— Шмат шуму з нічога.
Удзень, калі Флярэнтына Арыса ўбачыў Фэрміну Дасу на бабінцы кафедральнага сабора ды заўважыў, што яна прыкладна на шостым месяцы цяжарнасці і цалкам асвоілася з новым абліччам велікасвецкай жанчыны, ён канчаткова вырашыў зрабіць сабе імя й стаць заможным з тым, каб заслужыць яе каханне. Ён нават не падумаў пра відавочную перашкоду — шлюб, бо адначасна вырашыў, нібыта гэта залежала ад яго, што доктар Хувэналь Урбіна мусіць памерці. Ён не ўяўляў, калі і як, галоўным было тое, што падзея, якую ён прымеркаваў, непазбежная, вось ён і будзе цярпліва чакаць хоць да сканчэння вякоў.
Ён пачаў з таго, што без папярэдняй дамовы з’явіўся ў канторы Леона XII, старшыні Рады дырэктараў і генеральнага дырэктара Карыбскай параходнай кампаніі, і сказаў яму, што гатовы скарыцца і прыме любую прапанову. Дзядзька быў пакрыўджаны на яго за тое, што пляменнік адмовіўся ад добрай пасады тэлеграфіста ў Вілья-дэ-Лейвэ, але ўсё ж паддаўся, бо быў упэўнены, што людзі не нараджаюцца раз і назаўсёды ў дзень, калі маці прыносіць іх у свет, — жыццё змушае іх не аднойчы перанараджаць саміх сябе. Апрача таго, удава ягонага брата памерла летась, так і не дараваўшы мужавай нявернасці, але і не пакінуўшы нашчадкаў. Адным словам, ён уладкаваў прыблуднага пляменніка на працу.
Гэта было тыповае для дона Леона XII Ляайсы рашэнне. Пад панцырам бяздушнага камерсанта хаваўся геніяльны летуценнік, які быў здольны заснаваць крыніцу ліманаду ў пустэльні Гуахіра і патапіць у слязах шматлюдныя пахаванні душараздзіральным спевам «In questa tomba oscura»[16].
Ён быў кучаравым і губатым, рыхтык як фаўн, адно што не хапала ліры ды лаўровага вянка, каб стаць дакладна падобным да вобраза падпальшчыка Нерона ў хрысціянскай міфалогіі. Вольны ад кіраўніцтва кампаніяй і адвечных праблем з навігацыяй, ён прысвяціў час папаўненню свайго лірычнага рэпертуару. Больш за ўсё ён любіў спяваць на пахаваннях. У яго быў голас галерніка, не пастаўлены, але з уразлівым дыяпазонам. Хтосьці распавёў яму, што Энрыка Каруза[17] мог разбіваць ушчэнт крышталёвыя вазы сілаю свайго голасу, і тады на працягу многіх гадоў ён спрабаваў рабіць тое ж самае нават з аконнымі шыбамі. Сябры, вяртаючыся з далёкіх вандровак па белым свеце, прывозілі яму найтанчэйшыя вазы і ладзілі адмысловыя святы, каб ён, урэшце, ажыццявіў сваю мару. Усё было дарэмна. Але ў глыбіні грымотнага голасу паблісквала кволае святло пяшчоты, ад якога ўзнікалі расколіны ў сэрцах слухачоў, нібыта ў крышталёвых вазах вялікага Каруза.
Менавіта таму ён быў так чаканы на пахаваннях. Толькі аднойчы, калі яму прыйшла да галавы думка заспяваць «When wake up in Glory»[18], гожую i кранальную пахавальную песню з Луізіяны, капелан загадаў яму змоўкнуць, бо не мог трываць лютаранскага пранікнення ў ягоны каталіцкі касцёл.
Так, між справаю спяваючы оперныя партыі і неапалітанскія серэнады, ён праявіў камерцыйны талент і непераможны прадпрымальніцкі дух, якія ў эпоху найвышэйшага росквіту зрабілі з яго магната рачнога суднаходства. Ён узняўся з нічога, як і ягоныя нябожчыкі браты, і ўсе яны дасягнулі, чаго хацелі, насуперак сораму, пячатку якога неслі як пазашлюбныя, і, апрача таго, непрызнаныя і пазней сыны. Гэта былі вяршкі гэтак званай тады «арыстакратыі прылаўка», свяцілішчам якой стаў Камерцыйны клуб. Аднак, ужо маючы сродкі і мажлівасць жыць, як той рымскі імператар, на якога ён быў падобны, дзядзька Леон XII не пакінуў старога горада. Гэта было зручна для працы; ён жыў з жонкай і трыма дзецьмі так сціпла і ў такім простым доме, што ніколі не здолеў пазбыцца славы скнары. Адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, была, па сутнасці, яшчэ прасцейшай: дамок ля мора, за дзве лігі ад канторы, усю мэблю якога складалі шэсць самаробных крэслаў, суднік і гамак на тэрасе, каб паляжаць і падумаць у нядзелю. Лепш за ўсіх ён сам назваў сябе, калі хтосьці кінуў яму ў твар, што ён багаты.
— Я не багаты, — адказаў ён. — Я жабрак пры грашах, а гэта зусім іншае.
Гэты дзіўны спосаб мыслення, які аднойчы пахвалілі ў публічнай прамове, назваўшы вельмі мудрым вар’яцтвам, дазволіў Леону XII адразу разгледзець у Флярэнтына Арысу тое, што ніхто ў ім не бачыў ні да таго, ні пасля. З таго дня, як пляменнік з’явіўся ў канторы прасіць працу са сваім жалобным выглядам і дваццацю сямю бессэнсоўна пражытымі гадамі, дзядзька пачаў выпрабоўваць яго з казарменнай суворасцю, якая магла зламаць самага нязломнага. Але пляменніка застрашыць не ўдалося. І ніколі не падазраваў дзядзька Леон XII, што Флярэнтынава стойкасць ішла не ад неабходнасці выжыць, не ад плебейскай упартасці, перададзенай яму бацькам, а ад жарснага кахання, і што ні адна перашкода на свеце не здолела б збіць яго з абранага шляху.
Найцяжэйшымі былі першыя гады, калі яго прызначылі пісарам Генеральнай дырэкцыі, на пасаду, нібыта знарок прыдуманую пад яго. Лятары Тугут, які калісьці вучыў Леона XII музыцы, якраз і параіў яму прызначыць пляменніка на працу, звязаную з пісаннем, бо малады чалавек быў нястомным спажыўцом літаратуры, праўда, хутчэй, дрэннай, чым добрай. Дзядзька Леон XII не звярнуў увагі на ўдакладненне пра катэгорыі чытанак, якія праглынаў пляменнік, бо пра яго асабіста Лятары Тугут колісь таксама сказаў, што ў яго, маўляў, не было горшага вучня на спеў, а пры тым ён пазней змушаў плакаць нават надмагільныя камяні. Так ці інакш, немец меў рацыю менавіта ў тым, што Флярэнтына Арыса пісаў любую паперу з такой жарсцю, што нават афіцыйныя дакументы ў яго былі падобнымі да любоўных лістоў. Як ён ні стараўся, дэкларацыі пагрузкі атрымліваліся рыфмаваныя, а звычайныя камерцыйныя лісты дыхалі лірызмам, праз які ім бракавала аўтарытэтнасці. Аднойчы дзядзька з’явіўся ў канторы са стосам карэспандэнцыі, якую ён не адважыўся падпісаць сваім імем, і даў пляменніку апошнюю мажлівасць для выратавання душы.
— Калі ты не здольны напісаць звычайны камерцыйны ліст, дык пойдзеш прыбіраць смецце на прыстані, — сказаў ён.
Флярэнтына Арыса прыняў выклік. Ён высіліўся адужаць самога сябе, каб засвоіць зямную прастату камерцыйнае прозы, пераймаючы ўзоры з натарыяльных архіваў з такім дбаннем, з якім колісь пераймаў стыль улюбёных паэтаў. У тыя дні ён бавіў вольны час каля Натарыяльнае брамы: дапамагаў непісьменным закаханым пісаць духмяныя лісты, каб разгрузіць уласнае сэрца ад слоў кахання, якія нельга было ўпісаць у мытныя справаздачы. Але праз шэсць месяцаў ён, як ні круці, усё ж не здолеў скруціць шыю свайму ўпартаму лебедзю. Так што, калі дзядзька Леон XII зноў прыйшоў з нараканнямі, ён усё-ткі здаўся, але з пэўным гонарам.
— Мяне цікавіць толькі каханне, — сказаў ён.
— Бяда ў тым, — адказаў дзядзька, — што без рачной навігацыі няма і кахання.
Ён выканаў пагрозлівае абяцанне і паслаў пляменніка прыбіраць смецце на прыстані, але даў слова, што будзе прасоўваць яго крок за крокам па службовай лесвіцы, пакуль той не знойдзе сябе. Так і здарылася. Не было працы, здольнай яго зламіць, якая б цяжкая альбо зневажальная яна ні была: ён не адчайваўся праз мізэрны заробак, ніколі не губляў сваёй непарушнай спакойнасці перад грубасцю кіраўніцтва. Аднак нельга сказаць, каб усё гэта рабілася ад наіўнасці: хто пераходзіў яму дарогу, той атрымліваў па заслугах, бо ён быў здольны на ўсё і дзейнічаў з разбуральнай рашучасцю, нягледзячы на свой бездапаможны выгляд. Як прадбачыў і хацеў дзядзька Леон XII, ён зведаў усе таямніцы прадпрыемства, прайшоў праз усялякія пасады за трыццаць гадоў адданай і настойлівай працы, праз мажлівыя і немажлівыя выпрабаванні. На ўсялякай пасадзе ён выяўляў выдатныя здольнасці, вывучаючы кожную дэталь патаемнага механізма гэтак адмыслова, як паэзію, але ніколі не перамог у барацьбе за жаданы трафей, — ён так і не склаў добра ніводнага камерцыйнага ліста. Ён не ставіў перад сабою такой мэты і нават не думаў пра гэта, але давёў сваім жыццём, што ягоны бацька меў рацыю, калі паўтараў да апошняга ўздыху: няма людзей з больш ясным мысленнем, няма больш упартых каменячосаў ці небяспечных і практычных адміністратараў, чымся паэты. Так, прынамсі, апавядаў яму дзядзька Леон XII, які почасту размаўляў з пляменнікам пра бацьку ў хвіліны сардэчнае блізіні, ствараючы перад ім вобраз чалавека, які нагадваў не прадпрымальніка, а летуценніка.