На праклятым месцы чарнее, курыцца злавесным дымам глыбокая бездань. Вецер iмгненна робiцца лютым i халодным, пранiзвае да касцей, круцiць i зацягвае ў чорную халодную пашчу безданi. Ядзя не хоча туды, яна прыгадвае, што можа лётаць, узмахвае рукамi-крыламi i з жахам бачыць, што лёгкiх крылаў больш няма… Пякельны боль працiнае цела, Ядзя iстэрычна крычыць у сваёй бездапаможнасцi, клiча на дапамогу… Але вакол нiводнай жывой душы, толькi чорнае вока безданi глуха i зласлiва рагоча ў адказ, i адразу невядомая сiла крышыць, ламае чалавечае супрацiўленне. Ядзя не ўпарцiцца, бо няма сiлы, разумее, што гэта канец, безвыходнасць паралiзуе. Яна рыхтуецца да найгоршага, пакорлiва складае на грудзях рукi, заплюшчвае вочы i… прачынаецца ад асабiстага крыку…
Ядзя падхапiлася, села ў ложку i некалькi хвiлiн адлучаным, бессэнсоўным позiркам аглядае пакой, быццам упершыню бачыць яго. Пачуццё рэальнасцi вяртаецца павольна, у вачах мiльгае радасны агеньчык – жывая! Ядзя далонню змахвае пот з iлба, па звычцы, не гледзячы, працягнула руку да столiка, на якiм звечара заўсёды пакiдала шклянку апельсiнавага соку. Зрабiла некалькi глыткоў i зноў адкiнулася на падушку, заплюшчыла вочы.
Праз пэўны час сэрца супакоiлася, хваляванне i страх, якiя мучылi ў сне, пачалi саступаць месца спрактыкаванай штодзённай разважлiвасцi. Зноў папiла соку, у думках падзякавала Богу, што ўсё гэта адбылося з ёй у сне, i з сумам падумала: «Гэтыя жахi давядуць да вар’яцтва. Трэба ўсё ж iсцi да дактароў. Толькi цi дапамогуць яны? Вось каб плюнуць на ўсё ды паехаць туды, дзе цябе нiхто не ведае, забыцца на турботы, выкiнуць з галавы гэтых князёў, кузаўковых ды буслоў… Анiякага жыцця не стала, родную дачку начнымi крыкамi перапужала так, што прыйшлося адвезцi ў вёску да бацькоў. Але ж чаму не звонiць будзiльнiк?»
Успамiн пра работу ветрам здзьмуў Ядзю з ложка. Яна мiтуслiва адчынiла шафу i на хвiлiну разгубiлася, не ведаючы, як сёння апрануцца. Жанчына выцягнула некалькi сукенак, выбiраючы, учэпiстым позiркам агледзела iх, кiнула на ложак i ў гэтую хвiлiну раптам узгадала, што сёння нядзеля, выхадны. Нервовай паспешлiвасцi i ранiшняй напругi як i не было, жанчына млява, лянотна пацягнулася, амаль шчаслiва ўсмiхнулася i павесiла сукенкi на месца. Ад адной толькi думкi, што не трэба нiкуды iсцi i цэлы дзень можна займацца хатнiмi справамi, настрой адразу палепшыўся. Нават кашмарны сон здаўся не такiм жудасным, ён сцiшыўся дзесьцi глыбока ўсярэдзiне, каля самага сэрца, i непрыемным, шчымлiвым халадком нагадваў аб сабе, чакаў свайго часу.
Ядзя накiнула на плечы ружовы халат, падышла да трумо, паспешлiва агледзела сябе ў люстэрку. Яна з непрыхаваным задавальненнем i нават радасцю адзначыла, што i без макiяжу выглядае значна маладзей сваiх трыццацi шасцi гадоў. Вытанчана-прыгожы, без адзiнай зморшчынкi твар з невялiкiм, крыху кiрпатым носам рабiў яе вабнай i непасрэднай. Чорныя, як крыло грака, валасы, нечакана вялiкiя, блакiтныя з зеленаватым адценнем вочы i асаблiва па-дзiцячы капрызныя, пульхныя вусны надавалi ёй крыху наiўны, безабаронна-разгублены выгляд. Праўда, на шыi ўжо з’явiлiся здраднiцкiя зморшчыны, не дапамагаюць нi масаж, нi крэмы, але ж выйсце знайшла, пачала насiць сукенкi з высакаватым каўняром цi чапляць на шыю дарагiя каралi. Ядзя ўсмiхнулася, правяла далонню па шыi, твары, высокiх грудзях, паставiла рукi ў бокi i какетлiва крутнулася ўправа, улева. Задаволеная аглядам, уключыла японскi магнiтафон, што месцiўся тут жа, сярод усялякiх памераў касметычак, i ў добрым, прыўзнятым настроi пайшла на кухню гатаваць сняданак.
Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.
«Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.
– Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!
Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.
– Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.
– Адчынi, гэта я.
Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:
– А я так успалася, што ледзь пачула.
– Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.
Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.
– Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.
– Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.
– Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю i, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску ўсеўся за стол. – Частуй госця, сёння свята, хачу выпiць.
– Кажы, што трэба! – склала на грудзях рукi Ядзя i з выклiкам зiрнула Калеснiку ў вочы. – Ты ж не яечню есцi прыйшоў?
– Частуй каньяком, – робячы выгляд, што не заўважае Ядзiнай злосцi, скалiўся Калеснiк. – Цi ты чакала каго iншага?
– Так, не цябе…
Ядзя не паспела дагаварыць. Калеснiк рыўком ухапiў яе за валасы i балюча тузануў унiз. Жанчына не ўтрымалася на нагах, бразнулася на каленi.
– Не зарывайся, ведай сваё месца, – у твар прасiпеў Калеснiк i правёў вострым вiдэльцам па адной шчацэ, потым па другой. – Можа, крышку папсаваць твой глянец? Не мне – дык нiкому…
Ядзя заплюшчыла вочы, страх працяў цела, бо ведала, што ад гэтага чалавека можна чакаць усяго, ён слоў на вецер не кiдае. Яна заплюшчыла вочы i, стрымлiваючыся, цiха заплакала.
– Не скуголь! – злосна рыкнуў Калеснiк i адштурхнуў Ядзю ад сябе. – Гарэлку давай!
Ядзя таропка падхапiлася на ногi, дастала з шафкi пачатую бутэльку каньяку, паслужлiва, са згаслымi вачыма, налiла ў шклянку, падала Калеснiку i нясмела прагаварыла:
– Ты ж, мабыць, за рулём.
– Не бяда, – рагатнуў Калеснiк i, каўтануўшы каньяк, працягнуў пустую шклянку гаспадынi. – Нох айн маль!
Ядзя зноў налiла i паставiла бутэльку на стол.
– Ты снедай, а я прыбяруся.
– Дзвярэй не зачыняй, – закусваючы, загадаў Калеснiк, – я па справе, трэба пагаварыць.
Ён увайшоў у спальню амаль услед за Ядзяй i адразу абняў за плечы, прытулiўся, балюча сцiснуў грудзi.
– Не трэба, я не магу вось так… – усхлiпнула жанчына, нясцерпны смутак агарнуў душу.
– Затое я магу, – пажадлiва зашаптаў Калеснiк i бесцырымонна пiхнуў Ядзю на ложак…
Пасля яны доўга моўчкi ляжалi. Ядзя была прынiжана, адчувала неўтаймавальную злосць на Калеснiка, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яе турбавала прычына ягонага вiзiту.
– Гэта ўсё цi чаго яшчэ захоча ваша мiласць? – здзеклiва спытала яна.
Калеснiк прыўзняўся i ўважлiва зiрнуў ёй у вочы. Ядзя нiколi не магла вытрымаць гэтага пранізлівага погляду яго чорных вачэй. Яна патупiлася, адкiнула коўдру, хацела ўстаць, але Калеснiк паклаў руку на плячо.
– Сёння ў мяне сустрэча з вельмi патрэбным чалавекам, хачу, каб ты была са мной.
– Сёння не магу, еду да бацькоў, дачка там…
– А я кажу, што ты мне патрэбна! – зласлiва прасiпеў Калеснiк i балюча сцiснуў яе плячо.
– Серж, мне балiць, – умольна ўздыхнула Ядзя.
– Вось бачыш, – Калеснiк нахiлiўся, пацалаваў у шчаку i памякчэлым голасам сумна дадаў: – Ты нагадала iмя, якiм калiсьцi мяне ахрысцiла, значыць, памятаеш i ўсё наша! – ён рэзка падхапiўся, апрануўся i зашпацыраваў па пакоi. – Мне патрэбна не толькi прыгожая жанчына, але i надзейная памочнiца.
Ядзя вельмi добра ведала гэтага чалавека i разумела, што, калi ён нешта задумаў, нiякiя адгаворкi не дапамогуць. Толькi яна не дзяўчынка, за» дзякуй» нiчога рабiць не будзе, няхай раскашэльваецца… Ядзя выцягнула цыгарку, прыпалiла.