5
Андрэй Бусел значыўся ў спiсах пражываючых у гатэлi як Мiкалай Фёдаравiч Мельнiк, камерцыйны дырэктар прадпрыемства «Свiтанак». Цяпер Бусла было не пазнаць. Валасы пафарбаваў у чорны колер, праўда, за бародку i вусы фарба чамусьцi не ўзялася, i яны сталi цёмна-каштанавымi. Але, агледзеўшы сябе ў люстэрку, Бусел застаўся гэтым нават задаволены. Валасы прыкрывалi вушы, вiхурылiся на каўняры пiнжака, а акуляры з прыцемненымi шкельцамi ў тоўстай залацiстай аправе пасавалi, надавалi iнтэлiгентнасць.
Бусел нецярплiва чакаў Зондакса, якi пазнiўся на цэлую гадзiну. Нарэшце ў дзверы грукнулi, i адразу ў пакой увалiўся расчырванелы, мокры ад дажджу Зондакс.
– Ну i надвор’е! – здароўкаючыся i страсаючы дажджавыя кроплi са скуранога капелюша, забасiў Петэрс i, зiрнуўшы на Бусла, засмяяўся: – Ты i спiш у акулярах? Зусiм закансперыраваўся, глядзi, каб гэта не перарасло ў якую хваробу.
Петэрс зняў вiльготную куртку, павесiў яе на спiнку крэсла i падсунуў блiжэй да ацяпляльнай батарэi.
– Пакуль мы тут «ля-ля, тапаля», яна i падсохне, – пацiраючы далонi, задаволена зазначыў ён. – Вымак да нiткi, машына ляснулася. Крыўдна, з паўкiламетра не дацёгся да гатэля.
– Штосьцi сур’ёзнае? – думаючы зусiм пра iншае, спытаў Бусел.
– Дробязь, кола прабiў, але ж пад такiм дажджом мяняць – сабе шкодзiць. Вось пагрэемся, пагаворым, глядзiш, i дожджык скончыцца.
Бусел прайшоў да ложка, сеў. Гэтымi днямi ён нiяк не мог пазбавiцца адчування вiны перад сям’ёй Зондакса. Што нi кажы, а ён перакладваў цяжар небяспекi на плечы сябра, i гэта непакоiла, раздражняла. Адказнасць за жыццё Зондакса зрабiлася невырашальнай турботай, ён нi пра што iншае не мог думаць.
– Петэрс, я падумаў i вырашыў, што аднаму разбiрацца ўва ўсiм усё ж спадручней, менш прыцягваю ўвагі. Ты i так дастаткова зрабiў…
Зондакс адразу стаў сур’ёзны, паўнаваты твар яшчэ больш пачырванеў: Петэрс зразумеў, куды хiлiць Бусел.
– Вось, аказваецца, што цябе турбуе! – нядобра прагаварыў камісар i праз хвiлiну здзеклiва ўскрыкнуў: – Хочаш сам разабрацца? Кажаш, аднаму спадручней?
Iх вочы сустрэлiся, Бусел вiнавата ўсмiхнуўся.
– Так будзе лепш, – разумеючы, што гаворыць нешта не тое, перасмыкнуў плячыма Бусел.
– Якой лухтой забiта твая галава?! – узрушыўся Зондакс. – Гэта ўжо не твая справа i нават не наша. Плявузгаеш, як дылетант, быццам не ведаеш, якая заўсёды бывае кругаверць вакол забойства мiлiцыянера! Раскрыццём займаюцца лепшыя сышчыкi, i мы павiнны дапамагчы, а не дзялiць на тваё i маё. Мяне аберагаць не трэба, калi памятаеш, я не толькi твой сябра, i гэта мой службовы абавязак…
Зондакс сеў побач з Буслам на ложак, паклаў руку на плячо, хацеў яшчэ штосьцi сказаць, але толькi цяжка ўздыхнуў i сцiх. Яны доўга сядзелi моўчкi, думаючы кожны пра сваё i, урэшце, пра адно i тое. Бусел дакараў сябе, што распачаў гаворку на гэтую тэму, бо наперад ведаў рэакцыю Петэрса.
– Андрэй, не муч сябе, – Зондакс прыхiльна паглядзеў на сябра, – ты нi ў чым не вiнаваты, для мяне вялiкая радасць – бачыць цябе жывым.
I зноў у пакоi запанавала цiшыня, сябры зразумелi адзiн аднаго.
– Дык з чаго пачнем? – парушыў маўчанне Петэрс.
– Трэба наведаць маю кватэру, – сказаў Бусел. – Неадчэпна праследуе пачуццё, што за мной назiралi i кватэра кiмсьцi праслухоўвалася.
– Пачуццi да справы не прышыеш…
– Па-першае, нiхто не ведаў, што я iду на сустрэчу з «добраахвотнiкам», па-другое, Мароз валодаў усёй iнфармацыяй, нават ведаў пароль.
– Згодзен, толькi што будзем шукаць? – перапытаў Петэрс.
– Калi праслухоўвалi, павiнны застацца сляды, – адказаў Бусел i задумлiва дадаў: – Але галоўнае тое, што ў мiлiцыi ёсць чалавек, якi паставiў на мне крыж. Думаю, яго i трэба шукаць.
– Каго-небудзь падазраеш? – насцярожана паглядзеў на Бусла Зондакс.
– Пакуль што не.
– Тады я да цябе на працу, даведаюся агульную абстаноўку, – Зондакс перасеў да стала, дастаў самапiску, занатоўнiк. – Называй прозвiшчы, хто на фотаздымку, акрамя хiба што Сарокi. Дарэчы, наконт яго ў мяне прапанова: давай раскажам Алесю праўду, як нi круцi, а свой чалавек у аддзеле патрэбен.
– Мне б не хацелася рызыкаваць…
– Ты хацеў сказаць – падстаўляць Сароку? – рашуча перапынiў Бусла Зондакс. – Папярэджваю апошнi раз: не крыўдзi сяброў…
Было адзiнаццаць гадзiн, калi Зондакс пастукаў у дзверы кабiнета з шыльдай, на якой яшчэ значылася прозвiшча Бусла.
«Гэта добры знак», – толькi падумаў ён, як за спiнай прагучаў зычны голас:
– Вам каго? Маёра Сарокi няма.
Зондакс няспешна павярнуўся. Перад iм стаяў чарнявы хлопец гадоў дваццацi пяцi i ўважлiва пазiраў на яго шырока расплюшчанымi вачыма. Карычневы свiтэр аблягаў шырокiя пакатыя плечы i добра падкрэслiваў спартыўную постаць.
Зондакс адразу пазнаў аднаго з сышчыкаў, што быў на фотаздымку з Буслам. Вiдавочна, Петэрса таксама пазналi, бо ў наступную хвiлiну рашучая патрабавальнасць знiкла з твару хлопца, ён прыхiльна ўсмiхнуўся:
– Я Вас памятаю, Вы былi на пахаваннi капiтана Бусла.
Сышчык глядзеў на Зондакса з цiкаўнасцю i непрыхаванай павагай.
– Правiльна, – задаволена адказаў Зондакс, яму было прыемна, што яго ўзгадаў гэты малады, прыгожы сышчык. – Я – Петэрс Янавiч Зондакс, – адрэкамендаваўся ён i з горкiм сумам дадаў: – Шкада, што Сарокi няма, хацелася ў агульных рысах даведацца, як iдзе раскрыццё забойства.
– Лейтэнант Сушынскi, – адрэкамендаваўся сышчык i, спахапiўшыся, таропка дадаў: – Што мы стаiм, зойдзем да мяне, пап’ём кавы, заадно i пагаворым. А маёра Сарокi няма, ён у камандзiроўцы.
Зондакс з цiкаўнасцю зiрнуў на Сушынскага. Шчырая ўсмешка, жывыя, пiльныя вочы выклiкалi прыхiльнасць.
«А лейтэнант можа ведаць тое, што i Сарока», – падумаў камісар, а ўголас прамовiў:
– За кубачак гарачай кавы буду ўдзячны, – і, iдучы прыцемненым калiдорам, спытаў: – Вас як завуць?
– Мiкалай Iванавiч, – машынальна адказаў Сушынскi i, крыху сумеўшыся, дадаў: – Проста Мiкалай.
У невялiкiм шэрым пакойчыку, якi Сушынскi важна назваў кабiнетам, стаялi два абшарпаныя двухтумбавыя сталы i чатыры крэслы. Па правую руку ад увахода месцiўся вялiзны сейф, каля стала, за якi ўсеўся лейтэнант, – металiчная вешалка. Месца яшчэ заставалася роўна столькi, як разысцiся двум чалавекам.
– Сядайце за стол капiтана Глушакова, яго сёння не будзе, – запрасiў Сушынскi i, дастаўшы з шуфляды стала высакаваты кубак, налiў з графiна вады i апусцiў туды маленькi кiпяцiльнiк.
Зондакс, прыкiдваючы, з чаго пачаць гаворку, няспешна скiнуў скуранку, капялюш, пяцярнёй прыгладзiў валасы.
– Я ў водпуску, вось i падумаў, што раптам патрэбна якая дапамога, – сядаючы на прапанаванае месца, заклапочана сказаў ён.
– У нас таксама многа жадаючых трапiць у групу Астроўскага, але маёр абмежаваўся асобнымi даручэннямi…
– Пэўна, па нейкай прычыне?
У адказ Сушынскi толькi няўпэўнена перасмыкнуў плячыма.
Зондакс, каб не выклiкаць падазрэнняў залiшняй цiкаўнасцю, паспрабаваў перамянiць тэму гаворкi:
– Як хутка вернецца Сарока? – ён адсунуў ўбок невялiкую купку газет, што высiлася на стале, i ледзь не ўскрыкнуў ад радасцi: пад вялiкiм тоўстым шклом ляжаў такi ж фотаздымак, якi Фiлiн перадаў Буслу.
– Маёр з’явiцца не раней, як праз тыдзень, – адказаў лейтэнант i выключыў кiпяцiльнiк.
– Тут фотаздымак, вiдаць, адзiн з апошнiх. Мо i для мяне знойдзецца экземпляр?
Сушынскi адказаў не адразу. Ён устаў, падышоў да стала, за якiм сядзеў Зондакс, прыўзняў шкло, дастаў фотаздымак i, углядаючыся ў твары калег, сярод якiх быў i капiтан Бусел, цяжка ўздыхнуў:
– Сапраўды, гэта адзiн з апошнiх, трэба было б перазняць.
– У Вас такога не было? – надаючы голасу i свайму выгляду як мага больш абыякавасцi, спытаў Зондакс i сцiшыўся, чакаючы, што скажа лейтэнант.
Камісар iнтуiтыўна адчуў, што зараз нiтачка можа пацягнуцца.
– Быў i ў мяне, – горка ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi прапаў.