Цыклон прамінуў раптоўна, як і прыйшоў, але за пятнаццаць хвілін паўночна-заходнія парывы спляжылі цэлыя кварталы каля багнаў і зруйнавалі паўгорада. Доктар Хувэналь Урбіна, задаволены не першы раз шчодрасцю дзядзькі Леона XII, не дачакаўся поўнага праяснення і няўцям знёс парасон Флярэнтына Арысы, які той даў яму, каб дайсці да пралёткі. Але Флярэнтына не шкадаваў. Наадварот, яго ўзрадавала думка: Фэрміна Даса мусіць задумацца, калі дазнаецца, чый гэта парасон. Ён яшчэ быў усхваляваны, узрушаны сустрэчай, калі Леона Касіяні праходзіла каля яго кабінета, і, натуральна, вырашыў, што вось ён — чаканы выпадак; ён адкрые ёй таямніцу, нібы разаб’е гняздо ластавак, што не давалі жыць, — зараз альбо ніколі. Ён спыніў яе і напачатку спытаў, што яна думае пра доктара Хувэналя Урбіна. Яна адказала адразу ж: «Чалавек, заклапочаны мноствам спраў, мажліва, надта заклапочаны, але, хутчэй за ўсё, ніхто не ведае, пра што ён думае». Затым пагрызла ласцік алоўка вострымі, буйнымі зубамі вялікае мурынкі і нарэшце паціснула плячыма, нібыта закрываючы пытанне, якое яе не хвалявала.
— Мажліва, ён выдумляе сабе заняткі, — сказала яна, — каб не думаць.
Флярэнтына Арыса паспрабаваў затрымаць Леону.
— Мне баліць, што ён мусіць памерці, — выказаў ён.
— Усім наканавана памерці, — адказала яна.
— Зразумела, але яму больш, як каму, — настойваў Флярэнтына.
Яна нічога не ўцяміла, зноўку паціснула плячыма ды моўчкі пайшла. Тады Флярэнтына Арыса на перспектыву вырашыў, што аднойчы ў будучыні, уначы, ён распавядзе Фэрміне Дасе ў шчаслівым ложку, што нікому не адкрыў таямніцы іх кахання, нават адзінаму чалавеку, які заслугоўваў права ведаць пра гэта. Не, ён не адкрыецца ніколі, нават самой Леоне Касіяні, і не таму, што не хацеў ёй адчыніць куфар, дзе так надзейна хаваў таямніцу на працягу паўжыцця. Рэч у іншым: толькі тады ён здагадаўся, што сам згубіў ключ.
Аднак не гэта стала самай узрушальнай падзеяй дня. Ён адчуў настальгію па часах далёкага юнацтва, наноў ажыў успамін пра Паэтычныя гульні, якія мелі моцны водгук штогод пятнаццатага красавіка ва ўсім Антыльскім свеце. Флярэнтына Арыса быў іх абавязковым удзельнікам, але заўсёды, як амаль ва ўсім, заставаўся ўдзельнікам патаемным. З дня першага конкурсу, дваццаць чатыры гады таму, ён так і не атрымаў нават заахвочвальнага прыза. Але гэта не хвалявала, бо ўдзельнічаў ён не дзеля амбіцыйнага жадання атрымаць прэмію, а таму што спаборніцтва мела для яго дадатковую вартасць. У першым конкурсе менавіта Фэрміне Дасе даручылі ўскрыць запячатаныя сургучом канверты і абвясціць імёны пераможцаў, і яшчэ тады пастанавілі, што падобны гонар належыць ёй і на наступныя гады.
Уначы першага конкурсу Флярэнтына Арыса, схаваўшыся ў прыцемках партэра, з жывой камеліяй, што ўсхвалявана трапятала ў пятліцы пінжака, глядзеў, як Фэрміна Даса распячатвала тры канверты на сцэне старажытнага Нацыянальнага тэатра. Ён спытаўся ў сябе, што адбудзецца ў ейным сэрцы, калі яна раптам высветліць, што менавіта ён ганаруецца Залатой архідэяй. Ён быў упэўнены, што яна пазнае ягоны почырк і імгненна згадае вечары з вышыўкай пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, пах засушаных гардэній у канвертах, вальс каранаванай багіні, прынесены ветрам на золку. Але гэтага не здарылася. Горш за ўсё тое, што Залатой архідэяй, самай вялікай паэтычнай узнагародай, уганаравалі кітайскага імігранта. Публічны скандал, выкліканы неверагодным рашэннем, паставіў пад сумнеў сур’ёзнасць спаборніцтва. Але вердыкт быў слушным, і аднадушнасць журы была апраўданая цудоўным санетам пераможцы.
Ніхто не паверыў, што кітайскі лаўрэат — сапраўдны аўтар санета. Ён прыехаў на сыходзе мінулага стагоддзя, гнаны эпідэміяй жоўтае ліхаманкі, якая знішчала насельніцтва Панамы падчас будаўніцтва міжакіянскай чыгункі, прыехаў разам са шматлікімі імігрантамі, якія засталіся ў краіне да самага свайго скону, — яны жылі па-кітайску, памнажаліся па-кітайску і былі гэтак падобныя адзін да аднаго, што ніхто не мог іх адрозніць. Напачатку іх было не больш за дзясятак, некаторыя з іх — з жонкамі, дзецьмі ды сабакамі, якіх яны елі, але за колькі гадоў чатыры вулкі партовага прадмесця перапоўніліся новымі і новымі кітайцамі, якія прыязджалі ў краіну, не пакідаючы следу ў мытных рэгістрах. Маладзёны ператварыліся ў шаноўных патрыярхаў гэтак хутка, што ніхто не мог уцяміць, калі яны паспелі састарыцца. Народная інтуіцыя раздзяліла іх на два класы: дрэнныя кітайцы і добрыя кітайцы. Дрэнныя трымалі змрочныя партовыя таверны, дзе аднолькава можна было паесці па-каралеўску альбо раптоўна памерці ад стравы з пацучынага мяса з праснакамі са сланечнікавай макухі, і людзі падазравалі, што гэтыя таверны служылі адно што шырмаю для гандлю белымі жанчынамі і ўсялякага іншага цёмнага набыцця-продажу. Добрымі былі кітайцы, якія заснавалі пральні, спадкаемцы святое мудрасці, што вярталі кашулі чысцейшымі за новыя, каўнерыкі і манжэткі нагадвалі толькі што спрасаваныя аплаткі. Якраз адзін з гэтых добрых кітайцаў перамог на Паэтычных гульнях, і семдзесят два спаборнікі перажывалі паразу.
Фэрміна Даса, сумеўшыся, зачытала імя, аднак ніхто яго не разабраў. Не толькі праз тое, што імя было чужым іхнаму слыху, а таму што так ці інакш ніхто пэўна не ведаў, як увогуле могуць зваць кітайца. Але доўга думаць не давялося, бо лаўрэат вынырнуў з глыбіні партэра з нябеснай усмешкай, што бывае ў кітайцаў, калі яны рана вяртаюцца дамоў. Ён быў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што прыйшоў у тэатр у жоўтай кашулі для вясновых абрадаў, каб узняцца на сцэну. Ён атрымаў Залатую архідэю 750-й пробы і радасна пацалаваў яе пад кпіны недавяркаў. Лаўрэат не засмуціўся. Ён чакаў на сцэне, акамянелы, нібы апостал з нябёсаў, не драматызуючы ад відавочнай негатыўнай рэакцыі, і пры першай паўзе прачытаў верш, які ўганаравалі прэміяй. Ніхто не зразумеў ні слова. Але пасля новага залпа свісту Фэрміна Даса спакойна паўтарыла санет ціхім, пяшчотным голасам, і здзіўленне авалодала публікай з першага радка. Гэта быў санет высакароднага парнаскага паходжання, дасканалы, прасякнуты налётам натхнення, якое магло кіраваць рукой толькі сапраўднага віртуоза. Факт мог мець толькі адно тлумачэнне: хтосьці з вялікіх паэтаў стварыў санет жартам, каб паздзекавацца з Паэтычных гульняў, і кітаец пагадзіўся на саўдзел, але вырашыў захаваць таямніцу да самае смерці. «Камерцыйная газета», тыднёвік традыцыйнага кшталту, спрабавала залатаць грамадзянскі гонар эрудаваным, але, хутчэй, сырым эсэ пра старажытны культурны ўплыў кітайцаў у краінах Карыбскага басейна і іх заслужанае права ўдзельнічаць у Паэтычных гульнях. Эсэ не выклікала сумневу ў тым, што аўтар санета і ёсць названы лаўрэат, і прызнавала гэта ўжо назвай: «Кожны кітаец — паэт». Арганізатары змовы, калі яна мела месца, згнілі ў сваіх магілах разам з таямніцай. Са свайго боку, лаўрэат памёр без споведзі ў цалкам усходнім веку і быў пахаваны з Залатой архідэяй, але ён знёс і горыч, бо пры жыцці яму так і не ўдалося дабіцца прызнання таго, што ён сапраўды паэт. З прычыны ягонай смерці прэса згадала забыты інцыдэнт першых Паэтычных гульняў. Газеты перадрукавалі санет з віньеткай у мадэрновым духу, якая адлюстроўвала пухкіх дзеў з залатымі рагамі заможнасці, а багі-ахоўнікі паэзіі скарысталіся аказіяй, каб расставіць усё па месцах — санет быў так стрымана ўспрыняты новым пакаленнем, што ўжо ніхто не сумняваўся: насамрэч напісаў яго нябожчык кітаец.
Флярэнтына Арыса заўсёды звязваў той скандал з успамінам пра пышную незнаёмку, што сядзела побач з ім. Ён заўважыў яе напачатку, але тут жа адвёў позірк, бо страшна хваляваўся, чакаючы вынікаў. Яна выклікала ўвагу перламутравай скурай, шчаслівым водарам пышнасці, бязмежнымі грудзямі спявачкі-сапрана са штучнай кветкай магноліі. Яна была ў цеснай вопратцы з чорнага аксаміту, чорнага, як яе прагныя, цёплыя вочы, а валасы былі яшчэ чарнейшыя, сабраныя ззаду цыганскім грабеньчыкам. Кінуліся ў вочы завушніцы-падвескі, каралі ў такім жа стылі і аднолькавыя пярсцёнкі на пальцах, усе як адзін з бліскучымі штучнымі камянямі, а правую шчаку ўпрыгожвала намаляваная алоўкам радзімка. У мітусні фінальнай авацыі яна паглядзела на Флярэнтына Арысу са шчырай горыччу.