I
3 рабочага цягніка я злез ціхім вячэрнім часам на раз'ездзе, які ў праваднікоў і кандуктараў носіць назву дзвесце семдзесят трэцяга. Звычайна ж яго завуць Дзеўкамі, бо ён прылягае к вёсцы з такой самай назвай.
— Хто к дзеўкам — скакай! — пачулася каманда, пададзеная нейчым басам, і трое хлопцаў у вопратцы чыгуначнікаў ірванулі з вагона ў тамбур. Я падаўся за імі.
На раз'ездзе нічога не змянілася. Як і раней, стаіць на сваім месцы слуп з ліхтаром, а крыху воддаль прысадзістая будыніна з жалезным дахам, дзе жывуць брыгадзір пуцейцаў і абходчык. Ніякіх адмецін добраўпарадкавання не відаць: ні памяшкання для пасажыраў, ні білетнай касы, ні нават лавачкі, на якой можна было б прысесці. Я дагэтуль не ведаю, хто запальвае ліхтар, якім ноччу выяўляецца наяўнасць гэтага закінутага раз’езда. Можа абходчык, а можа брыгадзір пуцейцаў, хоць такая работа, здаецца, і не павінна ўваходзіць у кола іх прамых абавязкаў.
Трое хлопцаў, што першымі саскочылі з цягніка, ледзь не подбегам пашыбавалі ў вёску. Я не спяшаўся. Мне не хацелася спяшацца і не было куды...
Калі б у мяне спыталі, чаго я прыехаў у Дзеўкі, ахвяраваўшы рэштай двухмесячнага дырэктарскага адпачынку, я це адразу б здолеў адказаць. Тым болей, што адпачынак гэты супадае з рамонтам школы, нарыхтоўкай дроў, наладжваннем вытворчай базы і іншымі не надта салодкімі рэчамі. У такіх выпадках звычайна гавораць, што прыехаў дзеля спаткання з маладосцю, з людзьмі і мясцінамі, якія яе сагравалі. Можа і так. У Дзеўках я пачынаў сваю настаўніцкую кар'еру. У гэтай вёсцы мне прыйшлося пражыць два маладыя гады.
Ад раз'езда да вёскі вярста, якую можна прайсці мноствам сцежак, пратаптаных па пясчаным полі. Раней нават жартавалі, што ў кожнага тутэйшага гаспадара свая сцежка. Вунь той, справа, паўз хмызнякі дыбаў, прыгнуўшыся, гарбаты Кокуль. Ён адзін вылоўліваў у рачулцы Вароне ўсіх шчупакоў, ментузоў і язёў, а калі іх не было, то ракаў, і трухаў са сваёй ношкай к поезду, на базар. Сцяжынай, якая трохі лявей, прабіралася, нібы ліса, удава Музыкаліха. Яна заўсёды енчыла, што едзе ў горад к доктару, але ніколі не забывала прыхапіць з сабой кошык з грыбамі ці бідон з малаком. Музыкаліха жыла адна душой, але каровы трымала дзве. Астатні люд пёр напралом, паласуючы сцежкамі поле: спяшаўся штораніцы на заработкі.
Калі ісці з раз’езда ў вёску, то сцежак хоць і многа, але могілак не абыйдзеш. Яны якраз насупраць: зялёны ўзгорак, на якім у маўклівай велічы стаяць некранутыя сталетнія хвоі і маладыя дубкі. Стары славянскі звычай: перш за ўсё паказаць прыезджым людзям свае могілкі. Тут летапісы і манускрыпты вёскі, яе легенды і паданні.
Дзень дагараў. Сонца садзілася за сцяной бору, што цягнуўся на захад ад чыгункі. Праменні яшчэ залацілі вершаліны сосен на могілках, а ўнізе па полі папаўзлі ўжо сіняватыя цені сутоння. Я рушыў к шалашу, які стаяў пасярод поля, засаджанага капустай, рэдзькай і кармавымі буракамі. У ім ужо гадоў з трыццаць зарабляў свой вартаўніцкі хлеб судом мне дадзены цесць, кульгавы Міна.
У шалашы гаспадара не было, і ў чаканні яго я прылёг на капе аўсянай саломы, складзенай проста ў капусце. На гэтай капе мой родзіч, відаць, нёс сваю службу, адсюль аглядаў свае ўладанні, бо салома была ёмка ўтаптана.
Змерклася. Недзе зарыпаў гармонік, з вёскі даносіліся прыглушаныя зыкі песень і смеху, а тут, на полі, панавалі цішыня і спакой. Было светла. Месяц, поўны і круглы, як гарадскі ліхтар, павіс збоку, над самым лесам. Лілі на зямлю сваё зыркае святло жнівеньскія зоры.
Я веру, што ў кожнага чалавека ёсць сваё адчуванне часу; яго непаўторнасці і красы, адчуванне, якое цяжка выказаць словамі. Я заўсёды любіў вечары на схіле лета, з іх паэзіяй задуменнасці і цішыні; з іх бяз- донным, зорным небам, асабліва ўрачыстым у такую пару. У гэты час, здаецца, у прыродзе адбываецца нешта вялікае, агромністае, а ты толькі прысутінічаеш маўклівым, зачараваным сведкам...
Мяне агарнулі ўспаміны. Поле, ціхі вечар, могілкі, гармонік і песні ў вёсцы — усё, здаецца, як і тады. Час нібы спыніўся. Але ты ўжо не той.
Ты адчуваеш гэта сэрцам і ўсёй сваёй істотай. I пусці цябе па дарогах і сцежках, якія ты некалі прайшоў, і ты б, здаецца, здолеў шчасліва абмінуць усе каменні і завалы...
II
Першы раз я прыехаў у Дзеўкі ў трыццаць дзевятым годзе. Малакасос у касцюмчыку, купленым яшчэ на матчыны грошы. Меў па тым часе дзевятнаццаць гадоў, восем класаў цвёрдай адукацыі і дыплом трохмесячных настаўніцкіх курсаў. Такія педагогі, як я, тады трапляліся нярэдка. Маладых настаўнікаў з інстытуцкай асветай забіралі на вайсковую службу, некаторых пасылалі ў заходнія вобласці Беларусі, толькі-толькі вызваленыя ад паноў.
Па шчырасці, дык я сам напрасіўся ў Дзеўкі. На сваю бяду. Адсюль паходзіла бабка, маці маёй маці, была сякая-такая радня, і думалася, што каля блізкіх людзей будзе лепш, чым на чужыне. Пра кожную вёску ходзіць свая слава, добрая ці благая. Калі ўспаміналіся Дзеўкі, то пра іх звычайна гаварылі ўсміхаючыся:
— Калі яны дзеўкі, дык любяць замуж выходзіць...
Гаварылі і горшае.
— У Дзеўках есці не дадуць, а пераначаваць, калі ласка...
Але я, малады, лічыў такія гаворкі забабонамі, перажыткам мінулых дзён.
Вёска звычайная, саламяная. У яе агульным малюнку было нешта вясёлае, разухабістае. Дзве вуліцы крыж-на-крыж, і амаль у самым цэнтры, на выгане, паравы млын. Хаты і наогул уся забудова не мелі якога-небудзь пэўнага парадку: адна хата глядзела на вуліцу вокнамі, другая — глухой сцяной, у адзін двор можна зайсці проста з вуліцы, у другі — вузкім, адгароджаным правулкам, мінуўшы агарод, сад і хлявы.
Народ тут жыў неяк лайдакавата. Зямля не благая, і, каб урабіць яе як след, можна было б жыць з хлебам. Але аб ёй не дбалі. Галоўны клопат ляжаў у заработках. На пабочны промысел падаваліся ледзь не з кожнага двара. Па святах — іх у Дзеўках было вельмі многа — вёска гула песнямі. Выпіць і паспяваць тут любілі, кожнае свята цягнулася два—тры дні, і мне нават здавалася, што святы выдумлівалі спецыяльна.
Хлопцы фарсілі ў хромавых ботах з апушчанымі гармонікам халявамі і насунутымі на іх калошынамі штаноў, дзяўчаты — у пярэстых сукенках і лодачках. Абыходжанне хлопцаў з дзяўчатамі мне, таксама вяскоўцу, здалося залішне вольным, абразлівым, але ўсяму гэтаму тады я яшчэ не аддаваў увагі. Пры дзяўчыне тут маглі і мацюкнуцца і наогул не саромеліся непрыстойных учынкаў.
Калі толькі ехаў на працу ў Дзеўкі, думалася, што сур'ёзна займуся самаадукацыяй, паступлю вучыцца ў завочны тэхнікум. 3 першай палучкі купіў сабе гадзіннік і настольны каляндар, у якім распісаў заняткі над павышэннем уласнай адукацыі на кожны дзень. Ды нахлынулі справы больш неадкладныя. У дзевятнаццаць гадоў прыходзіць тое, што павінна прыйсці. Я закахаўся.
Тая першая восень маёй работы ў школе супала з пачаткам вялікай вайны. Германія напала на Польшчу, разгаралася полымя сусветнага пажару. Пра тое, што фашысты асмеляцца ваяваць з намі, у той час ніхто не думаў, але нейкая трывога ўсё ж навісла ў паветры. К заходняй граніцы ішлі эшалоны з артылерыяй, танкамі, войскам.
Я ж марыў аб вучобе, ведаў таксама, што праз год—два мяне прызавуць у армію, а пакуль што добрасумленна складаў канспекты па арыфметыцы, батаніцы і геаграфіі (я адразу вёў тры прадметы ў пятым класе), а вечарам, калі надаралася вольная хвіліна, бег на раз’езд к вячэрняму цягніку. Цягнік для мяне быў тады пасланцом з вялікага і шырокага свету, у якім ішло цікавае, незвычайнае жыццё, зусім не падобнае на тое, якое я бачыў у Дзеўках.
На раз'ездзе я і пазнаёміўся з Алесяй. Тоненькая, чарнявая дзяўчынка кожнае суботы злазіла з рабочага цягніка, трымаючы ў руках фанерны, пафарбаваны ў зялёны колер, чамаданчык. Аднойчы мне прыйшлося ісці поруч з ёй у вёску. Быў цёплы вечар, поле ахутаў змрок, у небе свяцілі чыстыя, асеннія зоркі.