Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Hi ў першую, штармавую, ноч, ні ў наступныя, ужо пры ціхім моры, ні калі-небудзь пазней за вельмі доўгае шлюбнае жыццё Фэрміны Дасы, не здарылася тых брыдкіх рэчаў, якіх яна баялася. Першая ноч, нягледзячы на памеры карабля і раскошу каюты, сталася жахлівым паўторам ночы на шхуне з Рыёачы, і муж выявіўся паслужлівым доктарам — ён не спаў ні хвіліны, суцяшаючы яе, бо толькі гэта мог зрабіць знакаміты лекар супраць марской гойданкі. Але шторм сціх на трэці дзень, калі прайшлі порт Гуайра, і ўжо тады яны правялі столькі часу разам у бясконцых размовах, што адчулі сябе старымі сябрамі. На чацвёртую ноч, калі яны рыхтаваліся да сну, доктар Хувэналь Урбіна быў здзіўлены, заўважыўшы, што маладая жонка не памалілася. Яна адказала шчыра: кры­вадушнасць мнішак адвярнула яе ад царкоўных абрадаў, але вера яе непераможная і яна навучылася верыць моўчкі. І дадала: «Лепш разумецца з Богам непасрэдна». Ён прыняў ейныя аргументы, і з тае пары абое верылі кожны па-свойму. Жаніханне было нядоўгім, але даволі нефармальным для таго часу, бо доктар Урбіна наведваў яе дома, без трэціх асоб і ўсялякі раз увечары. Яна б не дазволіла яму дакрануцца да яе нават пальцам да блаславення біскупа, але ён і не спрабаваў. Менавіта ў першую ноч пры спакойным моры, ужо ў ложку, ён упершыню пачаў лашчыць яе, і так далікатна, што ёй здалося натуральным ягонае жаданне, каб яна апранула начную кашулю. Яна накіравалася ў прыбіральню, але папярэдне згасіла святло ў каюце, а калі выйшла ў начной кашулі, дык спярша заткнула шчыліну ў дзвярах анучамі й пайшла да ложка ў суцэльнай цемры. І пакуль ішла, сказала жартам:

— Чаго ж ты хочаш, доктар. Я ж упершыню кладуся з незнаёмым мужчынам.

Доктар Хувэналь Урбіна адчуў, як яна асцярожна слізганула каля яго, спрабуючы легчы як мага далей на вузкі каютны ложак, дзе дваім цяжка было абысціся без дотыкаў. Ён узяў яе за руку, халодную і напружаную ад жаху, сплёў з ёю пальцы і амаль шэптам распавёў успаміны пра іншыя марскія вандроўкі. Яна зноўку сціснулася, бо ўцяміла, кладучыся, што ён распрануўся нагола, пакуль яна пераапраналася ў прыбіральні. І гэта адрадзіла ейны страх перад наступным крокам. Аднак наступны крок затрымаўся на некалькі гадзін — доктар Урбіна працягваў ціхую гамонку, дабіваючыся даверу яе цела міліметр за міліметрам. Ён апавядаў пра Парыж, пра парыжскіх закаханых, што цалаваліся проста на вуліцы, у амнібусах, на тэрасах кавярняў пад адкрытым небам, і пра сентыментальныя акардэоны парыжскага лета, і пра тых, хто любіўся, стоячы на набярэжных Сены, — і ніхто ім не замінаў. Ён гаманіў у цемры і лашчыў кончыкамі пальцаў выгін шыі, шаўковы пушок рук, ухілісты жывот, і калі адчуў, што яе напруга спала, упершыню паспрабаваў узняць начную кашулю, але яна заўпарцілася і не дазволіла. Сказала: «Я ўмею распранацца сама». Яна сапраўды скінула з сябе кашулю і потым засталася ляжаць нерухома. Доктар Урбіна нават паверыў бы, што яе няма побач, калі б не жар дзявочага цела ў цемры.

Крыху пазней ён зноў узяў яе за руку і адчуў яе цеплыню і разняволенасць, але яшчэ вільготную, нібы ад пяшчотнае расы. Вось так праляжалі трошкі, моўчкі, у спакоі, ён — чакаючы моманту для наступнага кроку, і яна таксама, не ведаючы, скуль чакаць, пакуль цемра не напоўнілася яго ўсё больш напружаным подыхам. Ён раптам выслабаніў ейную руку і рэз­ка адхінуўся: паслініў сярэдні палец і нечакана ледзь-ледзь прылашчыў смочкі. Яна адчула смяротны разрад, быццам бы ён зачапіў аголены нерв. Яна ўзрадавалася цемры, праз якую ён не ўгледзеў, што яна ўспыхнула гарачым сорамам, які ўзру­шыў яе да карэньчыкаў валасоў. «Супакойся, — шапнуў ён вельмі ўпэўнена. — Не забывай, што я іх ведаю». І адчуў, што яна ўсміхнулася, голас стаў зноў пяшчотным у змроку каюты.

— Дзе ж тут забудзешся, — адказала яна, — я дасюль злую на цябе.

Тады доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што яны разам нібыта абмінулі мыс Добрай Надзеі, ён зноўку ўзяў яе мяккую руку і стаў пакрываць лёгкімі пацалункамі: напачатку тугое запясце, доўгія пальцы прадракальніцы, празрыстыя пазногці, а потым — іерогліфы яе лёсу на потнай далоні. Яна сама не ведала, як яе рука апынулася на ягоных грудзях і натрапіла на штосьці, але не магла ўцяміць, што. Ён сказаў ёй: «Гэ­та ладанка». Яна пачала лашчыць ягоныя валасатыя грудзі, потым схапіла зарасці рукой, нібыта хацела вырваць іх. «Мацней», — прапанаваў ён. Яна спрабавала, хоць усведамляла, што не здолее раніць яго, а затым ейная рука ўжо шукала ягоную, нябачную ў цемры. Але ён не даў ёй сплесці пальцы, а ўзяў яе за запясце і павёў яе руку ўздоўж свайго цела з няўважнай, але кіруючай сілай, пакуль яна не адчула гарачы подых драпежніка, невядомага, але жарснага ў сваёй напрузе. Насуперак таму, што ён меркаваў і што Фэрміна сама магла прадбачыць, яна не адвяла руку і не пакінула яе інертна там, дзе ён яе паклаў. Імгненна яна даверыла сябе душой і целам Святой Дзеве, сціснула зубы, баючыся смеху ад уласнага шаленства, і пачала абмацваць ворага, што стаяў дыбам, спазнаючы яго памеры, моц камля, размах крылаў, лякаючыся яго рашучасці, але спачуваючы яго самоце. Яна пранікала ў падрабязнасці з прагнай цікаўнасцю, якую чалавек з меншым досведам, чым яе муж, мог бы ўспрыняць як ласку. Ён сабраў апошнія сілы, каб вытрываць нясцерпнае выпрабаванне, але раптам яна кінула яго, як дзіця — нялюбую цацку, нібыта штосьці непатрэбнае — у смецце.

— Ніяк не магу ўцяміць, як дзейнічае гэтая штука, — сказала яна.

Тады ён растлумачыў ёй, метадычна і сур’ёзна, як настаўнік, і вёў ейную руку па месцах, якія называў, а яна дазваляла яму рабіць гэта з пакораю ўзорнай школьніцы. У дарэчны момант ён падказаў, што ўсё гэта лягчэй засвойваецца пры святле. Ён ужо хацеў запаліць яго, але яна спыніла: «Я лепш бачу рукамі». Насамрэч яна хацела запаліць святло, але прагнула зрабіць гэта сама. Так яна і зрабіла. Ён убачыў, што яна ляжыць у позе эмбрыёна, ахінутая прасцінай. Але яна зноў без сораму, з цікаўнасцю ўзяла драпежніка, павярнула яго так і гэтак, як даследчык, і зрабіла выснову: «Які ён брыдкі, больш брыдкі, чым у жанчын». Ён пагадзіўся з ёю і ўказаў на іншыя непрыемныя абставіны, больш важкія, чым брыдкі выгляд. Ён сказаў ёй: «Гэта — нібы старэйшы сын: усё жыццё працуеш на яго, усім ахвяруеш дзеля яго, а ў вырашальны момант ён паступае так, як яму заманецца». Яна яшчэ разглядвала яго, пытаючыся, навошта гэта ды тое, а потым, калі вырашыла, што ўжо ўсё ведае, прыкінула рукамі вагу, быццам бы даво­дзячы сама сабе, што і вагою гэта нішчымная штука, і кінула яго са зневажальным жэстам.

— Да таго ж, мне здаецца, што тут шмат лішняга, — дадала яна.

Ён зірнуў на яе разгублена. Менавіта такой была тэма яго дысертацыі — мэтазгоднасць спрашчэння чалавечага ар­га­ніз­ма. Ён, арганізм, здаваўся яму архаічным, меў шмат бяздумных альбо дубляжных функцый, якія былі патрэбныя ў бы­лыя эпохі жыцця людскога роду, але не цяпер. Так, цела магло быць больш простым і менавіта таму — менш даступным. Ён зрабіў выснову: «На гэта, зразумела, здольны толькі Бог, аднак, так ці інакш, было б карысна абгрунтаваць гэта тэарэтычна». Яна весела засмяялася, ды так натуральна, што ён скарыстаўся выпадкам, — абняў яе і ўпершыню пацалаваў у вусны. Яна адказала яму, і ён не спыніўся, пяшчотна цалаваў ейныя шчокі, нос, павекі, рука, тым часам, слізганула пад прасцінаю і знайшла круглы і гладкі, нібыта ў японкі, узгорак. Яна не адвяла руку, але трымала сваю напагатове, каб адбіць, на ўсялякі выпадак, іншы, наступны крок.

— Нешта зацягнулася твая лекцыя па медыцыне, — сказала яна.

— Слушна, — адказаў ён. — Зараз будзе лекцыя любові.

Ён сцягнуў з яе прасціну, і яна не толькі не супрацівілася, але і адкінула яе далей ад ложка шпаркім зрухам нагі, бо спякота была нясцерпнай. Яе цела, акруглае і пругкае, было нашмат прыгажэйшым, чым гэта здавалася ў вопратцы, яно мела спецыфічны водар горнага звера, што дазваляў пазнаць яе сярод усіх жанчын свету. Безабаронная пад моцным святлом, яна адчула хвалю гарачай крыві, што ўдарыла ў твар, і адзінае, што ёй прыйшло да галавы і дазваляла схаваць гэта ад мужа, было павіснуць у яго на шыі ды цалаваць яго аддана і моцна, пакуль хапала паветра.

40
{"b":"832361","o":1}