Бусел не стаў рызыкаваць i, залезшы ў сваю схованку, чакаў, пакуль Фiлiн з Прышчом вернуцца. Нейкi час яго неадчэпна, як насланнё, непакоiла думка: цi быў на могiлках салют?..
Фiлiн вяртаўся пануры, засяроджаны, нават злы. Ён iшоў, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi, а Прышч, бы пабiты сабака, трусiў збоку. Ён штосьцi iмпэтна даводзiў Фiлiну, забягаў то з аднаго боку, то з iншага i ўсё стараўся зазiрнуць хаўруснiку ў твар. Фiлiн не звяртаў на Прышча ўвагi, але каля ганка спынiўся i нейкi час панура слухаў блытаную балбатню. Бусел нiчога не мог зразумець з таго, што гаварыў Прышч. Раптам Фiлiн кароткiм рэзкiм ударам садануў хаўруснiка кулаком, i той змоўк на паўслове i з разяўленым ротам, быццам сноп, ссунуўся на зямлю. Фiлiн, не звяртаючы на ляжачага анiякай увагi, пiхнуў нагой дзверы, ды так, што тыя ледзь не вывалiлiся зусiм, i, нахiлiўшыся, знiк у хаце. Прышч доўга ляжаў беспрытомна, раскiнуўшы рукi. Нарэшце заварушыўся, стаў на каленi, памацаў рукой скiвiцу i пацiху, хiстаючыся, узняўся на ногi, пасунуўся да студнi.
«Што памiж iмi здарылася? – назiраючы за Прышчом, не мог зразумець Бусел. – За што Фiлiн пабiў хаўруснiка?»
Прышч вывернуў на галаву вядро вады i, цвыркаючы крывавай слiнай, увайшоў у хату. Адразу да Буславага слыху даляцелi крыкi, лаянка, але прычыну сваркi ён разабраць не мог. Бусел прыгадаў лесвiцу, што стаяла ў невялiкiх сенцах i вяла на гарышча. Рашэнне прыйшло адразу. Ён таропка скiнуў чаравiкi, басанож слiзгануў унiз i, хаваючыся за машынай, прыслухаўся. Гаманiлi цiшэй, чулася лаянка Фiлiна i скавытанне Прышча. Не заўважыўшы нiчога падазронага, Бусел, прыгнуўшыся, джгануў да блiжэйшага кута хаты i прысеў у кустах. Твар, рукi, ногi апякла жыгучка, i толькi Бусел наважыўся перабегчы блiжэй да сенцаў, як раптам гаворка ў хаце сцiхла, i амаль адразу на вулiцу вывалiўся расчырванелы, расхрыстаны Прышч. Капiтан, тулячыся блiжэй да хаты, у самую рослую крапiву, сцiшана назiраў за бандытам.
– Цьфу ты, – мацюкнуўся i харкнуў крывёй злачынец.
Ён зласлiва, нядобра некалькi разоў азiрнуўся на вокны i, мармычучы праклёны, трымаючыся рукой за скiвiцу, паплёўся да студнi. Але на паўдарозе спынiўся i, быццам нешта прыгадаўшы, борздка крутнуўся i праз хвiлiну зноў знiк у хаце. Зласлiвая рашучасць, што кiравала Прышчом, нiчога добрага не прадвяшчала.
Бусел з задавальненнем заўважыў, што дзверы ў хату засталiся адчыненыя, i ён, не раздумваючы, кiнуўся ў сенцы, адтуль па-кашачы нячутна слiзгануў па лесвiцы на гарышча i затаiўся на нейкiх старых, сплеснелых анучах. Спярша капiтан нiчога не чуў, акрамя ўдараў уласнага сэрца, але ў нейкi момант навакольную цiшыню ўзарваў пiсклявы, iстэрычны крык Прышча:
– Паскуда, ты мне выбiў зуб! Ды я цябе за гэта!..
Ён не дагаварыў, пачуўся глухi ўдар, потым яшчэ… Да Буславага слыху данеслiся валтузня i енк, больш падобны да сабачага скуголення.
– Ты засвяцiўся, казёл пляшывы, i яшчэ рот свой паганы разяўляеш! – зласлiва прасiпеў Фiлiн. – Ведаеш, што за гэта бывае?
На нейкi момант у хаце запанавала цiшыня.
– Ну, не ўтрымаўся, – пачуўся ўмольна-плаксiвы голас Прышча, ад ягонай злосцi не засталося i следу. – Але ж справа надзейная, возьмем у два, а то i ў тры разы больш, чым атрымалi за мянта, там, як пiць даць, шмат золата i даляраў.
– Ты Вожыку гаварыў пра заказчыцу?
– Яшчэ чаго, ён адразу галаву адкруцiць.
– Трэба было б, – памякчэў голас Фiлiна.
– Ты не турбуйся, справа надзейная, камар носа не падточыць, – па-свойму зразумеўшы гэтую змену, таропка загаварыў Прышч. – Ды i не засвяцiўся я, наша сустрэча выглядала выпадковай. З могiлак зарулiў да Вожыка, а тут i яна выходзiць. Я адразу ўцямiў, што за птушка, нешта штурханула даведацца, дзе жыве. Цяпер мы адной вяровачкай моцна павязаны, а каля яе i пагрэцца можна. Прасачыў за кабетай да самай хаты, тут i пашэнцiла: ейная дачка, саплячка гадоў дзесяцi, згубiла сабаку.
Прышч нечакана замоўк. Бусел ад нецярплiвасцi заварушыўся i датыкнуўся нагой да нечага шклянога, але, на ягонае шчасце, усё абышлося, Фiлiн i Прышч звону не пачулi. Дзверы ў хату прачынiлiся, i, выходзячы ў сенцы, Фiлiн спытаў:
– Пры чым тут сабака?
– А пры тым, што не знайшлi яны свайго падстрыжанага пад iльва пудзеля, а як толькi знiклi ў пад’ездзе, ён аб’явiўся i, быццам знарок, падбег да маёй машыны. Я падазваў пудзеля, а на ашыйнiку – бляшанка з гравiроўкай адраса i тэлефона. Тут мяне i асянiла, ухапiў сабаку за павадок i завёў у кватэру. I, скажу табе, не кватэра, а музей, трэба «ставiць», пакуль хто iншы гэтага не зрабiў.
Фiлiн з Прышчом выйшлi з хаты, i Бусел больш не чуў iх гаманы, сцiшана ляжаў, асэнсоўваючы пачутае. Праз гадзiну ў сенцы ўвайшоў расчырванелы, злы Прышч i паспешлiва прачыкiльгаў у хату, моцна бразнуўшы дзвярыма. Яшчэ праз паўгадзiны аб’явiўся Фiлiн. Хаўруснiкi адразу селi снедаць i пiць гарэлку. Буслу больш не было патрэбы тут заставацца. Ён пацiху спусцiўся з гарышча, нячутна выйшаў на вулiцу i праз некалькi хвiлiн ужо ляжаў у сваёй бярлозе.
«Значыць, Прышч сустракаўся з жанчынай, заказчыцай майго забойства. Яна была ў Вожыка, пэўна, разлiчвалася з пасрэднiкам. Што яшчэ? Жыве ў шыкоўнай кватэры, i Прышч падбiвае Фiлiна абрабаваць тое жытло… У кабеты ёсць дачка гадоў дзесяцi i сабака пудзель, падстрыжаны пад iльва… Не так i мала я даведаўся, – задаволена ўсмiхнуўся Бусел, – пры жаданнi можна знайсцi кабету i па гэтай iнфармацыi».
На працягу дня злачынцы з’явiлiся на вулiцы два цi тры разы. Пад вечар Прышч зайшоў у хлеў, дзе стаяла машына, залiў у бак бензiну, а дзве поўныя канiстры паставiў у будку. Сюды ж прыцягнуў два вялiкiя рукзакi. Бусел адчуў, што хаўруснiкi збiраюцца ў дарогу, i не памылiўся. Калi добра-такi сцямнела, яны замкнулi хату, селi ў машыну, i праз хвiлiну чырвоныя агеньчыкi габарытаў знiклi ў лясным гушчары.
Бусел не спяшаўся пакiдаць схованку. Ён доўга прыслухоўваўся да рытмiчнага тахкання рухавiка i, калi ўсё сцiхла, не тоячыся, выйшаў з хлява, закурыў. Капiтан вырашыў падстрахавацца i хвiлiн дваццаць iшоў па лясной дарозе, дзе толькi што праехала машына. Усё было цiха. Калi вярнуўся да хаты, зусiм сцямнела. Ключ ад замка, як i дамаўлялiся з Фiлiнам, знайшоў у шчылiне памiж бярвеннямi пад самай страхой. Адразу запалiў газнiчку, падышоў да ложка, з нецярпеннем адкiнуў коўдру, потым сяннiк. На ржавай сетцы ляжала тое, што шукаў – газета. З сярэдзiны вывалiўся фотаздымак. Каля дрэва ў поўны рост стаяў бялёсы шыракатвары мужчына. У цяжкiм позiрку было столькi непрыхаванай тугi i безвыходнасцi, што Буслу стала неяк не па сабе. Гэты фотаздымак таксама хтосьцi пазначыў крыжыкам, а на адваротным баку ўсе чатыры куткi былi надарваныя, з рудымi плямамi, вiдавочна, здымак вырвалi з альбома. Нейкi час капiтану здавалася, што ён ужо некалi сустракаўся з гэтым чалавекам. Ён з хваляваннем, быццам вось-вось разгадае таямнiцу «добраахвотнiка», падышоў блiжэй да стала, пабольшыў кнот у счарнелай газнiчцы, але, як нi ўглядаўся, пазнаць мужчыну не змог. I раптам Бусел злавiў сябе на думцы, што Фiлiн быў правы, калi гаварыў, што яны з Гнiлым падобныя. На самай справе так i было, мо адсюль i гэтае незразумелае хваляванне?
На першай старонцы мiлiцэйскай газеты ў чорнай рамцы ўбачыў сябе ў параднай форме. Калi прачытаў некралог, мiжвольная ўсмешка кранула вусны: «Вось, аказваецца, якi быў я! Але чаму быў – ёсць! Смелы, зычлiвы i чулы, лепшы сышчык горада… Мяне чакала блiскучая будучыня!.. Ну што ж, паглядзiм!..»
На палях газеты Фiлiн развiтваўся з iм, паведамляў, што на фотаздымку Гнiлы, i, быццам мiж iншым, пазначыў, што ў вядомай яму схованцы пакiнуў ключы ад ягонай мiнскай кватэры, якiя забраў у Прышча, i грошы. Наконт грошай была прыпiска, што, калi ён iх цураецца, – можа не браць…
– Не, цяпер, калi я для ўсiх нябожчык, калi ў кiшэнi i капейка не звiнела, я грошы вазьму, – услых прагаварыў Бусел і сцiшана дадаў: – У доўг…
2
Праз два тыднi, апоўднi на чыгуначным вакзале ў горадзе Рызе з цягнiка сышоў маладжавы мужчына гадоў трыццацi пяцi – сарака. Высокi, шырокi ў плячах, апрануты ў джынсавы гарнiтур, ён быў падобны на спартсмена, але даўгаватыя бялёсыя валасы, рыжаватая з сiвiзной бародка i асаблiва рукзак за плячыма рабiлi яго больш падобным на вандроўнiка цi геолага, якi вяртаецца з чарговай экспедыцыi. Чалавек лёгкай, пружынiстай хадою прайшоўся па пероне i накiраваўся да стаянкi таксi. Праз некалькi хвiлiн машына неслася па рыжскiх вулiцах, а геолаг-вандроўнiк уважлiва разглядаў горад i некаму, вядомаму толькi яму аднаму, усмiхаўся. Машына спынiлася каля дванаццацiпавярховага гмаха, i барадаты, разлiчыўшыся з шафёрам, рашуча ўвайшоў у пад’езд, падняўся на лiфце на сёмы паверх, падышоў да дзвярэй кватэры нумар трыста, скiнуў з пляча рукзак i раз-другi нацiснуў на званок. Прыслухаўся. Не пачуўшы ў кватэры анiякага руху, чалавек вiдавочна захваляваўся i нервова нацiснуў на кнопку званка некалькi разоў запар. Нарэшце за дзвярыма пачулiся крокi, шамаценне, прыглушаны кашаль. Барадаты з палёгкай уздыхнуў, нецярплiва перакiнуў з рукi ў руку рукзак, далонню прыгладзiў белабрысую чупрыну. Дзверы прачынiлiся, i паўнаваты мужчына з капой нячэсаных чорных валасоў, гэткага ж росту, як i барадаты, апрануты ў спартыўныя штаны i белую майку, санлiва пазяхнуў i, слепавата прыплюшчыўшы вочы, утаропiўся ў няпрошанага госця.