Литмир - Электронная Библиотека

Божа, умяшаліся ў бойку нават гэтыя людзі, што ўдарам канца карбача1 па носе забіваюць ваўка! Каго ж ты не пакрыўдзіла, панства гэтай зямлі?!.

Я ўжо амаль не глядзеў, як яны дагналі кірасіраў, урэзаліся ім ва фланг, змялі і адрэзалі ад замка. Я толькі глядзеў, як гэты барвяны д’ябал арудаваў двухручным мячом - па-даўнейшаму.

І яшчэ бачыў я, як чорна-зялёны, быццам тванню запэцканы, галаморды Пятро - у яго, як у многіх дэйноўцаў, кепска расла барада

- збіў сваім канём цяжкага каня капітана, на хаду выхапіў кірасіра са страмёнаў, перакінуў яго цераз сядло і загікаў, засвістаў разбойніцкім посвістам, памчаў прэч ад месца сутычкі - каб не адбілі.

Не ўцёк ні адзін кірасір, яны расправіліся з імі хутка, як галодны швейцарац з засмажаным трусом. Частка засталася ляжадь на зямлі, і з іх на месцы здзіралі латы, частку пагналі на вяроўках у бок лясістых узгоркаў.

А гэтыя прыскакалі амаль да самых муроў і пачалі нахабна гарцаваць пад імі. Пасля я ўжо і сам не мог разабрацца, хто каго лае -такія праклёныя сыпаліся з муроў і з поля:

- Зямлянікі, рыдлёўшчыкі!

- Воўчая сыць! Недаедкі!

- Студні салілі!

- Шклоўскія іспанцы!

- Недасекі! Сабаку з’елі!

- Хамаўшчына чарнаногая!

- Гудзі, дуброва, едзе князь па дровы! Матку на суку-харта змянялі! Польская косць, ды сабачам мясам абрасла!

Я загадаў страляць, але тыя так і пырснулі на ўсе бакі. Чалавекі тры звалілася, ды і тых яны падхапілі на ляту, забралі.

Цяпер мы маглі страляць без апаскі. І мы стралялі з гадзіну па асобных кучках людзей. Трымаліся яны нахабна. Два праехалі пад самымі мурамі на кірасірскіх конях і ў латах. Адзін - на кані, пакрытым замест падкладкі ксяндзоўскай рызай (з Рагачыка, відаць, узялі).

Я супакоіўся, нават перамаргнуўся з Дар’яй, што блукала па двары. Усміхнулася і яна мне.

Тыя таксама, відадь, адпачывалі.

А потым стала не да адпачынку. Таму што вазы, тыя самыя, акутыя, пачалі паўзці з-пад лесу да цытадэльных муроў. Іх кацілі надзейна прыкрытыя мужыкі.

Зноў з’явілася конніда і замаячыла па ўзгорках. Так, з вазамі яны прыдумалі хітра, амаль як чэшскія ерэтыкі калісьці. Праўда, “Вагенбург” Ракутовіча быў лягчэйшы і, відадь, больш рухомы. Калі ён прапоўз палову адлегласці да крапасных муроў - мы пачалі паліць па ім з гармат. Пару разоў трапілі. Але праз імгненне адтуль таксама грукнулі гарматы, шэсць штук, роўна столькі, колькі было на мурах у Рагачыку.

Пырснулі каменныя асколкі ля самага майго твару, паваліўся і застагнаў адзін з маіх хлопцаў.

А яны палілі, пасоўваючыся бліжэй і бліжэй. Абваліліся два-тры зубцы на сцяне.

Пятро, які нешта гарланіў пушкарам, раптам шалёным намётам памчаў да Жабінай Вежы. Асадзіў каня і, прымушаючы яго гарачыцца, закрычаў дурным матам:

- Здавайцеся, штурмаваць будзем!

Кізгайла вырваў у пушкара, што наводзіў гармату, фіділь, вылаяўся, сунуў яго ў запальнік. Пашча гарматы вырыгнула агонь.

Мы пачулі глухі ўдар. Потым на тым самым месцы, дзе куражыўся Пятро, устаў косы, завіты, як гляйсар, слуп дыму. Конь узняўся на дыбкі і перакуліўся на спіну, прыціснуўшы сабою седака.

Муры завылі трыумфуючы.

Я не бачыў, як яго падхапілі, - агонь стаяў жахлівым. “Вагенбург” усё набліжаўся, і поле за ім варушылася: ішоў народ. Зноў неслі лесвіцы.

... Прыйшла наша чарга. Я загадаў Аўгусту Тухеру, адзінаму сярод нас немцу, стадь на маё месца, сачыць за боем і падаваць мне сігналы гукамі ражка, а сам спусціўся да брамы. Вылазка стала неабходная бо мая абарона - гэта напад. “Вагенбург” трэба было знішчыць. Трэба было пазбавіць іх гармат.

Мы выйшлі з крэпасці і рушылі на іх трыма плутонгамі, па чарзе страляючы цераз галовы пярэдніх.

Яны кінуліся на нас утрапёна, але швейцарца цяжка збянтэжыць. Мы вялі свой беглы агонь і ішлі.

Нядобра выхваляцца сваімі дзеяннямі, і я скажу толькі, што мы прымусілі да ўцёкаў пярэднія гурты, праніклі да “Вагенбурга” і закляпалі тры гарматы з шасці.

А потым прыйшла расплата.

З дыму, што, як коўдра, укрываў поле, паказаліся раптоўна конныя і пешыя гурты ў белым. Іх было многа. І наперадзе ішоў чалавек, які трос двухручным мячом. І яны ішлі не спяшаючыся, а над іхнімі галовамі лунаў дзікі і суровы харал:

Пан бог цвярдыня,

Цвярдыня мая,

Узняў ён длань маю.

Як Давід на Галіяфа -Узняў.

Вось мой народ,

Як ільвіца, устае.

Пан бог над намі,

З намі ў гневе,

З намі ў гневе Наш народ.

І раптам яны кінуліся наперад. Гэта была нібы лавіна.

- Святы Юры! Русь! - крыкнуў Ракутовіч, і конь Лаўра шарах-нуўся ў бок ад гэтага страшнага голасу.

Яны сутыкнуліся з намі, і нас не выручылі нашы дзіды, абцяжараныя целамі, абсечаныя кароткімі кордамі мужыкоў.

Ракутовіч сек двухручным мячом. І яго атрад не адступаў ад яго. А мы падаваліся задам, захлынаючыся сваёй і чужой крывёю. Па-даваліся занадта паспешліва, каб гэта можна было назваць адступленнем.

Хутка за намі, патрапанымі і зраненымі, з трэскам зачыніліся форткі брамы. Я ўдякаў другі раз: першы раз пры Брэйтэнфельдзе7 -я быў тады ў імператарскай арміі, і намі камандаваў Цілі, а супрадь нас быў шалёны швед - і тут, ад мужыкоў.

І я не стыдаюся гэтага. Калі б гэтаму варвару дадь тых самых утрапёных мужыкоў, але закутых у латы і ўзброеных сталлю, ад яго ўдякаў бы і сам Густаў8. На наша шчасце, у іх былі мяккія шапкі з вяровачным шаломам паўзверх. Гэта ратавала іх ад удару шаблі, але не ад дзіды і свінцу.

А потым пачалося пекла аблогі: лесвіды, што паўзудь уверх, агнявыя патокі смалы, каменні.

Мы кідалі таксама гліняныя збаны з чалавечым калам. Гэта прыдумаў Кізгайла, і гэта была добрая выдумка, бо я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны. Яны тройчы ў тыдзень мыюцца ў сваёй лазні, змываючы з сябе выпарэнні. А па суботах яны ператвараюць гэта ў свяшчэннадзейства, хвошчуць адзін аднаго венікамі, п’юць ягадныя воды і качаюцца ў снезе. Таму яны заўжды моцныя і здаровыя, і, кажуць, гэта вельмі спрыяе добрым паводзінам у ложку. Аднойчы я паспрабаваў залезці на гэты іхні “палок” і скажу вам, што свінец і агонь, якімі асыпалі нас пры Бургштале паблізу Вольмір-штэта, дзе нас упершыню адлупцаваў швед, - дзіцячыя забаўкі ў параўнанні з той лазняй. Я адчуваў сябе, як у пекле.

Але не было выдумкі горш за гэту, бо, скажу я вам, гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы. Іх не так абражала унія і зняслаўленыя цэрквы, як тое, што іхніх праваслаўных нябожчыкаў не дазвалялі вывозідь з горада іначай, як праз тую браму, праз якую вывозілі нечыстоты і іншы бруд.

Гэты штурм! Я радаваўся толькі таму, што, як заўсёды падчас бойкі, думаў на мове маёй радзімы. Гэта добра.

Але ўсё адно жахлівей не было нічога. Падалі лесвіды, а яны лезлі і лезлі, як чэрці, і хутка сеча закіпела на мурах.

Кізгайла, я і мае людзі секліся адчайна, але яны цяснілі нас, а наперадзе іх выў і крыўляўся сівы і маленькі, як кобальд9, чалавечак у рыззі - іхні святы.

І яшчэ бачыў я, як сек двухручным мячом дэман у барвяніцы. Яго скінулі ўніз разам з лесвіцай, але яна зачапілася за рог вежы і спаўзла ўніз, і ніхто, здаецца, не загінуў.

Мужыкі з навакольных вёсак сцякаліся на ўзгоркі і глядзелі на пабоішча, як на бойку ля шынка.

- Зляцелася груганнё, - хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і з нянавісцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.

Потым ён кудысьці знік.

А нас адцяснілі да сцяны глухой Саляной вежы, і тут мы, сорак швейцарцаў, стаялі, ашчацініўшыся зброяй, і рыкалі на абкружаўшых нас ворагаў.

Гэта было ўжо толькі справай гонару, таму што абараняць не было чаго.

28
{"b":"829332","o":1}