— Як вы там, Сцяпан Васільевіч? — не вытрымаў Віця.
— Хочаш ведаць мае ўражанні? — Бурмакоў глядзеў на чырвоныя барханы.— Трэба разабрацца. Ды што я бачыў? Амаль тое, што і вы там. Адно скажу: твае зямныя рэкорды, здаецца, і я перакрыў бы.— I пачаў паднімацца ў ракетаплан.
III
Наступную вылазку на Марс Бурмакоў рабіў з Віцем. Настрой у касманаўтаў быў добры. Зямля павіншавала з першым кантактам — яго глядзелі не толькі ў Цэнтры кіравання палётам, а і па ўсёй краіне. I гэта было асабліва прыемна.
Новая праграма была больш насычанай. Вылецелі на двухмесным варыянце «Скакунка», здольным, акрамя людзей, браць на борт усюдыход. Месца для пасадкі на гэты раз выбралі гарыстае, паблізу каньёнаў экватарыяльнай зоны. На выпадак, калі нельга будзе праехаць на ўсюдыходзе, касманаўты мелі спецыяльны лятальны апарат, падобны на самалёт. Лёгкі, устойлівы, выпрабаваны ў высакагорных зямных умовах, ён на Марсе павінен быў служыць добра.
Цяпер Павел на караблі застаўся адзін, але адчуваў сябе больш упэўнена, не было ўчарашняй трывогі за таварышаў. Марс аказаўся прыветным, тэхніка дзейнічала надзейна. I Паўлу заставалася толькі быць гледачом. Пераносныя тэлекамеры паказвалі даволі поўную карціну падзей на месцы высадкі, а Сцяпан Васільевіч часам яшчэ і каменціраваў тое, што бачыў і адчуваў.
«Скакунок» апусціўся ў вусці доўгай вузкай цясніны — аднаго са шматлікіх рукавоў галоўнага каньёна. Паабапал грувасціліся горы, голыя, маўклівыя.
I дно цясніны, пясчанае, усеянае, быццам нехта параскідаў іх, камянямі, было такое ж дзікае, нагадвала рэчышча даўно высахлай бурнай ракі, ад якой ужо не засталося ні ракавінак, ні водарасцей.
Павел назіраў, як паволі, асцярожна ставячы ноіі на гэтай непрывычнай, чужой зямлі, Сцяпан Васільевіч і Віця прабіраліся ў глыб цясніны, і думаў, як там усё змрочна, паныла, сумна. Быццам недзе ў высакагорным Тыбеце.
А людзі, маленькія і кволыя побач з скалістымі гарамі, брылі ўсё далей і далей, трымаючыся звілістага і адносна роўнага дна цясніны.
Напэўна, і Віцю было не дужа весела, бо раптам ён тужліва сказаў:
— Можа, за паваротам у расколіне туліцца сасонка...
Павел разумеў, што яго чалавечае сэрца пратэставала супраць навакольнай змярцвеласці, невытлумачальнай непатрэбнасці. Бо дзеля чаго, як не дзеля жыцця, павінны існаваць і горы, і даліны, і сама планета?..
Сцяпан Васільевіч паклаў руку на плячо юнаку:
— Нам, Вікто́р, трэба пазбыцца прывычных мерак, падыходу. Усё тутэйшае мае вельмі мала агульнага з зямным і таму патрабуе іншай ацэнкі, нейкага свайго ўспрымання.
— Пастараюся, Сцяпан Васільевіч...— хлопец памуляўся і шчыра загаварыў: — У мяне цеплілася надзея, што аўтаматычныя разведчыкі не змаглі механічным розумам заўважыць на Марсе жыццё, што людзі, прыляцеўшы сюды, знойдуць яго, хаця б самае прымітыўнае! — Потым сумеўся: — Скажаце, рамантык, летуценнік?
Бурмакоў прыгарнуў хлопца.
— Не буду паўтараць, што людзям без мары, добрай і смелай, было б цяжка. Гэтага ты і без мяне наслухаўся. А жыццё... Хто табе сказаў, што яго тут няма? Марс існуе — значыць, ён жыве!
Некаторы час яны ішлі моўчкі, засяроджаныя, быццам забыліся, што вакол іх Марс, той самы, да якога так імкнуліся. А мясцовасць была такая прыгожая, што Павел ужо наважыўся быў якім-небудзь нейтральным пытаннем вярнуць іх ад мар да рэчаіснасці. Аднак Бурмакоў і сам нічога не прамінаў. Ён раптам спыніўся пад навіслай над цяснінай высокай скалой, азірнуўся, правяраючы, ці правільна сарыентаваны кантрольны тэлеаб’ектыў, і тады сказаў:
— Цікавы разрэз.
Безумоўна, фраза датычыла і Паўла, і ўсіх, хто ў гэты час на Зямлі глядзеў трансляцыю з «Набата». Аднак, паводле правілаў, і Павел, і супрацоўнікі Цэнтра, якія падтрымлівалі з караблём пастаянную двухбаковую сувязь, маглі ў размову дэсантнікаў умешвацца толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, каб не адцягваць увагу, бо на месцы ўсё-такі відней, што і як.
Адказаў Віця, паводзячы круглым гермашлемам:
— На Зямлі такіх нямала.
— Не думаю,— Бурмакоў не зводзіў вачэй з скалы.— У Марса ўласная іісторыя развіцця. Тут не льюць дажджы, ва ўсякім разе, відаць, не лілі на працягу многіх тысяч гадоў, не шалеюць снежныя бураны. Такім чынам, тутэйшыя пароды не падвяргаюцца, у адрозненне ад зямных, моцным кліматычным уздзеянням. Таму, здаецца, на гэтым разрэзе можна прасачыць біяграфію калі не ўсёй планеты, то гэтага раёна, напэўна. Давай прысядзем, бо і на Марсе, падобна, у нагах праўды няма.
Непадалёк ляжаў урослы напалову ў грунт вялікі плоскі валун.
— Не камень, а ложа.— Бурмакоў прысеў спачатку на краёк, праверыў на трываласць і тады пасунуўся далей.
Нягледзячы на скафандры, Сцяпан Васільевіч і Віця ў гэты момант выглядалі зусім як на Зямлі. I пейзаж вакол іх, як паказваў экран, таксама быў амаль зямны. Аднак Павел здагадваўся, што капітан спыніўся тут невыпадкова. Ён бачыў нешта такое, што пакуль было адкрытым яму аднаму. Ці не праз гэта ўменне разумець чужую прыроду Бурмакоў на Месяцы знайшоў карысны поклад там, дзе да яго пабылі дзве экспедыцыі.
— Горы старыя, тут даўно не было актыўных тэктанічных працэсаў. Так што,— Сцяпан Васільевіч сказаў гэта іранічна, пасміхаючыся,— нам з табой, Вікто́р, марсатрасенне не пагражае. А цяпер глядзі. Ніжні пласт — базальт, вышэй — застылая лава. Некалі тут было горача — грымелі вулканы, палалі, як факелы, кратэры, у небе плавалі цяжкія чорныя хмары, але праліваліся яны не дажджом, не градам, а вулканічным попелам.
— 3 нетраў жа, напэўна, вывяргалася і вада, вялікія масы вады. Дзе яна?
— Так было на Зямлі, Вікто́р. Мажліва, так было і на Марсе. Інакш адкуль пясчанае, падобнае на рэчышча дно цясніны, яе звілістасць.— Бурмакоў гаварыў раздумліва.— А можа, тут усё адбывалася па-марсіянску. Вось табе праграма на будучае — шукай адказу на сваё пытанне. Пачынай сёння. Бо колькі спатрэбіцца для гэтага часу — дзён, месяцаў, гадоў,— невядома.
Быццам бы жартаваў капітан. А Віця прыняў прапанову сур’ёзна. Нерашуча, як просячы прабачэння, што адмаўляецца, сказаў:
— Тут столькі непазнанага...
Бурмакоў уздыхнуў, саскочыў з каменя:
— Напэўна, Вікто́р, ты адказаў правільна. Мы сапраўды на самым пачатку. Ну, за працу.
Сонца пакрысе перабралася ў зеніт. Прыкметна пацяплела. I ў цясніне, як у аэрадынамічнай трубе, загудзеў вецер. А сіне-фіялетавае неба па-ранейшаму было чыстае, і на ім прабіваліся буйныя залацістыя зоркі.
Напоўніўшы кантэйнеры, капітан і Віця вярнуліся да ракетаплана. Заўтра ўзоры марсіянскіх парод стануць здабыткам лабараторый. А сёння касманаўты наведаюць іншыя мясціны: Віця пабывае ў вялікім кратэры, паблізу ад якога стаяў ракетаплан, а Бурмакоў праляціць над цяснінай на поўнач, дзе яна брала пачатак з вялікай маналітнай гары.
Неўзабаве побач з «Скакунком» распасцёр крылы серабрысты самалёцік. Маленькі, добра бачны на цёмна-шэрым фоне голага каменнага плато, ён, побач з высокім стромкім ракетапланам, які доўгія апорныя штангі рабілі яшчэ больш выцягнутым угору, выглядаў лялечным, кволым. Як павядзе сябе гэты апарат у амаль беспаветраным небе? Бурмакоў выпрабоўваў самалёт на Паміры, ведае яго магчымасці. Але Павел трывожыўся і за Віцю. Хлопец ён дысцыплінаваны, ды раптам захоча на вачах мільёнаў тэлегледачоў — трансляцыя ж будзе працягвацца — пакрасавацца, прадэманстраваць альпінісцкія здольнасці ў абрывістым скальным кратэры.
— Ты, Віцька, не дужа там,— Павел па асобай карабельнай сувязі ўсё-такі перасцярог юнака.— Адзін будзеш.
— Не падвяду, Павел Канстанцінавіч,— ён павярнуў твар у шлемафоне ў напрамку нябачнага адтуль, з паверхні планеты «Набата», быццам і позіркам хацеў запэўніць, што хвалявацца за яго не трэба. Віця быў далекавата ад камеры, а Паўлу здалося, што ён нават падміргнуў. Хітравата і свавольна, як гэта звычайна рабіў.
Цяпер перад Паўлам свяціліся два экраны. На адным Бурмакоў вёў своеасаблівы рэпартаж, паказваючы, што бачыць сам з кіламетровай вышыні. На другім, гэтак жа, як нядаўна ў цясніне, аўтаматычная тэлеўстаноўка трымала пад сваім пільным вокам Віцю.