Виктор Правдин
Вяртанне з апраметнай
1
«Масквiч-412», альбо «каблук», як трапна празвалi людзi гэтую практычную для нашых дарог машыну, збочыў з галоўнага шляху на малаезджаны ўхабісты прасёлак. Святло супрацьтуманак выхоплiвала з цемры вялiзныя сосны, што туліліся абапал гравiйкi. Яны – добрыя арыенцiры, асаблiва на паваротах i скрыжаваннях. У кабiне – двое. За рулём насуплены кашчавы чалавек у чорнай пацёртай скуранцы i гэткiм жа капелюшы, насунутым на санлiвыя, халодныя вочы. Невялiкiя чорныя вусы выразна падкрэслiваюць незадаволенасць i пагарду, якiя назаўсёды прылiплi да агрубелага, карычневага твару-маскi. На няголеным выцягнутым твары палаюць чырвоныя пухiры – сляды нейкай скурнай хваробы. Вадзiцель далонню раз-пораз пацiрае шыю, шчакой скрабецца аб каўнер – пухiры вельмi свярбяць i замiнаюць. Чалавек у скуранцы ўпэўнена рулюе, вiдавочна, ён добра ведае гэтую глухамань. Другi мужчына мажны, медзведзяваты, шырачэзны ў плячах, з буйнымi рысамi твару. Зразумець, цi ён спiць, цi робiць выгляд, немагчыма. Вялiкiя, парослыя залацiстымi валасамi рукi спакойна ляжаць на каленях, галава схiлена на грудзi, вочы заплюшчаны, але па тым, як раз-пораз нервова ўздрыгваюць вейкi, як засяроджана сышлася на пераноссi глыбокая складка, вiдаць, што чалавек не ў салодкай дрымоце, а ў нейкiх цяжкiх развагах. За некалькi апошнiх гадзiн нiхто з дваiх не сказаў нiводнага слова. На чарговай вiхлястай паваротцы машыну занесла, пасажыра матлянула, ён адразу спахапiўся i невiдушчым позiркам уставiўся ў акно.
– Хутка прыедзем? – сiлячыся нешта ўбачыць у цемры, спытаўся медзведзяваты.
– Хвiлiн праз дваццаць будзем на месцы, – глуха азваўся вадзiцель i пацёрся шчакой аб каўнер скуранкi.
Медзведзяваты зноў адкiнуўся на сядзеннi i, сонна пазяхаючы, з адценнем абыякавасцi прагаварыў:
– Як там лягавы?
– Жывучы, – шафёр цвыркнуў слiнай у прачыненае акно i незадаволена кiнуў: – I нашто ён табе здаўся?
– Трынаццаць год адседзеў, а розуму не набраўся, – працадзiў скрозь зубы здаравяк. – I потым, узялi толькi задатак…
– А ты растлумач, – шафёр скоса зiрнуў на пасажыра, вусны скрывiлiся ў нядобрай усмешцы.
– Пэўна, прыйдзецца ўжо, – прыкрываючы далонню рот, зноў пазяхнуў медзведзяваты i спакойна працягваў: – Па-першае, колькi даюць за нашага брата i колькi адмераюць за лягавага? За яго – вышка, а за Гнiлога – гады тры, ад сiлы – чатыры. I, калi што якое, адбрахацца лягчэй. Скажам, напрыклад, што набытак памiж сабою не падзялiлi…
– Тады навошта мерцвяку пасведчанне лягавага?
– Пачакаем, пакуль надрукуюць некралог, тады мянта i закапаем…
– Думаеш, Гнiлы сойдзе за лягавага?
– Канечне, сойдзе, пакуль у вадзе знойдуць, добра-такi падпухне, падгнiе, а па мордзе i цяпер мацi родная не пазнае, – штучна рагатнуў медзведзяваты. – А пасведчанне падкажа лягавым, каго знайшлi, хто ёсць хто…
– Усё роўна будуць шукаць.
– Няхай шукаюць, калi i знойдуць, у нас свая версiя: пасведчанне знайшлi, нават можна сказаць, што сцiбрылi i падсунулi закадычнаму сябру, каб на той свет iшоў не бесфамiльным, а мянта i ў вочы не бачылi. Дарэчы, як яго прозвiшча?
– Бусел Андрэй Фёдаравiч.
– Вось, няхай Гнiлы птушачкай ляцiць у пекла, а сапраўдны Бусел да пэўнага часу пабудзе з намi. I яшчэ: не спадабаўся мне заказчык, не бабская справа – забойствы арганiзоўваць. А потым, хто навёў на Вожыка?
– Якая нам справа, хто ды што, абы грошы плацiлi. А што тычыцца кабеты, дык яна нiштаватая, не сквапная, не таргавалася, а з выгляду – прыгажуня. Дапёк, мабыць, мент…
– Ты Гнiлога добра накачаў гарэлкай?
– Не пашкадаваў, улiў як пальцам дастаць.
– Канечне, лягавага кiнуцца шукаць адразу, – засяроджана зазначыў медзведзяваты. – Нам трэба на пару тыдняў легчы на дно, перачакаць, а як мiлiцэйскi шмон на дарогах сцiхне, уцячы за мяжу.
Капiтан мiлiцыi, iнспектар крымiнальнага вышуку Андрэй Бусел прыйшоў да свядомасцi i доўга не мог уцямiць, дзе знаходзiцца. Галава гула, бы званiца, цела здранцвела, i немагчыма было варухнуць нi нагой, нi рукой, але больш за ўсё замiнаў пластыр, якiм быў залеплены рот. Калi машына ўлятала ў якую калдобiну, яго, бы бервяно, падкiдвала i галава балюча бiлася аб жалезны кузаў. Бусел падцягнуў пад сябе ногi, упёрся ў падлогу, паспрабаваў падсунуцца да сцяны. Не адразу, але атрымалася. Нарэшце галава ўперлася ў кузаў, Бусел перакулiўся на жывот, потым зноў на спiну i падкацiўся да стылага жалеза. Яму ўдалося сесцi ў самым куточку будкi, тут меней трасло i матляла. Боль у галаве адразу паменеў, але па-ранейшаму нудзiла. Рукi былi звязаныя спераду, i Бусел без асаблiвай цяжкасцi сарваў пластыр. Яго званiтавала, i праз некалькi хвiлiн зрабiлася лепей. Iнспектар з палёгкай прытулiўся да халоднай жалезнай сцяны, думкi лiхаманкава мiтусiлiся, шукаючы выйсця са становiшча, у якое трапiў.
Некалькi гадзiн таму ён насцярожаны, але ўпэўнены ў поспеху iшоў на першую сустрэчу з чалавекам, якi вось ужо некалькi дзён яму дапамагаў. Раней чалавек толькi тэлефанаваў i на сустрэчу не згаджаўся, а тут, вiдаць, здарылася нешта надзвычайнае, ён настаяў на спатканнi. Бусел не давяраў гэтаму «добраахвотнiку», але яго перасцярогi спраўджвалiся. Першы раз невядомы патэлефанаваў дадому, i Бусел не надта паверыў п’янай балбатнi пра гарадскi кiрмаш, пра нейкую злачынную банду. «Добраахвотнiк», адчувалася, быў на добрым падпiтку i блытана гаварыў пра хабарнiцтва, наркотыкi, шантаж, нават забойствы. А напрыканцы размовы, быццам мiж iншым, паведамiў, што заўтра ў адзiнаццаць гадзiн са склада фармацэўтычнай фабрыкi, што на вулiцы Светлай, выедзе машына. І, калi добра пашукаць, каля рухавiка, блiжэй да радыятара, можна знайсцi не меней як трыста ампул з морфiем. Бусел не сцярпеў, спытаў, чаму незнаёмы звяртаецца да яго. У адказ пачуў смех i нешта накшталт таго, што капітан больш за iншых яму падабаецца i, галоўнае, сярод зэкаў ходзяць чуткi, што ён сумленны, непрадажны мент…
На фармацэўтычнай фабрыцы сапраўды значылася машына, нумар якой паведамiў «добраахвотнiк». Бусел рызыкнуў, i ўсё атрымалася так, як прадказваў невядомы. Вадзiцель, нехта Кузаўкоў (ён жа значыўся экспедытарам), калi знайшлi скрынку з ампуламi, так расхваляваўся, што сэрца не вытрымала, i яго проста ад прахадной забрала хуткая дапамога. А ранiцай у бальнiцы Кузаўкова знайшлi мёртвым: тое, што не зрабiў iнфаркт, зрабiла тонкае блiскучае шыла, якое выцягнулi з халоднага цела.
З гэтага моманту ўсё i закруцiлася. На iмя начальнiка крымiнальнага вышуку Бусел напiсаў падрабязную iнфармацыю наконт размовы з невядомым, якi папярэдзiў пра вываз наркотыкаў. І цяпер маёр Вашкевiч кожную ранiцу цiкавiўся, цi выходзiў на сувязь «добраахвотнiк», якi мог пралiць свет на забойства i дапамагчы сышчыкам.
Бусел таксама чакаў званка, ён iнтуiтыўна адчуваў, што чалавек будзе шукаць сустрэчы, i не памылiўся. На чацвёрты дзень, а дакладней, ноччу, а другой гадзiне, той жа п’яны голас прахрыпеў:
– А мне казалi, што ты разумны мент… Такi ляпсус недаравальны… Што маўчыш?
Што мог адказаць Бусел таму невядомаму, якi хутчэй за ўсё з ягонай дапамогай зводзiў з кiмсьцi нейкiя свае рахункi?
– Маўчыш, Бусел? Дый што сказаць, – здзекаваўся голас. – Каб не было патрэбы, каб мог сам забiць асiнавы кол, з мянтоўкай не звязваўся б. Але за месца пад сонцам трэба ваяваць, таму дапамагу сабе i табе яшчэ разок. Слухай уважлiва i больш не памыляйся: на гарадскiм кiрмашы ацiраецца Князь, Кузаўкоў – ягоная работа. Май на ўвазе, што ён на сэрца не хворы, умее пастаяць за сябе, пыл пусцiць у вочы i не расколецца, прыйдзецца павалэндацца. А каб ён быў больш згаворлiвы, у газавай плiце знойдзеш усё, каб на пяток гадоў адправiць да гаспадара лес валiць.
На тым скончылася другая размова. Князя Бусел ведаў асабiста i, не дачакаўшыся ранiцы, выклiкаў з аддзела машыну i сярод ночы з’явiўся на кватэру злачынца. Канечне, санкцыi пракурора на вобыск у яго не было, i Бусел усю адказнасць узяў на сябе. З газавай плiты, як i казаў па тэлефоне «добраахвотнiк», выцягнулi цэлы арсенал зброi. Чатыры пiсталеты, патроны, нават дзве супрацьтанкавыя гранаты. Шырачэзны ў плячах, крыху ссутулены Князь, ён жа Павел Скакун, маўчаў i толькi, сцiскаючы кулакi, зыркаў на Бусла халоднымi, скамянелымi вачыма. На шчацэ нервова тузаўся чырвоны шнар.