Надыходзіў апошні, дзесяты дзень разведвальнага аблёту Марса. Усё, што трэба было зрабіць, рыхтуючыся да высадкі, касманаўты зрабілі. Сцены кают-кампаніі былі абвешаны здымкамі планеты. Каляровыя фатаграфіі даволі дакладна перадавалі асаблівасці прыроды. Марс па-ранейшаму выглядаў даволі панылым, аднастайным. Але ён ужо стаў аб’ектам непасрэднага вывучэння, і гэта змяніла адносіны касманаўтаў да яго. Яны прыглядаліся да фатаграфій з зацікаўленасцю даследчыкаў. I хаця Павел з Віцем зусім нядаўна сцвярджалі, што ўсё роўна, дзе высаджвацца, цяпер раптам захваляваліся, не маглі спыніць выбар на якім-небудзь пэўным месцы. Бо, акрамя запланаванага перад палётам возера Сонца, яны павінны былі намеціць для сябе яшчэ два раёны.
Бурмакоў не прыспешваў таварышаў, бо не толькі разумеў іх, а і сам адчуваў сябе, як на раздарожжы.
I вось «Набат», змяніўшы арбіту, нерухома павіс над заходняй часткай возера Сонца. Пад караблём раскінулася вялізная раўніна, і толькі далёка на поўначы да яе падступала невысокая горная града.
Усхваляваны Бурмакоў, сабраўшы экіпаж, урачыста прамовіў:
— Павел Канстанцінавіч, прымайце абавязкі капітана!
Яшчэ на Зямлі было вырашана, што першым на Марс адправіцца самы вопытны — Бурмакоў. Павел разумеў, што гэта правільна. I ўсё-такі ледзь утрымаўся, каб не папрасіць Сцяпана Васільевіча памяняцца з ім. Не, ён не думаў пра лаўры чалавека, якому выпаў гонар быць на Марсе першым. Яго непакоіла іншае. Што там чакае касманаўта, прадказаць немагчыма. Дык хай бы праверку на небяспеку зрабіў ён, Гушча, чыё жыццё не такое цэннае для чалавецтва, як Бурмакова. Але ён быў дысцыплінаваны і, устаўшы, коратка адказаў:
— Слухаю!
На першы раз Бурмакоў не ставіў перад сабой вялікай задачы. Рашыў праляцець кіламетраў дзвесце над мясцовасцю, якая ўмоўна прымаецца за граніцу возера Сонца і пустыні, і над вусцем канала Нектар павярнуць назад. Але вяртацца не ранейшым шляхам, а напрасткі.
— Дзейнічайце, Павел Канстанцінавіч.
Гушча падышоў да пульта, на якім адзначаўся стан апаратаў, прызначаных для працы на планеце. Ён націскаў пэўныя клавішы, і ў адказ успыхвалі зялёныя індыкатары — сведчанне тэхнічнай гатоўнасці.
— Выхад дазваляю,— Павел паціснуў Бурмакову руку.— Шчасліва!
Сцяпан Васільевіч абняў таварышаў за плечы. Адпусціўшы, сказаў:
— Не хвалюйцеся, усё будзе добра,— і накіраваўся ў элінг, дзе стаяў ракетаплан.
Павел з Віцем на экране ўнутранай сувязі назіралі, як ён апрануў скафандр, лёгкі, падобны на спартыўны, і вельмі трывалы; як надзявае на галаву гермашлем. Падрыхтаваўшыся, Сцяпан Васільевіч скрозь празрысты пластык гермашлема падміргнуў таварышам — ён іх бачыў таксама на сваім экране:
— Не бядуйце, хлопцы, надыдзе і ваша чарга.
Пачуўшы голас Бурмакова, крыху зменены мікрафонам і таму чужы, Віця засоп, аднак бадзёра крыкнуў:
— Хутчэй бы!
— Не міне і сутак,— засмяяўся Бурмакоў і забраўся ў ракетаплан.
Сувязь адключылася. Некалькі хвілін кампрэсары адпампоўвалі паветра. Потым карабель здрыгануўся, і ў ілюмінатары, пакідаючы за сабой дымны шлейф, мільгануў серабрысты «Скакунок». Скрозь шум і трэск перашкод прабіліся ледзь чутныя словы:
— Я ў палёце!
— Поспеху,— пажадаў Павел, хаця Сцяпан Васільевіч наўрад ці пачуў яго. Заставалася толькі ўважліва сачыць за самой ракетай — на экране маленькай хвастатай рыбкай. Спачатку яна імкліва неслася ўніз, а над паверхняй расправіла, бы сапраўдная рыба плаўнікі, стабілізатары-крылы і запаволіла рух.
— Усё нармальна, — паведаміў Бурмакоў.— Глядзіце разам са мной.
Тэлеўстаноўка «Скакунка» ажыла, і на экранах «Набата» Павел з Віцем убачылі пясчаныя барханы пустыні. Каб не колер, яркі, чырванаваты, можна было б падумаць, што гэта трансляцыя аднекуль з Сярэдняй Азіі ці Сахары. Адлюстраванне было выразнае, і Павел падключыў перадатчык на Зямлю. Падзея заслугоўвала, каб людзі даведаліся аб ёй неадкладна.
Палёт ракетаплана працягваўся каля гадзіны. Бурмакоў за ўвесь гэты час ні словам не пракаменціраваў тое, што бачыў, ні разу не праявіў сваіх адносін да марсіянскіх краявідаў. Быццам усё і ўсім даўно было вядома.
Бурмакоў не рызыкнуў апускацца на вышчарбленую лававую паверхню — дно возера Сонца — і выбраў участак паміж дзвюма дзюнамі. 3 «Набата» было бачна, як «Скакунок» пайшоў на пасадку кармой уніз, узнімаючы хмары пяску і пылу, а хутка і ён сам схаваўся ў гэтых чырвоных клубах.
Мінула, напэўна, паўгадзіны, пакуль асеў пыл, і Сцяпан Васільевіч зноў аднавіў перадачу.
— Як вам падабаецца гэта чырвоная мука? — Ён паказаў таварышам відэазапіс нейкага надзвычай густога і бруднага туману. Гэты туман клубіўся, віраваў, не асядаючы.— Думаў, канца не будзе. I зараз яшчэ здаецца, што на зубах пясок.
— Падобна, тут без усюдыхода і кроку не зробіш.— Павел уявіў сябе на месцы капітана ў гэтай рухомай мешаніне і ў думках паспачуваў яму. Напэўна, гэта ненадта салодка, калі адчуванне пяску стала такім рэальным.
— Зараз праверу,— спакойна сказаў Бурмакоў і спусціў у адчынены выхадны люк трап-лесвіцу.— Ну, пайшоў...
Асцярожна ставячы ногі — мяккая лесвіца гойдалася, выгіналася, ён выбраўся з люка і, спрытна перабіраючы рукамі па парэнчах, рушыў уніз.
Сцяпан Васільевіч зрабіў некалькі крокаў у бок ад ракетаплана. Ногі правальваліся ў сыпучы пясок, і ямкі ад вялікіх цяжкіх чаравікаў хутка заплывалі, не трымалі слядоў чалавека.
— Лёгка як, хлопцы! Незвычайна! — крычаў Бурмакоў, вытанцоўваючы нешта адмысловае. Паспрабаваў быў наском чаравіка капнуць углыб. Пясчаная тоўшча не паддалася, асыпалася, і ён махнуў рукой, весела, бесклапотна: — Пакінем нетры для геолагаў ці, як іх тут, арэолагаў.
Бурмакоў жартаваў, быў непадобны на сябе звычайнага, стрыманага. Радаваўся, што Марс сустрэў першага чалавека зусім не варожа, як свайго.
Тэлеэкран надзвычай дакладна перадаваў скупыя марсіянскія фарбы. Пустыня, наколькі брала камера, была чырванаватая, хвалепадобная і нерухомая, застылая. I Паўлу падумалася, што ўсё гэта: і Марс, і Бурмакоў тут — нерэальныя, як бы сняцца яму.
А Сцяпан Васільевіч пастаяў хвілінку, пазіраючы на дзівоснае сіне-фіялетавае неба, на якім цьмяна свяціла, нібы несапраўднае, непрывычна малое, не гарачае сонца, і раптам пабег, смешна заграбаючы нагамі і размахваючы, як памагаючы сабе, рукамі. Прабегшы, спыніўся, нагнуўся, загроб прыгаршчу пяску і, паднесшы яго да вачэй, прапусціў між пальцаў.
Павел глядзеў, як струменяцца драбнюткія чырванаватыя часцінкі, падобныя на пафарбаваную ваду, і думаў: няўжо гэтыя пясок і камяні, што грувасцяцца на краявідзе, будуць іх адзіным тут здабыткам?
Напэўна, Сцяпан Васільевіч здагадаўся пра яго думкі, а можа, і сам не адчуў захаплення ад сумнай прыроды, бо, як суцяшаючы, прамовіў:
— Мы пустыню выбралі на пачатак, сябры.
Павел хацеў сказаць, што і ў гарах будзе тое ж самае, але прамаўчаў. Зрэшты, ніхто і нішто людзям не абяцала на Марсе жыццё. А цікавыя знаходкі будуць. Але нават не ў гэтым справа. Марс — толькі пачатак...
Бурмакоў яшчэ доўга кружыў вакол «Скакунка», часам спыняўся, быццам прыглядаўся да чаго, прыслухоўваўся. Ён не браў ні проб, ні ўзораў. Іх дастаткова прывезлі аўтаматычныя станцыі. Ён проста ўваходзіў душой, сэрцам у марсіянскую прыроду, прывыкаў да незямных абставін, хацеў спасцігнуць іх, як кажуць, знутры. Павел ведаў, што ўпершыню апынуўшыся на Месяцы, Сцяпан Васільевіч паводзіў сябе такім жа чынам. А што рабіў бы ён, Гушча, на месцы капітана? Мусіць, глядзеў бы на ўсё ашалелымі вачамі, не заўважаючы, па-сутнасці, нічога, і потым радаваўся б, што кожны яго крок, кожны прадмет, на якім спынілася вока, фіксіраваў тэлеаб’ектыў. Бо сам наўрад ці запомніў бы што вартае, адметнае. Відаць, у гэтым не было б нічога дзіўнага. Усведамленне таго, што ты на Марсе, узрушыць каго хочаш. I добра, што ў іх экіпажы ёсць Бурмакоў — касманаўт, за плячамі ў якога некалькі выхадаў у прастору...
Пакуль Гушча разважаў, Сцяпан Васільевіч вярнуўся да «Скакунка», кінуў позірк вакол, раздумваючы, ці не пабыць яшчэ, і ўзяўся за перакладзіну трап-лесвіцы.