– Што маўчыш? – спынiўся Калеснiк. – I кiнь курыць, трываць не магу цыгарэтнага дыму.
– Затое я магу, – здзеклiва ўсмiхнулася Ядзя; цяпер быў той момант, калi яна магла хоць нечым адпомсцiць. – Я думаю не толькi пра работу, але i колькi яна будзе табе каштаваць.
Ядзя чакала, што Калеснiк абурыцца, пачуўшы пра грошы, але выйшла наадварот: ён задаволена пацёр рукi, вочы засвяцiлiся хцiвымi агеньчыкамi.
– За што я цябе люблю, дык за практычнасць, – шчыра засмяяўся Калеснiк. – Работа так сабе, дробязь, аднаго казла трэба прыручыць, а плата… – ён iмгненна замаўчаў i ўжо сур’ёзна, быццам да нечага прыцэньваючыся, дадаў: – Калi пашэнцiць, будзем мець столькi, колькi i не снiлася…
– Значыць, ты – многа, я – мала. А што азначае – «прыручыць»?
– Прыручыць – значыць пераспаць, – жорстка адказаў Калеснiк.
Гэтага Ядзя не чакала. Яна збялелымi вуснамi ледзь прашаптала:
– Калi сам карыстаешся, то не думай, што можаш рабiць з мяне падсцiлку!
– Успомнi студэнцкiя гады, – не зважаючы на палюбоўнiцу, гаварыў далей Калеснiк. – Чым займалася, як зарабляла на жыццё?
– Гэта ты на мне зарабляў, – бездапаможна апусцiлася на пасцель Ядзя, цыгарэта выслiзнула з пальцаў на падлогу, дзе быў дыван. – Ты ўва ўсiм вiнаваты…
– Правiльна! Я вiнаваты! – злосна, трацячы над сабой кантроль, ускрыкнуў Калеснiк. – Аказваецца, гэта я спёр грошы ў спячага, гэта мне хацелася купацца ў золаце, малочных рэках…
– Хопiць! – Ядзя абхапiла галаву рукамi. – Хопiць!
– Не… Ты ўсё ж паслухай, бо сядзець давялося мне, а цяпер сiтуацыя змянiлася. Прыгадай мiлiцыянера, прыдурка-шафёра… Так што без iстэрык, дарагуша, мне патрэбна надзейная жанчына, у iншым выпадку «казлу» хапiла б i прастытуткi. Будзеш у долi, больш нiчога сказаць i абяцаць не магу, – Калеснiк расцёр падэшвай недакурак. – Спалiш калi-небудзь кватэру…
Ядзя не адказала, яна моўчкi ўзнялася, пайшла на кухню, налiла ў шклянку каньяку, выпiла. Праз хвiлiну следам прысунуўся Калеснiк i, не гледзячы на палюбоўнiцу, кiнуў на стол канверт:
– Тут адрас, ключ ад кватэры i аванс. Мае людзi адвязуць i прывязуць.
– Даляры? – раптам праявiла цiкаўнасць Ядзя; каньяк хутка i мякка закружыў галаву, i прапанова Калеснiка ўжо не здавалася брыдкай i абсурднай.
– Яны.
Калi за Калеснiкам зачынiлiся дзверы, Ядзя пералiчыла грошы, пайшла ў залу, адчынiла секцыю, дастала бялiзну i намацала патаемны замок у схованцы. Адамкнула, выцягнула важкую скарбонку, беражлiва паклала грошы, потым склала ўсё, як было, i вярнулася ў спальню. Трэба было папярэдзiць бацькоў, што не прыедзе, як абяцала. Слухаўку тэлефона ўзяла мацi, потым пагаварыла з дачкой.
Пасля тэлефоннай размовы настрой яшчэ больш сапсаваўся. Прыгадала Шаўцова, былога мужа. «Мабыць, Калеснiк стрымаў слова, – разважала Ядзя, – пэўна, пагаварыў з iм, бо Шаўцоў даўнавата не тэлефануе, не вiнавацiць, не пагражае. Апошнiм часам жыцця не даваў, п’яны прылiпала. Вунь Калеснiк таксама не з курорта вярнуўся, а i цяпер варочае такiмi грашыма, што мне i сапраўды не снiлiся, а гэты… Адным словам, слiзняк, нi ўкрасцi не змог, нi аўтарытэту ў турме набыць. Шкада дачку, яна любiць бацьку. Вось i цяпер адразу ж спыталася пра яго».
У Ядзiнай душы не было спакою. Калеснiк растрывожыў, думкi мiжвольна вярталi ў часы, якiя не хацелася нават успамiнаць. У вушах усё яшчэ гучалi словы: «…Чым ты займалася, як зарабляла грошы?..»
Першае знаёмства з Калеснiкам адбылося на Новы год. Ядзя вучылася на другiм курсе народнагаспадарчага iнстытута, i Вiталiк Шаўцоў, яе кавалер, студэнт чацвёртага курса гэтага ж iнстытута, запрасiў у кампанiю школьных сяброў. Святкавалi ў рэстаране, было ўтульна i весела. Шаўцоў знаёмiў Ядзю з сябрамi, i, калi чарга дайшла да высокага смуглявага хлопца з невялiчкiмi чорнымi вусiкамi, цёмнымi, крыху нахабнымi вачыма, дзяўчына ў першы момант разгубiлася, раптам адчула гарачую хвалю любасцi да чалавека, якога бачыла ўпершыню. Нязведанае дагэтуль пачуцце млявай радасцю запаланiла душу i думкi. Шукаючы паратунку ад пранiзлiвых чорных вачэй, расчырванелая Ядзя патупiла позiрк, мацней прытулiлася да Шаўцова.
– Сяргей Калеснiк, – адрэкамендаваўся прыгажун i мякка пацiснуў Ядзiну гарачую руку.
– Ядзя, – не сваiм голасам адказала дзяўчына i яшчэ больш запунсавелася.
– А ты, Вiталiк, хiтрун, – не зводзячы вачэй з дзяўчыны, усмiхнуўся Калеснiк. – Схаваў такую прыгажуню, мог бы i раней пазнаёмiць…
– Не было выпадку, – чамусьцi вiнавацячыся, адказаў Шаўцоў, – ты ж толькi вярнуўся з войска.
Ядзя зiрнула на Шаўцова i не пазнала хлопца. Ён стаяў збялелы, надзьмуты, вялiкiя адтапыраныя вушы палалi чырванню. Шаўцоў спадылба разгублена глядзеў на Калеснiка, вусны крывiлiся штучнай усмешкай, здавалася, ён вось-вось заплача. Чырвоныя вушы i гэтая плаксiвая ўсмешка быццам токам працялi дзяўчыну, яна рашуча вышмаргнула руку з цёплай, мяккай Калеснiкавай далонi i ўсцешна, па-мацярынску пагладзiла Шаўцова па плячы:
– Серж жартуе, сябрам у такой справе дарогу не пераходзяць, – і, спахапiўшыся, зiрнула на Калеснiка: – Прабачце, што назвала Вас Сержам, неяк само зляцела з языка.
– З гэтай хвiлiны iмя Серж мне больш падабаецца, – уздыхнуў Калеснiк, i Ядзя раптам зразумела, што яны будуць разам.
Вечар амаль удаўся. Ядзя яшчэ нiколi не адчувала сябе так добра i ўцешна. Ад выпiтага шампанскага злёгку кружылася галава, сябры Шаўцова здавалiся добрымi i ўслужлiвымi, асаблiва прыкметны ў кампанii быў Калеснiк. Ёй iмпанавала шчырая весялосць, жарты, прастата ў адносiнах. А як ён танцаваў! У вальсе кружыў лёгка i грацыёзна, танга вёў з нейкiм асаблiвым, уласцiвым толькi яму шыкам. Ядзi было прыемна, упершыню ў жыццi хацелася, каб музыка доўжылася вечна. Дзяўчына ў гэтыя хвiлiны забывалася пра ўсё на свеце, нават пра Шаўцова, якi, вiдавочна, яе раўнаваў i ўсё часцей i часцей браў чарку. Калеснiк нi на крок не адыходзiў, не пакiдаў нi на хвiлiну, быццам ён, а не Шаўцоў быў яе кавалерам.
Развязка адбылася напрыканцы вечара. П’яны Шаўцоў падышоў да Ядзi i валадарна загадаў:
– Не танцуй з iм!
– Пойдзем з табой, – перапоўненая пачуццямi, прыпала да хлопцавай грудзiны Ядзя.
– Я не ўмею, – хiстаючыся, ускрыкнуў Шаўцоў i, зласнавата, абыякавы да таго, што на iх пачалi звяртаць увагу, ужо цiшэй дадаў: – Ён правы, не трэба было вас знаёмiць.
– Мы ж толькi танчылi, – няўпэўнена прашаптала Ядзя, – памiж намi…
Яна не дагаварыла, Калеснiк быццам вырас за яе спiнай i жартаўлiва спытаў:
– Атэла раўнуе? I хто ж той шчаслiўчык?
Шаўцоў злосна, з выклiкам зiрнуў на Калеснiка, пагардлiва адвярнуўся i, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi, хiстаючыся, пашкандыбаў да выхаду.
Ядзя памкнулася за iм, але Серж прытрымаў. Ён далiкатна ўзяў яе руку вышэй локця i, гледзячы ў вочы, спытаў:
– Ты ўпэўнена, што ён патрэбен табе?
Ядзя спынiлася, а праз некалькi хвiлiн п’яны Шаўцоў вярнуўся i, убачыўшы iх побач, нядобра зыркнуў i кплiва ўскрыкнуў:
– Дай, нявеста, мой нумарок, паеду дадому.
Ядзя знiякавела, залiлася чырванню. Яна, здавалася, цэлую вечнасць корпалася ў сумачцы, шукаючы злашчасны нумарок. Ёй таксама хацелася пайсцi з рэстарана, але чамусьцi пабойвалася п’янага, раўнiвага Шаўцова.
– Школьны сябра хапiў лiшку, i мой абавязак – завезцi яго дадому, – прыйшоў на дапамогу Калеснiк i з выклiкам падтрымаў Шаўцова, якi ледзь трымаўся на нагах i ў любы момант мог павалiцца.
– Не чапай! – раптам пачаў вырывацца Шаўцоў, але Калеснiк толькi ўсмiхнуўся, ён моцна трымаў школьнага сябра.
– Я з вамi, – прыняла рашэнне Ядзя i з палёгкай уздыхнула.
Калеснiк прывёў Шаўцова ў фае, усадзiў у крэсла i толькi на хвiлiну пакiнуў, каб дапамагчы Ядзi апрануцца, як пачулася бразгатанне бiтага шкла, п’яныя крыкi, валтузня. Шаўцоў кiнуў важкую попельнiцу, што стаяла на столiку, у вялiзнае люстэрка i, мацюкаючыся, стаў пагражаць некаму нябачнаму кулаком.
Адразу прыбеглi швейцар i адмiнiстратар. Яны схапiлi Шаўцова, як небяспечнага злачынца, але перасцярога была лiшняй. Ён штосьцi п’янае, абразлiвае прамармытаў i захроп, адкiнуўшы галаву на высокую спiнку крэсла. Адмiнiстратар, высокая бялявая жанчына са стомленым, прыгожым тварам, хацела выклiкаць мiлiцыю, але Калеснiк не дазволiў. Ён заплацiў грошы i за люстэрка, i, як сказаў, за маральныя выдаткi. Калi выходзiлi, а дакладней, калi Калеснiк амаль выносiў п’янага Шаўцова, Ядзя бачыла, як ён усунуў у кiшэнь швейцару грошы i, па-змоўнiцку падмiргнуўшы, прагаварыў: