Литмир - Электронная Библиотека

Інтарэсы гэтай жанчыны надзвычай абмежаваныя. Але як толькі яна ўваходзіць у сферу свайго жыцця, дык адразу ажыўляецца да непазнавальнасці. Тут, напэўна, і ляжыць дарога да яе сэрца. I хоць гэтая дарога не асабліва яго прываблівала, у інтанацыях жанчыны была нейкая напружанасць, якая абуджала ў ім жаданне адчуць яе цела, схаванае пад грубым рабочым адзеннем.

Мужчына з усяе сілы раз за разам пачаў утыкаць зазубраную рыдлёўку ў пясок.

6

Калі ён адцягнуў бітоны з-пад газы другі раз, пачуліся галасы, і ўгары на сцежцы загайдаўся ліхтар.

Тонам, які мог здацца нават рэзкім, жанчына сказала:

— Кашы! Тут хопіць, памажыце мне там!

Мужчына толькі цяпер зразумеў, нашто тыя мяшкі з пяском каля лесак наверсе. Па іх хадзіла вяроўка, калі падымалі і апускалі кашы. З кожным кашом упраўляліся чатыры чалавекі, і такіх груп было, відаць, дзве ці тры. Пераважна гэта была, як яму здалося, моладзь, якая працавала дружна і спорна. Пакуль насыпалі адзін кош, другі чакаў ужо свае чаргі. За шэсць заходаў куча пяску ў яме без следу знікала.

— He хлопцы — агонь!

Рукавом рубашкі ён выціраў пот, тон голасу яго быў лагодны. Мужчына адчуў сімпатыю да гэтых хлопцаў, якія, здавалася, цалкам аддаліся сваёй працы і не кінулі ніводнага насмешлівага слова пра яго дапамогу.

— Праўда, у вас строга трымаюцца запаведзі: «Будзь верны духу любові да радзімы».

— А што гэта за дух?

— Дух любові да тае мясціны, дзе ты жывеш.

— Гэта вельмі добра!

Мужчына засмяяўся. За ім засмяялася і жанчына. Але яна, мабыць, і сама толкам не ведала, чаго смяецца.

Пачулася тарахценне — ад’язджаў пікап.

— Ну што, перакурым?

— Нельга, калі яны аб’едуць усіх, адразу вернуцца са сваімі кашамі.

— Нічога, астатняе можна і заўтра...

Ён махнуў рукою, устаў і выправіўся да хаты, але жанчына і не думала ісці ўслед за ім.

— Так не гадзіцца. Трэба хоць раз прайсціся з рыдлёўкаю вакол хаты.

— Вакол хаты?

— А як жа. Хіба можна дапусціць, каб хата абвалілася?.. Пясок жа сыплецца з усіх бакоў...

Жанчына, нібыта кідаючы выклік, рэзка павярнулася і пабегла. Хоча, напэўна, вярнуцца да абрыву і зноў узяцца за работу. Усё роўна як шпанская мушка. Усё зразумела, цяпер яго гэтым не возьмеш.

— Жах! I гэтак кожную ноч?

— Пясок не адпачывае і не дае адпачынку... I кашы і пікап усю ноч рухаюцца.

— Мабыць, праўда...

Ведама, гэта праўда. Пясок ніколі не адпачывае, ніколі не дае адпачыць. Мужчына разгубіўся. У яго было такое адчуванне, быццам ён раптам заўважыў, што змяя, якой ён легкадумна наступіў на хвост, лічачы яе маленькаю і бяскрыўднаю, вялізазная, і яе ядавітая галава пагражае яму ззаду.

— Што ж выходзіць! Вы жывяце толькі, каб адграбаць пясок!

— Але ж нельга ўзяць і ўцячы ўночы.

Мужчына быў ашаломлены. Ён не жадаў быць уцягнутым у такое жыццё.

— Чаму не, можна!.. Хіба так гэта цяжка?.. Вы зможаце ўсё, калі толькі захочаце!

— He, так нельга... — Жанчына, дыхаючы ў такт ударам рыдлёўкі, прадаўжала абыякавым тонам: — Вёска неяк можа яшчэ існаваць толькі таму, што мы нястомна адграбаем пясок і гэтым зберагаем ёй жыццё... А калі мы перастанем капаць, яе засыпле пяском меней чым за дзесяць дзён — і нічога ад вёскі не астанецца... Ну і потым... Ой, здаецца, чарга да суседзяў дайшла...

— Вельмі ўдзячны вам за цікавы расказ... Па гэтай жа прычыне і пераносчыкі кашоў так шчыруюць?

— Ведама, але яны, праўда, падзённа атрымліваюць нешта ад сельскае ўправы...

— Калі вёска мае такія грошы, чаму ж не насаджаюць лясных палос, каб абараніцца ад пяску?

— Калі падлічыць, дык выйдзе, напэўна, што наш спосаб намнога дзешавейшы...

— Спосаб?.. Хіба гэта спосаб? — Мужчына раптам зазлаваўся. Зазлаваўся на тых, хто прывязаў жанчыну да гэтай мясціны, і на жанчыну, што дазволіла сябе прывязаць. — Калі так, дык навошта ж трымацца за гэтую вёску? Ну, не разумею прычыны... Пясок не такая ўжо дробязная штука! Вялікаю памылкаю было б думаць, што наша старанне можа процістаяць пяску. Лухта!.. З гэтым глупствам трэба кончыць... кончыць раз і назаўсёды. Я нават не магу спачуваць вам!

Адкінуўшы рыдлёўку да бітонаў, што валяліся воддаль, і не звяртаючы ўвагі на выраз яе твару, ён вярнуўся ў хату.

Не спалася. Мужчына прыслухоўваўся, што робіць жанчына. Яму было крыху сорамна: такія яго паводзіны ўрэшце — гэта рэўнасць да таго, што яе тут трымае, прымус кінуць працу і крадком прыйсці да яго ў пасцель. Сапраўды, тое, што ён адчуваў, было не проста абурэнне жаночай дурнотай. Усё было куды глыбей. Коўдры ўсё болей сырэлі, пясок усё мацней прыліпаў да цела. Як гэта несправядліва, як гэта абуральна! I таму няма чаго вінаваціць сябе за тое, што кінуў рыдлёўку і вярнуўся ў хату. Такой адказнасці ён на сябе не возьме. У яго і без гэтага клопату хоць адбаўляй. I тое, што яго завабілі ў пясок і насякомыя, урэшце было толькі спробаю ўцячы, хай сабе ненадоўга, ад нудных абавязкаў шэрага жыцця...

Ніяк не заснуць.

Жанчына без адпачынку ходзіць узад і ўперад. Некалькі разоў гул кашоў, што апускаліся, набліжаўся, потым зноў аддаляўся. Калі так будзе і далей, заўтра ён не зможа працаваць. Трэба ж устаць, як толькі развіднеецца, бо днём мала зробіш. Чым болей ён стараўся заснуць, тым меней браў сон. Пачало рэзаць у вачах, яны слязіліся, маргалі, але не маглі справіцца з пяском, які сыпаўся няспынна. Ён разгладзіў ручнік і накрыў ім твар. Стала цяжка дыхаць. Але гэтак усё ж лепей.

Падумаю пра што-небудзь другое. Заплюшчваеш вочы, і пачынаюць гайдацца, плаваць нейкія доўгія ніці. Гэта пясчаныя ўзоры бягуць па дзюне. Паўдня не адрываў ад іх вачэй, і яны, напэўна, адбіліся на сятчатцы. Такія самыя ручаіны пяску засыпалі, паглыналі расквітнелыя гарады і вялікія імперыі. Гэта называюць, папраўдзе, сабуляцыяй Рымскай імперыі... А гарады, апетыя Амарам Хаямам... У іх былі кравецкія майстэрні, крамкі мяснікоў, рынкі. Іх аблытвалі, густа пераплятаючыся, дарогі, якіх, здавалася, нішто не зрушыць з месца. Колькі гадоў трэба было змагацца з уладамі, каб хоць аднае змяніць кірунак... Старажытныя гарады, у непахіснасці якіх не сумняваўся ні адзін чалавек... Але ўрэшце і яны не змаглі процістаяць закону пяску дыяметрам адна восьмая міліметра, які знаходзіцца ў вечным руху.

Пясок...

Калі глядзець праз прызму пяску, усе прадметы, што маюць форму, нерэальныя. Рэальны толькі рух пяску, які адмаўляе ўсякую форму. Але там, за тонкаю дашчанаю сцяною, жанчына не перастае капаць. Ну што яна можа зрабіць такімі тонкімі, кволымі рукамі? Усё роўна што спрабаваць вычарпаць мора, каб на яго месцы паставіць дом. Спускаючы карабель на ваду, трэба ведаць, якая тая вада.

Гэтая думка нечакана вызваліла яго ад адчування прыгнечанасці, выкліканага шастаннем пяску, які капала жанчына. Калі карабель прыгодны для вады, ён павінен быць прыгодны і для пяску. Калі збавіцца ад ідэі нерухомасці хаты, дык адпадзе патрэба змагацца з пяском... Свабодны карабель, што плыве па пяску... Плывучыя дамы... Бясформныя вёскі і гарады...

Пясок, зразумела, не вадкасць. Таму на яго паверхні нішто не ўтрымаецца. Калі, напрыклад, пакласці на яго корак з меншаю ўдзельнаю вагою, дык праз нейкі час ён патоне. Каб плысці па пяску, карабель павінен мець асаблівыя якасці. Напрыклад, дом, паводле формы накшталт бочкі, які можа рухацца перакочваючыся... Калі ён будзе хоць крыху вярцецца, дык зможа страсаць пясок, што навальваецца на яго, і зноў падымацца на паверхню... Безумоўна, пры няспынным вярчэнні ўсяго дома людзі ў ім не змогуць адчуваць сябе ўстойліва... Трэба будзе, напэўна, выявіць вынаходлівасць — ну хоць бы адну бочку ўкласці ў другую... Зрабіць так, каб цэнтр цяжару ўнутранай бочкі аставаўся нязменны і падлога заўсёды была ўнізе... Унутраная бочка заўсёды будзе нерухомая і толькі верхняя — будзе вярцецца... Дом, які будзе гайдацца, як маятнік вялізнага гадзінніка... Дом-калыска... Карабель пяскоў...

6
{"b":"828992","o":1}