Гэта былі гады яго залатога шчасця. Карміўся ён добра, нават папаўнеў. Янка, прыязджаючы на канікулы, часта хадзіў з Карнеем у кіно (ісці ўтраіх пацукалоў не згаджаўся, і сын пасля ішоў у кіно з маткай). Мне асабліва падабалася, што юнак не саромеецца гэтага чалавека, што яны пасля кіно разам п’юць па куфлю піва і адукаваны хлопец пачціва слухае блытаныя фразы Карнея.
- Бач ты, як ён яго... закруціў. А той яму на бульбе, значыцца, паказваў, як яно там... ваююць... А гэты, значыцца, вельмі прасіўся. А што ты думаеш, кожнаму стварэнню жыць хочацца. Вось яно, значыцца, і так. Але...
Аднойчы я разрагатаўся, пачуўшы яго тлумачэнні, і тата ўпершыню ў жыцці даў мне па карку. Мне было ўжо дзесяць год, і гэта было вельмі крыўдна.
А бацька сказаў:
- Пабачу я, колькі ты на сваім шляху знойдзеш людзей накшталт гэтага прыдуркаватага Карнея, ёлуп хвашчоўскі!
Але я не зусім паверыў яму. Не толькі я лічыў, што гэта глупства. Сапраўды, якія вялікія пачуці маглі жыць у гэтых грудзях? Ніякія.
Вось на полюс ісці, у нетрах цэнтральнай Афрыкі гінуць у ба-лотах, дзе архідэі і недзе далёка дзікуны б^ць у там-тамы - гэта так.
А тут... пацукоў выганяе чалавек.
Усе былі так упэўнены ў гэтым, што не здзівіліся, калі ён з’явіўся і пры немцах з той самай торбай і ў той самай вопратцы. “Сын” быў адрэзаны фронтам, удаву Карней адправіў кудысьці на вёску і застаўся ў доме адзін.
- Гэта мой дом, - пяшчотна казаў ён, пагладжваючы абсаду акна. - Бачыш, як я адгабляваў!.. І сад пачаў цвісці. Сын ужо інжынер, разумны хлопчык. Іх хутка прагоняць, а ў яго - дом. Прыедзе ён з жонкаю, будзе піць чай пад дрэвам. А калі я кіну дом -яго ж парасцягаюць... Якія ж гэта людзі, яны нічога не пабудавалі. І пацукоў усюды развялося... Хіба гэта гаспадары? Яны дрэнныя людзі, яны нічога не будуюць. А чалавека павінен быць, як пчала... Іначай, што ж застанецца дзецям?
Але хутка “дрэнныя людзі” пачалі і будаваць. Надта ўжо выгаднае, наводшыбе, месца было ля хаты Карнея. Тут табе густы сад, далей - яр, які падыходзіў да рэчкі і густа зарос дрэвамі і хмызняком. Поруч толькі адзін будынак, былы рыбны склад з каменнымі сутарэннямі.
Склад абгарадзілі, накруцілі шмат дроту. Пасля з’явілася ля самага саду Карнея незразумелая рэч, падобная на літару “П”. Гаспадар установы, што пасяліўся ў Карнеевай хаце, быў пажылы, змучаны бяссонніцаю чалавек у акулярах, які сяк-так размаўляў паруску. Прыязджалі сюды і другія, часцей за ўсё па начах.
Карнея выгналі. Ён суцяшаў сябе тым, што цяпер хаты ніхто ўжо не кране. Будзе стаяць цалюткая, як рэпка. Але ён кожны дзень хадзіў туды, пакуль яго не ўзяў нейкі падазроны вартавы. Афіцэр, даведаўшыся, у чым справа, доўга рагатаў і дазволіў Карнею жыць у старой лазні. Яму нават выдалі “аўсвайс”.
Жылося яму голадна: было не да пацукоў. Але ён быў задаволены, што жыве ля сваёй хаты, што пан не псуе яе, што яна застанецца цэлай. Аднойчы яго паклікалі да ганка, і там новы гаспадар паказаў яго гасцям.
- Бачыце, тубылец. Галава, як стаўбун. Рад, што я тут - бо хату не запаскудзяць. Сказаў, што цяпер горш, бо пацукоў не ловяць. Разбіраецца, бачыце, у палітыцы. Што ў гэтых пячорных мазгах можа быць?! І гэта называецца чалавек. Дэгенерат! Добра што хоць не шкодны... Ну ідзі, ідзі...
Карней пайшоў. Ён не пакрыўдзіўся. Ён не ведаў, што такое “дэгенерат”. Так ён хадзіў па горадзе. Бачыў надпіс “Зараза!” вакол лагера. Бачыў, што ў горадзе мала людзей, што з яўрэйскіх кладоў часам нясе тлустым дымам. Але ўсё гэта праходзіла паўз яго. Мазгі Карнея здатныя былі рэагаваць толькі на тое, што адбываецца вось тут, на яго вачах.
Пачынаўся зазімак. У лазні рабілася холадна.
Аднойчы на світанні нешта штурхнула яго ў сэрца. Сам не ведаючы чаму, ён занепакоіўся. Потым гэта невядомае прымусіла яго апрануцца і выйсці з лазні. Ніхто чамусьці не затрымаў яго, і ён дайшоў да самай ускраіны саду і ўбачыў там вялізную літару “П”, а ля яе людзей. Людзі рабілі нейкую звычайную сваю работу. Гаспадар хаты стаяў, пазяхаючы, непадалёку ад другога афіцэра, які чытаў з маленькага лістка. Было яшчэ некалькі людзей у зялёным і жанчына, якой толькі што абрэзалі косы ў вялікі папяровы пакет. Жанчына стаяла і нібы нешта глытала, хоць ежы ў яе не было відаць.
Афіцэр павярнуўся і заўважыў Карнея.
- А-а, аўтахтон. Ну-ну, падыходзь. Бачыце, панове, вось і паняты з’явіўся.
Ён амаль любіў гэтага недапечанага чалавека (дрэнныя людзі любяць таго, хто ніжэй за іх) і размаўляў з ім заўсёды паблажліва і ласкава. Але другі афіцэр, той, што чытаў, сказаў яму нешта, і гаспадар занепакоіўся.
- І сапраўды, хадзем адсюль. Давай, давай.
Яму, відаць, вельмі хацелася дадому. Ён хранічна недасыпаў, гэты чалавек. Таму ён з радасцю пакінуў свой пост і павёў Карнея прэч.
- Што гэта тут робяць гэтыя людзі? - спытаў пацукалоў.
- Вешаць будуць. Злачынцаў, - ляніва адказаў афіцэр.
- Як вешаць? - здзівіўся Карней.
- А так, за шыю.
- Вешаць? За што? - Карней занепакоіўся. - І дыхаць нельга?
- Чаму нельга? Льга. Т олькі не ротам.
І раптам пацукалоў загаварыў разважліва і павучальна:
- Няможна вешаць людзей за шыю, пан. Шыя дадзена, каб дыхаць. Іначай нельга дыхаць... Хіба можна так, за шыю? Няможна вешаць людзей. Яны людзі. Яны хочуць есці, піць ваду і піва, плаціць мне грошы, что я выганяю пацукоў. Нашто ж, замест таго каб шкадаваць людзей, раптам - за шыю? Шыя чалавеку не дзеля гэтага дадзена.
Афіцэр з цікавасцю паглядзеў на яго.
- Што гэта ты вярзеш, дурань? Марш адсюль!
Але Карней не пайшоў. Ён стаў ля афіцэра і пранікнёным, вельмі цвёрдым тонам сказаў:
- Яна ж памрэ, праўда? Пане, злпуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы...
Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына - і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:
- Марш, дурань!
Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.
Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.
У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.
Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны
дом.
Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і “тубылец” нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.
- У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану - не простая справа... У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста... А тут пацук адгадаваны і шкодны.
Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:
- Не ведаю. Галава ў мяне такая... Самыя простыя рэчы не разумее.
Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.
Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на ка-ленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: “Цар пацучыны, вета-хавы, цёмны, выходзь... на балаты... там... на пясок рассыпайся...”
Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.
У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.
І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.
Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.
- Зараз папросіць пакінуць аднаго, - сказаў паліцай. - Гэта ўжо заўсёды так.