Напачатку Фэрміна Даса і не падумала неяк пра тое, што ўсё гэта яе да нечага абавязвае, але тэкст ліста быў занадта дакладным і недвухсэнсоўным, немажліва было пакінуць яго без адказу. А пакуль, у навальніцы сумневаў, яна здзіўлялася таму, што думае пра Флярэнтына Арысу часцей і больш зацікаўлена, чым жадала б сабе дазволіць, і нават занервавалася, калі не ўбачыла яго ў звыклы час у скверыку, забыўшыся на тое, што сама прасіла не прыходзіць, пакуль яна не прадумае адказ. Вось так гэта і пачалося. Яна б ніколі не здолела ўявіць, што можна думаць пра кагосьці з такім трымценнем, адчуваючы прысутнасць асобы там, дзе яе не было, жадаючы бачыць там, дзе юнак не мог быць, прачынаючыся раптоўна з фізічным адчуваннем, што ён разглядвае яе ў цемры пакоя, калі яна спіць. І таму, аднойчы днём пачуўшы яго рашучыя крокі, шоргат лісця пад яго нагамі ў скверыку, ёй цяжка было паверыць, што гэта не чарговы здзек яе ўяўлення. Але калі Флярэнтына Арыса патрабаваў адказу з уладнасцю, якая не мела нічога агульнага з ягонымі млявымі манерамі, яна пераадолела свой страх і паспрабавала адмаўчацца: не ведала, што яму адказаць. Аднак ён не дазволіў сабе яшчэ раз адступіць, хоць сэрца нібыта падала ў бездань.
— Калі вы прынялі ліст, — сказаў ён, — выхаванасць патрабуе адказу.
Гэта было выйсце з лабірынту. Фэрміна Даса ўжо больш спакойна перапрасіла за маруднасць і фармальна дала яму слова, што ён атрымае адказ да завяршэння школьных вакацый. І стрымала слова. У апошнюю пятніцу лютага, за тры дні да пачатку навучальнага года, цётка Эскалястыка зазірнула ў тэлеграф спытаць, колькі каштуе тэлеграма ў вёску П’едрас-дэ-Малер, якой наагул не было ў спісе тэлеграфных пунктаў краіны, але ж для гэтага падыйшла да Флярэнтына з такім выглядам, нібыта ніколі раней не бачыла яго, і, сыходзячы, наўмысна забыла на прылаўку пераплецены скураю яшчаркі малітоўнік, у якім ляжаў канверт з каштоўнай валакністай паперы з залатымі віньеткамі. Ашалелы ад шчасця, Флярэнтына Арыса правёў рэшту дня з лістом, ён жаваў пялёсткі ружаў і перачытваў словы па літарах зноўку і зноўку, і чым болей чытаў, тым больш пялёсткаў з’ядаў, да поўначы ён з’еў цэлы кветнік, і маці давялося ўгаварыць яго, каб ён, цялё дурное, выпіў адвар з зёлак на касторавым алеі.
Вось і настаў год палымянае ўлюбёнасці. Hi ён, ні яна не жылі нічым іншым, думалі толькі адзін пра аднаго, жарсна чакалі лістоў і адказвалі на іх не менш жарсна. Hi ў тую шалёную вясну, ні ўвесь наступны год яны не мелі магчымасці пагутарыць, як ім хацелася, пачуць жывы голас любага чалавека. Больш за тое, ад першай сваёй сустрэчы ажно да пацвярджэння ім кахання паўстагоддзя пазней, яны ні разу не бачыліся сам-насам і не здолелі сказаць ні слова пра свае пачуцці. Але ж за першыя тры месяцы не было дня без ліста, а не, дык і двох за дзень, пакуль цётка Эскалястыка не спалохалася ненажэрнасці вогнішча, якое сама дапамагла распаліць.
Пасля першага ліста, дастаўленага ў тэлеграфную кантору, нібы помсцячы за ўласны лёс, цётка штодня дазваляла ім абменьвацца пасланнямі падчас быццам бы выпадковых сустрэч, але не хапіла ёй смеласці на тое, каб паспрыяць размове, нават банальнай і мімалётнай. Аднак праз тры месяцы цётка ўцяміла, што ў пляменніцы не лёгкі рамантычны ветрык у галаве, як здавалася напачатку, і што пажар кахання ставіць пад пагрозу яе ж, цётчына, жыццё. Эскалястыка Даса не мела іншай крыніцы сродкаў на існаванне, акрамя міласэрнасці брата, яна ведала, што пры яго тыранічным характары ён не даруе падобнага злоўжывання даверам. Але калі настаў момант прыняць канчатковае рашэнне, яна не змагла стацца чыннікам гора пляменніцы, гора, адбітак якога сама несла з юнацкіх гадоў, таму вырашыла скарыстацца спосабам, які нібы вызваляў яе ад ролі саўдзельніцы. А спосаб быў просты: Фэрміна Даса штодня пакідала свой ліст у патаемным месцы па дарозе з дома ў школу, і ў лісце падказвала каханаму, дзе б яна жадала знайсці адказ. Флярэнтына Арыса рабіў такім самым чынам. І вось лісты — прадметы канфлікту цёткі Эскалястыкі з сумленнем — хаваліся ў царкоўных хрысцільнях, у дуплах старых дрэў, у шчылінах напаўразваленых каланіяльных фартэцый. Часцяком закаханыя знаходзілі лісты, зусім мокрыя ад дажджу, запэцканыя граззю, разадраныя злым чалавекам, а некаторыя наагул прапалі з невядомых прычын, але яны заўсёды ўзнаўлялі кантакты з зайздроснаю вынаходлівасцю.
Флярэнтына Арыса пісаў Фэрміне Дасе штоноч, ён не шкадаваў сябе дзеля гэтага, труцячыся дымам какосавага алею ад лямпы за перагародкай галантарэйнай крамы, і ягоныя лісты рабіліся ўсё больш доўгімі і самнамбулічнымі, бо ён спрабаваў імітаваць сваіх улюбёных паэтаў, чые кнігі выходзілі ў серыі «Народная бібліятэка», што тады ўжо налічвала восемдзесят тамоў. Маці, якая дагэтуль усяляк спрыяла каханню сына, цяпер трывожылася за яго здароўе. «Ты ж так звар’яцееш, — крычала яна са спальні, калі пачыналі спяваць першыя пеўні. — Няма жанчыны, якая б была вартая такога». Яна і сапраўды не ведала нікога, хто дайшоў бы да такога жарснага адчаю. Але Флярэнтына яе не слухаў. Часам ён прыходзіў на працу, не паспаўшы ні хвіліны, з заблытанымі ад перажыванняў валасамі, пасля таго, як пакідаў ліст там, дзе Фэрміна Даса знойдзе яго па дарозе ў школу. Яна ж, жывучы пад нястомным наглядам бацькі і бессаромным віжаваннем манашак у школе, ледзь паспявала напісаць паўстаронкі школьнага сшытку, зачыніўшыся ў прыбіральні або на ўроках, удаючы, што піша канспект. Лісты Фэрміны Дасы абыходзілі ўсялякія сентыментальныя рыфы і фактычна пераказвалі жыццёвыя акалічнасці ў службовым стылі навігацыйнага журнала, але не толькі праз спешку ці боязь быць выкрытай, а яшчэ і праз уласцівасці характару. Для яе ліставанне было забавай, абы толькі падтрымліваць жар вуголля, не рызыкуючы лезці рукамі ў полымя, тым часам Флярэнтына Арыса спапяляў сябе ў кожным радку. Ён хацеў заразіць яе сваім шаленствам і дасылаў ёй вершы, якія пісаў шпількай на пялёстках камеліі, як спрактыкаваны мініятурыст. Менавіта ён адважыўся паслаць ёй у лісце пасму сваіх валасоў, але ніколі не атрымаў жаданага адказу ў выглядзе хоць бы аднаго воласа з ейнае касы. Тым не менш, ён дамогся ад Фэрміны Дасы яшчэ аднаго кроку насустрач, і з тае пары яна пасылала яму засушанае ў слоўніку лісце з пухкімі атожылкамі, крылы матылькоў, пер’е чарадзейных птушак, а ў ягоны дзень нараджэння падаравала яму кавалачак сутаны святога Пэдра Клявэра, з тых, што ў тыя часы таемна прадавалі па цане, недасяжнай для большасці шкалярак. Аднойчы ўначы Фэрміна Даса раптам прачнулася, бо пачула серэнаду — самотная скрыпка выводзіла адзін і той жа вальс. Яе страсянула ад думкі, што кожная нота — гэта падзяка за пялёсткі з гербарыяў, за скрадзены ў арыфметыкі час на напісанне ліста, за жах на іспытах, калі яна больш думала пра яго, чым пра прыродазнаўства. Яна ўзрушылася, але не пасмела паверыць, што Флярэнтына Арыса здольны на падобную неасцярожнасць.
На наступны дзень, падчас сняданку, Лярэнса Даса ледзь стрымліваў цікаўнасць. Па-першае, таму што не ведаў, што азначае на мове серэнадаў, калі граюць толькі адзін твор, а па-другое, таму, што, як уважліва ён ні слухаў, усё ж не здолеў вызначыць, перад чыім домам гралі. Цётка Эскалястыка спакойна зазначыла, вяртаючы пляменніцы душэўную раўнавагу, што глянула была за фіранкі спальні і ўбачыла самотнага музыку ў дальнім кутку скверыка. Да таго ж, выкананне адзінага твора — гэта азнака канчатковага расстання. У лісце таго дня Флярэнтына Арыса пацвердзіў, што гэта ён граў серэнаду, і вальс склаў ён жа, і назваў твор яе імем, з якім Фэрміна Даса жыла ў ягоным сэрцы: «Каранаваная багіня». Пазней ён больш не граў ля скверыка, абіраючы месяцовымі начамі іншыя месцы — так, каб яна магла чуць яго са спальні. Яго ўлюбёным месцам сталі адкрытыя вятрам і навальніцам могілкі для бедных на схіле прыгорка, дзе спалі аўры, а рэзананс быў звышнатуральным. З цягам часу ён навучыўся ўлічваць напрамак ветру і мог быць упэўнены — голас ягонай скрыпкі далятаў да дзяўчыны.
У жніўні таго ж года разгарэлася новая грамадзянская вайна — з роду тых, што спусташалі краіну ўжо больш за паўстагоддзя, і ўрад увёў законы ваеннага часу і каменданцкую гадзіну ад шостай вечара ў штатах Карыбскага ўзбярэжжа. Хоць ужо здараліся беспарадкі і войска ўсяляк злоўжывала ўладай, здзяйсняючы карныя акцыі, Флярэнтына Арыса жыў сваімі мроямі і не ведаў, што робіцца ў свеце; аднойчы вайсковы патруль заспеў яго на золку, калі ён парушаў спрадвечны сон нябожчыкаў дзёрзкай п’есай пра каханне. Ён цудам пазбег імгненнага пакарання паводле абвінавачвання ў шпегаванні і перадачы пасланняў караблям лібералаў, што баразнілі прыбярэжныя воды.