Нечакана перад машынай, як укапаная, стала вялізная бурая з адным надламаным рогам. Гурскі засігналіў, але карову гэта не напалохала, наадварот, у яе вачах бліснуў дзікі агонь. Бурая насупілася, злосна мыкнула, ажно пена пырснула з ляпы, лёгка прыўзнялася і ў наступнае імгненне пярэднія капыты ўперліся ў капот. Тонкае жалеза тут жа выгнулася, а карова, быццам выпрабоўваючы машыну на трываласць, некалькі разоў спружыніста пераступіла з нагі на нагу…
Гурскі разгубіўся, скамянелымі вачамі глядзеў на жывёлу і не ведаў, што рабіць. А бурая раўла, таўклася капытамі па машыне і чамусьці спрабавала дацягнуцца мордай да лабавога шкла, па ўсім, бачыла свой адбітак. Нечакана шкло гучна трэснула, як стрэліла, карова спуджана адхіснулася і ўжо мелася злезці на зямлю, як другая бурая з уздыбленым хвастом скокнула на яе ззаду, і цяпер ужо дзве каровы трэслі машыну, быццам недаспелы яблык на дрэве.
Алесь ўспомніў пра газавы пісталет, які трымаў дзеля аховы ў бардачку. Рука адразу намацала халодную рукаятку… Ён рашуча апусціў бакавое шкло, наставіў рулю на крыўдзіцеляў, але выстраліць не паспеў. У гэты момант тоўсты бізун са свістам упіўся ў спіны кароў, і праз мінуту парадак на дарозе быў адноўлены.
Калі Алесь агледзеў «мерседэс», сэрца сціснулася ад жалю. Некранутым застаўся толькі дах і цяпер, зусім не да месца, задзірліва блішчэў на сонцы чырвоным пералівістым перламутрам. А вінаватых не было… Яны, вінаватыя, ціха мэкаючы паважна сунуліся да кароўнікаў. Басаногі пастух, апрануты ў доўгі зялёны плашч з камплекту хімічнай абароны, быццам нічога не здарылася, цягнуўся за статкам і раз-пораз рассякаў паветра доўгай пугай. Гурскі яшчэ раз зірнуў на перапэцканую машыну і гнеўна крыкнуў услед статку, абыякаваму да ягоных праблем:
– Не, даражэнькія, гэтае дзярмо вы самі будзеце злізваць!.. Ён патэлефанаваў у ДАІ і доўга, блытана распавядаў аб сваёй бядзе, а дзяжурны ніяк не мог уцяміць дачынення міліцыі да скасавання шлюбу… Парыжа… выпацканай машыны…
10
Алесь, не зважаючы на чаргу ў прыёмнай, уварваўся ў кабінет Дабрынкіна, кіраўніка калгаса «Новы шлях». І назву калгаса, і прозвішча старшыні Гурскі прачытаў на шыльдзе за тыя некалькі крокаў, што зрабіў да начальніцкага кабінету. І сакратарку, і людзей ў чарзе Гурскі не здзівіў, яго быццам тут ведалі і нават чакалі. Ніхто не запярэчыў ягонай нахабнай бесцырымоннасці, толькі жанчыны зашапталі ў спіну, але так, каб пачулі ўсе:
– Шапка не зваліцца, калі чалавек павітаецца…
– І карова не бык… Які гаспадар недаглядзіць, той яна і на чырвонае скокне…
У кабінеце Гурскі і слова не паспеў сказаць, як лысы невысокі таўстун, гадоў сарака, у зялёным гарнітуры з дэпутацкім значком раённага савету на лацкане, выкуліўся з-за стала, заспяшаўся насустрач:
– Ведаем, ведаем Вашу бяду… – ён ухапіў руку Гурскага, моцна сціснуў. – Машына застрахаваная?.. Але што пытацца, гэткая тэхніка павінна ад усяго быць застрахаванай!.. А Вы сядайце, у нагах, як кажуць…
Ён амаль сілай усадзіў Гурскага ў праседжанае крэсла каля часопіснага століка, сам уладкаваўся насупраць і, не азіраючыся на дзверы, уладарна загадаў:
– Манька, гарбаткі падай! Сваёй, фірменнай!
Старшыня выцягнуў з кішэні насоўку, выцер спатнелы твар, шыю і памякчэлым голасам дадаў:
– І дзверы зачыні!.. У баб вушы цалейшыя будуць…
Пачуўшы пра вушы, Алесь машынальна зірнуўся. І сапраўды: усе, хто быў у прыёмнай, цяпер стаялі ў дзвярным праёме і, не хаваючы цікаўнасці, разглядвалі госця, перашэптваліся. За спінамі высілася вусатая галава мужчыны з патухлай цыгаркай ў роце. Паперадзе – высокая хударлявая сакратарка з тоўстай русай касой на ледзь прыкметных вострых грудзях. Моцна сціснутыя кулачкі і асабліва вочы, непакорныя і жорсткія, не прадказвалі нічога добрага. Жанчына надрыўна ўздыхнула і скорагаворкай выпаліла:
– Колькі разоў казаць: дома – Манька, на рабоце – Марыя Сцяпанаўна!..
Наведвальнікаў, што таўкліся за яе спінай, быццам ветрам здзьмула. І своечасова. Сакратарка крутнулася, відавочна, ёй заўсёды было на кім спагнаць злосць, але, не ўбачыўшы сялян, выйшла, моцна грукнуўшы дзвярмі.
Старшыня шчыра рассмяяўся, вялікі жывот неяк ненатуральна затузаўся, курносы твар запунсавеўся, і ён стаў падобны да добрага смяшлівага клоуна.
«Вось і разгадка прозвішча старшыні», – падумаў Гурскі і выцягнуў з кішэні складзены міліцыяй пратакол дарожнага здарэння. Але гаспадар не хацеў выпускаць з рук ініцыятыву. Ён імгненна пасур’ёзнеў, устаў, тузануў крыссе пінжака і па-ваеннаму прадставіўся:
– Дабрынкін Дзмітрый Дзмітрыевіч… Можна проста – Дзім Дзімыч… Старшыня сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Новы Шлях» і… – Дабрынкін трошкі сумеўся, кашлянуў у кулак, дадаў: – Па сумяшчальніцтве, так сказаць, – муж… жанчыны з касой… І, думаю, гарбаткі фірменнай не будзе…
– Гурскі Алесь Пятровіч, – задаволены тым, што гаворка прымае дзелавы кірунак, прадставіўся Алесь. – А я, так сказаць, пацярпелы… Вось акт дарожна-транспартнага здарэння… Праўда, вінаватага не знайшлі, але ён Ваш…
– Ведаю, усё ведаю… Пастухом парушаны дваццаць першы артыкул Правілаў дарожнага руху, – твар старшыні расплыўся ў шырокай мядовай усмешцы. – Такога ўзроўню бізнесмен, а нашыя каровы зблыталі ўсе планы. Толькі раптам гэта знак з неба?!
– Пакінем знакі ў спакоі, іх месца ў правілах дарожнага руху, а я вымушаны падаць на вас у суд, – перапыніў шматслоўнага старшыню Гурскі; гэтая непрыхаваная радасць была незразумелай і пачынала трывожыць. – Правілы дарожнага руху я не парушыў, але пацярпеў… І матэрыяльна, і маральна…
У гэты момант рыпучыя дзверы расчыніліся, і на парозе з’явілася сакратарка з бліскучым падносам у руках. Дабрынкін падхапіўся насустрач:
– Марыя Сцяпанаўна!.. Вось малайца, уважыла дык уважыла… І гарбатка фірменная, і піражкі, і мядок…
– Госця частуй… це, – ставячы частаванне на столік, холадна сказала жанчына і, прыхільна зірнуўшы на Гурскага, меладычным галаском дадала: – Калі ласка – піражкі… І з мясам, і з капустай, і з цукатамі… Усё свежанькае, хатняга гатунку…
– А з тваражком?.. Мае любімыя?.. – па-дзіцячы шчыра запытаўся Дабрынкін.
– Дома пра любімае пагаворым, – строга адказала сакратарка, рэзкім рухам адкінула касу на спіну, расправіла плечы і з высока ўзнятай галавой пайшла на выхад; каля мужа прыпынілася, ціха прашаптала: – За Ціханам паслала…
Пачуўшы пра нейкага Ціхана, Гурскі зразумеў, што сямейнікі наўмысна цягнуць час, таму і арганізавалі перад ім нейкі спектакль, забаўку. Але дзеля чаго?
Ужо двойчы за дзень ён перасіліў сябе і не выклікаў адваката. Першы раз – калі складалі паперы аб здарэнні, другі – цяпер…
Стрымлівала тое, што ён папярэдзіў, не, загадаў падначаленым, каб у адпачынку не шукалі, і заблакіраваў тэлефоны. Адступіцца ад свайго слова – значыць, паказаць машыну і зняславіць сябе, стаць «героем» для перасмешнікаў… Яму рабілася блага ад адной толькі думкі, што Люся і Андрэй могуць даведацца пра выпадак на дарозе, пра загаджаную нечыстотамі машыну і, што яшчэ горш, здымкі трапяць у інтэрнэт…
«Што ж, згуляю па правілах Дабрынкіна, – вырашыў Алесь, – паездка ў Парыж трошкі пачакае. Зрэшты, шэнгенская віза ёсць, а ў Еўропу трапіць магу без прыгод і клопатаў аўтобусам праз Прыбалтыку. А там да Парыжа хоць цягніком, хоць самалётам. А каб не парушаць задуманае, вазьму машыну напракат – і сам сабе гаспадар».
– Алесь Пятровіч, – парушыў неспакойныя думкі Дабрынкін, – можа, да піражкоў медавухі асабістага гатавання?
– Не-не, – запярэчыў Алесь. – Спярша справа, астатняе потым, канешне, калі ў Вас жаданне не прападзе…
Спахмурнелы Дабрынкін, не звяртаючы ўвагі на пярэчанні Гурскага, дастаў з сейфа дзве чаркі і пузаты графін з доўгім рыльцам і шкляным чырвоным коркам:
– Пужаць, Алесь Пятровіч, не трэба. Праблему вырашым хутка і па законе, а стрэс усё ж зняць трэба, што мы, нелюдзі нейкія?
Нечакана Алесь дапетрыў, зразумеў прычыну празмернага прымусу на выпіўку і вырашыў падыграць хітруну.