Кавалер я не здагадлівы: мы цэлую паўгадзіну стаім пасярод вуліцы, на сонцы. Алеся абмахваецца хусцінкай, і да мяне, нарэшце, даходзіць — мы ідзём пад школу: там старыя, знаёмыя бярозы, цянёк.
— А ўсё ж, чаго ты прыехаў, Платон?
— Сямейныя справы. Іх трэба неяк уладзіць.
На яе расчырванелым смуглявым твары грымаска раздражэння. Свайго настрою, як і некалі, яна цяпер зусім не тоіць.
— Слухай, Платон, я чула ад людзей. Гэта ж несусветнае глупства. Як твая жонка яшчэ церпіць? Грошы прысылаў, прыехаў цяпер, навошта табе гэта? Ці ведаеш ты, што людзі гавораць? Сумленне, кажуць, усё ж такі прачнулася ў ім, — гэта пра цябе так, — брыкаўся-брыкаўся, маўляў, дый прызнаў. Свая кроў, значыць. А я ж ведаю, што
не сын ён табе. Няхай тады не разумела, у семнаццаць гадоў розуму не пытаюць. А цяпер ведаю...
— Што ты ведаеш, Алеся?
— Тое, што ты быў мяшок. Ідэаліст. Таму цябе і абкруцілі. Другога не абвялі б вакол пальца...
У голасе Алесі горыч. Яна не абыякава да нашага з ёй мінулага, і хваля пяшчотнасці залівае мне грудзі. Мы сядзім на лавачцы пад старой знаёмай бярозай. Яе купчастая шапка, нібы гара, навісае над будынкам ранейшай школы, якая цяпер ператворана ў нейкі склад. Дрэва такое самае, як і раней, за доўгія гады яно ніколькі не змянілася, а школа стала маленькай і непрыкметнай. Чаму гэта так? Можа таму, што прыйшлося павандраваць па свеце, на многае паглядзець. А можа проста з той прычыны, што непадалёк высіцца другі будынак, вялікі і прасторны.
Алеся неспакойная. Такая, яна вельмі падобная на тую далёкую студэнтачку, якая спаткалася на сцяжынцы юнацтва. Яна толькі яшчэ і нецярплівая, і катэгарычная ў сваіх думках, яна можа быць і злосная, гэтая Алеся... Такой я яе не ведаў. Цалаваў гэты мілы, прыпухлы рот, гэтыя шэрыя вочы, смуглую шыю, абнімаў вось гэтыя стройныя, падатлівыя плечы, а не ведаў. Дый ці трэба было ведаць? Залатым, іскрамётным агнём успыхнула яно, першае, святое пачуццё, і хіба ж трэба было яго тушыць?..
Алеся гаворыць, гаворыць, але я мала слухаю. Яе словы не даходзяць да свядомасці. Я толькі гляджу на знаёмы, дарагі твар, на прыгожыя, мяккія лініі роту, на каштанавы завіток ля вуха, у якім ледзь прыкметная срабрыстая павуцінка, і думаю. Чаму ж мы з табой, дзяўчына, размінуліся на той дарожцы, па якой спачатку так хораша пакрочылі? I ці здолелі б мы прайсці па ёй, каб не развёў нас выпадак? Ты ж любіла мяне, Алеся, я ведаю, ты даказваеш гэта яшчэ раз тым, што так горача гаворыш. Але ці не больш за мяне ты любіла сваю зорку, тую пуцяводную зорку, у якую паверыла. Твая мара была чыстая, як вада са сцюдзёнай крыніцы, як ранішняя раса. Побач з ёй не было месца ніякаму бруду, ніякай мане і фальшы. I ў семнаццаць гадоў розуму не пытаюць, гэта ты добра сказала. Але ж ёсць яшчэ сэрца, Алеся... Няўжо яно схлусіла таксама, тваё сэрца?..
Сонца схілілася са свайго гарачага паўдня, і пад бярозай з таго боку, дзе мы сядзім, няма больш ценю. Нам трэба развітвацца. Ад таго, што на гадзіну мы спаткаліся пад памятным дрэвам, нічога не зменіцца. Не прыбавіцца ні горычы, ні радасці. Усё ўжо было, і ўсё мінулася.
— Калі ж ты паедзеш, Алеся?
— Хачу сёння, тады яшчэ паспею на канферэнцыю. Я так рада, што бацька папраўляецца. Ты ж ведаеш, які ён у мяне.
— Шчаслівай дарогі...
— Бывай здароў, Платон. I не забудзь таго, што я табе сказала. Хопіць хадзіць у пакутніках. Твой цярновы вянок перасох і рассыпаўся, а рыцарства антыпедагагічнае. Гэта я кажу як завуч, але твая жонка зразумее мяне таксама. Яна ў цябе яшчэ цярплівая, Платон. Шануй яе і не крыўдзі...
Яна пайшла лёгкай, упэўненай хадою, ні разу не азірнуўшыся. Знаёмая і незнаёмая Алеся, загартаваная ў моры жыццёвых будняў і радасцей. Прывабная жанчына, якая ведае сабе цану і ведае, што яшчэ можа падабацца.
У нечым я ўнутрана не згадзіўся з Алесяй. Але ў чым? На гэта адразу не адкажаш нават самому сабе. I можа гэта зусім не нязгода, а нешта іншае, што трымаецца на адным толькі пачуцці супярэчнасці. Можа яшчэ проста не памёр ва мне той зняважаны хлапчына, якому жыццё дало пстрычку па носе. Зняважанаму трэба шукаць вінаватых, хоць, можа, найбольш вінаваты ён сам. Чалавек заўсёды апраўдваецца перш-на-перш перад самім сабой. Сведак у такіх справах не бывае, і таму рэдка хто здолее сябе асудзіць. Вінаваціць жа другіх куды лягчэй...
Сонечны дзень плыве ў цёплай бясхмарнай празрыстасці. У апошнія дні лета заўсёды нараджаецца адчуванне запаволенасці часу. Усё навокал млявае, перасычанае радасцямі жыцця, ахопленае смуткам блізкага знікнення. Залатым лістападам асыплецца бяроза, скінуць свой багаты ўбор ліпы і клёны, што ў маўклівай задуменнасці стаяць узбоч дарогі, панікнуць, завянуць кветкі ў палісадніках. Носяцца стайкамі, прабуючы моц маладых крыл, шпакі. Іх песень даўно ўжо не чуваць, яны жыруюць, і харчу для іх цяпер многа ўсюды. Пройдзе які-небудзь месяц, шпакі адляцяць, каб па вясне вярнуцца зноў на гэтыя бярозы і клёны.
Я думаю пра Алесю, праўдзівей кажучы, успамінаю, кім яна была для мяне ўсе гэтыя доўгія гады. Мне хочацца знайсці той душэўны рубеж, пачынаючы з якога Алеся стала для мяне проста знаёмым чалавекам. Такі рубеж быў, ён толькі растварыўся ў часе. Ні памяць, ні сэрца яго дакладна не адзначылі. Спачатку ўспамін аб дзяўчыне паліў гарачым болем, потым боль паступова сцішаўся, саступіўшы месца лёгкаму, прыемнаму суму. Потым знік і сум, змяніўшыся спакоем. Любімы твар, ахінуты павалокай таямнічасці і неразгаданасці, твар, рысы якога доўга не ўдавалася цалкам узнавіць у памяці, раптам праступіў ясна і выразна. Я ўжо быў спакойны, не хваляваўся і таму мог разглядаць гэты твар, прыкмячаючы на ім кожную рыску, ацэньваючы яго ўсмешкі, сляды маркоты і задуменнасці, мог прыслухоўвацца да пераліваў некалі любімага голасу, знаходзячы ў ім новыя, нячутыя раней ноткі. Я па-новаму ўбачыў кожны жэст і рух дзяўчыны, перабраў у памяці і ацаніў кожнае сказанае ёй слова. I недзе ў гэтым прыдзірлівым аналізе скончылася казка пра Алесю, складзеная юнацтвам, і дзяўчына паўстала ў думках звычайнай і зямной. Але скончылася і каханне. Гэта было яшчэ ў вайну...
V
Пад вечар — сустрэча з Сашкам.
Двор старога Міны неяк падабраўся, звузіўся, папрыгажэў. Некуды зніклі доўгія хлявы і адрыны з праваламі саламяных стрэх, і ад гэтага на двары стала весялей і святлей. Хата перасыпана, новы падмурак і дах. Малы хлевушок, навес, пад якім штабель напілаваных і наколатых дроў. Агарод, дзе па бульбе ганарыста пасталі сланечнікі. Некалькі дрэў у садку: вішні, слівы. I кветкі пад вокнамі хаты. Адкуль у Міны кветкі?
Разгадка наступіла ў хаце. 3 першага позірку было відаць, што лад і парадак тут наводзяць не дзед з унукам. Белыя занавескі, вазоны, чыста вымытая падлога, рэчы, кожная з якіх ведае сваё месца, і, самае галоўнае, дамавіты прыемны пах — усё гэта сведчыла, што ў хаце ёсць дбайная гаспадыня.
Яна напомніла аб сабе адразу.
— Вы да мамы? — спытала дзяўчына, выйшаўшы з-за перагародкі. — Яна ў бальніцы і прыйдзе не хутка.
Дзяўчыне гадоў васемнаццаць, у яе прыемны грудны голас, у якім чуваць ноткі блізкай жаноцкасці, і ў поўнай адпаведнасці з узростам, горды і незалежны выгляд. У руках трымае кніжку.
— Не, я не да вашай мамы. Некалі я ў гэтай хаце жыў. Зайшоў паглядзець.
Стрэлкі чорных брывей ляцяць угору, на твары лёгкае замяшанне, якое дзяўчына зусім не ўмее хаваць.
— Саша, прыйшлі да цябе.
Я зусім не разлічваў на прысутнасць дзяўчыны, і таму ўся загадзя вызначаная стратэгія проста бескарысная. Я хвалююся. Тых слоў, якія падрыхтаваны, не скажаш.
Саша выйшаў з-за той жа перагародкі. У яго руках таксама кніга. Незнаёмы танклявы хлапец з адкрытым тварам і даволі смелым паглядам шэрых вачэй.
— Добры дзень. Прабачце, што перашкодзіў. Міна Іванавіч прасіў зайсці. У вашай хаце я кватараваў. Яшчэ да вайны...
Я назваў сваё прозвішча. Сесці мне не прапанавалі. Трэба было як-небудзь ратаваць становішча, і зрабіць гэта прыйшлося мне, як старэйшаму.