Добра, я таксама дам масцы яшчэ адзін шанц, на шчасце, яна яшчэ ёсць. Мне ўсё роўна, таму патрэбен такі ўчынак, які разбурыў бы цяперашняе становішча і выратаваў мае спробы ад небыцця. Адзенне, у якое я пераадзяваўся, і духавы пісталет ляжалі на сваіх месцах. Варта было мне разматаць бінт і надзець маску, як адразу ў маім псіхалагічным спектры адбыліся змены. Напрыклад, адчуванне сапраўднага твару, што мне ўжо сорак гадоў, ператварылася ў адчуванне, што мне яшчэ толькі сорак гадоў. Зірнуўшы ў люстэрка, я адчуў радасць, быццам сустрэўся з даўнім другам. З мушыным гудзеннем маска стала зноў зараджацца характэрнымі ёй ап’яненнем і самаўпэўненасцю, пра якія зусім я забыўся. Не трэба рабіць паспешлівых вывадаў. Маска не мела рацыі, але і не памылялася. Нельга знайсці адказу, які падыходзіў бы на ўсе выпадкі.
Быццам скаваны, я выйшаў на начную вуліцу. Было так позна, што не траплялася прахожых, неба, ускудлачанае, быццам хворы сабака, навісла над самымі дахамі. Сыры вецер, ад якога запяршыла ў горле, паказваў на дождж. У найбліжэйшай тэлефоннай будцы я стаў перагортваць тэлефонную кнігу, спрабуючы знайсці, дзе ты магла б схавацца. Дом тваіх бацькоў, дом твае школьнае сяброўкі, дом твае дваюраднае сястры. Але ўсе гэтыя спробы кончыліся нічым. Па туманных адказах — хочаш вер, хочаш не вер — цяжка было зразумець праўду. Я ў нейкай ступені быў гатовы да гэтага і не асабліва засмуціўся. Можа, паехаць дахаты? Да апошняе электрычкі ёсць яшчэ крыху часу, а калі не паспею, можна ўзяць таксі.
Паступова нарастае ўва мне злосць. Я разумею тваё абурэнне, але ж гэта пытанне самалюбства і гордасці — клоун прымусіў цябе сысціся з ім. Я не збіраюся ставіцца да твае гордасці як да непатрэбнага апендыкса, але я магу толькі паціснуць плячыма: ці вартая яна таго, каб праз яе ўручаць ноту пра разрыў адносін? Хачу папытацца: які бок сестрынога твару цалаваў брат у гэтым фільме? Наўрад ці зможаш адказаць. Ты ж не памагла мне, як памог брат сваёй сястры. Хоць ты і прызнавала, што маска патрэбна, табе яна была прыручанаю маскаю, няздольнаю парушыць забарону. Ну, а цяпер беражыся. Цяпер за табою гоніцца маска — дзікі звер. Паколькі выкрыта сапраўдная сутнасць яе, яна з маскі слабай, аслепленай рэўнасцю, ператварылася ў маску, здольную пераступіць любы закон. Ты сама выкапала сабе магілу. Ніколі яшчэ тое, што я напісаў, не прыносіла падобных пладоў.
Нечакана пачуў я вострае цоканне жаночых абцасаў. Астаецца адна маска — я знікаю. Імгненна, не думаючы ні хвіліны, я схаваўся за вуглом, спусціў засцерагальнік і затаіў дыханне. Для чаго я ўсё гэта рабіў? Можа, гэта проста спектакль, каб праверыць цябе, а можа, і на самай справе нешта надумаўся? Я не магу адказаць сабе на гэта пытанне, пакуль жанчына не апынецца на адлегласці стрэлу, да самага апошняга, вырашальнага моманту.
Але давай падумаем. Зрабіўшы гэта, ці змагу я ператварыцца ў лебедзя? Ці змагу я прымусіць людзей адчуць сябе саўдзельнікамі злачынства? А ці трэба гэта? Ясна адно — я магу толькі стаць распуснікам, кінутым на волю лёсу. Маё злачынства будзе камічнае, і таму мяне апраўдаюць — вось і ўсё. Паміж кінафільмам і рэальнасцю існуе, відаць, розніца. Усё роўна нічога не зробіш, — каб перамагчы сапраўдны твар, другога сродку няма. Я ведаю, гэта, безумоўна, віна не аднае маскі, справа, найхутчэй, ува мне самім... Але тое, што тоіцца ўва мне, ёсць ва ўсіх другіх людзях, гэта нешта агульнае, і таму я не жадаю ўвесь цяжар віны ўзвальваць на свае плечы... Абвінаваціць аднаго мяне не ўдасца... Я ненавіджу людзей. Я не маю намеру апраўдвацца перад кім бы там ні было!
Хада набліжаецца...
Болей ніколі пісаць не змагу. Пісаць трэба, відаць, калі нічога не здараецца.
Зноскі
[1] Сэнсэй — вежлівы зварот да старэйшага, паважанага чалавека.
[2] Сёдзі — у японскай хаце рассоўныя перагародкі, абцягнутыя папераю.
[3] Ё-ё — цацка з двух паўшар’яў, звязаных ніткаю. Ніжняе паўшар’е апускаюць уніз, нітка скручваецца, і яно ўзлятае ўгору.
[4] «Аповесці пра Гэндзі» — японскі раман XI стагоддзя.