«Суды, адвакаты выцягнуць грошы, мы папсуём адно аднаму здароўе і канчаткова перасварымся, па жывому разарвём фірму, а драбленне на карысць толькі канкурэнтам… – падсумаваў сказанае Андрэй. – І галоўнае: будучае дзіця табе не чужое… Адна кроў… Ад гэтага не ўцячэш, не схаваешся…»
Алесь пагадзіўся. Ён добра ведаў бізнес і разумеў, што, як толькі кампаньёны даведаюцца пра сямейны разлад і раздзел фірмы, бізнесу крышка… Інвестары імгненна знікнуць, а па ранейшых дамовах, якія наўрад ці будуць выкананыя, давядзецца плаціць штрафы, а гэта вялікія, вельмі вялікія грошы…
Яшчэ ўчора Гурскі і ў думках не дапускаў, што Люся ўпусціць шанс падабраць пад сябе ўсё, што толькі можна, і наўмысна ішоў на гэта, бо для сябе іншага выйсця не бачыў, а сёння пашкадаваў, што ў свой час не пусціў жонку ў бізнес… Андрэй не бізнесмен, ён хутчэй «вясельны генерал» і цяпер паўтарае словы Люські, агучвае яе думкі…
Сонца было ў самым зеніце, калі Гурскія, цяпер ужо былыя муж і жонка, пакінулі ЗАГС. Люсю адразу падхапіў пад руку вясёлы і трошкі ўсхваляваны Андрэй, уручыў каханцы букет чырвоных ружаў, запытаўся:
– Як усё прайшло?..
– Хутка і без слёз, – з напускной бравадай адказаў Алесь; ён раскінуў рукі ўшыркі і весела крыкнуў: – Прапаную адзначыць нашу свабоду…
– У нас трошкі іншыя планы, – напусціўшы на сябе строгасць, адмовіўся Андрэй і пацалаваў Люсю.
– Эх, планы, планы… Спярша мы іх строім, а потым яны нас…
Алесь надзеў чорныя акуляры. Яму не так замінала сонца, як боязь выдаць сваю пякучую журбу. Ён хацеў быць шчаслівым, зрэшты, да нядаўняга часу быў ім… І раптам – крах… Трэба пачынаць жыццё занава, з чыстага ліста… Ён цяжка ўздыхнуў і, хаваючыся за маскай абыякавасці, выдыхнуў:
– Што ні робіцца, усё да лепшага… Мо і добра, што ў вашых жыццёвых планах мяне больш няма…
– Якраз наадварот, мы адна сям’я, нам жыць і працаваць разам, – не выпускаючы рукі Люсі, запярэчыў брат. – Прашу, застанься…
Андрэй выцягнуў з кішэні футарал, стаў на адно калена і, цалуючы каханцы руку, узнёсла прапанаваў:
– Дарагая, будзь маёй жонкай…
– Андрэйка, – Люся ласкава ўскудлаціла каханку чупрыну, – мы ж дамовіліся зрабіць усё ціха, без лішняй пампезнасці…
– Прапанова на парозе ЗАГСа? Гэта ж крута!.. – рассмяяўся Андрэй.
– І эканомна, – не ўтрымаўся Алесь, ўпікнуў: – У ЗАГС не трэба лішні раз прыязджаць, бензін траціць…
– Гэта ідэя, – Люся з выклікам паглядзела на былога мужа і, цалуючы Андрэя, дадала: – Мілы, я згодна стаць тваёй жонкай. Прыслухаемся да парады нашага брата… Сёння напішам заяву?..
– А што, і вернемся!.. І заяву пададзім!..
Уздымаючыся па прыступках, Люся спінай адчувала на сабе ўчэпісты раўнівы позірк Алеся, і ёй гэта падабалася. Нечакана яна прыпынілася, азірнулася і, не хаваючы пераможнай усмешкі, запыталася:
– Алесь, ты з намі?
– Хадзем, брат, – весела гукнуў Андрэй. – Напішам, падпішам, а потым адзначым…
Алесю трэба было неяк парыраваць кпіны былой жонкі, тым больш што сам увязаўся ў гэтую перапалку. Нечакана ўспомнілася набалелае:
– У вас планы радасныя і важныя, але, на вялікі жаль, у маёй бліжэйшай будучыні вас таксама няма… Еду ў адпачынак… Мяне чакае Парыж!.. Так што ў вас сваё вяселле, у мяне сваё… Шчыруй, брат, на новай ніве і памятай – два мядзведзі адначасова мёдам з аднаго дупла не ласуюцца…
Ён рэзка крутнуўся і заспяшаўся да машыны.
Словы Алеся сцебанулі па жывому. Люся магла дараваць многае, толькі не кпіны з яе даўняй, але не здзейсненай мары. Парыж, Эйфелева вежа ёй нават сніліся, але былы муж толькі абяцанкамі карміў…
– Мы таксама паедзем у Парыж… У вясельную вандроўку, і цяпер усё будзе па-мойму, – крыкнула ўслед Гурскаму Люся, капрызна тупнула ножкай і пагрозліва прашаптала: – Ты яшчэ пашкадуеш…
– Любая, табе нельга хвалявацца, – Андрэй моцна прытуліў каханку, і ўсё ж настрой быў сапсаваны.
Андрэй таксама ведаў мару Люсі і цяпер нечакана для сябе адчуў трывожную хвалюючую рэўнасць. Ён зразумеў, што паміж ім і Люсяй заўсёды будзе стаяць Алесь і яму, Андрэю, ва ўсім давядзецца даказваць сваю перавагу над братам. Пакуль што гэта ўдавалася, але ж ён жыў у асалоду, не абцяжарваў сябе ніякімі абавязкамі, канешне, акрамя аднаго – быў добрым і пяшчотным каханкам… А што будзе заўтра?.. Ці дасць рады, калі давядзецца ўзваліць фірму на свае плечы?.. Праўда, Люся хоча гэтага, падбухторвае і сама ірвецца ў бой… Але ж народзіцца дзіця і клопату прыбудзе… Будучыня хвалявала і палохала, але цяпер зробленага не зменіш, адступаць позна. Люся любіць паўтараць, што ад прыбытку галава не баліць… А яму баліць, толькі віду не паказвае. Трымае, як кажуць, хвост пісталетам.
Каб заглушыць прыліў рэўнасці і дагадзіць будучай жонцы, Андрэй прапанаваў:
– Калі не хочаш пераходзіць на маё прозвішча, я вазьму тваё. Зрэшты, дзеля справядлівасці я проста павінен стаць Гурскім, – ён цмокнуў Люсю ў шчаку і напышліва дадаў: – Увядзём абавязковае сямейнае правіла: адзначаць святы толькі там, дзе скажаш ты. Значыцца, усе цуды свету – каля тваіх ног. Выбірай хоць Эйфелеву вежу, хоць Эверэст, хоць джунглі Амазонкі…
– Якія джунглі?.. – ускрыкнула Люся. – Яшчэ не ажаніўся, а ўжо хочаш скарміць кракадзілам?..
Андрэй з замілаваннем глядзеў на каханку. Смяшлівыя, гарэзлівыя чорцікі ў яе агромністых задзірлівых вачах і асабліва вабныя, капрызна сцятыя вусны прыцягвалі быццам магніт.
– Калі мяне не пацалуеш – кракадзіл застанецца галодным… Я сам цябе праглыну…
– Канешне, пацалую, – задаволеная Люся шчыльней прытулілася да Андрэя, прашаптала: – Усе мужыкі аднолькавыя… Толькі абяцаеце… Але ж і я не наіўнае дзяўчо… Сёння возьмеш першы эверэст – ЗАГС…
Частка другая. НА ШЛЯХУ У ПАРЫЖ
9
Гурскі быў з тых вадзіцеляў, для каго машына не проста каштоўная рэч, а прыяцель, нават сябра, ад якога не хаваеш настрою, з якім раішся, давяраеш патаемнае… І гэты металічны сябрук не перапыняе, не раіць і, галоўнае, не вучыць жыццю… Ён моўчкі слухае…
Якраз сягоння і быў той самы выпадак, калі змораная спусцелая душа жадала аднаго – выгаварыцца.
Яшчэ прыцемкамі Алесь выруліў з ціхіх вулачак на шырокую аўтастраду. Каб не мець непрыемнасцяў з ДАІ, устанавіў «круіз-кантроль – 90», уключыў дыск з сорак сёмым опусам Бетховена. Не звяртаючы аніякай увагі на ранішнія краявіды, на шэрае неба, якое няспешна прачыналася і як бы нехаця ссоўвала з сябе начны пухавік, сатканы з празрыстых аблачынак, амаль дзвесце кіламетраў выплюхваў з сябе надрыўны боль, даўкую нуду, едкую рэўнасць, карыў сябе за бязмерную сентыментальнасць да Люсі і братэрскі, гарачы давер да Андрэя…
Імклівая аўтастрада жыве па строгіх правілах і нікому не даруе абыякавых да сябе адносін. Перажыванні Алеся нечакана перапыніў роў сігналячых машын. Побач з яго «мерседэсам» прыпынілася «аўдзі», апусцілася шкло, і вадзіцель нешта закрычаў, пакруціў пальцам ля скроні. У Гурскага з вачэй быццам заслона ўпала. Ён, нечакана для сябе, убачыў, што едзе пасярэдзіне дарогі, па двайной раздзяляльнай паласе і паспешліва ўключыў аварыйны сігнал, выруліў на ўзбочыну і спыніўся. Разумеў, што, каб супакоіцца, трэба адпачыць, трэба з’ехаць з задымленай аўтастрады і знайсці ціхі куточак. Пажадана ў лесе ці на беразе ракі, яшчэ лепш каля возера, каб нейкі час пабыць на прыродзе. Так і зрабіў. На першым жа скрыжаванні з’ехаў на невядомую, даўно не рамантаваную трасучую дарогу. Доўга не мог выбраць месца для адпачынку, пакуль дарога не выпаўзла на пагорак і ён не убачыў вялікае возера, што тулілася зводдаль ад вёскі. Машына пабегла весялей, але шлях нечакана перапыніў статак кароў.
Жывёлы выбіраліся на асфальт з кустоў арэшніку, і здавалася, няма ім канца. Праз некалі мінут чырвоны «мерседэс» ператварыўся ў попельны. Некаторыя каровы спраўлялі патрэбу і хвастамі, быццам веерамі, размазвалі па машыне пырскі і іншае… Хтосьці цёрся бокам аб крыло, больш цікаўныя лізалі фары, шкло… Рабая жывёліна часала бок аб люстэрка, пакуль не зламала яго. Гурскі сігналіў, але ад гэтага мітусні не менела.