Кіно ў Дзеўках бывала рэдка, не часцей аднаго разу ў месяц, і калі прыязджала кінаперасоўка, карціну паказвалі ў школе. Два ці тры разы мне прыйшлося варочацца дамоў з кіно разам з Феняй. Яна старалася гаварыць на гарадскі манер, у голасе яе чуліся гуллівыя ноткі, і, нібы незнарок аступіўшыся, яна тулілася да мяне. Адзін раз паўраспранутая Феня зайшла да мяне ў бакоўку. Было позна, але я яшчэ чытаў. Я прапанаваў Фені кнігу, і яна, не сказаўшы ні слова, бразцула дзверцамі...
Гром грымнуў летам, калі я паехаў у сваю вёску на першыя, ужо запрацаваныя канікулы. Алесі дома не было, яе паслалі важатай у піянерскі лагер, і аставацца ў Дзеўках без яе не хацелася.
Я ліхаманкава рыхтаваўся да паступлення ў завочны тэхнікум. Паступаць меціў на апошні курс, каб скончыць вучэнне разам з Алесяй. У канцы тато лета мне прыслалі позву ў народны суд. У ёй я значыўся адказчыкам...
Пра гэта не хочацца ўспамінаць. Суд быў не адзін, іх было восем ці дзевяць. Ні ў які тэхнікум я не паступіў. Гарбаты Кокуль і хітрая Музыкаліха, сведкі, вельмі слушна давялі першаму суду, што я абяцаў Фені жаніцца, быў яе фактычным мужам і з’яўляюся бацькам яе дзіцяці. Суды ішлі з пераменным поспехам: то ў маю карысць, то ў карысць самазванай маёй жонкі. Справу павінна была разглядаць апошняя інстанцыя, Вярхоўны суд. Але пачалася вайна. У армію я пайшоў аліментшчыкам.
I ўсё ж самае горкае было не ў тым, што распушчаная, бессаромная Феня захацела мяне зацягнуць у сваю сетку. Ад мяне адвярнулася і Алеся.
Увесь наступны год я патраціў на суды ды яшчэ на тое, што рабіў усялякія захады, каб вярнуць каханне Алесі. I не вярнуў. Яна трымалася горда і непрыступна. Абраза, якая лягла ёй на плечы ў звязку з маімі судовымі справамі, аказалася мацнейшай за каханне. Былі ў мяне два моцныя саюзнікі — Алесіны бацька і маці — але не дапамаглі і яны. Яны ні на кроплю не верылі ў якую-небудзь маю віну. Алеся верыла...
III
Я чакаю Міну. Над полем, лесам, вёскай — урачыстае зорнае неба. Яно заўсёды супакойвае. Перад тварам яго бязмернай велічы з думак і пачуццяў знікае ўсё дробязнае, недарэчнае, усё тое, што можна забыць праз дзень або праз год. Нячутна ўпала, апісаўшы срэбную дугу, знічка. Высока, пад самымі зоркамі, праляцеў самалёт — рухомая чалавечая зорка. Паволі навісае туман, раецякаецца парнасць. Галасы і зыкі ў вёсцы сціхаюць. Я задрамаў.
Прачнуўся ад ціхіх крокаў і прыглушанага кашлю.
— Ці не ты гэта, Платоша?
— Я, дзядзька Міна.
— То чаму ж ты ў хату не зайшоў? Валяешся адзін на полі. Хіба ж мы табе чужыя, ці што? Хадзем хоць у курэнь, я агонь раскладу...
Агонь стары расклаў рупна і хутка. Знутры шалаш выглядае досыць утульна: дзве гладкія лаўкі, сухі, як камень, грунт пад нагамі, дым прамым, круглым слупком выносіць у шырокую гарлавіну. Усюды на ўбітых у сценкі цвіках вісяць перавязаныя ніткамі пучкі зёлак.
— Лечыце, дзядзька Міна? Столькі траў...
— Ат, які з мяне лекар. Дактароў вунь поўная бальніца. Адна дакторка, праўда, сама ў мяне просіць: прынясі тое, прынясі другое. Прызнае травы.
Міна пастарэў. Апошні раз мне прыйшлося бачыцца з ім тры гады назад: непадалёк ад вёскі школа нарыхтоўвала дровы. Тады вартаўнік здаваўся дужэйшы і жвавейшы. Яго добры, задумлівы твар перасеклі глыбокія маршчыны, ён яшчэ больш сагнуўся і яшчэ глыбей прыпадае на левую нагу.
— Ну, як жа жыццё-быццё, дзядзька?
Агонь весела ліжа сухія бярозавыя сукі, водбліскі полымя скачуць па чорных, задымленых сценках. У шалашы светла. Недзе ў закутку пад лаўкай, сагрэўшыся, завёў сваю песню цвіркун.
— Жыць можна,— гаворыць Міна.— Здароўя толькі няма. Не тое здароўе.
Ён становіцца наўкаленцы і дастае з-пад лаўкі бутэльку, закаркаваную нейкімі сухімі зёлкамі.
— Ты ж з дарогі, нічога не еў. Перакусі хоць хлеба з салам. Памідоры ёсць. А гэтую на зуброўцы настаяў. Вып’ем, тады і пагаворым.
Мінава настойка — пахучая і моцная — адразу б’е ў галаву, лаўка, сценкі шалаша, агонь пачынаюць злёгку пагойдвацца, старое, ёлкае сала, якое вартаўнік парэзаў на ёмкія скрылікі, здаецца незвычайна смачным. Голас старога даносіцца аднекуль здалёк, хоць ён сядзіць насупраць мяне, на другой лаўцы.
— Лепш закусі, а то звянеш. Яна што спірт, я к зуброўцы яшчэ і шалфею дабавіў, гарката гэтым змяншаецца. Мабыць, выпіваеш не часта, служба ў цябе такая. А я выпіваю...
Пачаць размову, дзеля якой я прыехаў, паўгадзіны назад было цяжка. Цяпер лёгка, і я пачынаю яе:
— Як Сашка, дзядзька Міна? Што ён думае пра мяне?
Стары маўчыць. Ён апусціў сваю сівую галаву на рукі і нешта ўзважвае. Гарэлка яго мала кранула, ён такі ж павольны ў рухах, гэтак жа глуха і сіпла гучыць яго голас, калі ён гаворыць.
За шалашом, у капусце, раптам затрашчала. Было такое ўражанне, што нехта задыхаецца, некага душаць. Я падхапіўся і выскачыў з шалаша. У некалькіх кроках ад яго мільганулі два шэрыя камы.
— Сабакі,— сказаў Міна з шалаша.— Качаны, халеры, паваляюць. Разгуляліся.
Плыве над полем светлая жнівеньская ноч. Зыркую яе цішыню вартуюць кусты і дрэвы на ўзбочыне дарогі, цёмны пагорак могілак і адзінокі агеньчык ліхтара на раз’ездзе. Ахутаныя полагам туману, навакольныя прадметы здаюцца незнаёмымі, няпэўнымі, хісткімі. Ноч ахінула ўсё шэрым крылом і пасеяла навокал цішыню. Яна загадала спаць людзям, птушкам, жывёлам — усім, хто можа разгадаць яе спрадвечныя таямніцы. Але не ўсе спяць...
Я вярнуўся ў шалаш. Стары сядзіць усё ў той жа паставе і думае. Яму, відаць, цяжка пачынаць разімову.
— Сашка мне ўнук, а табе ніхто,— нарэшце гаворыць ён.— I ты не крыўдуй на яго за той ліст. Малады ён, гарачы. У такія гады вы ўсе гарачыя. А бацька яму трэба. Не можа ж нарадзіцца на свет чалавек без бацькі...
Пра гэта я пачаў думаць нядаўна, сур'ёзна, бадай, з таго дня, калі атрымаў злосны і крыўдны для мяне ліст ад Сашкі. У ім ён адмаўляўся ад мяне, як ад бацькі, ад маёй дапамогі, а я, прачытаўшы яго, думаў аб людской няўдзячнасці і яшчэ аб тым, што залішне многа згрызот спатыкае мяне ў жыцці.
Пачуўся далёкі, прыглушаны гул цягніка. Пазваньваючы нечым бляшаным, нехта таропка пратрухаў паўз шалаш.
— Музыкаліха спяшае,—адзначыў Міна.— Малако і грыбы вязе прадаваць. Каб малако не скісла, будзе начаваць на базары.
— Тая самая Музыкаліха? Яна ж старая ўжо.
— Старая, а пад сябе грабе. Магла ж раніцай паехаць, дык не хоча, каб бачылі...
У насцярожанай цішыні добра чуваць, як звіняць і падрыгваюць рэйкі, як, задыхаючыся, абдаючы сябе парай, набліжаецца да раз'езда стары, спрацаваны рабочы цягнік. Шырока над полем разносіцца працяжнае рэха ад яго гудка. Тахканне колаў аб стыкі замаруджваецца, становіцца гучнейшым, натужна рыпяць тармазы, цягнік стаў. Праз некалькі хвілін зноў раскацісты, ужо блізкі гудок, тахканне колаў, якое ўсё ўзрастае, частае, перарывістае дыханне нястомнага, старога рабацягі...
— Трэба было мне Сашку ў гэты, як іх называюць, прыют аддаць,— нібы сам з сабою разважае Міна.— Людзі раілі. Загінулі бацькі і ўсё. Пашкадаваў. Дый цяжка аднаму аставацца...
— Не варта, дзядзька Міна, пра гэта. Што было, то сплыло. Што Сашка робіць цяпер?
— На лесапілку ходзіць, а вечарам кніжку чытае. Варанё ёсць варанё, надзьмулася і крача: «Праб'ю сабе дарогу без яго помачы. Не трэба мне такія бацькі»...
— Я прыехаў, дзядзька Міна, пагаварыць з Сашкам. Так болей нельга пакідаць.
— Добра, Платоша. Ты даруй за ўсё, але ж ён не вінаваты. Ён толькі як малы быў, дык пытаўся: «Дзе, кажа, мой тата і чаму ён не едзе да нас». Я яму гавару, што маму тваю забілі немцы, ну, а тата з другой ажаніўся, ён на службе, і яму прыехаць нельга. Можа я дрэнна рабіў, што гаварыў так, але ж хацелася дзіця ўцешыць. «А чаму, кажа, ён, тата, нам хоць ліста не напіша?» Што ты яму адкажаш? Бачыць у другіх бацьку, ну, і свайго мець хочацца. А падрос, перастаў пытацца. Можа яму людзі што нагаварылі, языкі ж не завяжаш, можа сам здагадаўся. Я табе і напісаў тады, каб перастаў слаць грошы. Ён жа лічыў, ды і людзі таксама, што раз грошы шлеш, значыць, бацька. А так, няма бацькі, ну і няма. Можа сабакам сена косіць. А як прыйшлі твае гэтыя сёлетнія грошы, усё і загарэлася. «Не хачу, крычыць, ні яго грошай, ні яго самога»!