Пасля гэтага Сцяпан Іванавіч запусціў бараду «пад Хемінгуэя», пісчую машынку набыў і люльку, хоць курцом не быў. Прыдумкі перадрукаваў і бандэроллю адправіў у вядомае мінскае выдавецтва.
Час імкліва бег, адказу не было, але маўчанне «калег па пяры» не засмучала, наадварот, у чаканні прызнання Ціхан адчуваў шчымлівую асалоду і ў нейкі момант зразумеў, што для яго зусім не важныя, не маюць значэння высновы прафесіяналаў.
Галоўнае тое, што ён сам думае пра сваю творчасць. А пра сябе, калі казаць праўду, мроілася гэткае, што ў нейкі момант Сцяпан Іванавіч пачаў падумваць пра змену прафесіі.
Хутка выявілася, што сюжэтаў катастрафічна не хапае, і новаспечаны казачнік вырашыў героямі выдумак зрабіць аднасяльчан. І зарыпела пяро… Ведзьмары і вядзьмаркі, дамавікі і цмокі, лесуны, каракаціцы, русалкі, вадзянікі і ўсялякая іншая нечысць сталі галоўнымі героямі выдумак Сцяпана Ціхана і, канешне, дзяўчынка Наста, якая змагаецца і перамагае суседзяў-нячысцікаў. Аднаго не ўлічыў аўтар: не ведаў дзядуля, што ўнучка па вялікім сакрэце пачутае шэпча сябрам, а дзятва гэтыя «сакрэтныя» байкі пераказвае бацькам.
Расшавяліў Сцяпан Іванавіч Навасёлкі, загула вёска, быццам рой пчаліны. Па-іншаму і быць не магло. Які гаспадар пагодзіцца з вобразам трохгаловага цмока, ў якога штодзень дзве галавы гарэлку п’юць, трэцяя пахмяляецца, а гаспадыня на мятле па хаце лётае?..
Давялося Сцяпану Іванавічу прыпыніць літаратурную дзейнасць. А што зробіш, калі вяскоўцы калектыўную паперу ў газету напісалі і судом пагражаюць?.. І ўсё ж Ціхану ўдалося змякчыць сітуацыю. З кім гарэлкі выпіў, каму тэхніку адрамантаваў, а каму і грошы пазычыў без аддачы. Карацей, ўмасліў суседзяў. Дый «ганарар» героі атрымалі неблагі, нават цяпер хто-ніхто ўспомніць тыя выдумкі, калі трэба машыну да ладу давесці ці грошы пазычыць. А вось з зяцем атрымалася нявыкрутка. Жартаўнік Дабрынкін нечакана не тое што пакрыўдзіўся, ён раззлаваўся і на доўгія гады крыўду затаіў. Што ні кажы, а Дзмітрый Дзмітрыевіч быў адзіны, каго ў газеце абазвалі камарыкам-крывасмокам… А вяскоўцы імгненна прыляпілі мянушку «зяць-крывасмок». Хто ж гэткае спусціць?
Праўда, і Дабрынкін ў даўгу не застаўся. Неяк Насця казу з хлеўчука выпусціла, а тая ў грады, у капусту. Каза шкадлівая была, але трымалі, бо ўнучка толькі ад яе малачко піла. Ціхан у гэты час бараду сваю шкіперскую падстрыгаў. У вакно ўбачыў, на вуліцу выбег і давай ганяць шкадлівую. Каза не паддаецца: у хлеў не хоча, уцякае, бляе, барадой трасе. Гаспадар спатыкнуўся і торкнуўся тварам у зямлю, толькі што курыным памётам угноеную.
А зяць насміхаецца: «Даўней людзі казалі, што мужыку вусы чэсць, а барада і ў казла ёсць… Ты, Сцяпан Іванавіч, бародку далонькай прыкрый… Не пазнае Манька, баіцца… Пэўна, за казла прыняла…»
Ціхан не вытрымаў здзеку, кінуўся на зяцька з кулакамі, пакаціліся мужыкі па зямельцы. Цесць-здаравяк ухопіць крыўдзіцеля і сіліцца зяця таксама торкнуць тварам у тое самае курынае месіва, а зяць-уюн лоўкі, не паддаецца, праз секунду выслізне з жалезных абдымкаў – і ўжо на шырачэзнай цесцевай спіне…
Капусту, моркву, буракі, гуркі, парнік з памідорамі і перцамі – усё здратавалі, загубілі ўраджай… Ужо і плот захістаўся, затрашчаў пад напорам перапэцканых цел, і толькі некалькі вёдзер халоднай вады астудзілі забіяк.
Валянціна Пятроўна з дачкой Марыяй вадой разлілі задзір, а потым іхнія рэчы склалі і выставілі чамаданы на вуліцу. Жанчыны апраўданняў не слухалі, вінаватага не шукалі, яны былі катэгарычныя ў прынятым рашэнні: «Пакуль міру між вамі не будзе – у хату не прыходзьце…»
Розныя целаскладам і выглядам, не падобныя характарамі Дабрынкін і Ціхан пры якіх іншых абставінах ніколі не пайшлі б на міравую, але іх яднала пачуццё любові, шчырае, да болю кранальнае, нават ахвярнае каханне да жонак. Яны ўсю ноч моўчкі прасядзелі на чамаданах на беразе возера, а пад раніцу прысунуліся ў панадворак і гэтак жа моўчкі пастукалі ў дзверы. Калі дзверы расчыніліся і жанчыны ў чаканні сцішыліся, мужчыны, не гледзячы адно аднаму ў вочы, паціснулі рукі і разам выдыхнулі: «Мір».
Іх чакалі. На стале, засланым белым настольнікам, пузацілася пляшка каньяку, падобная на вінаградную гронку. Марыя, хаваючы шчаслівую ўсмешку, паспешліва выставіла з печы гусятніцу з тушаным індыком, маці прынесла вэнджаныя мяса і каўбасу, салату, хлеб…
Мір быў скрэплены і замацаваны, але засталася непрыязнасць, якая з гадамі ператварылася ў прыхаваную варожасць. Калі стала пытанне, дзе жыць сям’і новаспечанага старшыні Дабрынкіна, пакуль не пабудуе сваёй хаты, зноў вырашалі жанчыны, праўда, цяпер унучка Насця была галоўным завадатарам у прымірэнні бацькі і дзядулі. Дзмітрый Дзмітрыевіч дачцэ не пярэчыў, ды і як запярэчыш, калі Насця катэгарычна заявіла, што будзе жыць толькі ў бабулі.
Сітуацыя выходзіла за сямейныя рамкі: што скажуць людзі, як ацэняць старшыню, які ў сваёй сям’і ладу не мае? Вёска не горад, тут кожны на відавоку. Калі ў градах пустазелле – гультайка гаспадыня, дроў на зіму не назапашана, агарод на Пакровы не абараны – гаспадар гультай і п’яніца. А калі сваёй гаспадаркі не мець, імгненна пойдзе пагалоска, што чалавек нячысты на руку, будзе цягнуць з калгаса, няважна, якую пасаду займае, хоць старшыні, ветэрынара, даяркі, трактарыста ці пастуха.
Ціхану таксама не вельмі спадабалася зяцева суседства, але супраць жанчын і слова не сказаў, толькі кінуў сваё любімае «А няхай…»
Валянціна Пятроўна ўбачыла пад ложкам унучкі гаршчочак з фіялкамі і незадаволена зморшчылася:
– Ну, Анастасія Дзмітрыеўна, золатца ты маё дарагое, вырашыла загубіць кветачку?.. Толькі з’явіся!..
Жанчына дастала з кішэні фартуха мабільны тэлефон, але тэлефанаваць перадумала, вырашыла трошкі прыбрацца. Мабільны паклала на стол, зачыніла вакно, кашпо з кветкамі паставіла на падаконнік і, памацаўшы сухую зямлю, яшчэ больш спахмурнела. Тэлефон нечакана ажыў і пад модны блюз пачаў слізгаць, затанцаваў на стале. На блакітным экране шчаслівай усмешкай высвеціўся Насцін твар. Валянціна Пятроўна прыклала тэлефон да вуха.
– Бабулечка, накрывай на стол, дзядуля зараз прыедзе на скутары… За яго я на пасце…
Валянціна Пятроўна і слоўца не паспела ўставіць, а ў слухаўцы пікалі ўжо кароткія гудкі.
– Можа, гэтак і лепей… Толькі б мапед не зламаў, – услых сказала жанчына і заспяшалася на кухню.
Насця часта дапамагала дзеду, ведала нюансы пастухоўства, нават навучылася звонка страляць доўгай пугай і даволі хутка ўгаварыла дзеда паехаць дадому. Ціхан агледзеў статак, праверыў «электрычнага пастуха», наказаў унучцы быць увесь час на пагорку, каб самой бачыць жывёлу і, галоўнае, каб яе бачылі каровы, завёў мапед, асядлаў і тут жа паспешліва злез, заглушыў рухавік. Ён быццам адчуў жончына хваляванне, узгадаў не раз чутае: «Твае сто дваццаць кілаграмаў не для гэтай далікатнай тэхнікі…»
– Гэты гора-матацыкл не для мне, разваліцца праз сто метраў… Ды і калені вышэй за руль, – незадаволена буркнуў Ціхан. – Лепш пешкі, напрасткі…
– Дзядуля, я папярэдзіла бабулю, што прыедзеш на скутары.
– Не, – махнуў рукой Ціхан, – я на сваіх дваіх… Паберагу бабулі нервы.
Жывёла пажадліва скубла траву, і Насця цалкам даверылася «электрычнаму пастуху». Седзячы на дзедавым плашчы, яна нейкі час чытала канспект па эканоміцы, але запомніць нічога не магла: шкодзіла ранішняе маладое прамяністае сонца, якое спакусліва купалася ў празрыстым зыбкім возеры. Ад цёплага свяціла, яшчэ заспанага і разамлелага ў лёгкім тумане, патыхала ціхамірнасцю і спакоем, яно расслабляла, падбухторвала і правакавала, настойліва зазывала да сябе ў трапяткую гуллівую ваду. І дзяўчына паддалася спакусе, скінула з сябе апратку і скокнула з велікаватага берага ў іскрыстую прахалоду.
Насця была добрым плыўцом і даволі хутка заплыла на сярэ-дзіну возера. Лежачы на спіне, рукі раскінуўшы ўшыркі, яна з асалодай гойдалася на ціхіх хвалях. Высока ў небе, ловячы вецер, кружыў адзінокі бусел. Насця загадала, што паплыве да берага, як толькі птушка ўзмахне крыламі. Але бусел, быццам пачуўшы дзяўчыну, нечакана прыняў гэтую гульню. З патокамі ветру ён то апускаўся ледзь не да вершалін блізкіх таполяў, то ўзлятаў угору, гэтак высока, што бачыўся не больш за голуба. Час для Насці спыніўся. Яна зачаравана сачыла за птушкай, і ў гэтыя хвіліны ёй таксама хацелася мець крылы і, як гэты бусел, вольна кружыць над возерам, вёскай, лесам…