Бусел i Фiлiн закурылi i, не згаворваючыся, выйшлi на вулiцу. З-пад вялiзных калматых ялiн падымаўся туман, якi, хаваючыся ў кустах i высокай траве, нясмела, але настойлiва поўз на паляну, блiжэй да хаты. Вячэрняя прахалода нагадвала, што апошнiя цёплыя вераснёўскiя днi сыходзяць, што хутка восень з непрадказальнымi дажджамi i начнымi замаразкамi.
Пасля душнай хаты Фiлiн з асалодай падставiў твар рэзкаватаму ветру i з задавальненнем удыхнуў лясны водар. Ён быў удзячны лёсу за гэтую сустрэчу з Буслам, якая прымусiла пераасэнсаваць, перагледзець жыццё, якiм жыў. Фiлiну стала спакойна, кацёл, што апошнiя гады бурлiў, вiраваў недзе ўсярэдзiне, пад самым сэрцам, якi трымаў думкi i волю ў пастаянным напружаннi, раптам знiк, растварыўся ў гэтым лясным тумане-прывiдзе, у векавых соснах, у вечаровым спакоi. На хвiлiну ён убачыў сябе ў тыя гады, калi яшчэ не зведаў штодзённага шчымлiвага страху, калi яшчэ верыў у сяброўства i разлiчваў на шчырую падтрымку, калi ведаў, што камусьцi патрэбны. Нечакана жаданы прывiд гэтак жа раптоўна знiк, i абцяжараныя неспакоем думкi мiжволi вярнулi Фiлiна ў сённяшнi дзень. Iмгненна пранеслася перад вачыма злачыннае жыццё, i мёртвая туга абцугамi ўпiлася ў сэрца.
«Усё магло быць па-iншаму, – са скрухай падумаў Фiлiн, – але што маем, тое маем».
Ён не адчуваў нi раскаяння, нi спачування да сваiх ахвяр, яго не грызла сумленне. Апошнiя гады толькi помста гарачай хваляй iрвалася з грудзей, рабiла яго злым i бязлiтасным. Упершыню гэтае пачуццё апякло сэрца i розум, калi вярнуўся з войска i знайшоў малодшую шаснаццацiгадовую сястру Кацярыну ў псiхушцы. Мацi, душачыся слязьмi, распавяла, што сястру згвалцiў сын старшынi калгаса. Суд быў, але дваццацiгадовы бэйбус атрымаў толькi два гады ўмоўна. Справу склалi так, быццам Кацярына i была ўва ўсiм вiнаватая, па-iхняму выходзiла, што яна наўмысна спакусiла хлопца. Суд прызнаў злачынцу вiнаватым часткова, бо дзяўчына была непаўналетняя.
Фiлiн не стаў шукаць праўды ў законах, а сам паехаў у Вiцебск, знайшоў гвалтаўнiка ў iнстытуцкiм iнтэрнаце i ўчынiў расправу…
– Што з табой? – паклаў Бусел руку на плячо Фiлiна.
Фiлiн ад нечаканасцi скалануўся i, невiдушча паглядзеўшы на Бусла, кiнуўся ў хату. Калi капiтан увайшоў следам, Фiлiн ужо дапiваў двухсотграмовую шклянку гарэлкi, потым дрыжачай рукой налiў яшчэ палову i, не дыхаючы, каўтануў.
– Ты што, блёкату аб’еўся? – Бусел выхапiў бутэльку з рук Фiлiна.
– Усё добра, цяпер ужо добра, – унiкаючы Буславых вачэй, крыва ўсмiхнуўся Фiлiн. – I не пазiрай на мяне, як на шызiка, яшчэ на сцяну не палез… Душа балiць… Толькi якая каму справа да гэтага? – п’яна ўсмiхнуўся Фiлiн.
Гэты ўспамiн заўсёды выклiкаў выбух непадкантрольных, супярэчлiвых пачуццяў, i з гадамi яму цяжэй i цяжэй было стрымлiваць сябе. Фiлiн разумеў, што некалi ў такiм стане ўтворыць нешта вельмi кепскае.
Ён чыркнуў запалкай, запалiў тоўстую жоўтую свечку, што стаяла ў напалову запоўненым недакуркамi слоiку. Кволы агеньчык асцярожна, але ўпарта праглынуў даўгаваты кнот i праз хвiлiну весела замiльгацеў. У хаце адразу стала неяк утульней, дым ад свечкi перабiў пах затхласцi i прэласцi.
– Мо пагаворым? – нясмела прапанаваў Бусел, які бачыў, што Марозу трэба раскрыцца, выгаварыцца.
Фiлiн i сапраўды нейкi момант вагаўся, спадылба паглядзеў на Бусла, быццам правяраючы на трываласць, i ўсё ж перамаглi выпрацаваныя гадамi падазронасць i скрытнасць. Ён крыху памаўчаў i забасiў зусiм пра iншае:
– Я вырашыў даць табе тэлефон чалавека, якi падкiнуў нам гэтую работку.
Фiлiн нахiлiўся, падняў з падлогi пусты пачак з-пад цыгарэт, доўга корпаўся ў кiшэнях дажджавiка, што вiсеў на сцяне каля ложка. Нарэшце выцягнуў агрызак алоўка. На стале каля свечкi нашкрабаў на пачку лiчбы. Філін быў добра-такi п’яны, але развагi не трацiў, поўнасцю кантраляваў сябе нават у словах:
– Мянушка – Вожык, больш пра яго ведаць – сабе шкодзiць. Звернешся ў самым крайнiм выпадку. Скажаш, ад мяне… Свой фотаздымак забяры ды рукамi не лапай, папера глянцавая, чым чорт не жартуе… Калi пашэнцiць – знойдзеш адбiткi пальцаў таго, хто паставiў на табе крыж. Маiх пальчыкаў не шукай, няма, Прышча таксама. I яшчэ фотку Гнiлога, калi засталася, схаваю, – Фiлiн п’яным позiркам агледзеў хату i тыцнуў пальцам у кут, дзе стаяў ложак, – пакладу пад матрац, – ён захiстаўся i няўпэўнена пасунуўся да ложка, на хаду прыпалiў цыгарку.
Праз некалькi хвiлiн ап’янелы Фiлiн захроп, раскiнуўшы рукi. Бусел выцягнуў зацiснутую памiж пальцаў спячага цыгарку i, прадчуваючы нядобрае, цяжка ўздыхнуў. Ён разумеў, што Фiлiн наўмысна напiўся, каб заснуць, не наплявузгаць лiшняга. Капiтан сеў да стала, асцярожна падсунуў фотаздымак блiжэй да агарка свечкi. У той дзень, калi фатаграфавалiся, яны разблыталi нялёгкi вузел i рашылi пакiнуць успамiн, тым больш што дзень быў святочны, поспех супаў з прафесiйным святам. Фатаграфаваў Мiкола Сушынскi. Прыгадалася, як лейтэнант доўга прыладжваў фотаапарат, мiтуслiва ўсiх рассаджваў, некалькi разоў прымяраўся на вольнае крэсла i ледзь паспеў заняць сваё месца, як спрацавала аўтаматыка. У цэнтры Бусел i Алесь Сарока… Сарока не будзе здраднiкам: сябар яшчэ па мiлiцэйскай школе. На пярэднiм плане ў крэслах – Федарэня i Глушакоў. Капiтан сiлiўся прыгадаць хоць што-небудзь, што магло кiнуць цень на хлопцаў, – нiчога не прыпамiналася. Але ж як тады фотаздымак трапiў да Фiлiна?
Прайшло дзве гадзiны, свечка ў слоiку дагарала, i цяпер ад яе было больш чаду, чым святла. Бусел усё яшчэ таропiўся на твары сяброў i калег, як у кутку на ложку заварушыўся Фiлiн.
– Не можаш наглядзецца? – кплiва, яшчэ п’яным голасам рагатнуў ён i са злосцю дадаў: – Ну-ну, глядзi, хто падмiргне – той i злыдзень, удвая цi нават утрая большы за мяне.
– Мне трэба ў Мiнск, – думаючы пра сваё, прагаварыў Бусел, – i чым хутчэй, тым лепш.
– Паспееш з козамi на торг, – паблажлiва прабурчэў Фiлiн i сонна, лянотна пазяхнуў. – Спяшацца трэба пры лоўлi блох, а ў тваiм выпадку гэта на руку ворагам, ды i мне адразу прыйдуць кранты.
– А ты iм навошта?
– Як толькi твая персона аб’явiцца пад сапраўдным прозвiшчам, адным словам, рассакрэцiцца, мне канец, будзе шукаць i мiлiцыя, i мафiя… Я ж усё падстроiў, а гэта па нашых законах не даруецца… Толькi я разлiчваю, што ты не дурань, разумееш, што да чаго, i сам галаву ў пятлю не ўсунеш. А пакуль будзеш разбiрацца, шукаць сваiх крыўдзiцеляў, я знiкну, а з грашыма Фiлiн паўсюль пан.
Праз два днi у шэсць гадзiн ранiцы у хлеў, дзе на гарышчы ў сене Бусел уладкаваў ляжанку, заехала машына. Прышч заглушыў рухавiк, моцна бразнуў дзверцамi i паспешлiва, подбегам пашкандыбаў да хаты. На ганку басанож ужо стаяў Фiлiн i лянотна пазяхаў. Бусел загадзя раскалупаў у страсе некалькi дзiрак, каб бачыць, што робiцца наўкол, i цяпер прылiп тварам да халаднаватага, крохкага шыферу. Хата i панадворак былi як на далонi.
– Усё выйшла, як ты задумаў, – Прышч, задаволена скалячыся, трос газетай над галавой. – Мянты праглынулi нажыўку. А дзе наш? Пара з iм палiчыцца, у мяне рукi свярбяць.
– Наш занадта шустры аказаўся, – абыякава кiнуў Фiлiн, узяў у Прышча газету, разгарнуў. – Ну вось i некралог, амаль своечасова, – Фiлiн улавiў у вачах Прышча недавер i раздражнёнасць і паблажлiва ляпнуў хаўруснiка па плячы: – Мент спрабаваў уцячы, прыйшлося замачыць. Пойдзем пакажу, дзе засыпаў, толькi на ногi што-небудзь абую.
Прышч роспачна пачухаў патылiцу, зласлiва цвыркнуў слiнай:
– Шкада, што без мяне…
Праз хвiлiну Фiлiн i Прышч знiклi ў лесе. Бусел не вытрымаў, таропка слiзгануў па сене ўнiз, да машыны, i хуценька, прафесiйна агледзеў, што было ўсярэдзiне, спадзеючыся знайсцi якiя-небудзь дакументы: вадзiцельскiя правы цi што iншае. Але, акрамя некалькiх круглых боханаў хлеба, кавалка сыру, дзясятка тонкiх батонаў вэнджанай каўбасы ды скрынкi з гарэлкай, у машыне нiчога не было.
«Пэўна, Прышч разлiчвае тут адсядзецца, – падумаў Бусел; ён быў задаволены тым, як разгортвалiся падзеi, i ўсё ж душу раздзiралi неспакой i крыўда. – Як нахабна i проста Фiлiн абвёў вакол пальца крымiнальны вышук, – разважаў капiтан. – Значыць, калi ў газеце надрукаваны па мне некралог, Гнiлога знайшлi i пахавалi як Бусла… Ну што ж, цяпер у мяне рукi вольныя, мы яшчэ паваюем!»