– Ну, і яно сабе, – Гурскі весела падміргнуў Дабрынкіну, – зрэшты, сягонняшні дзень дадаў праблем… Можна і выпіць, як Вы кажаце, стрэс зняць… А Парыж пачакае, не апошні дзень жывём…
– Вось гэта па-нашаму, – імгненна павесялеў старшыня і, напаўняючы чаркі, з насцярожлівай усмешкай дадаў: – Нам трэба паразумецца… А потым мясціны ў нас не горшыя за той Парыж… І сустракаць умеем, як ніхто, і весяліцца…
– Што-што, а сустракаць і сапраўды умееце, – рассмяяўся Алесь.
– Думаю, гэты канфуз – яшчэ не канфуз, – уздымаючы чарку, ціха сказаў Дабрынкін, – вып’ем за сустрэчу… І не хвалюйцеся, вінаватага знойдзем, хто часнок еў, той смярдзець будзе…
Алесь зрабіў невялікі глыток цёмнага бурштынавага напою і, здзіўлена зірнуўшы на гаспадара, вынес вердыкт:
– Моцная, смачная, пахучая, адным словам, фірма.
Пачуўшы пахвальбу, Дабрыкін шчасліва рассмяяўся:
– Бабуля траўніца была, ад яе рэцэпт застаўся… Яшчэ па адной?..
– Налівайце, – пагадзіўся Гурскі і, каб надалей не было непаразумення, дадаў: – Смярдзець часнаком не буду…
– У настойцы няма часнаку, – насцярожыўся Дабрынкін і праз імгненне, зразумеўшы насмешку Гурскага, ускрыкнуў: – Дрэнна Вы, Алесь Пятровіч, пра нас думаеце!
– Слоў няма, настойка смачная і, відаць, калі не злоўжываць, для здароўя карысная, – Гурскі перапыніў суразмоўцу і катэгарычна заявіў: – За рулём быў цвярозы, і абвінаваціць мяне ў дарожна-транспартным здарэнні не атрымаецца: тэст на алкаголь здаў адразу, і ён адмоўны…
Дабрынкін паставіў чарку на стол, выцягнуў з шуфляды некалькі паперак, холадна сказаў:
– Што ж, як кажуць, закончым баль і дудкі ў торбу… Чытайце, пан Гурскі, гэта копіі дакументаў… Ёсць і акт, пра які гамоніце…
Гурскі адчуў сябе па меншай меры ніякавата. Перад ім і сапраўды ляжалі паперы з дарожнага здарэння.
– Адкуль гэта?.. Чаму адразу не сказалі? Я звычайны бізнесмен і не разумею вашай мясцовай мітусні…
– Вы, Алесь Пятровіч, не крыўдуйце. Звычайныя бізнесмены – гэта пра нас, – Дабрынкін устаў, падышоў да вакна і, нешта выглядваючы на вуліцы, ужо спакойным голасам працягваў: – У вёсцы ўсе трошкі бізнесмены… У выхадныя нясём хто на кірмаш, хто да дарогі і яйкі, і бульбу, і сала, і мядок… Карацей, нясём, што расце ў лесе і агародзе, што квохча, рохкае, пішчыць, мычыць у хлявах. Купляюць… Праўда, ёсць Юрка-жабнік. Чалавек, як кажуць, што ступіў, то і награшыў… І раптам камерцыяй заняўся. Калісьці тут маёнтак быў, пан з французамі бізнес ладзіў… Развёў жаб, якраз тых, што да іхняга стала. Пана даўно няма, а жабы распладзіліся. Дзятва іх збірае і Юрку цягне за капейкі, а ён жывы тавар аддае ў Мінск у рэстараны, дзе французская кухня ёсць. Спярша сяляне смяяліся з гэткага бізнесу, а жабнік дом трохпавярховы пабудаваў, машыну купіў, балота і былыя торфараспрацоўкі арэндаваў. І выйшаў разлад. Як у той прымаўцы: «Аднаго Юрку ўпусцілі, дык уся хата заюрылася». Шмат хто кінуўся тых жаб лавіць…
– Маладзец жабнік! – губляючы цярпенне, выпаліў Гурскі. – Сапраўдны бізнесмен з паветра капейку выцягне. Але што Юрка? Маёй справай займіцеся!..
– Мы, – Дабрынкін зірнуў на гадзіннік, – амаль тры гадзіны займаемся вашай праблемай, і можаце не хвалявацца, машына будзе як новенькая, не пазнаеце. А вось мяне цікавяць сягонняшнія алігархі… Ці думаеце вы аб хлебаробе, аб дзецях нашых, якіх жыццю вучыць спекулянцкая філасофія?..
– Чорт ведае што! – ускрыкнуў Гурскі. – Развялі дэмагогію, зубы загаворваеце, а тым часам нехта «мерседэс» рамантуе?
У вокны зазірнула аслабелае за дзень абыякавае сонца, і ў гэты момант надрыўна рыпнулі дзверы, у кабінеце неяк адразу пацямнела. Аграмаднага росту мядзведзяваты барадаты чалавек гадоў шасьцідзесяці пяці у зялёным плашчы да самых пят уваліўся ў пакой. Ён зрабіў некалькі цяжкіх крокаў, правёў далонню па кучаравай сіваватай барадзе і з трывогай у голасе праракатаў:
– Дзімка, у дарожным здарэнні сто працэнтаў мая віна… «Мерседэс» аднаўлю… Трэба новае лабавое шкло і правае люстэрка. Мо Юрку папросіш у Мінск зганяць?
– Не Дзімка, а…
– Вы мяне што, за дурня трымаеце? – ускіпеў Алесь. – На месцы здарэння гэтага чалавека не было… Плашч той самы, а пастух быў удвая меншы.
Ён больш не хацеў слухаць дабрынкінскае словаблудства і, падышоўшы да барадатага, трошкі цішэй дадаў:
– І не толькі пастух вінаваты! Так, Дзмітрый Дзмітрыевіч? Прачытайце шаноўнаму, што ў акце напісана…
– Ты, Сцяпан Іванавіч, ідзі і не хвалюйся… Усё будзе о’кей, – хаваючы ў сейф графін з настойкай, паспрабаваў супакоіць пастуха Дабрынкін.
– Што значыць «ідзі»? – набатам пад самай столлю прагучаў сярдзіты голас пастуха; ён зрабіў нервовы крок наперад, у глыбока запалых насцярожаных вачах мільгануў рашучы нядобры агеньчык. – Сказаў зраблю, значыць, зраблю!..
Пастух нічога больш сказаць не паспеў. Сакратарка хуценька забегла ў пакой, учапілася ў плашч і пацягнула волата да дзвярэй.
– Тата, пойдзем. Дзіма ўсё зробіць. Зробіць, як ты хочаш… І з Юркам пагаворыць…
Убачыўшы жанчыну, пастух імгненна ўнурыў галаву ў плечы і ціха паплёўся на выхад. Старшыня з палёгкай ўздыхнуў, выцер насоўкай твар, шыю і выцягнуў з кішэні мабільны тэлефон.
– Нікому тэлефанаваць не трэба, я выклічу эвакуатар з Мінска, з сервіснага цэнтра, – катэгарычна заявіў Гурскі.
– Позна эвакуіраваць… – данёсся з калідору грамавы голас.
– Два мядзведзі ў адной бярлозе не месцяцца, – горка прамовіў Дабрынкін і нечакана прапанаваў: – Алесь Пятровіч, пойдзем на мехдвор, там і вырашым, што рабіць: выклікаць эвакуатар, рамантаваць машыну ці судзіцца… А мо грошамі возьмеце?.. Дасталі… Я на ўсё згодны…
– Што значыць «дасталі»?.. І як гэта, позна эвакуіраваць? – гнеўна абурыўся Гурскі. – Знявагу цярпець не буду. І я Вам не мядзведзь!..
– Вы ні пры чым, – паспрабаваў усміхнуцца старшыня. – Доля прымацкая – доля сабачая… Пастух – цесць… Мядзведзі, бярлога – гэта пра мяне і яго… А статак кароў мая дачка пераганяла, дзеда падмяняла… Хоць круць-верць, хоць верць-круць, а перад Вамі мая віна… І як бацькі, і як старшыні…
– Занадта ўсё заблытана і незразумела, – насцярожана сказаў Алесь. – Старшыня ды ў прымаках?.. Не верыцца… А цесць на самай справе хто?.. Сцяпан або Ціхан?..
– Што тут незразумелага? – прымірэнчым тонам буркнуў Дабрынкін. – Сцяпан – імя, Ціхан – прозвішча… У вочы – Сцяпан Іванавіч, за вочы – Ціхан. Я ў калгасе трэці год і пакуль сваёй хаты не маю, жыву ў жончыных бацькоў. Адным словам, прымак. Што цесць зрабіў з машынай – дай Бог чутае бачыць… А шкло і люстэрка мы новыя купім…
Гурскі нечакана адчуў сябе падманутым, загнаным у кут. Само склалася ці Дабрынкін наўмысна склаў абставіны так, што цяпер Алесь вымушаны прытрымлівацца правіл з выгляду добранькага, часам празмерна ўслужлівага старшыні? А яшчэ гэты мядзведзяваты цесць… Няўжо ён насамрэч задумаў адрамантаваць «мерседэс»?.. Але выбару ўжо не было.
– І сапраўды, – заспяшаўся Гурскі, – хачу паглядзець на сваю машыну і, зрэшты, скончыць гэты маскарад…
11
Спякотны летні дзень паціху саступаў месца мяккаму цёпламу вечару, і лёгкі ласкавы вятрыска ўжо навейваў з блізкага возера ледзь улоўную прахалоду. Пасля душнага кабінета Гурскаму нечакана захацелася кінуцца, нырнуць у серабрыстую азёрную прахалоду і плыць пад вадой да стомы, плыць, на колькі хопіць дыхання.
– Эх, добра было б пакупацца, – быццам адчуўшы настрой Алеся, ажывіўся Дабрынкін, – вадзічка што трэба… І стому знімае, і настрой паляпшае.
– Спярша ў майстэрню, а потым відаць будзе, – рэзка адмовіўся Гурскі.
Пры іншых абставінах ён першы прапанаваў бы пайсці на возера, але цяпер нават у дробязях не хацеў пагаджацца з Дабрынкіным.
– Калі так, мой конь напагатове, – з напускной бравадай сказаў старшыня і накіраваўся ў двор канторы, дзе ў цяньку пад разгалістым дубам чорнай маціцай задзірліва пабліскваў новенькі «крайслер».
– Ого! – не стрымаў захаплення Гурскі. – Аказваецца, у гаспадарцы не так усё і кепска… Толькі чаму хаваеце?