Литмир - Электронная Библиотека

Вёскі і гарады ў няспынным руху — безліч гэтых караблёў...

Ён і не заўважыў, як задрамаў.

7

Мужчыну разбудзіла кукарэканне, падобнае на скрып заржавелае гушкалкі. Трывожнае, непрыемнае абуджэнне. Здавалася, толькі што развіднелася але стрэлкі гадзінніка паказвалі адзінаццаць гадзін шаснаццаць мінут. Напраўду, сонца свеціць, як у поўдзень. А змрочна тут таму, што гэта дно ў яме і сонечныя промні яшчэ не дайшлі сюды.

Ён падхапіўся. З твару, з галавы, з грудзей, шастаючы, пасыпаўся пясок. Ён наліп і зацвярдзеў ад поту вакол губ і носа. Абціраючы яго тыльным бокам рукі, мужчына збянтэжана маргаў. З чырвоных вачэй цяклі слёзы, быццам цярнулі па павеках нечым шорсткім, ды адных слёз было мала, каб змыць пясок, што накарэў у вільготных кутках вачэй.

Ён пайшоў да бачка, што стаяў на таку, зачэрпнуць хоць крыху вады і раптам убачыў жанчыну, якая спала каля агнішча. Забыўшыся пра рэзь у вачах, ён затаіў дыханне.

Жанчына была зусім голая.

Скрозь пялёнку слёз, што засцілала вочы, яна здалася яму невыразным, расплывістым ценем. Яна ляжала на цыноўцы без ніякай падсцілкі, дагары, усё яе цела, апрача галавы, было нібыта выстаўлена напаказ, левая рука крыху прыкрывала ніз пруткага жывата. Куточкі цела, якія людзі звычайна хаваюць, — на віду, і толькі твар, якога ніхто не саромеецца паказваць, захінуты ручніком. Гэта, ведама, дзеля таго, каб засланіць вочы, рот, нос ад пяску, ды такі кантраст яшчэ болей падкрэсліваў яе галізну.

Усё цела ўкрыта лёгкім, тонкім налётам пяску. Пясок прыхаваў дэталі і падкрэсліў жаноцкасць ліній. Яна здавалася скульптурнаю, пазалочанаю пяском. Нечакана з-пад языка ў яго пабегла ліпкая сліна. Але ён не мог праглынуць яе. Пясок, што набіўся між губамі і зубамі, увабраў сліну і распоўзся па ўсім роце. Ён нагнуўся, каб выплюнуць сліну, змяшаную з пяском. Але колькі ні сплёўваў, у роце было шорстка. Як ён ні вычышчаў рот, пясок там усё роўна аставаўся. Здавалася, між зубамі няспынна ўтвараецца ўсё новы пясок.

На шчасце, бак быў зноў поўненькі вады. Апаласкаўшы рот і вымыўшы твар, мужчына адчуў, што вяртаецца да жыцця. Ніколі яшчэ ён не зведваў так востра цудадзейнасці вады. Вада, як і пясок, — мінерал, але гэта такое чыстае, празрыстае неарганічнае рэчыва, што яно злучаецца з целам намнога лягчэй, чым любы жывы арганізм... Даючы вадзе магчымасць паволі ўлівацца ў горла, ён уявіў сабе адчуванне жывёліны, якая корміцца камянямі...

Мужчына зноў павярнуўся і паглядзеў на жанчыну. Але падысці бліжэй да яе яму не захацелася. На жанчыну, прыцярушаную пяском, прыемна глядзець, але датыкацца да яе наўрад ці прыемна.

Узбуджанасць і злосць, што зведаў ён уночы, цяпер, белым днём, здаваліся яму няпраўдаю. Будзе што расказаць. Нібыта дзеля таго, каб замацаваць у памяці ўсё ўбачанае, ён яшчэ раз паглядзеў навокал і стаў хутка збірацца. Рубашку і штаны не падняць — гэтулькі ў іх набілася пяску. З-за такой дробязі няма чаго хвалявацца. Але вытрасці пясок з адзення аказалася цяжэй, чым вычасаць перхаць з галавы.

Чаравікі таксама былі засыпаны пяском.

Да таго, як пайсці, трэба, напэўна, нешта сказаць жанчыне?.. Але, з другога боку, калі пабудзіць яе, ёй будзе сорамна. Добра, але як жа быць з платаю за начлег?.. А можа, лепей па дарозе назад зайсці ў праўленне арцелі і перадаць грошы дзеду, які ўчора прывёў яго сюды.

Ціхенька ён выйшаў з хаты.

Сонца, нібы кіпучая ртуць, пацякло цераз край пясчанай сцяны і паступова разлілося па дне ямы. Нечакана разанула яму ў твар яркае святло — і ён здрыгануўся і прыплюшчыў вочы. Ды праз імгненне забыўся пра ўсё, гледзячы на пясчаную сцяну, якая высілася перад ім.

Дзіва! Вераўчаныя лескі, што віселі тут уночы, зніклі.

Мяшкі, якія ён прыкмеціў, напалавіну засыпаныя пяском, ляжалі на тым самым месцы. Значыць, ён нічога не пераблытаў. Ці можа быць, каб адны толькі лескі патанулі ў пяску? Ён рынуўся да сцяны і стаў разграбаць яе рукамі. Пясок, не супраціўляючыся, абвальваўся і сыпаўся ўніз. Але ж ён шукае не іголку, і калі нічога не знайшоў адразу, дык колькі ні рыйся — нічога не будзе... Намагаючыся заглушыць растучую трывогу, мужчына, збянтэжыўшыся, стаў зноў аглядаць пясчаны абрыў.

Ці няма такой мясціны, дзе можна было б узлезці? Некалькі разоў абышоў ён кругом хаты. Калі ўзлезці на страху каля паўночнай сцяны, павернутай да мора, дык тут, напэўна, найбліжэй да верху, але ўсё роўна гэта метраў дзесяць, а то і больш, дый сцяна гэтая самая абрывістая. I звісае з яе цяжэрная шапка пяску, паглядзіш — вельмі небяспечная.

Болей пакатая заходняя сцяна, крыху ўвагнутая, як конус з сярэдзіны. Паводле самых аптымістычных разлікаў, вугал тут пяцьдзесят, ну, сама меней сорак пяць градусаў. На спробу трэба зрабіць асцярожна адзін крок. Ступіў уверх раз — з’ехаў на паўкрока. Ды ўсё ж, калі пастарацца, можна ўзлезці.

Першыя пяць-шэсць крокаў усё ішло, як ён і думаў. Потым ногі пачалі тануць у пяску. Не паспеў яшчэ добра зразумець, ці прасунуўся наперад, а ногі ўжо ўгрузлі да каленяў, і далей ісці не было сілы. Ён зноў паспрабаваў адолець схіл, караскаючыся на карачках. Гарачы пясок апякаў далоні. Увесь спацеў, на пот наліп пясок, заляпіла вочы. А потым сутарга скурчыла ногі, і ён зусім ужо не мог рухацца.

Мужчына прыпыніўся, каб перадыхнуць. Думаючы, што ўзабраўся высакавата, расплюшчыў вочы і ажно жахнуўся: не падняўся і на пяць метраў. Чаго ж ён высільваўся? Дый схіл у разоў два круцейшы, чым здаваўся знізу. А той, што над ім, яшчэ страшнейшы. Яму трэба было караскацца ўверх, але замест гэтага ўся сіла, відаць, пайшла на тое, каб угрызацца ў пясчаную сцяну. Пясчаны выступ, што навіс перад ім, заступіў яму дарогу.

Мужчына дакрануўся да перасохлага выступа над галавою, і ў гэты момант пясок выплыў у яго з-пад ног. Невядомая сіла выкінула яго з пяску, і ён упаў на дно ямы. У левым плячы хруснула, быццам зламалася палачка, якою ядуць. Ён адчуў невялікі боль. I нібыта каб суцішыць гэты боль, дробны пясок яшчэ бег нейкі час, шастаючы па схіле. Потым прыпыніўся. На шчасце, калецтва было невялікае.

Падаць духам яшчэ рана.

Ледзь стрымліваючы сябе, каб не закрычаць, ён паволі вярнуўся ў хату. Жанчына спала ў той самай позе. Спачатку ціха, потым мацней і мацней ён стаў клікаць яе. Замест адказу яна, быццам незадаволеная, перавярнулася на жывот.

З яе цела ссыпаўся пясок, крыху агаліўшы мясцінамі плечы, рукі, бакі, паясніцу. Але яму было не да гэтага. Падышоўшы, ён садраў у яе з галавы ручнік. Яе твар, увесь у нейкіх плямах, быў непрыемны, грубы, не тое што прыцярушанае пяском цела.

Дзіўная белізна гэтага твару, якая ўразіла яго ўчора, пры лямпе, была ад пудры. Цяпер пудра дзе-нідзе сцерлася і ляжала камякамі. На памяць прыйшлі танныя, згатаваныя без яец катлеты, на якіх белымі плямамі выступае пшанічная мука.

Нарэшце жанчына расплюшчыла вочы, жмурачыся ад яркага святла. Схапіўшы яе за плечы і трасучы з усяе сілы, мужчына загаварыў хутка, умольна:

— Паслухайце, лесак няма! Як можна падняцца наверх? Адсюль жа без лесак немагчыма выбрацца!

Жанчына збянтэжана схапіла ручнік і нечакана рэзка некалькі разоў лопнула сябе па твары, потым павярнулася да яго спіною і ўпала ніц на цыноўку. Можа, яна засаромелася? Магла пакінуць гэта на другі раз. Мужчына залямантаваў, нібыта яго прарвала:

— Я не жартую! Калі зараз жа не аддасі лесак, кепска будзе! Я спяшаюся! Куды ты іх дзела, каб цябе чорт узяў? Жартуй, ды меру ведай! Зараз жа аддавай!

Але жанчына не адказвала. Яна ляжала ў той самай позе і паволі пакручвала галавою.

I раптам мужчына неяк звяў. Пагляд яго патух, спазма сціснула горла, і ён амаль задыхнуўся. Мужчына раптам зразумеў, што допыт гэты недарэчны. Лескі ж былі вераўчаныя... Вераўчаныя лескі не могуць самі стаяць... Нават калі яны ў цябе ў руках, знізу іх не прыладзіш. Значыць, прыбрала іх не жанчына, a нехта другі, хто быў наверсе, на дарозе... Абсыпаны пяском няголены твар перакрывіўся ў няшчаснай грымасе.

7
{"b":"828992","o":1}