Але тады ён памыліўся, і свядомасць будзе нагадваць яму пра гэта няўмольна, штогадзіны ажно да скону. Яна хацела не любові, і тым больш — не аплачванае любові, ёй патрэбна была праца, любая, за любыя грошы, у Карыбскай параходнай кампаніі. Флярэнтына Арысе зрабілася гэтак сорамна за свае паводзіны, што ён павёў яе да кіраўніка аддзела кадраў, і той даў ёй стаўку найніжэйшай катэгорыі ў агульным аддзеле, і яна выконвала службовыя абавязкі сур’ёзна, сціпла і старанна на працягу трох гадоў.
Кантора КПК з дня заснавання знаходзілася каля рачнога прычала, які нічога агульнага не меў з марскім портам альбо з рынкавым прычалам на беразе бухты Прывідаў і месціўся на супрацьлеглым беразе бухты. Будынак быў драўляны, з двухсхільным цынкавым дахам, адным доўгім балконам на слупах з боку фасада і некалькімі вокнамі, забранымі металічнаю сеткай, праз якія было відаць караблі ля прычала, нібыта карціны, што віселі на сценах. Калі немцы, заснавальнікі фірмы, збудавалі дом, дык пафарбавалі дах чырвонай фарбай, а драўляныя перагародкі — блішчастымі бяліламі, так што будынак чымсьці нагадваў рачны карабель. Пазней яго цалкам перафарбавалі ў сіні колер, і да таго часу, калі Флярэнтына Арыса паступіў на працу ў кампанію, дом ператварыўся ў пыльны барак няпэўнай афарбоўкі, а на ржавым даху віднеліся латы з новых лістоў гонты. За будынкам, у патынкаваным дворыку, які абнеслі сеткай, нібы загарадзь для курэй, знаходзіліся два склады пазнейшае пабудовы. У глыбіні двара праходзіў закрыты смуродны канал, дзе гнілі адкіды рачнога суднаходства, што назбіраліся за паўстагоддзя. Гэта былі парэшткі гістарычных параходаў ад самых прымітыўных, аднатрубных, пры ўрачыстым спуску на ваду якіх прысутнічаў Сімон Балівар, і да пазнейшых, што мелі ўжо электрычныя вентылятары ў каютах. Бальшыню з іх паспелі разабраць, каб выкарыстаць матэрыялы на іншых караблях, але шмат з іх былі ў такім добрым стане, што, здавалася, варта іх пафарбаваць, і льга было зноўку пускаць у навігацыю. Толькі разам з ігуанамі і з зарасцямі вялізных жоўтых кветак, якія надавалі годным караблям налёт настальгіі.
На другім паверсе будынка знаходзіўся адміністрацыйны аддзел — у памяшканнях маленькіх, але ўтульных і добра абстаўленых, падобных на карабельныя каюты: дом збудавалі не звычайныя дойліды, а інжынеры-карабельнікі. Пры канцы калідора, нароўні з усімі, у такім жа малым кабінеце працаваў дзядзька Леон XII. Розніца была толькі ў тым, што раніцай на ягоным пісьмовым стале заўжды з’яўлялася шкляная вазачка з духмянымі кветкамі, якія ён любіў. На першым паверсе змяшчаўся пасажырскі аддзел з пачакальняй, абсталяванай простымі лавамі і прылаўкам для продажу квіткоў і прыёму багажу. У самым канцы месціўся няпэўны агульны аддзел, назва якога сама наводзіла на думку пра няяснасць яго прызначэння, туды сцякаліся на павольную смерць праблемы, якія не вырашаліся ў іншых аддзелах прадпрыемства. Там і сядзела за школьнай партай Леона Касіяні, забытая сярод мяхоў з маісам, заваленая рознымі бязглуздымі паперамі, у той дзень, калі дзядзька Леон XII вырашыў асабіста разабрацца і хоць штосьці прыдумаць, — на што ж можа згадзіцца агульны аддзел. Пасля трох гадзін падрабязных запытаў, абстрактных прапаноў і канкрэтнага разбору з усімі супрацоўнікамі ў поўным складзе ён вярнуўся да сябе, з горыччу прызнаўшыся ў тым, што ён усё-ткі не знайшоў вырашэння праблем, а наадварот, выявіў новыя пытанні, якія не паддаваліся вырашэнню.
На наступны дзень Флярэнтына Арыса ўвайшоў у свой кабінет і ўбачыў на стале справаздачу Леоны Касіяні, якая пакорліва прасіла азнаёміцца са зместам дакумента і пасля паказаць дзядзьку, калі яму гэта падасца мэтазгодным. Яна адна не вымавіла ні слова падчас рэвізійнага сходу наконадні. Яна свядома і з годнасцю прытрымлівалася рамак свайго становішча, бо працавала з чужой ласкі, але змаўчала не таму, што ёй не было чаго сказаць, а дзеля захавання службовае іерархіі ў аддзеле. Яе высновы ўразілі яго. Дзядзька Леон XII вырашыў правесці глыбокую рэарганізацыю, але Леона Касіяні думала інакш: паводле элементарнай логікі, агульнага аддзела, у сутнасці, не існавала, ён быў толькі месцам звальвання запушчаных, але нязначных спраў, якіх пазбываліся астатнія аддзелы. Слушным рашэннем, адпаведна, было б закрыццё агульнага аддзела і вяртанне спраў для вырашэння ў аддзелы, якія іх і спарадзілі.
Дзядзька Леон XII зусім не ведаў, хто такая Леона Касіяні, і нават не прыгадваў, ці бачыў яе наагул падчас учорашняга сходу, але, толькі прачытаўшы справаздачу, выклікаў яе ў свой кабінет і прагаварыў з ёю сам-насам на працягу дзвюх гадзін. Яны размаўлялі аб усім патроху, такім быў яго спосаб пазнання людзей. Справаздача была адметнай сваім здаровым сэнсам, і рашэнне, якое яна прапанавала, насамрэч прывяло да пажаданых вынікаў. Аднак гэта ўжо Леона XII не цікавіла: яго зацікавіла яна. Больш за ўсё выклікала ўвагу тое, што пасля пачатковай школы яна вучылася толькі на мадыстку. Апрача таго, яна без настаўніка вывучала ангельскую мову паскораным метадам і ўжо тры месяцы займалася на вечаровых курсах машыністак, гэта было новае рамяство з вялікай перспектывай, як казалі раней пра тэлеграф і — яшчэ да тэлеграфу — пра паравую машыну.
Калі яна пакінула кабінет, дзядзька Леон XII ужо клікаў яе — ды так ужо надалей і называў, — цёзка Леона. Адным росчыркам пяра ён зліквідаваў канфліктны аддзел і размеркаваў справы сярод тых, хто тыя справы стварыў, адпаведна прапанове Леоны Касіяні, а таксама прыдумаў для яе пасаду без назвы і пэўных функцый — фактычна яна сталася ягоным асабістым дарадцам. Удзень, пасля бясслаўнага пахавання агульнага аддзела, дзядзька Леон XII спытаўся ў Флярэнтына Арысы, дзе ён выкапаў Леону Касіяні, і той распавёў яму праўду.
— Дык вярніся ў трамвай і прывядзі мне яшчэ дзвюх-трох вось такіх жа, — адказаў дзядзька. — Тады, спадзяюся, мы дастанем з марскога дна твой патанулы галеон.
Флярэнтына Арыса ўспрыняў гэта як тыповы жарт дзядзькі, аднак на наступны дзень дазнаўся, што яго пазбавілі персанальнага экіпажа, які быў замацаваны за ім шэсць месяцаў назад, і зрабілі гэта дзеля таго, каб ён працягваў пошук прытоеных талентаў у трамваі. Леона Касіяні, дарэчы, надта хутка пазбавілася былое сціпласці і праявіла ўсё, што так умела хавала цягам першых трох гадоў працы. Яшчэ праз тры гады яна кантралявала ўсё прадпрыемства, а за чатыры наступныя падступіла да дзвярэй агульнай управы, але ўвайсці адмовілася, бо ўжо стаяла толькі на адну прыступку ніжэй за Флярэнтына Арысу. Да тае пары яна працавала пад ягоным ачольніцтвам і хацела, каб так было і наперад, хоць насамрэч справы складваліся інакш: сам Флярэнтына Арыса не здагадваўся, што гэта ён падначалены ёй. Ён толькі выконваў ва ўправе тое, што яна падказвала, каб дапамагчы яму прасоўвацца на працы насуперак хітрыкам патаемных супраціўнікаў.
У Леоны Касіяні быў д’ябальскі талент зведваць таямніцы, і яна заўсёды апыналася там, дзе мусіла быць, менавіта ў патрэбны момант. Яна была дынамічнай, нешматслоўнай, мудрай і пяшчотнай. Але калі ўзнікала неабходнасць, з болем у сэрцы давала волю сталёваму характару. Аднак ніколі не карысталася гэтым дзеля сябе. Яе адзінай мэтай было любой цаной, цаною крыві, калі не праходзілі іншыя спосабы, расчысціць лесвіцу, каб Флярэнтына Арыса ўздымаўся па ёй, як ён колісь задумаў, не разлічыўшы ўласных сіл. Яна б зрабіла гэта так ці інакш, зразумела, нібыта з-за неўтаймаванага памкнення да ўлады, але насамрэч з пачуцця сардэчнае ўдзячнасці. Яна ішла да мэты гэтак няўрымсліва, што Флярэнтына Арыса сам заблытаўся ў ейных камбінацыях. У пэўны цяжкі момант ён спрабаваў перакрыць ёй хаду, мяркуючы, што яна імкнецца скінуць яго. Леона Касіяні паставіла яго на месца.
— Узважце ўсё добра, — сказала яна. — Я магу ўвогуле сысці, як толькі вы пажадаеце, але ўсё ж вы як след падумайце.
Флярэнтына Арыса тады абмазгаваў становішча, як толькі мог, і склаў зброю. Справа ў тым, што ў гнюснай вайне ўнутры прадпрыемства, якое пакутавала ад хранічнага крызісу, у паразах неўтаймаванага паляўнічага, у ягоных усё менш пэўных ілюзіях, звязаных з Фэрмінай Дасай, вонкава непарушны Флярэнтына Арыса не ведаў ніводнага імгнення ўнутранага спакою. Ён бачыў чароўную і адважную мурынку, якая, захраснуўшы ў мярзоцці й каханні, працягвала сваё змаганне. Почасту ён употайкі шкадаваў, што яна не аказалася такой, якой ён уявіў яе ў дзень знаёмства, каб можна было плюнуць на прынцыпы і кахаць яе, нават калі б давялося плаціць залатымі самародкамі. Бо Леона Касіяні была такой самай, як тады ў трамваі. Насіла тую ж вопратку няўрымслівай мурынкі, тыя ж шалёныя турбаны, завушніцы з падвескамі і касцяныя бранзалеты, каляровыя каралі і пярсцёнкі з фальшывымі камянямі на ўсіх пальцах, — адным словам, гэта была тая самая вулічная львіца[21]. Усё тое, што дадалося да яе з гадамі, якраз ёй вельмі пасавала. Яна плыла ў асляпляльнай спеласці, ейныя жаночыя чары хвалявалі, цела афрыканкі сталася ядраным. Флярэнтына Арыса і намёкам не выдаваў свайго стаўлення да яе цягам дзесяці гадоў, нібы гэтак плацячы за пачатковую памылку, і яна дапамагала яму ва ўсім, толькі не ў гэтым.