– Справа звычайная, хтосьцi з Андрэевых сяброў «пазычыў».
– Ён знiк яшчэ да таго, як з Андрэем Фёдаравiчам здарылася бяда, – лейтэнант звыклым рухам змахнуў з iлба непаслухмяныя валасы, вярнуўся да свайго стала.
Зондакса ў гэтую хвiлiну цiкавiў толькi фотаздымак, i ён настойлiва перапынiў лейтэнанта:
– Адкуль такая ўпэўненасць? Трэба пашукаць у стале, у сейфе.
Сушынскi адразу ўлавiў перамену ў голасе i ўважлiва, спадзеючыся разгадаць прычыну нервознасцi, паглядзеў на Зондакса. Петэрс зразумеў, што перацiскае, i, каб трошкi змякчыць сiтуацыю, пасмiхнуўся:
– У мяне быў такi выпадак. Памятаю, пiсьмо ад будучай жонкi атрымаў, прачытаў – i ў шуфлядку. А потым з iншымi матэрыяламi выпадкова падшыў у крымiнальную справу… Во рагатаў пракурор, калi прачытаў пакаянную злодзея, а следам жончыны прызнаннi.
– Бывае, – думаючы пра сваё, вымушана ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi не ў маiм выпадку.
У словах Сушынскага чулася няўлоўная трывога, i Зондакс зразумеў, што лейтэнант нешта замоўчвае, недагаворвае, але дапытвацца i прыспешваць падзеi не стаў.
– Буду рабiць копiю гэтага здымка, калi хочаце, штампану i для Вас, – прамовiў лейтэнант.
– Лаўлю на слове, – заклапочана азваўся Зондакс, які быў задаволены размовай, нават не спадзяваўся, што адразу так пашанцуе.
Потым пiлi каву, узгадвалi Бусла, некалькi разоў у кабiнет заходзiлi невядомыя, пыталiся Глушакова. Зазiрнуў чарнявы капiтан i незадаволена выпалiў:
– Сушынскi, цябе чакае пракурор.
Петэрс заспяшаўся. Яны развiталiся амаль сябрамi, i ўсё ж нейкая няўлоўная перашкода засталася памiж iмi. Петэрсу здалося, што развiтваўся Сушынскi з нейкiм пачуццём вiны, хоць i сiлiўся не паказваць гэтага.
Вулiца сустрэла золкай, калючай макрэддзю, хлёсткiм ветрам i цяжкiмi, свiнцовымi лужынамi на дарозе. Зондакс нацягнуў капялюш ледзь не на самыя вочы, наставiў невялiкi каўнер, быццам гэта магло ўратаваць ад стыхii, i подбегам пашыбаваў да суседняга завулка, дзе ў машыне чакаў Бусел. Камісар быў задаволены першай «вылазкай», а вiдавочная разгубленасць Сушынскага, выклiканая знiкненнем фотаздымка, гаварыла за тое, што яны з Буслам дзейнiчаюць правiльна. Зондаксу вельмi карцела спытацца ў Сушынскага, калi i як ён выявiў прапажу, але цiснуць на лейтэнанта яшчэ ранавата. Сышчык сам у роздуме, вось няхай i пакумекае, мо нешта i ўзгадае.
– Ну?! – нецярплiва запытаў Бусел, як толькi Зондакс залез у машыну.
– Поўны парадак! – усмiхнуўся Петэрс i весела ляпнуў сябра па плячы. – Парадак, кажу, у танкавых войсках, – заводзячы машыну, напусцiў ён на сябе важнасць, чамусьцi захацелася пакпiць з Бусла.
– Не цягнi жылы, – узмалiўся насуплены капiтан.
– Па дарозе ўсё раскажу, – вырульваючы са стаянкi, прагаварыў Зондакс i, крыху счакаўшы, дадаў: – Па-першае, наш аднакашнiк, маёр Сарока, у камандзiроўцы, будзе не раней чым праз тыдзень. Па-другое, Мiкола Сушынскi перадае прывiтанне.
– Ты расказаў яму праўду? – усклiкнуў Бусел.
– Не, толькi частку праўды, – засмяяўся Зондакс. – Здаецца мне, ён хлопец надзейны, i пра цябе ўспамiнаў са слязамi на вачах, так што не ўсе ў мiлiцыi звязаны з мафiяй.
– Я гэтага не казаў, – са злосцю прабурчэў капiтан. – Чым менш людзей будзе ведаць праўду, тым хутчэй мы рассячом гэты гордзiеў вузел.
– Маеш рацыю, – пасур’ёзнеў Зондакс. – Але ж пра галоўнае: Сушынскi згубiў фотаздымак.
Бусел шматзначна паглядзеў на Петэрса, вiдавочна, чакаючы тлумачэнняў, але Зондакс маўчаў.
– Спадзяюся, ён патлумачыў прапажу? – не мог не дапытвацца Бусел.
– Я наўмысна сёння не засяроджваў на гэтым увагу, але ясна адно: фотаздымак знiк яшчэ да таго, як ты трапiў у лапы Фiлiна. Факт прапажы здымка насцярожыў лейтэнанта, пэўна, ён лiчыць гэта недарэчнасцю, толькi ў мяне склалася ўражанне, што Сушынскi штосьцi замоўчвае, недагаворвае i… – Зондакс прымоўк, скоса зiрнуў на Бусла.
– Хочаш сказаць, каб лейтэнант ведаў праўду, мог бы расказаць нешта больш важнае, тое, што цяпер яму здаецца дробяззю. Так? – хуценька ўдакладнiў думку сябра Бусел.
– Так, Андрэй. Хочаш не хочаш, а нам трэба шукаць чалавека, якi быў бы ў аддзеле нашымi вушамi i вачыма… Але пра гэта пазней. У мяне яшчэ будзе сустрэча з Сушынскiм, i трэба прыглядзецца да хлопца.
– Хто займаецца раскрыццём забойства?
– Маёр Астроўскi.
Бусел задаволена ўсмiхнуўся.
– Вось бачыш, Фама няверуючы, – упiкнуў сябра Зондакс, – я быў правы: тваёй справай займаюцца лепшыя сышчыкi. Мо трэба звязацца з маёрам?
– Нi ў якiм разе, – рашуча запярэчыў Бусел. – У Астроўскага таксама ёсць начальнiкi, а тое, што я застаўся жывы, ён не можа трымаць у тайне, не мае права… Так што лепш яго не падстаўляць, няхай вядзе сваё расследаванне, а мы сваё. Прыйдзе час, нашы шляхi перакрыжуюцца.
– Гаворыш так, быццам робiш маёру паслугу, – не пагадзiўся Зондакс, – быццам не разумееш, колькi версiй адпрацуе Астроўскi, перш чым зразумее, што ты жывы.
– Я разумею, – iранiчна ўсмiхнуўся Бусел, – i падумаў наконт гэтага. Мы будзем дапамагаць яму паэтапна.
– Гэта як? – здзiўлена перапытаў Зондакс.
– Ты будзеш па тэлефоне iнфармаваць маёра. Перадасi iнфармацыю, потым праз пэўны час яшчэ, потым яшчэ…
– Мы заблытаем Астроўскага, – нязгодна матлянуў галавой Зондакс. – Ён кiне ўсе сiлы на наш вышук. Гэта – першае, а другое: я асабiста тэлефанаваць не магу, маю намер сустрэцца з маёрам.
– Ну i што?
– А мой акцэнт?..
Бусел задумаўся. Iдэя накiроўваць вышукi Астроўскага i гэтым дапамагаць следству ўжо не выглядала такой вабнай. Зондакс меў рацыю: маёр пачне шукаць чалавека, якi мае звесткi пра забойства, i, у рэшце рэшт, можа атрымацца замкнёнае кола – ён будзе ганяцца за iмi.
– I ўсё ж на кантакт з Астроўскiм трэба iсцi, – задумлiва зазначыў Бусел; ён апусцiў бакавое шкло i з сумам дадаў: – Сам да сябе еду ў госцi…
– Можа, дачакаемся ночы? – няўпэўнена прапанаваў Зондакс. – Раптам хто з пiльных суседзяў убачыць i патэлефануе ў мiлiцыю? Кватэра, напэўна, апячатана.
– Наадварот, ноччу больш шанцаў патрапiць на вочы, а цяпер у кожнага свой клопат.
Бусел з хваляваннем падымаўся на пяты паверх. Здрыганулася, мацней забiлася сэрца, калi ўбачыў прыклееную да дзвярэй паперку ржавага колеру з мноствам круглых пячатак, перапэцканых сiнiм чарнiлам. Крыху нiжэй красаваўся велiкаваты пагрозлiвы надпiс: «Не адчыняць! Апячатана мiлiцыяй!» Яго турбавала, што маглi змянiць замок, калi аператыўная група праводзiла агляд кватэры, але вонкава ўсё было па-старому. Бусел трымаў запасны ключ на працы, у шуфлядзе стала, i пра гэта ведаў Сарока. Так што ўзломлiваць дзверы неабходнасцi не было. Праўда, на ўсялякi выпадак Зондакс меў некалькi адмычак, але яны не спатрэбiлiся. Бусел шчоўкнуў ключом раз, другi, рыпнулi дзверы, сябры хуценька праслiзнулi ў невялiкi калiдорчык i адразу, не згаворваючыся, скiнулi абутак.
– З нас атрымоўваюцца неблагiя ўзломшчыкi, – прашаптаў Петэрс i хацеў запалiць святло.
– Не трэба, – перахапiў руку Зондакса Бусел, – «узломшчыкi» павiнны бачыць i ў прыцемках.
Яны адразу пратэпалi ў пакой, агледзелiся. Пiсьмовы стол, што стаяў ля акна, быў завалены паперамi, усе шуфляды, акрамя адной, выцягнуты i валялiся на падлозе. Трохдзверная шафа – расчыненая, кашулi, пiнжакi i iншыя рэчы ляжалi побач, на канапе, якая адным бокам была высунута як не на сярэдзiну пакоя.
– Ну i ну! – прысвiснуў Зондакс. – Садом i гамора.
– Парадку ў мяне нiколi не было, – пачухаў патылiцу Бусел, – але ж нашыя калегi перастаралiся, – ён машынальна пачаў складваць паперы на стале.
– Вэрхал маглi ўчынiць i iншыя, i лепш нiчога не чапаць, няхай застаецца як ёсць, – разважлiва зазначыў Зондакс.
– Калi злачынцы, то нешта ж яны шукалi? – разглядаючы тэлефон, разважаў Бусел. – Толькi службовых папер у кватэры я не трымаў, дзённiкаў не вёў…
– Ты ж iм пра гэта не дакладваў, – усмiхнуўся Зондакс i падаў Буслу гумавыя пальчаткi: – Нам лепш перастрахавацца.
– У сваёй кватэры?.. – адмахнуўся Бусел, які ўжо развiнцiў тэлефон i цяпер засяроджана корпаўся адвёрткай усярэдзiне. – Апарат чысты, анiякiх «жучкоў» няма, – расчаравана ўздыхнуў капiтан i паглядзеў на Зондакса.