яны прышлі ў вёску, калі сонца толькі пачало ўздымацца. На вуліцы, як звычайна ў ранні час, было пуста.

— Прызямляйся!— скамандаваў Шашура, спыніўшы хлопцаў на ўскрайку вёскі. — Гадзінку даю перадрамаць...

Ідучы на знаёмы двор, ён падумаў, што Аксіння яшчэ, напэўна, спіць, — прыдзецца, відаць, чакаць у садку. Але ўвішная жанчына ўжо гаспадарыла. Прысеўшы на чурбачок, яна чысціла бульбу ножыкам, абгорнутым на месцы тронка анучкай. Каля яе ног стаяў салдацкі кацялок, у якім у вадзе ўжо бялела некалькі бульбін.

Аксіння не заўважыла Шашуру. Той наводдалек абышоў яе на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з'явіцца знянацку. Але, калі ён стаў набліжацца, жанчына пачула крокі і азірнулася.

На кончыках яе строгіх вуснаў затрапятала ўсмешка. Спакойны, яшчэ санлівы твар яе неяк памаладзеў і заявіўся. Аксіння была рада яму, і Шашура гэта адразу заўважыў.

— Які вецер у такі ранні час прынёс?

— Чаму ж ранні, скажыце, калі ласка? У нас, падрыўнікоў, гэта пара лічыцца позняй.

— Ну то ў вас, у падрыўнікоў!.. А я ж не падрыўнік, здаецца...

— Знаёмая падрыўніка!..

Ён сеў поруч і выняў з кішэні складаны ножык са штопарам, адвёрткай, шылам і яшчэ нейкімі прыстасаваннямі. Расчыніўшы ножык, падрыўнік узяў з мяшочка дробную бульбінку, пакруціў у руках.

— Дзе ты дастала гэты шрот?

— Дзе дастала, там цяпер няма... Невядома, якая яшчэ ў цябе вырасце.

— У мяне лепшая будзе! Галаву даю...

— Паберажы яе, галаву... Не хваліся раней часу.

— Пабачыш!

Ён пачаў гаварыць з ёю, што прышло ў галаву, так, нібы толькі што вярнуўся з поля.

За мінулыя дні ён стаў тут як бы сваім чалавекам. Шашура адчуваў, што, не зважаючы на прыкры яго ўчынак у тую ноч, Аксіння адносіцца да яго, хоць і стрымана, але прыхільна. Праўда, глядзеў ён на гэту прыхільнасць, навучаны ўласным вопытам, з недавер'ем. Ліха на іх, гэтых жанчын, ніколі не зразумееш, што яны думаюць!

Трэба сказаць, Аксіння яму падабалася ўсё больш. Чым яна прысушыла сэрца падрыўніка, ён і сам не ведаў. Ці жаночай заварожлівай пяшчотнай стрыманасцю, за якою Шашура прыгадваў то абыякавасць, то заманлівую надзею, ці сталым асеннім спакоем, які застаецца ад перажытага гора, ці, можа, трапяткой усмешкаю на пругкіх па-дзявочаму вуснах? Хто ведае... Але з кожным яго прыходам Аксіння станавілася ўсё больш прывабнай.

Яна ж, як і раней, была да Шашуры стрыманай, быццам не заўважала ў ім змены. Падрыўніка гэта не крыўдзіла: ён і не ўмеў крыўдаваць. Наадварот, чым больш Аксіння стрымлівала яго, тым больш была яму жаданай...

Палюбіліся Шашуры і дзеці Аксінні, якія так прызвычаіліся бачыць яго каля сябе, што адносіліся да падрыўніка, як да бацькі. Ён таксама зваў хлопчыка «сынком», а малую «дачушкай».

Гэтай раніцай Шашура прымусіў Аксінню збянтэжыцца. Калі яны сядзелі каля вогнішча, на якім у кацялку варылася бульба, падрыўнік, ссунуўшы на адно вуха кепку і гарэзна пазіраючы на Аксінню, сказаў:

— Эх, відаць, такі мой лёс — парадніцца з табой!.. Напэўна, прыеду і капаць тую бульбу, якую садзіў.

— Прыязджай, дранікаў прынясу, як тады,— адказала Аксіння, сочачы за аксамітнымі вугольчыкамі, і ўсміхнулася; яна ці не зразумела, ці зрабіла выгляд, што не здагадваецца, да чаго ён вядзе.

Шашура раптам на нейкую хвіліну пасур'ёзнеў.

— Дык як ты на тое, што я сказаў?

— Пра што ты?

— Ну, каб парадніцца...

— Ты што, жартуеш?..— яна ўзняла на яго свае строгія вочы. У зрэнках яе штосьці спакойна жаўцела: як восень.

— Чаму жартую?

— Не зразумець у цябе, дзе ты сур'ёзна, а дзе так, зубы паказваць.

— Вось як пажывем разам, тады будзеш разумець!.. Дык я цяпер сур'ёзна, Аксіння.

Яна нахмурылася, так што над пераноссем успухлі два гарбочкі.

— Калі ты сур'ёзна, то я вось што скажу. У мяне дзеці — а я не ведаю, як ты з імі будзеш абыходзіцца? Мне яны родныя, а ты іх можа... табе яны чужыя.

— Чаму гэта чужыя?!. Я іх буду любіць, як і ты,— ён зноў гарэзна ўсміхнуўся — натура брала сваё: — Акрамя таго, каліна-маліна, мы ж не безнадзейныя старыя,— будуць у нас і яшчэ. Зусім нашы — твае і мае. Быў бы каваль ды каваліха — набудзем гэтага ліха!.. Праўда?

Шашура ўладна прыцягнуў Аксінню да сябе. Яна крыху зачырванелася і быццам засаромелася.

— Не ведаю...— схамянулася і, каб схаваць няёмкасць, прамовіла незадаволена: — Людзі яшчэ пабачаць, як ты тут... Бярэшся, нібы муж, аж косці занылі!.. Нібы твая!

— Не мая, дык будзеш мая! А што бяруся моцна, то ўжо ў мяне прывычка такая. Прывыкай!.. Яшчэ, прыдзе час, і не так вазьму!

Пасля снедання падрыўнік палазіў па гнілой страсе, пакрытай купкамі зялёнага моху, закрыў саломай дзіркі, каб не цякло ў жыллё. Па ўсім было відаць, што ён адчувае сябе тут, як гаспадар.

Калі Шашура злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху, то стаў адразу збірацца. Аб сваіх намерах-марах адносна Аксінні ён больш не гаварыў.

Не дамовіўшыся канчаткова, пакінуўшы жанчыну з думкамі-неадчэпамі, ён праз некалькі хвілін ужо выходзіў з двара.

5...

Дарогай неспакойная галава выдумшчыка-падрыўніка, які зноў ішоў са сваімі сябрамі, была цалкам запоўнена развагамі аб незвычайнай аперацыі.

Гэтая аперацыя павінна была, як ніякая, праславіць Шашуру. Ён з заміраннем сэрца ўяўляў, як прабярэцца ў Мінск на аэрадром, як будзе падсцерагаць там галоўных «фюрэраў», падпільнуе або ашукае ахову і прабярэцца да самалётаў. Многія гадзіны будзе пільнаваць ён самалёты і ўсё-ткі пралезе да іх, пралезе ды прыладзіць дзе-небудзь у хвасце іх магніткі... Яны ўздымуцца ў паветра, і тады — магніткі ўзрываюцца, шматуючы «хвост», «фюрэры», куляючыся разам з машынай, ляцяць на зямлю!.. Ляцяць тады, калі ўжо думалі, што вырваліся! А які перапалох будзе на аэрадроме, калі там даведаюцца пра гэта. А можа, і ўбачаць самі. Лепш, каб яны ўбачылі, каб выбух адбыўся над аэрадромам!.. Шашура думаў пра гэта з такім захапленнем і так жыва ўяўляў кожную драбніцу сваёй аперацыі, што забыўся, здавалася, пра ўсё на свеце.

Вярнуўшыся ў брыгаду, ён адразу падаўся да камісара і аб'явіў чыстасардэчна, што прыдумаў геніяльны план.

30
{"b":"849555","o":1}